Ляле́яць, леле́іць ’калыхацца, развівацца’, ’пялегаваць, песціць, шкадаваць’ (Яруш., Зянк.) і сцягненыя формы: ляле́цца ’калыхацца, мільгацець’ (шаркаў., Ант.), ляле́ць, леле́ць, ляліе́ці, лілі́ты ’песціць, суцяшаць’, ’калыхацца, хвалявацца, пералівацца, зіхацець, адбліскваць (пра водную паверхню)’; ’калыхацца (пра збожжа, траву)’, ’квітнець’ (Мал., Гарэц., Федар. 7, Маш., Др.-Падб., Доўн.-Зап. 1, П. П.), ’выйсці з берагоў’ (Бір. дыс.), ’чырванець (пра рану)’ (лід., Сл. ПЗБ). Укр. лелі́яти, рус. леле́ять ’тс’, арх. ля́леть, ст.-рус. лелѣяти ’калыхаць (на хвалях)’, ’песціць, пялегаваць’, ’ахоўваць, сцерагчы’, ’услаўляць, хваліць’; ст.-польск. lelejać (się) ’тс’, lelejanie, lelejenie ’хваляванне (мора)’, велікапольск. lelać ’песціць, калыхаць, забаўляць’, каш. lelac są lelå ’заляцацца, увівацца’, ст.-чэш. leleti sě ’хвалявацца, калыхацца’; серб.-харв. лелѐјати, лељѐати, леlíjati, léljati, lélati (se), lilati (se), лелу̀јати се ’калыхаць, хвалявацца (аб збожжы), макед. лелам, лелеам, леле (се), лела ’калыхаць, развявацца, лунаць’, балг. лелея, лелям, лелеям се ’калыхаць, песціць, няньчыць (дзіцё)’. Прасл. lelěti (sę), lelějati (sę) ’калыхаць, гойдацца’, ’хваляваць’, якія ўзніклі з гукапераймальнага рэдуплікаванага выразу le‑lē‑ (з дзіцячай мовы) са значэннем паўтарэння дзеяння, руху туды-сюды, руху пры гайданні. Роднаснае да літ. leliúoti ’закалыхваць дзіцё, прысыпаць яго, прыспеўваючы’, lèliuo ’песціць’, лат. leluôt ’тс’. Палес. ліла̌́ты можа ўзыходзіць таксама да прасл. lilʼati (sę), lʼulʼati (гл. Трубачоў, Эт. сл., 14, 108; 15, 100–102; Міклашыч, 172; Бернекер, 1, 699; Развадоўскі, Wybór, 2, 173; Буга, Rinkt., 1, 452; Фасмер, 2, 479; Слаўскі, 4, 138–139; Скок, 2, 287; БЕР, 3, 355; Курціна, Этимология–76, 23). Зянькевіч (O uroczyskach і zwyczajach…, 1852, 50) памылкова выводзіць лексему лялеяць са ст.-грэч. λαλέω ’гавару’, ’балбачу, шчабячу’.