ЛІ́БЕРМАН ((Liebermann) Макс) (20.7. 1847, Берлін — 8.2.1935),

нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся ў Берліне ў К.​Штэфека (1866—68), у Маст. школе ў Веймары (1868—72) Праф. (1897), прэзідэнт (1920) Берлінскай АМ. Заснавальнік «Берлінскага Сецэсіёна» (1898—99). У ранні перыяд працаваў у рэаліст. кірунку. У творах пераважалі сцэны з жыцця сялян і рабочых: «Ашчыпванне гусей» (1872), «Школа шыцця ў Галандыі» (1876), «Амстэрдамскія вязальшчыцы» (1880), «Майстэрня шаўца» (1881), «Селянін у дзюнах» (1895). Пазней пад уплывам імпрэсіянізму яго творчасць набыла пленэрны характар. Ствараў пераважна пейзажы і партрэты, якія вызначаліся святлонасычанасцю, свабоднай пластыкай мазка: «Алея папугаяў» (1902), «На рацэ Альстэр у Гамбургу» (1910), «Галандскі пейзаж» (1912), партрэты А. фон Бергера (1905), Ф.​Заўэрбруха (1932), аўтапартрэт (1909) і інш. Сярод графічных твораў: «Маці з дзіцем» (1891), «Пола» (1912) і інш.

В.​Я.​Буйвал.

М.Ліберман. Алея папугаяў. 1902.

т. 9, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗЕНТАЛ, Розенталс (Rozentāls) Яніс (18.3.1866, хутар Бебры, цяпер Салдускі р-н, Латвія — 26.12.1916), латышскі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1888—94) у У.​Макоўскага. У 1901—15 працаваў у Латвіі, у 1906—13 выкладаў у Рыжскай гар. маст. школе. У творах, блізкіх да работ позніх перасоўнікаў, спалучэнне праўдзівасці адлюстравання працы і побыту лат. народа і жывапіснай прыгажосці натуры: «Пасля абедні» (1894), «З могілак» (1895), «Песня пастушкі» (1898), «Даліна ракі Персе», «Сакавіцкае сонейка» (абедзве 1902), «З працы» (1903), «Вясна ў Курземе» (1907) і інш. Рысы сімвалізму, экспрэсіўнасць колеру і мазка ўласцівы творам на тэмы нар. лат. фальклору, скандынаўскіх саг, біблейскіх сюжэтаў («Сага», «Спакуса» «Чэрці», «Лодка смерці», «Прарок», «Кашмар», «Чорная змяя муку малола»). Стварыў шэраг партрэтаў сваіх сучаснікаў («П.​Федэр», «Дама ў белым», «Партрэт М.С.», абодва 1902; «М.​Вігнер-Грынберг», 1916), аўтапартрэт (1900).

Л.​Ф.​Салавей.

Я.Розентал. Партрэт спявачкі М Вігнер-Грынберг. 1916.

т. 13, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНУЭ́ЗСКАЯ ШКО́ЛА,

мастацкая школа ў Італіі 16—17 ст. У архітэктуры сфарміравалася да сярэдзіны 16 ст.; яе росквіт звязаны з творчасцю Г.Алесі, яго вучняў і паслядоўнікаў (Р.​Лурага і інш.). Яе характэрныя рысы выявіліся ў структуры гар. палацца, які спалучаў урачыстую пышнасць з інтымнасцю вясковай сядзібы. У жывапісе склалася да 1630-х г. пад уплывам італьян. майстроў 2-й пал. 16 ст. і фламандцаў, што працавалі ў Генуі (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк). Яе вядучы мастак — венецыянец Б.Строцы, у творах якога мясц. традыцыі спалучаліся з маляўнічасцю і эмацыянальнасцю флам. мастацтва. Майстры Генуэзскай школы выконвалі парадныя арыстакратычныя партрэты, рэліг. кампазіцыі і дэкар. размалёўкі; набылі вядомасць і творы т.зв. пастаральнага жанру, дзе значнае месца займалі пейзаж, хатняе начынне і жывёла (Дж.​Б.​Кастыльёне, А.​М.​Васала). Усхвалявана-рамант. кампазіцыі стварыў В.​Кастэла, «жывапіс мазка і плямы» якога набылі пашырэнне ў Генуі і інш. маст. цэнтрах Паўн. Італіі.

Літ.:

Виппер Б.Р. Проблема реализма в итальянской живописи XVII—XVIII вв. М., 1966.

Да арт. Генуэзская школа. Б.​Строцы. Святы Лаўрэнцій раздае міласціну. 1630—44.

т. 5, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛАКРУА́ ((Delacroix) Эжэн) (26.4.1798, Сен-Марыс, каля Парыжа — 13.8.1863),

французскі жывапісец і графік. Лідэр франц. рамантызму. Вучыўся ў П.​Герэна (1816—22), зазнаў уплыў Т.​Жэрыко. У Луўры вывучаў жывапіс старых майстроў (асабліва П.​П.​Рубенса), сучасны англ. жывапіс (Дж.​Констэбл). Творам Д. ўласціва акрэсленая грамадзянская пазіцыя, жыццёвасць вобразаў, дынамічнасць кампазіцый, экспрэсіўнасць мазка, насычаны каларыт з кантрастамі святлаценяў і колеру. Карціна «Разня на Хіясе» (1823—24) — водгук на сучасныя яму падзеі: паказаў пакуты грэкаў пад тур. ярмом і выказаў пратэст супраць жорсткасці і гвалту. Звяртаўся да твораў У.​Шэкспіра, І.​В.​Гётэ, В.​Скота і інш. («Таса ў доме звар’яцелых», 1824; «Смерць Сарданапала», 1827; «Забойства епіскапа Льежскага», 1829). У 1830 пад уздзеяннем Ліпеньскай рэвалюцыі ў Францыі напісаў карціну «Свабода, якая вядзе народ» («Свабода на барыкадах»), Аўтар твораў на тэмы Франц. рэвалюцыі 1789—99 і нац. гісторыі («Бітва пры Пуацье», 1830, і інш.). Пасля паездак у Алжыр і Марока напісаў па замалёўках з натуры шэраг карцін, прасякнутых своеасаблівасцю нац. быту («Алжырскія жанчыны», 1833—34, «Яўрэйскае вяселле ў Марока», 1839). Пісаў партрэты (аўтапартрэт; 1829; «Ф.​Шапэн», 1838, і інш.), працаваў у галіне манум. жывапісу (размалёўкі Бурбонскага палаца ў Парыжы, 1833—47, і інш.).

Літ.:

Гастев А.А. Делакруа. М., 1966;

Дьяков Л.А. Э.​Делакруа. М., 1973.

Э.Дэлакруа. Разня на Хіясе. 1823—24.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)