АНІЗАГА́МІЯ (ад грэч. anisos неаднолькавы + ...гамія),

тып палавога працэсу, калі зліваюцца палавыя клеткі (гаметы), якія адрозніваюцца памерам, формай або паводзінамі пры зліцці. Напр., у некаторых водарасцяў анізагамія заключаецца ў зліцці мужчынскіх і жаночых гамет, адна з якіх менш рухомая або большая за другую. Часам гэты працэс наз. гетэрагаміяй, а паняцце «анізагамія» выкарыстоўваюць у адносінах да прасцейшых, якім у палавым працэсе ўласцівы капуляцыя і кан’югацыя. Для вышэйшых раслін і мнагаклетачных жывёл, а таксама для некаторых грыбоў характэрна аагамія. Гл. таксама Ізагамія.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУБАЧЫ́, стэнтары (Stentor),

род прасцейшых кл. раснічных інфузорый. Каля 20 відаў. Пашыраны ў морах і прэсных водах. На Беларусі найб. трапляюцца Т.: звычайны (S.polymorphus) і блакітны (S.coerulus). Свабодна плаваюць, могуць прымацоўвацца да субстрату.

Даўж. да 1 мм. Цела лейкападобнае. расшыранае на пярэднім канцы. укрытае шчыльнай пелікулай з густымі раснічкамі Здольныя рэзка скарачацца. Размнажаюцца бясполым шляхам (дзяленне папалам) і палавым (кан’югацыя). Кормяцца дробнымі арган. рэшткамі, бактэрыямі. водарасцямі, прасцейшымі. Могуць рэгенерыраваць: з кожнай ч. цела, у якой ёсць макрануклеус, аднаўляецца ўвесь арганізм. Біял. меліяратары.

т. 15, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУХАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Hypotrichida, або Hypotricha),

атрад прасцейшых падкл. спіральнараснічных інфузорый. Больш за 400 відаў. Пашыраны брухараснічныя інфузорыі з сям. Aspidiscidae, Euplotidae, Oxytrichidae. У вадаёмах Беларусі — прадстаўнікі родаў Aspidisca, Euplotes, Oxytricha, Stylonychia. Большасць жыве ў тоўшчы марскіх і прэсных водаў, сярод зараснікаў водных раслін, у глеі, глебе.

Цела сплошчанае. Раснічны апарат дыферэнцыраваны: на спінным баку раснічкі ператвораны ў кароткія адчувальныя шчацінкі, на брушку зліваюцца і ўтвараюць пальцападобныя т.зв. цыры, з дапамогай якіх брухараснічныя інфузорыі хутка перамяшчаюцца па субстраце. Размнажэнне бясполае (дзяленне папалам) і палавое (кан’югацыя).

т. 3, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФА́ЗА (ад грэч. pro раней, перад + phasis з’яўленне),

першая фаза дзялення клеткі і яе ядра шляхам меёзу ці мітозу. Найб. складаная і працяглая фаза. Важныя адзнакі П. — кандэнсацыя храмасом, спыненне сінтэзу РНК, растварэнне ядзерка і пачатак фарміравання верацяна дзялення. У клетках жывёл і некат. ніжэйшых раслін верацяно дзялення ўтварае мітатычны апарат разам з цэнтрыёлямі, у клетках вышэйшых раслін і некат. прасцейшых — без іх. У П. меёзу I, якая мае 5 стадый, акрамя таго адбываецца кан’югацыя гамалагічных храмасом. П. меёзу II адбываецца аналагічна П. мітозу.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПІРАГІ́РА (Spirogyra),

род ніткаватых зялёных водарасцей сям. спірагіравых Каля 340 відаў. Пашыраны ўсюды. Трапляюцца пераважна ў прэсных водах, на вільготнай глебе і інш. На Беларусі 8 відаў С.: бліскучая (S.nitida), зменлівая (S.varians), пагарджаная (S.neglecta), рачная (S.fluviatilis), тоўстая (S.crassa) і інш.

Ніткі даўж. 8—10 см, негалінастыя, плаваюць свабодна або прымацаваныя да субстрату рызоідамі. часта ўтвараюць «ціну». Ніткі складаюцца з аднаго рада клетак, якія маюць цэлюлозную абалонку, абкружаную сліззю. Перыферыйны хларапласт у выглядзе закручаных стужак. Размнажэнне вегетатыўнае (разрыў ніткі) і палавое (лесвічная і бакавая кан’югацыя).

Т.​М.​Міхеева.

т. 15, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУВО́ЙКІ (Vorticella),

род раснічных інфузорый. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў прэсных і марскіх водах. На Беларусі найб. адзначаецца С. маларотая (V.microstoma).

Даўж. каля 150 мкм. Цела званочкападобнае. Адзіночныя формы на скарачальнай спіральнай сцяблінцы, якой прымацоўваюцца да субстрату Па краі ротавага дыска раснічны апарат; каляротавая спіраль пастаянна рухаецца і накіроўвае ток вады да ротавай адтуліны. Кормяцца бактэрыямі, дэтрытам. Пры бясполым размнажэнні ўтвараюцца «бадзяжкі», якія свабодна плаваюць, потым прымацоўваюцца. Ёсць і палавы працэс — кан’югацыя. Фільтратары вадаёмаў. Некат. — вонкавыя паразіты рыб. Іл. гл. да арт. Інфузорыі.

т. 15, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКАМБІНА́ЦЫЯ (рэ... + камбінацыя) у генетыцы, пераразмеркаванне генет. матэрыялу бацькоў у патомкаў, якое прыводзіць да спадчыннай камбінацыйнай зменлівасці жывых арганізмаў. Універсальны біял. механізм, уласцівы ўсім жывым сістэмам — ад вірусаў да вышэйшых раслін, жывёл і чалавека, важны пры эвалюцыйных ператварэннях. Адбываецца шляхам разыходжання гамалагічных храмасом у меёзе ці ўзаемадзеяннем малекул ДНК, вынікам якога з’яўляецца перанос участкаў ДНК з адной малекулы на другую (Р. ў вузкім сэнсе). Перанос бывае ў саматычных і палавых клетках, узаемным (рэцыпрокная Р.) і аднабаковым (нерэцыпрокная Р.). Для здзяйснення Р. ў эўкарыётаў існуе палавы працэс, у пракарыётаў — кан’югацыя, трансфармацыя і трансдукцыя, у вірусаў — сумесная інфекцыя. Мэтанакіраванае атрыманне рэкамбінатных (гібрыдных) ДНК — аснова генетычнай інжынерыі.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫСУ́ЧЫЯ ІНФУЗО́РЫІ, сукторыі (Suctoria) клас прасцейшых тыпу інфузорый. Каля 500 відаў. Пашыраны ў прэсных вадаёмах і морах. На Беларусі найб. адзначаюцца такафрыі квадрыпартыта (Tocophrya quadripartita) і цыклопавая (T. cyclopum), ацынета вялікая (Acineta grandis), падофрыя прымацаваная (Podophria fixa). Пераважна сядзячыя формы.

Даўж. ад 30 мкм да 3 мм. Раснічкі ў дарослых адсутнічаюць. Могуць прымацоўвацца да субстрату, водных раслін і жывёл. У некат. цела моцна разгалінаванае. Рот адсутнічае. З дапамогай хапальных і сысучых шчупальцаў ловяць і высмоктваюць здабычу, пераважна інфузорый (адсюль назва). Размнажэнне бясполае (вонкавае або ўнутр. пачкаванне, пры якім утвараюцца плаваючыя або поўзаючыя «бадзяжкі») і палавое — кан’югацыя. Некат. — паразіты інш. інфузорый.

Сысучыя інфузорыі: 1 — такафрыя квадрыпартыта; 2 — эфелота геміпара; 3 — такафрыя цыклопавая; 4 — дэндрасома радыяльная.

т. 15, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАМЕ́ЦЫІ (Paramecium), туфелькі,

род прасцейшых атр. роўнараснічных (або плёначнаротых) тыпу інфузорый. Каля 20 відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у прэсных, радзей у саланаватых водах. Найб. вядомыя бурсарыя (P. bursaria), туфелька залацістая (P. aurelia), туфелька хвастатая (P. caudatum). Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. Для бурсарыі характэрны ўнутрыклетачны сімбіёз з аднаклетачнымі зялёнымі водарасцямі — зоахларэламі.

Даўж. да 0,3 мм. Цела падоўжана-авальнае, мае 3-слаёвую абалонку (пелікула). Раснічкі (10—15 тыс.) размеркаваны раўнамерна. У эктаплазме размешчаны трыхацысты (для абароны і нападу), у эндаплазме — ядры (макра- і мікрануклеусы), скарачальныя і стрававальныя вакуолі. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам. Бясполае размнажэнне (дзяленне) чаргуецца з палавым працэсам (кан’югацыя). Выкарыстоўваюць у біяхім., генет., цыталагічных і інш. даследаваннях; корм для рыб. Іл. гл. да арт. Інфузорыі.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАЛО́ГІЯ (ад грэч. homologia адпаведнасць) у біялогіі, 1) адпаведнасць органаў у арганізмах розных відаў, абумоўленая іх філагенетычнай роднасцю. Падобныя органы або іх часткі звычайна развіваюцца ад эвалюцыйна аднолькавых зыходных зачаткаў, якія могуць выконваць розныя функцыі. Такія органы наз. гомалагічнымі. Напр., канечнасці пазваночных — ногі, ласты, крылы лятучых мышэй. Гамалогія як падабенства, заснаванае на роднасці, процістаіць аналогіі. Гамалогія органаў у розных відаў мае 3 крытэрыі: падабенства марфалагічнага плана будовы органаў, таксама іх стану ў арганізме ў адносінах да інш. органаў і падабенства іх морфагенезу.

2) Ідэнтычнасць структуры 2 (у дыплоідаў) або большай колькасці (у аўтапаліплоідаў) храмасом, якая азначае, што ў гомалагічных храмасомах аднолькавыя локусы размешчаны ў той жа лінейнай паслядоўнасці. Доказам гамалогіі генет. структур служыць дакладная кан’югацыя іх храмасом у прафазе меёзу і ўтварэнне жыццяздольных гамет і зігот.

т. 5, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)