адрасці́, ‑сце; зак.

Вырасці зноў пасля таго, як было зрэзана, падстрыжана (пра валасы, расліны і пад.). Як толькі парасткі крыху падняліся, Маня асцярожна адрэзала іх вострым нажом.. Праз нейкі час парасткі адраслі зноў. Якімовіч. Марына змянілася. Валасы на яе галаве адраслі і пагусцелі, вочы сталі вялікія. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

касні́к, ‑а, м.

1. Вузкая палоска тканіны, істужка, якая ўплятаецца ў касу ​1. Маня мела чорныя вачаняты, доўгі носік, дзве каштанавыя коскі. У коскі былі ўплецены каснікі. Карпюк.

2. перан. Тое, што мае форму вузкай палоскі, істужкі, нагадвае істужку. Хвалі ўздымаюцца за кармой і расходзяцца доўгімі каснікамі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Абл. Шоргаць, соўгаць па чым‑н., пакідаючы след. Паглыблены ў гэтыя нечаканыя думкі, стараючыся адмахнуцца ад іх, Максім не адразу зразумеў, чаму гэта Маня спынілася пасярод вуліцы, пачала чырыць чаравікам па зямлі. Кудравец. Стары ішоў насустрач і задуменна чырыў перад сабою кійком, нібы падмятаючы асфальт. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

корт 1, ‑у, М ‑рце, м.

Тоўстая, звычайна цёмнага колеру баваўняная тканіна атласнага перапляцення для рабочага і спартыўнага адзення; «чортава скура». Дзядуля адчыніў [куфар] і дастаў адтуль адрэз моцнага корту цёмнага колеру. Якімовіч. Маня паднесла свякрусе мультану на плацце, а свёкру корту на рубашку. Васілевіч.

[Англ. cord.]

корт 2, ‑а, М ‑рце, м.

Пляцоўка для гульні ў тэніс.

[Англ. court.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брыво́, ‑а; мн. бровы; Р броў, броваў і брывоў, Д бровам і брывам, Т бровамі і брывамі, М аб бровах і брывах; н.

Дугападобная палоска валасоў над вачамі. Маня набірала ў прыгаршчы вады і са смехам палівала на хлопчыка, лёгенька шлёпала яго па тоўстых ручках, ледзь чутна праводзіла пальцам па чорных дугах броў. Васілевіч. Тодар паблісквалі вачамі з-пад пасівелых броваў. Чорны. Ты прайшла з касою чорнай Над малінавым берагам, Пад крылатымі брывамі Хітравата ззялі вочы. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаі́ць, стаю, стоіш, стоіць; зак., каго-што.

1. Утаіць, зрабіць невядомым, нябачным для іншых. У апошнюю .. кампанію, калі складалі спісы зямлі і жывёлы, Ключынскі запісаў васемнаццаць дзесяцін зямлі, а дзевяць дзесяцін стаіў. Галавач. [Вера:] — Не, я стаіла, што я архітэктар. Навошта? Каму і гэта патрэбна ў такі час? Мікуліч.

2. Не выказаць, не даць магчымасці заўважыць іншым (думкі, пачуцці і пад.). Глушко анямеў. Але ўзрушанасць стаіў, сеў за стол, зняў шапку. Навуменка. Маня! — крыкнуў .. [Тамаш], стараючыся стаіць хваляванне. — Прынясі кубак вады. Краўчанка.

3. перан. Захаваць, зберагчы ў таямніцы (пра тое, што знешне не прыкметнае або яшчэ не вядомае). Яго [Капыля] старыя курганы Мо’ не адну стаілі быль. Астрэйка.

•••

Стаіць дыханне — перастаць дыхаць (ад напружання, пры чаканні і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тавары́ства, ‑а, н.

1. Таварыскія адносіны, таварыскасць; блізкасць, заснаваная на такіх адносінах. Прайшоўшы дарогаю мужных, Пазнаўшы і радасць і сум, Цану таварыству і дружбе Я ў сэрцы трывалым нясу. Звонак. Перамогі герояў .. прасякнуты пафасам услаўлення ідэі таварыства. «Полымя».

2. зб. Разм. Група людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, заняткам і пад. У канцы вуліцы ўжо і сапраўды сабралася амаль усё Ганьчына таварыства: Грышка Адамаў, Пецька Бурбалка, Анютка Корбутава, Маня. Васілевіч. У мінулую восень, калі ўсё іх крыху старэйшае таварыства ўпершыню падалося ў школу, гэтыя дзеці таксама не хацелі адставаць. Кулакоўскі.

3. Арганізацыя (вытворчая, гандлёвая і пад.), у якую ўваходзяць раўнапраўныя ўдзельнікі. Крэдытнае таварыства. Акцыянернае таварыства. □ Гандлёвае таварыства ці, як у статут было ўпісана, «кааператыў», шырылася вельмі ўдала. Чорны. У Беларусі ... пачалі стварацца культурна-асветніцкія саюзы, выдавецкія таварыствы, бібліятэкі і чытальні. Івашын.

•••

Таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (Чырвоны Крыж) — арганізацыя для аказання дапамогі насельніцтву, пацярпеўшаму ў вайну і ад стыхійнага няшчасця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

струга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Зразаць тонкі слой з паверхні драўніны, металу і пад. рэжучым інструментам. Вадзік сядзеў у кутку, стругаў ножыкам дошку. Гамолка. Цэлае лета Арцём стругаў кару і настругаў сто пяцьдзесят рублёў. Пянкрат. Сваім разцом люблю я Стругаць тугую сталь, За змену адшліфую Я не адну дэталь. Русак. Рабочыя разышліся па месцах і прыняліся хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубцы. Гартны. [Ляснік] заўзята стругаў арэхавы кій і нібы забыўся на хлопчыкаў. Паўлаў. // Вырабляць што‑н., апрацоўваючы драўніну, метал такім чынам. Занятак быў не дужа споры, Гарэлі пальцы ад ляза, Ды дзед стругаў упарта корань, Унуку лыжку выразаў. Чарняўскі.

2. Рэзаць, наразаць пры дапамозе якой‑н. прылады (нажа і пад.) тонкія вузкія палоскі, кавалкі. Стругаць бульбу саломкаю. □ Надзя рэзала буракі, відаць, карове на падкормку... — Навошта ты буракі стругаеш? — спытаў яе дзед. — Што, бацвінне карове кепска? Мыслівец.

3. Абл. Абіраць (бульбу і пад.). Маня сядзела на парозе варывенькі, стругала бульбу. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. паднёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; заг. паднясі; зак., каго-што.

1. Узяўшы ў руку (у рукі), наблізіць да каго‑, чаго‑н. Шабанаў адчапіў ад пояса бінокль, паднёс яго да вачэй. Шыцік. Дрыготкімі пальцамі запаліла [Анісся] запалку, паднесла яе да груды кулявой саломы. Лынькоў. // Прынесці, даставіць куды‑н. Паднесці мяшкі з бульбай да воза. □ [Маці] ляжала на палку і ўвачавідкі сінела. Прасіла паднесці Нюрку, цалавала яе ў шчочкі і плакала. Жычка. // безас. Прыблізіць да чаго‑н. сілай руху і пад. Цячэннем паднесла лодку да берага.

2. Дапамагчы несці; несці некаторы час. Лёнька папрасіў: — Чыжык, міленькі! Дай мне паднесці твой мяшок. У цябе рука баліць. Няхай.

3. Пачаставаць (звычайна віном). Паднесці чарку на вяселлі. □ Аўтару паднеслі вялікі збан пітнога мёду. Мальдзіс.

4. Даць што‑н. у падарунак, падарыць. Маня паднесла свякрусе мультану на плацце, а свёкру корту на рубашку. Васілевіч. Пасля першай пастаноўкі прысутныя ў зале наладзілі.. [Янку Купалу] бурную авацыю, паднеслі залаты гадзіннік, дзякавалі яму ад усёй беларускай грамадскасці і засыпалі яго кветкамі. «Полымя».

•••

Паднесці дулю — тое, што і даць дулю (гл. даць).

Паднесці пілюлю — зрабіць што‑н. непрыемнае.

Чорт паднёс гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́ўсты, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі, значны ў аб’ёме, папярочным сячэнні; проціл. тонкі. Тоўстае дрэва. Тоўстыя ніці. Тоўстая кніга. □ Гудзіла расхіляе халат і раскручвае доўгую, тоўстую вяроўку. Колас. Ля невялікага млына, які выглянуў з-за тоўстых вербаў, .. пад коламі машыны расхістанымі дошкамі прагрукатаў масток. Корбан. // Зроблены з матэрыялу, які мае значнае папярочнае сячэнне. Тоўстая шклянка. □ [Ладымер] скінуў тоўстую суконную камізэльку і сеў за стол чакаць вячэры. Чорны.

2. Які мае мажную, паўнацелую фігуру. Дні праз тры пасля прыезду Васіль прыйшоў брацца на партыйны ўлік, яму адразу сказалі: — А мы табе ўжо і работу знайшлі, як толькі даведаліся, што ты прыехаў. — Сказаў гэта вясёлы тоўсты чалавек. Шамякін. // Вялікі, мясісты, пухлы (пра часткі цела, твару). Тоўстыя губы. Тоўстыя ногі. □ Маня набірала ў прыгаршчы вады і са смехам палівала на хлопчыка, лёгенька шлёпала яго па тоўстых ручках. Васілевіч. [Лапінка:] — А Раман Дуля — ух ты, у новым кажушку, грудзі ўперад, сцёгны тоўстыя, .. халявы блішчаць, бах на калені... Брыль.

3. Нізкі, густы (пра голас, гук). — А Мядзведзь з лесу, — бабуля робіць тоўсты мядзведжы голас: «Я ў лесе, я ў цёмным, прыйду к табе вячэраць!» Брыль.

•••

Тоўстая кішка гл. кішка.

Тоўсты часопіс гл. часопіс.

Тоўсты кашалёк гл. кашалёк.

Тоўстыя кішэні ў каго гл. кішэнь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)