БАЛЬЧЭ́ЎСКАЯ Галіна Францаўна (н. 20.1.1945, в. Палессе Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыла Бел. тэатр.маст. ін-т (1968). З 1968 актрыса Бел. т-ра імя Я.Коласа, з 1972 Нац. акад. т-ра імя Я.Купалы. Яе творчасці ўласцівы эмац. напоўненасць, псіхал. дакладнасць, мяккі лірызм, паэт. адухоўленасць. Сярод роляў: Дуня Пракопіна («Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава), Маня («Верачка» А.Макаёнка), Марфа («Дагарэла свечачка...» А.Петрашкевіча), Зоська, Адэля, Грыпіна («Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М.Чарота), Альжбета («Паўлінка» Я.Купалы), Ізабела Дрозд («Амністыя» М.Матукоўскага), Віталія («Снежныя зімы» паводле І.Шамякіна), Акуліна («Улада цемры» Л.Талстога), Фяклуша, Уліта («Навальніца», «Лес» А.Астроўскага), Люсета («Нежанаты мнагажэнец, або Залёты пана дэ Пурсаньяка» Мальера), Ліза Брычкіна («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева), Шафак («У ноч зацьмення месяца» М.Карыма), Валя («Характары» паводле В.Шукшына), Элейн («Пакуль мамы няма дома» Н.Саймана) і інш.
т. 18, кн. 1, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)