Сты́нка ‘азёрная корушка, сняток Osmerus eperlanus’ (Ласт., Жукаў; мёрск., Жыв. НС; Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, Касп.). Праз польск. stynka ‘тс’ з ням. Stint ‘тс’; гл. Брукнер, 524; Нававейскі, Zapożyczenia, 116; Фасмер, 3, 789; Усачова, Слав. ихт. терм., 49. Герд (Бел. лекс., 37) мяркуе пра лакальнае запазычанне з літ. stinka, stinta ‘тс’ у суседнія гаворкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Снято́к ‘дробная азёрная рыбка сямейства корушкавых’ (ТСБМ; віц., З нар. сл.; Жук.), ‘гальян азёрны’ (маг., Жук.), снядкі (снѣдки) ‘сорт рыбы’ (дзісн., Яшк. Мясц.), снітка ‘нейкая рыба’ (пін., там жа). Рус. наўг. снито́к, снято́к, паўн.-усх. снето́к. Ст.-рус. снѣтъ (XVI–XVII стст.). Дапускаецца запазычанне са швед. дыял. stint ‘дробная марэна’, дац. stint ‘рыба накшталт вугра’, або с.-н.-ням., н.-ням. stint, адкуль ням. Stintкорушка’, або з фін. sintti ‘сняток’ з наступнай мэтатэзай; гл. Міклашыч, 312; Праабражэнскі, 2, 347; Тапароў, Этимология–1978, 158 і наст. Фасмер (3, 698) мяркуе таксама аб магчымасці запазычання ў ст.-рус. форме *смѧтъ з нейкай скандынаўкай крыніцы і потым пераходу ў *снѧтъ аналагічна ст.-рус. імені Къснѧтинъ = Константин. Для славен. snẹ̑tec, серб.-харв. snetac Бязлай (3, 280) дапускае запазычанне з рускай. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 333–334. Параўн. стынка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АНЕ́ЖСКАЕ ВО́ЗЕРА,

Анега, возера на ПнЗ Еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі, у Карэліі, Ленінградскай і Валагодскай абласцях. Пл. 9,7 тыс. км² (без а-воў). Даўж. 256 км, шыр. каля 91,6 км, глыб. да 127 м. Пасля пабудовы Верхнясвірскай ГЭС стала вадасховішчам (9950 км²). Катлавіна ледавікова-тэктанічнага паходжання. Паўн. берагі высокія, скалістыя, расчлянёныя вузкімі залівамі-губамі — Петразаводскай, Кондапажскай, Ліжэмскай і інш. і Павянецкім зал., паўднёвыя — пераважна нізкія, часта забалочаныя. 1369 а-воў агульнай пл. 250 км²; найбольшыя — Вял. Клімецкі і Вял. Лелікаўскі. Т-ра паверхневых слаёў вады ў жн. ў адкрытай частцы да 20—24 °C, у залівах да 24—27 °C. Замярзае ў ліст., крыгалом у маі. Цэнтр. ч. ў асобныя гады не замярзае. На возеры назіраюцца сейшы. Празрыстасць вады да 8—9 м, каля берагоў 1—4 м. Вада прэсная, з мінералізацыяй 35 мг/л. Упадаюць 58 рэк, найб. Выцегра, Водла, Суна, Шуя; выцякае р. Свір. Каля 50 відаў рыб, 17 маюць прамысл. значэнне (сіг, рапушка, корушка, мянтуз, лешч, акунь, шчупак, ласось і інш.). Рыбалоўства. Суднаходства. Возера злучана Беламорска-Балтыйскім каналам з Белым м., Волга-Балтыйскім водным шляхам — з бас. Волгі. Уздоўж паўд. берага Анежскі суднаходны канал. На Анежскім возеры музей Кіжы (на аднайм. в-ве). На берагах гарады Петразаводск, Кондапага, Мядэведжагорск, Павянец.

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)