ПЕРШАЦВЕ́Т, прымула (Primula),

род кветкавых раслін сям. першакветных. Больш за 500 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды П.: веснавы, або баранчыкі, ці ключыкі (P. veris), і высокі (P. elatior), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў мяшаных лясах, на палянах, сухіх лугах, у далінах рэк. Інтрадукавана 5 відаў П.: Воранава (P. woronovii), вушкавы (P. auriculata), дробназубчасты (P. denticulata), звычайны (P. vulgaris), японскі (P. japonica).

Шматгадовыя ранаквітучыя (адсюль назва) травяністыя карэнішчавыя расліны. Лісце суцэльнае, чаранковае ці сядзячае, у прыкаранёвай разетцы. Кветкі правільныя ў парасонавых, галоўчатых або кальчаковых суквеццях жоўтага, бэзавага, белага, ружовага, пурпуровага, фіялетавага колеру. Плод — каробачка. Маладое лісце спажываюць як салату, кветкі і лісце выкарыстоўваюць у лікёра-гарэлачнай вытв-сці. Харч., лек., дэкар., меданосныя расліны.

Першацвет высокі.

т. 12, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пе́рвісінка ’першацёлка’ (рас., Шатал.). Рус. пе́рвесинка, пе́рвестника ’тс’. Параўн. таксама польск. pierwiosnek, pierwiosnek ’чалавек-навічок’, ’пачатак’, ’кветка ключыкі, Primula L.’, чэш. prvosenka ’тс’, славен. prvesnica ’жанчына, якая нарадзіла упершыню’, ц.-слав. пръвѣснъ ’першародны’, укр. первісний ’першасны’ Прасл. *pьrvěst(ь)nъjь — прыметнік, утвораны ад адцягненнага назоўніка ж. р. *pьrveslъ (параўн. *sves(b), як аналагічнае праслав. утварэнне *pьrvotьnъjь < *pьrvotа > pierwotny, рус. пе́рвостный (Трубачоў, Проспект, 75–76).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляду́начкаключыкі вясеннія, Primula veris L. macrocalyx Koch.’ Да ляду́нка ’патранташ’, якое з ладу́нка (гл.). (Ла‑ і ля‑ існавалі яшчэ ў ст.-бел. мове з прычыны розных крыніц запазычання: ла‑ з польск. ładunek, ля‑ з ням. Ladung). Матывацыя: кветкі ключыкаў размешчаны на сцябле адна за другой і выглядаюць як ячэйкі патранташа. Рус. ла́дан, лада́н — назвы самых розных раслін і ледуни́ца, ледуне́ц ’чырвоныя парэчкі’, відаць, з бел. лексемай не звязаны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раст, мн. л. расты́, ’парастак’ (астрав., Жд. 1). Нульсуфіксальнае ўтварэнне ад расты́, параўн. расток, храсток (гл.). Сюды ж (калі гэта не запазычанне з украінскай) раст — “маленькія-маленькія, з галоўку шпількі, сінія, іншым часам белыя кветкі, вылазяць амаль адразу, як сыдзе снег” (Караткевіч, Маладосць, 1987, 1, 159). Параўн. укр. растключыкі, Primula veris L.; кураслеп, Anemona nemorosa L.’, макед. рас ’куст’, балг. раст ’дубчык’, ра́сте ’галінкі для тутавага шаўкапрада’. Параўн. таксама аналагічныя, але аддзеяслоўныя рус. дыял. раст ’лепшы час для росту зеляніны і пад.; для сенакосу, збору малака (на масла) і пад.’, ’маладая трава (на пашы)’, што, паводле БЕР, 6, 186, запазычаны са стараславянскай; а таксама славен. rȃst ’рост, расліннасць’, серб.-харв. ра̑ст ’расліна’, макед. раст ’рост’, ст.-слав. растъ ’рост, вырастанне’, якія з’яўляюцца рэгулярнымі адпаведнікамі прасл. *orstъ < orsti, гл. рост, расці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)