група фармацый вытворных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду граб. Пашыраны ва Усх. Азіі, Еўропе (асабліва Цэнтр. і Зах.) і Паўн. Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. На Каўказе грабавыя лясы створаны грабам каўказскім (C. caucasica), у Крыме — усходнім, або грабіннікам (C. orientalis), у Прымор’і, Карэі, Японіі і Кітаі — прыморскім, або сэрцалістым (C. cordata), у Паўн. Амерыцы — каралінскім (C. caroliniana), у Еўропе, у т. л. ў Прыбалтыцы, на Беларусі і Украіне, — звычайным, або еўрапейскім (C. betulus). Розныя віды граба ўтвараюць мяшаныя насаджэнні з дубам і букам. На Беларусі грабавыя лясы складаюць 0,2% пл. лясоў. Пашыраны пераважна ў паўд., цэнтр. і зах. раёнах. Утвараюцца звычайна як другасныя (вытворныя) лясы на месцы высечаных ялова-шыракалістых лясоў, таксама арляковых, чарнічных, кіслічных і папарацевых дуброў. Склад і яруснасць іх дрэвастою складаныя. Пераважаюць кондамінантныя фітацэнозы, прадстаўленыя найчасцей маладняком і дрэвастоямі сярэдняга ўзросту: у цэнтр.ч. ялова-грабавыя, ялова-дубова-грабавыя, хваёва-ялова-дубова-грабавыя, на Пд дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Вылучаюць 6 тыпаў грабавых лясоў: кіслічныя (64,4% пл. грабнякоў), сніткавыя, арляковыя, чарнічныя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 30 гадоў. Участак грабавых лясоў у Клічаўскім лясгасе Магілёўскай вобл. (Бёрдаўскае лесанасаджэнне), што знаходзіцца на паўн.-ўсх. мяжы суцэльнага пашырэння граба, абвешчаны помнікам прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, дубровы,
дубнякі (Quercus),
група фармацый карэнных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду дуб. Пашыраны ў Еўропе, Усх. Азіі, на Д.Усходзе, у Паўн. і Паўд. Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. У Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропе Д.л. створаны пераважна дубам звычайным, або летнім (Q. robur), і скальным, або зімовым (Q. petraea), у Паўд. Еўропе і Міжземнамор’і — каменным (Q. ilex) і коркавым (Q. suber), на Каўказе — грузінскім (Q. iberica), ва Усх. Азіі і на Д.Усходзе — зубчастым (Q. dentata) і мангольскім (Q. mongolica), у Паўн. Амерыцы — чырвоным (Q. rubra), паўночным (Q. borealis) і балотным (Q. palustris). На Беларусі дрэвастоі Д.л. складаюцца ў асноўным з дубу звычайнага — чыстыя і з дамешкам ясеню, клёну, грабу, ліпы, ільмы, хвоі, елкі, бярозы, асіны, вольхі чорнай, часта з выразным 2-м ярусам. Яны займаюць 4% агульнай плошчы лясоў. Найб. пашыраны ў паўд., зах. і цэнтр. раёнах. Пашырэнне Д.л. і іх фітацэнатычная структура маюць выразныя занальныя асаблівасці. Вылучаюць 3 геабат. падзоны ў напрамку з Пн на Пд: яловых, ялова-грабавых і грабавых дуброў. Пераважаюць кандамінантныя фітацэнозы: у цэнтр.ч. — ялова-дубова-грабавыя, на Пд — дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Найб. пашыраныя тыпы Д.л.: кіслічныя, чарнічныя, арляковыя, сніткавыя, поймавыя, вострыцавыя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 40 гадоў. Д.л. маюць важнае прыродаахоўнае, сан.-гігіенічнае і эстэт. значэнне, даюць высакаякасную драўніну для розных галін прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
На Пд Віцебскай вобл., паўд.-ўсх.ч.Ушацка-Лепельскага ўзвышша. Працягласць з Пн на Пд 20 км, з 3 на У ад 6 км (на Пн) да 24 км (на Пд). Найб.выш. 279 м (за 6 км на ПнУ ад в. Новыя Валосавічы Лепельскага р-на. У тэктанічных адносінах Л.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх. схілу Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты асадкавым чахлом з парод верхняга пратэразою, верхняга дэвону і антрапагену. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць 70—100 м) складзена з адкладаў бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Сучасны рэльеф створаны на Пн паазерскім, на астатняй тэрыторыі сожскім ледавікамі. Ледавікова-акумуляцыйны сярэдне- і буйнаўзгорысты рэльеф пашыраны ў цэнтры і на У узвышша. Валападобныя і купалападобныя марэнныя ўзгоркі выш. 15—30 м, радзей 40 м утвараюць грады, арыентаваныя на ПнУ, на У — у паўд.-ўсх. напрамку. Узгоркі і грады падзяляюцца лагчынамі сцёку расталых ледавіковых вод; характэрны западзіны тэрмакарставага і суфазійнага паходжання. На крайнім У трапляюцца невял. азёрныя катлавіны. У зах.ч. ўзвышша дробнаўзгорысты, месцамі платопадобны рэльеф з ваганнямі адносных вышынь да 5—10 м. Узвышша складзена з валунных супескаў і суглінкаў, месцамі з пясчана-галечнага матэрыялу. У цэнтр.ч. маламагутнае покрыва (да 0,5 м) з лёсападобных суглінкаў. Рачная сетка належыць да бас.Зах. Дзвіны. Гал. рэкі Свядзіца і Байна (прытокі Эсы), Ула, Лукомка. Азёры Турыцкае, Сарочынскае, Слідзец і інш. Глебы дзярнова-палева-падзолістыя, сярэднеападзоленыя на лёсападобных суглінках, дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя на водна-ледавіковых лёгкіх суглінках, дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя глебы на сярэдніх і лёгкіх марэнных суглінках, дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя на водна-ледавіковых і марэнных супесках. У цэнтр. ч. ўзвышша лясістасць 10—15%, лясы шыракаліста-яловыя зеленамошна-кіслічныя з дамешкамі дубу, ліпы, таксама шэраальховыя злакавыя; на З лясістасць да 30%, пашыраны больш буйныя масівы хваёвых кусцікава-зеленамошных лясоў.