Во́лак ’сухая частка дарогі паміж дзвюма рэкамі, праз якую даводзіцца перацягваць лодкі’ (БРС, КТС); ’вялікі браднік’ (КТС, Шат.); ’невад’ (Бяльк.); ’гужавая лясная дарога; дарога, па якой вазілі (валачылі) таварны лес на рум’ (Яшк.); ’зімняя дарога ў лесе, па якой вывозяць волакам бярвенне’ (Бяльк.); ’рыбацкая сетка — мех’ (З нар. сл.); ’рыбацкая сетка — мех на двух шастах’ (Анік., 59, Янк. I, Крыв.); ’верхні брус будынка, на які накладваюцца кроквы’ (Некр., 219); ’чалавек, які валачэ карабель’ (Др.-Падб.). Рус. во́лок ’сухая частка дарогі, праз якую даводзіцца перацягваць лодкі волакам’; ’гушчар, з якога зрубленае дрэва можна выцягнуць толькі волакам’; ’лясная гужавая дарога’; ’дарога’; ’плыўная сетка — мех’, укр. во́лок ’браднік’; ’вяроўка, з дапамогай якой цягнуць валамі копы сена і г. д.’; ’нерасколаты цурбан, бервяно’, польск. włok ’браднік, невад’, в.-луж. włoka ’шлейф, полаз, башмак плуга; невад’, чэш. vlak ’невад; валакуша; цягнік’, славац. vlak ’цягнік’ балг. влак ’невад’, серб.-харв. vlȃk ’цягнік; невад’, дыял. vlākȁ ’лясная дарога, па якой вывозяць дровы’ (Курціна, Этимология, 1968, 97), славен. vlȃk ’невад’, а таксама vlak, vláka ’шлях, якім перапраўляюць сена, дровы і інш. з гары ў даліну’ (Курціна, там жа). Прасл. volkъ ад *velkti > валачы (гл.) (Фасмер, 1, 341; Махэк₂, 693; Рудніцкі, 1, 468). Роднаснае літ. ãpvalkas ’адзежа, халявы ботаў’, ùžvalkas ’пакрывала’, лат. valks ’спуск вады; скразняк’, uzvalks ’верхняе плацце’, грэч. όλχός ’баразна’, лац. sulcus ’тс’ (Траўтман, 350; Мейе, Études, 223).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́ліца (БРС, Грыг., Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Сцяшк. МГ, ДАБМ, карта 48) ’галоўная вуліца ў сяле’ (КСТ), укр. ву́лиця, рус. у́лица, ст.-рус. улица ’плошча, вуліца, праход’, польск. ulica, чэш. ulice, славац. ulica, в.-луж. wulica, славен. úlica, серб.-харв. у̏лица ’падворак, вуліца’, макед. улица, балг. у́лица ’вуліца’. Прасл. ulica ’прабіты праход, вуліца’, дэмінутыўнае ўтварэнне ад uljь (ulьjь, гл. ву́лей) ’выдзеўбаная калода, вулей’, што ўзводзіцца да балта-слав. aulei̯a‑ (Слаўскі, SP, 199), першапачатковая семантыка ’агароджаны праход’; параўн. ізасему з разарваным арэалам: славен. ulica ’агароджаная з двух бакоў вузкая дарога для прагону жывёлы на выган ці на вадапой’ і рус. уладз., маск., паўн.-рус. улица ’агароджаны праход для жывёлы’, а таксама серб.-харв. (Герцагавіна) улица ’праход да дома, агароджаны з двух бакоў высокай каменнай сцяной’ і палес. ву́личка ’вузкі праход паміж двума будынкамі ці тынамі’ (Лысенка, СПГ). Сюды ж лельч. ву́ліца ’складка ў доўгай світцы ззаду’ (Нар. лекс.). Больш агульнае значэнне ’звонку, па-за хатай’ развілося на базе супрацьпастаўлення «замкнутай» і «незамкнутай» прасторы; інакш Лучыц-Федарэц (Лексіка Палесся, 176 і наст.), які на падставе палес. гу́ліца, гу̀лыца ’двор або яго частка’ і серб. у̏лица ’двор; вуліца’ першапачатковым лічыць значэнне ’двор’, адпаведна гэтаму прасл. ulica збліжаецца з грэч. αὐλή і лац. aula ’двор, падворак’. Параўн. таксама Ваян (Зб. Іўшычу, 390 і наст.), які насуперак Фасмеру (4, 159 і наст.) па акцэнталагічных прычынах адмаўляе сувязь з ву́лей і звязвае з лац. aula; Курціна (Этимология, 1968, 99) услед за Машынскім (Pierw. zasiąg, 158 і наст.) выводзіць прасл. ulica з *ulъ ’роў’, рус. ’овраг’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляле́яць, леле́іць ’калыхацца, развівацца’, ’пялегаваць, песціць, шкадаваць’ (Яруш., Зянк.) і сцягненыя формы: ляле́цца ’калыхацца, мільгацець’ (шаркаў., Ант.), ляле́ць, леле́ць, ляліе́ці, лілі́ты ’песціць, суцяшаць’, ’калыхацца, хвалявацца, пералівацца, зіхацець, адбліскваць (пра водную паверхню)’; ’калыхацца (пра збожжа, траву)’, ’квітнець’ (Мал., Гарэц., Федар. 7, Маш., Др.-Падб., Доўн.-Зап. 1, П. П.), ’выйсці з берагоў’ (Бір. дыс.), ’чырванець (пра рану)’ (лід., Сл. ПЗБ). Укр. лелі́яти, рус. леле́ять ’тс’, арх. ля́леть, ст.-рус. лелѣяти ’калыхаць (на хвалях)’, ’песціць, пялегаваць’, ’ахоўваць, сцерагчы’, ’услаўляць, хваліць’; ст.-польск. lelejać (się) ’тс’, lelejanie, lelejenie ’хваляванне (мора)’, велікапольск. lelać ’песціць, калыхаць, забаўляць’, каш. lelac są lelå ’заляцацца, увівацца’, ст.-чэш. leleti sě ’хвалявацца, калыхацца’; серб.-харв. лелѐјати, лељѐати, леlíjati, léljati, lélati (se), lilati (se), лелу̀јати се ’калыхаць, хвалявацца (аб збожжы), макед. лелам, лелеам, леле (се), лела ’калыхаць, развявацца, лунаць’, балг. лелея, лелям, лелеям се ’калыхаць, песціць, няньчыць (дзіцё)’. Прасл. lelěti (), lelějati () ’калыхаць, гойдацца’, ’хваляваць’, якія ўзніклі з гукапераймальнага рэдуплікаванага выразу le‑lē‑ (з дзіцячай мовы) са значэннем паўтарэння дзеяння, руху туды-сюды, руху пры гайданні. Роднаснае да літ. leliúoti ’закалыхваць дзіцё, прысыпаць яго, прыспеўваючы’, lèliuo ’песціць’, лат. leluôt ’тс’. Палес. ліла̌́ты можа ўзыходзіць таксама да прасл. lilʼati (), lʼulʼati (гл. Трубачоў, Эт. сл., 14, 108; 15, 100–102; Міклашыч, 172; Бернекер, 1, 699; Развадоўскі, Wybór, 2, 173; Буга, Rinkt., 1, 452; Фасмер, 2, 479; Слаўскі, 4, 138–139; Скок, 2, 287; БЕР, 3, 355; Курціна, Этимология–76, 23). Зянькевіч (O uroczyskach і zwyczajach…, 1852, 50) памылкова выводзіць лексему лялеяць са ст.-грэч. λαλέω ’гавару’, ’балбачу, шчабячу’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Морда1 ’пярэдняя частка галавы жывёлы’ (ТСБМ, Шат., Бяльк.; лід., Сл. ПЗБ), ’твар чалавека’ (Нас., Бес., Яруш., Шат., Сл. Брэс.; Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ; хойн., капыл., КЭС), ’шчака’ (ТС; пін., Сл. Брэс.), марда́ць ’надзяваць наморднік’ (Крыў., Дзіс.), марда́чы ’мардаты’ (лід., Сл. ПЗБ), мардач ’удар па твары’ (Растарг.), мардахлы́ст ’п’яніца’, марда́сты ’таўстагубы, таўстаморды’ (Нас.), мардагля́д ’люстэрка’ (Сцяшк. Сл.). Укр. морда, рус. морда, усх.-польск., мазавецк., паўн.-малапольск. morda ’морда свойскіх жывёл’. Паводле Бартоламэ (440), запазычана з іран. мовы (параўн. авест. ka‑mərəδa ’агідная галава’) і з’яўляецца роднасным да ст.-інд. mūrdhán‑ ’лоб, галава, вяршыня’, англасакс. molda ’галава’, ст.-грэч. βλωθρόσ ’які высока падняўся’ (Фасмер, 2, 652–653); Пізані (Paideia, 9 (4–5), 1954, 312) дапускае роднаснасць слав. морда з лац. mordēre ’кусаць, грызці, есці, жэрці’ і інш. Курціна (ОЛА–1972, 215–217), прымаючы пад увагу семантычныя адносіны рада слоў у зах. і паўд.-слав. мовах з асновай mъrd‑ ’хутка рухацца’ → ’крыўляцца’ → ’грымаса’, а таксама сінанімію ст.-рус. мордати і моркати ’крыўляцца’, выказвае дапушчэнне аб роднаснасці ўсх.-слав. морда і славен. mȓd ’грымаса’ і аб спрадвечнай агульнасці асноў mъrk‑/mъrd‑/mъrg‑, якія развіліся з кораня mъr‑ < і.-е. *mer‑ (Покарны, 1, 733). Яшчэ раней Краўчук (БЛ, 6, 79) выказаў меркаванне, што слав. морда не іранізм, а слав. пеяратыўнае ўтварэнне ад дзеяслова тыпу славен. mrdati ’махаць, варушыць’ > mrda ’грымаса’ > ’скрыўленая фізіяномія’. Сюды ж ст.-бел. мордка ’грашовая адзінка’ (Юрэвіч–Яновіч, Зб. Крапіве, 297).

Морда2 ’лазовы кош для лоўлі рыбы’ (гродз., Сцяшк. Сл.), брэсц. ’аднагорлавы буч з дубцоў або з дранак’ (Браім, 61). Рус. паўн. мо́рда, морда́ ’нерат, венцер, буч’, а таксама ме́рда, мерёда, якія з уграфінскіх моў, параўн. карэльск. merta, эст. mōrd, ліўск. mørda ’буч’ (Праабражэнскі, 1, 556; Каліма, 164; Фасмер, 2, 601 і 653).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)