Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРНЫЯ РЫ́БЫ,
рыбы, характэрныя толькі для іхтыяфауны азёраў. На Беларусі да азёрных абарыгенных відаў належаць рапушка, корушка, гальян азёрны, да акліматызаваных — сіг чудскі, умоўна пелядзь, сомік амерыканскі. Большасць мае прамысл. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСОСЕПАДО́БНЫЯ
(Salmoniformes),
атрад касцістых рыб. 8 падатр., 28 сямействаў. Вядомы з мелавога перыяду. Пашыраны ўсюды. Прэснаводныя, прахадныя, марскія прыбярэжныя і глыбакаводныя рыбы. На Беларусі 8 відаў: рапушка еўрапейская, стронга ручаёвая, харыус звычайны (занесены ў Чырв. кнігу Беларусі), пелядзь, сіг чудскі, стронга радужная (акліматызаваныя), кумжа, корушка азёрная.
Даўж. ад 2,5 см да 1,5 м, маса да 60 кг. Некат. віды (корушкавыя) захоўваюць рэшткі хорды ў асявым шкілеце і храсток у чарапной каробцы. Плавальны пузыр, калі ёсць, злучаны са страваводам. Луска дробная, цыклоідная. У час нерасту цела некат. ласосяў набывае яркую «шлюбную» афарбоўку. Аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕ́ЖСКАЕ ВО́ЗЕРА, Анега,
возера на ПнЗ Еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі, у Карэліі, Ленінградскай і Валагодскай абласцях. Пл. 9,7 тыс.км² (без а-воў). Даўж. 256 км, шыр. каля 91,6 км, глыб. да 127 м. Пасля пабудовы Верхнясвірскай ГЭС стала вадасховішчам (9950 км²). Катлавіна ледавікова-тэктанічнага паходжання. Паўн. берагі высокія, скалістыя, расчлянёныя вузкімі залівамі-губамі — Петразаводскай, Кондапажскай, Ліжэмскай і інш. і Павянецкім зал., паўднёвыя — пераважна нізкія, часта забалочаныя. 1369 а-воў агульнай пл. 250 км²; найбольшыя — Вял. Клімецкі і Вял. Лелікаўскі. Т-ра паверхневых слаёў вады ў жн. ў адкрытай частцы да 20—24 °C, у залівах да 24—27 °C. Замярзае ў ліст., крыгалом у маі. Цэнтр.ч. ў асобныя гады не замярзае. На возеры назіраюцца сейшы. Празрыстасць вады да 8—9 м, каля берагоў 1—4 м. Вада прэсная, з мінералізацыяй 35 мг/л. Упадаюць 58 рэк, найб. Выцегра, Водла, Суна, Шуя; выцякае р. Свір. Каля 50 відаў рыб, 17 маюць прамысл. значэнне (сіг, рапушка, корушка, мянтуз, лешч, акунь, шчупак, ласось і інш.). Рыбалоўства. Суднаходства. Возера злучана Беламорска-Балтыйскім каналам з Белым м., Волга-Балтыйскім водным шляхам — з бас. Волгі. Уздоўж паўд. берага Анежскі суднаходны канал. На Анежскім возеры музей Кіжы (на аднайм. в-ве). На берагах гарады Петразаводск, Кондапага, Мядэведжагорск, Павянец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ДАЖСКАЕ ВО́ЗЕРА, Ладага,
Няво. Найбуйнейшае прэснаводнае возера ў Еўропе; на ПнЗеўрап. часткі Рас. Федэрацыі, у Карэліі і Ленінградскай вобл.Пл. 17,7 тыс.км2 (з астравамі 18,1 тыс.км2). Даўж. 219 км, сярэдняя шыр. 83 км, сярэдняя глыб. 51 м, найб. 230 м. Аб’ём вады 908 км3. Катлавіна тэктанічна-ледавіковага паходжання. Дно складанай будовы, у паўн. і цэнтр. частках выслана ілам. Паўн. і паўн.-зах. берагі высокія, скалістыя, глыбока парэзаны фіёрдападобнымі залівамі. Шматлікія лясістыя астравы ўтвараюць шхеры. Паўд. берагі пераважна невысокія, спадзістыя, слабапарэзаныя, з берагавымі валамі і дзюнамі. У многіх месцах прыбярэжжа нагрувашчанне валуноў. На возеры каля 660 астравоў, з іх каля 500 у паўн.-зах. яго частцы. каля 65 — у цэнтральнай, у т.л. Валаамскія астравы і Зах. архіпелаг. Вадазборны басейн (пл. 276 тыс.км2) уключае каля 50 тыс. азёр (найб. Анежскае, Ільмень, Сайма) і 3,5 тыс. рэк даўж. больш за 10 км; упадаюць 35 рэк, найб. з іх Свір, Волхаў, Вуокса; выцякае р.Нява, якая звязвае возера з Фінскім зал. З бас. Волгі — звязана Волга-Балтыйскім водным шляхам, Вышневалоцкай і Ціхвінскай сістэмамі, з Белым морам — праз р. Свір, Анежскае воз. і Беламорска-Балтыйскі канал. Клімат умерана халодны. Сярэдняя т-ра паветра ў лют. ад -8 да -10 °C, у ліп. 16—17 °C; т-ра вады — на паверхні ў жн. каля 16 °C (найб. 25 °C), у глыбінных пластах летам 4—4,5, зімой 2—2,5 °C. Ападкаў каля 550 мм за год. Возера халаднаводнае, з запаволенымі біял. працэсамі. Характэрны згонна-нагонныя з’явы, сейшы, штормы. Прыбярэжная частка замярзае ў ліст.—снеж., цэнтр. частка — у снеж.—сак., крыгалом у цэнтр. частцы ў 2-й пал.сак., у паўн. частцы ў 1-й пал. мая. Празрыстасць вады ў цэнтр. частцы 4,5 м, каля берагоў 1—2,5 м, на 3 ад вострава Валаам да 8—10 м. Вада прэсная, гідракарбанатна-кальцыевая, з мінералізацыяй 56 мг/л. Каля 58 відаў рыб, у т.л. прамысловыя: асетр, вугор, ласось, стронга, судак, лешч, акунь, корушка, плотка, шчупак. Трапляецца цюлень. Рыбалоўства. Суднаходства. Рэкрэацыя. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. У 9—12 ст. праз Л.в. праходзіў водны шлях «з варагаў у грэкі». З ліст. 1941 да студз. 1944 па Л.в. праходзіла «Дарога жыцця» ў блакіраваны ням. фашыстамі Ленінград. У сувязі з індустрыялізацыяй рэгіёна Л.в. падпала пад значнае антрапагеннае ўздзеянне (забруджванне, эўтрафаванне). На берагах Л.в. гарады Прыазёрск, Петракрэпасць, Сортавала, Новая Ладага, Шлісельбург і інш.