КУРЦІ́НА (франц. courtine),

1) асобны ўчастак лесу, парку, сквера; група дрэў, кустоў ці травяністых раслін у ландшафтным парку.

2) Група драўнінна-хмызняковых раслін аднаго віду ў мяшаным лесанасаджэнні ці група элітных дрэў, пакінутых пасля высечкі лесу ў якасці крыніц аднаўлення расліннасці; штучныя насаджэнні для замацавання грунту на горных схілах, каля крыніц, па берагах рэк і інш. 3) Частка крапаснога вала паміж двума бастыёнамі.

т. 9, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВЕЛІ́Н (франц. ravelin),

дапаможнае фартыфікацыйнае збудаванне трохвугольнай формы, размешчанае перад крапасным ровам паміж бастыёнамі. Уяўляў сабой мураваную (цагляную) агароджу з казематамі для стралкоў або складаўся з рова і вала (звычайна з мураванай абліцоўкай). Прызначаўся для прыкрыцця крапасных сцен ад артыл. агню і атак праціўніка, а таксама для сканцэнтравання войск гарнізона перад вылазкай. Выкарыстоўваўся ў 16—19 ст.

Узаемаразмяшчэнне равеліна і бастыёнаў у крапасной сцяне: 1 — равелін; 2 — курціна; 3 — крапасны роў; 4 — бастыёны; 5 — контрэскарп; 6 — пашырэнне (т.зв. плацдармы) для сканцэнтравання войск для контратакі; 7 — бруствер гласіса.

т. 13, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСТЫЁН (франц. bastion ад позналац. bastillio будую ўмацаванне),

пяцівугольнае ўмацаванне ў вуглах крапасной агароджы для абстрэлу мясцовасці наперадзе і ўздоўж крапасных сцен і равоў перад імі. Бастыёны паявіліся ў Італіі ў канцы 15 ст., напачатку мураваныя, з 16 ст. земляныя. Крапасны бастыён складаўся з 1 ці 2 земляных валоў для размяшчэння гармат: 1-ы быў галоўны, 2-і (узвышаўся над 1-м) наз. кавальер. Два даўжэйшыя бакі бастыёна наз. фасамі, карацейшыя — фланкамі. Фланкі двух суседніх бастыёнаў і частка крапасной сцяны паміж імі (курціна) стваралі бастыённы фронт. На Беларусі бастыёны вядомы з сярэдзіны 16 ст.

т. 2, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ КАРАЛІ́НСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у в. Каралін (цяпер у межах г. Пінск Брэсцкай вобл.). Пабудаваны ў традыцыях новаітальян. фартыфікацыйнай сістэмы. У плане — падоўжаны чатырохвугольнік (75 × 37 × 46 × 75) з бастыёнамі на вуглах. Курціны і чатырохвугольныя з брустверамі бастыёны былі вымураваны з каменю (з боку поля бастыёны значна большыя). З ПдУ замак ахоўвалі стромкі бераг і воды р. Піна. Унутры валоў ішоў падземны скляпеністы праход вышынёй 2,1 м і шырынёй 90 см. У 2-й пал. 17 ст. замкам валодаў маршалак ВКЛ Ян Дольскі, потым — кн. Вішнявецкія. У ліп. 1660 у час аблогі П.К.з. разбураны рас. войскамі, у 1704 — войскамі шведскага караля Карла XII. У пач. 19 ст. яшчэ былі цэлыя 2 бастыёны і курціна. Пазней замак знік пад гар. забудовай. Рэшткі П.К.з. адлюстраваны на планах Пінска канца 18 ст., на малюнках Н.​Орды 19 ст.

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991. С. 159—160.

М.​А.​Ткачоў.

Руіны Пінскага Каралінскага замка 3 малюнка Н.​Орды. 19 ст.

т. 12, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)