Ку́чма 1, кучо́мка ’шапка футрам наверх’ (ТСБМ, Нас., ТС, Бяльк., Маш., Сержп. Грам., Нар. лекс., Малч., Мат. АС). Ст.-бел. кучма ’тс’ (з 1590 г.) памылкова разглядаецца як запазычанне праз польскую з венгерскай. Гл. Булыка, Запазыч., 183 услед за Фасмерам (2, 438). Укр. кучма, рус. кучма ’тс’, серб.-харв. ку̏чма, славен. kȗkma ’тс’, польск. kuczma, славац. kučma ’тс’. Кіш (ЭИРЯ, 4, 56) звязвае гэта слова з серб.-харв. ку̏кма ’чуб, хахол’, славен. kȗkma ’тс’, параўн. кучма 2 (гл.). Прасл. kučьma < kuka (параўн. кучары). Словаўтварэнне, як у vědьma (SP, 11, 16).
Ку́чма 2 ’пра густыя валасы, пра густую зелень’ (ТСБМ, Нас., Сл. паўн.-зах., Гарэц., Некр., Янк. III, Сцяшк.). У гэтым значэнні: укр. кучма, рус. кучма, славен. kȗčma, польск. kuczma. Да кучма 1 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кош 1 ’плеценая з лазы, карэння і інш. круглая пасудзіна для складання і пераноскі чаго-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Шат., ТС, Сл. паўн.-зах., З нар. сл., Бяльк., Сцяшк., КЭС, лаг., Мат. Гом., Яруш.). Укр. кіш, рус. кош, ст.-рус. кошь ’тс’, ст.-слав. кошь, балг. кош, макед. кош, серб.-харв. ко̏ш, славен. kòš ’тс’, польск. kosz, чэш. koš, славац. koš, в.-луж. koš, н.-луж. kós ’тс’. Паколькі прасл. košь не мае адпаведнікаў у іншых індаеўрапейскіх мовах і ў той жа час нібы вытворнае ад яго košelь мае надзейны лацінскі адпаведнік (гл. кашэль), можна меркаваць, што ў даным выпадку маем справу са зваротным словаўтварэннем: košelь > košь. Прасл. košelь разглядаем як пранікненне з італійскіх моў (∼ лац. quālum < *ku̯aslom) (Мартынаў, Изоглоссы, 10), якое ў працэсе адаптацыі на славянскай моўнай глебе стала разглядацца як вытворнае з суфіксам ‑elь (гл. SP, 1, 208).
Кош 2 ’Вялікая Мядзведзіца’ (Нар. лекс.). Да коўш. Параўн. коўшык (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)