СПІРАГІ́РА (Spirogyra),
род ніткаватых зялёных водарасцей сям. спірагіравых Каля 340 відаў. Пашыраны ўсюды. Трапляюцца пераважна ў прэсных водах, на вільготнай глебе і інш. На Беларусі 8 відаў С.: бліскучая (S.nitida), зменлівая (S.varians), пагарджаная (S.neglecta), рачная (S.fluviatilis), тоўстая (S.crassa) і інш.
Ніткі даўж. 8—10 см, негалінастыя, плаваюць свабодна або прымацаваныя да субстрату рызоідамі. часта ўтвараюць «ціну». Ніткі складаюцца з аднаго рада клетак, якія маюць цэлюлозную абалонку, абкружаную сліззю. Перыферыйны хларапласт у выглядзе закручаных стужак. Размнажэнне вегетатыўнае (разрыў ніткі) і палавое (лесвічная і бакавая кан’югацыя).
Т.М.Міхеева.
т. 15, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)