ДЭЛАКРУА́ ((Delacroix) Эжэн) (26.4.1798, Сен-Марыс, каля Парыжа — 13.8.1863),

французскі жывапісец і графік. Лідэр франц. рамантызму. Вучыўся ў П.​Герэна (1816—22), зазнаў уплыў Т.​Жэрыко. У Луўры вывучаў жывапіс старых майстроў (асабліва П.​П.​Рубенса), сучасны англ. жывапіс (Дж.​Констэбл). Творам Д. ўласціва акрэсленая грамадзянская пазіцыя, жыццёвасць вобразаў, дынамічнасць кампазіцый, экспрэсіўнасць мазка, насычаны каларыт з кантрастамі святлаценяў і колеру. Карціна «Разня на Хіясе» (1823—24) — водгук на сучасныя яму падзеі: паказаў пакуты грэкаў пад тур. ярмом і выказаў пратэст супраць жорсткасці і гвалту. Звяртаўся да твораў У.​Шэкспіра, І.​В.​Гётэ, В.​Скота і інш. («Таса ў доме звар’яцелых», 1824; «Смерць Сарданапала», 1827; «Забойства епіскапа Льежскага», 1829). У 1830 пад уздзеяннем Ліпеньскай рэвалюцыі ў Францыі напісаў карціну «Свабода, якая вядзе народ» («Свабода на барыкадах»), Аўтар твораў на тэмы Франц. рэвалюцыі 1789—99 і нац. гісторыі («Бітва пры Пуацье», 1830, і інш.). Пасля паездак у Алжыр і Марока напісаў па замалёўках з натуры шэраг карцін, прасякнутых своеасаблівасцю нац. быту («Алжырскія жанчыны», 1833—34, «Яўрэйскае вяселле ў Марока», 1839). Пісаў партрэты (аўтапартрэт; 1829; «Ф.​Шапэн», 1838, і інш.), працаваў у галіне манум. жывапісу (размалёўкі Бурбонскага палаца ў Парыжы, 1833—47, і інш.).

Літ.:

Гастев А.А. Делакруа. М., 1966;

Дьяков Л.А. Э.​Делакруа. М., 1973.

Э.Дэлакруа. Разня на Хіясе. 1823—24.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)