прадпрыемства па выпуску біяпрэпаратаў. Першыя біяфабрыкі створаны на базе вет.бактэрыял. лабараторый і станцый з мэтай вырабу вакцын і сываратак. Сучасныя біяфабрыкі выпускаюць біяпрэпараты для дыягностыкі, прафілактыкі хвароб і лячэння, біял. аховы раслін (напр., развядзенне энтамафагаў), бялкова-вітамінныя канцэнтраты, прэпараты—рэгулятары колькасці і дынамікі развіцця пэўных відаў арганізмаў і інш. На Беларусі існуюць з-ды: Мінскі мед. і эндакрынных прэпаратаў, Мазырскі кармавых дражджэй, Наваполацкі бялкова-вітамінных канцэнтратаў, Пінскі кармавых вітамінаў, Нясвіжскі біяхім., Рэчыцкі доследна-прамысл. гідролізны і інш. Да біяфабрык належаць таксама прадпрыемствы па перапрацоўцы смецця (з-д у Мінску), на якіх атрымліваюць арган. ўгнаенні (кампосты) і біяпаліва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІКАРМЫ́,
сухія камбінаваныя кармавыя сумесі (сыпучыя або ў гранулах, брыкетах), збалансаваныя паводле саставу пажыўных рэчываў. На іх прыгатаванне выкарыстоўваюць разнастайную сыравіну расліннага, жывёльнага, мікрабіял. і мінер. паходжання. Вырабляюць К.: поўнарацыённыя, якія маюць усе неабходныя для жывёл пажыўныя і біялагічна актыўныя рэчывы ў патрэбнай колькасці і суадносінах (скормліваюць іх без дабавак інш. кармоў); К.-канцэнтраты для кампенсацыі недахопу ў рацыёнах асн. пажыўных рэчываў (скормліваюць жывёлам у дадатак да грубых, сакаўных і інш. кармоў асн. рацыёну); збалансаваныя кармавыя дабаўкі — бялкова-вітамінныя, бялкова-вітамінна-мінер., а таксама прэміксы. К. вырабляюць на камбікормавых з-дах і ў кармацэхах жывёлагадоўчых комплексаў і ферм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРАВА́НЫЯ КАРМЫ́, канцэнтраты,
кармы, якія маюць высокую колькасць пажыўных рэчываў. Да іх належаць зерне злакавых і бабовых культур, прадукты перапрацоўкі збожжавых і алейных культур, сушаныя адходы крухмальнай, цукр. і брадзільнай прам-сці, камбікармы, сухія жывёльныя кармы і інш. К.к. выкарыстоўваюць пры кармленні ўсіх відаў с.-г. жывёл, асабліва свіней і птушак. Паводле складу пажыўных рэчываў яны падзяляюцца на вугляводзістыя (багатыя крухмалам і цукрамі зерне злакаў, сушаныя коранеклубняплоды, кармавая патака, сухія жамерыны, мязга і інш.) і бялковыя (зерне бабовых, макуха, шрот, вотруб’е, мясная, мяса-касцявая, крывяная, рыбная мука і інш.). Колькасць ператраўнага пратэіну ў 1 кг вугляводзістых К.к. складае 70—80 г, бялковых — 180—350 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць на корм жывёле. Да іх належаць кармавыя травы, караняплоды (кармавыя буракі і морква, бручка, турнэпс), клубняплоды (кармавыя сарты бульбы, тапінамбур), зернефуражныя (авёс, ячмень, віка, гарох, пялюшка, кармавыя сарты лубіну), бахчавыя (гарбуз, кабачок, кавун) і сіласныя культуры.
Вырошчваюць у палявых і кармавых севазваротах, на лугах і пашы. Выкарыстоўваюцца свежыя (зялёная маса, пашавы корм) і прыгатаваныя (сена, сянаж, сілас, травяная мука, карм. гранулы, брыкеты, канцэнтраты). На Беларусі К.к. займаюць каля 40% пасяўной плошчы, сярод іх пераважаюць кармавыя травы, адна- і шматгадовыя злакавыя і бабовыя. На Пд і ў цэнтр.ч. Беларусі значныя плошчы займаюць пасевы кукурузы на сілас і зялёны корм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМО́Н (Citrus limon),
кветкавая расліна сям. рутавых. Радзіма — Паўд. і Паўд.-Усх. Азія. У 11 ст. завезены ў Міжземнамор’е. Культывуецца ў тропіках і субтропіках. На Беларусі вырошчваецца ў аранжарэях і пакоях. Сарты — Паўлаўскі, Меера, Грузінскі, Нова-Грузінскі, Віла-Франка і інш.
Вечназялёнае дрэва выш. 1,5—7 м. Галіны часцей з калючкамі. Лісце скурыстае, авальна-падоўжанае на кароткіх чаранках са спецыфічным пахам. Кветкі двухполыя, белыя, духмяныя, адзіночныя або ў гронках. Самаапыляецца, цвіце і пладаносіць амаль увесь год. Плод — шматгнездавая ягада, мае ў сабе к-ты (3,5—8,1 мг %), вітаміны C (45—140 мг %), A, B, P, цукар (1,9—3%) і інш.Лек. расліна. З пладоў Л. прыгатаўляюць сокі, канцэнтраты, варэнне, мармелад, лімонную к-ту, тэхн. і эфірны алей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБПА́Л,
тэрмічная апрацоўка матэрыялаў з мэтай надання ім неабходных уласцівасцяў ці для ачышчэння ад дамешкаў. Уключае награванне да пэўнай т-ры, вытрымку і ахаладжэнне да пакаёвай т-ры. Суправаджаецца рэакцыямі раскладання (пры апрацоўцы прыроднай сыравіны), акіслення або аднаўлення (пры выгаранні дамешкаў, узаемадзеянні з вугляродам, вадародам ці кіслародам), мінералаўтварэння; фазавымі пераўтварэннямі (частковае плаўленне матэрыялаў, выпарэнне і інш.). Робіцца ў абпальвальных печах у акісляльна-аднаўляльным або нейтральным газавым і цвёрдым асяроддзях, а таксама ў вакууме. Руды і рудныя канцэнтраты абпальваюць перад іх абагачэннем, кавалкаваннем, плаўкай для змены іх фіз. і хім. уласцівасцяў. Сыравіну для буд., вяжучых матэрыялаў (гліна, вапняк, цэментная шыхта), вогнетрывалую цэглу, фарфоравыя і фаянсавыя паўфабрыкаты абпальваюць для атрымання вырабаў пэўнай формы і памераў з неабходнымі ўласцівасцямі, эмалі і фарбы — для нанясення пакрыццяў з ахоўнымі і мастацка-дэкаратыўнымі мэтамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПЫ,
прадукт харчавання, які складаецца з цэлых або здробненых зярнят крупяных культур, а таксама збожжавых і бабовых. Маюць высокія пажыўныя і смакавыя якасці, добра разварваюцца і засвойваюцца арганізмам. Маюць у сабе 65—75% вугляводаў, 7,6—13% бялкоў, 0,8—2,5% тлушчаў (у аўсяных да 6,5%).
Бываюць грэцкія, рысавыя, ячныя, аўсяныя, пшанічныя, кукурузныя, гарохавыя, а таксама манныя (з пшаніцы), прасяныя і інш. Ёсць К. з сумесі некалькіх мучністых кампанентаў крупяных і збожжавых культур, да якіх дадаюць цукар, сухое малако і інш. Да К. адносяцца аўсяныя, кукурузныя і пшанічныя шматкі. Тэхнал. працэс вырабу К. складаецца з ачысткі зерня ад дамешак і абалонак, тэрмічнай апрацоўкі (прапаркі, сушкі — аўса, гароху, кукурузы), шліфоўкі і паліравання зерня, сартавання яго на фракцыі і інш. З К. робяць харч.канцэнтраты, гатуюць кашы, супы і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕ́СТЛЕ»
(Nestlé S.A.),
швейцарскі канцэрн харч. прам-сці; адна з буйнейшых у свеце міжнар. карпарацый у гэтай галіне. Вырабляе каву, какаву, чай і інш. напоі, у т. л. растваральныя, дзіцячае харчаванне, канцэнтраты, малочныя прадукты, шакалад, сокі і інш., а таксама касметычныя і фармацэўтычныя вырабы. Засн. ў 1905 шляхам аб’яднання 2 фірм па вырабе згушчанага малака і дзіцячага харчавання. У 1930-х г. распрацавала рэцэптуру хуткарастваральнай кавы і доўга заставалася яе асн. пастаўшчыком у свеце. З 1962 — адзін з вядучых вытворцаў замарожаных харч. прадуктаў у Зах. Еўропе. Сучасная назва з 1977. Дзейнічае больш чым у 70 краінах свету. У вытв-сці занята больш за 200 тыс.чал. Выпускае 95% прадукцыі паза межамі Швейцарыі. Кантралюе каля 45% вытв-сці кавы ў свеце. Кампанію ўзначальваюць 2 холдзінгі: «Нестле А.Г.» і «Юнілак інк.», зарэгістраваныя адпаведна ў Швейцарыі і Панаме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫ́ТАРСКІЯ ВЫ́РАБЫ,
харчовыя прадукты звычайна са значнай колькасцю цукру, прыемным смакам і пахам. Вызначаюцца высокай каларыйнасцю і засваяльнасцю. Падзяляюцца на цукрыстыя (цукеркі, шакалад, зефір, какава-парашок, пасціла-мармеладныя вырабы, халва і інш.) і мучныя (пячэнне, пернікі, тарты, пірожныя, кексы, вафлі, крэкеры, галеты і інш.).
Сыравінай для К.в. з’яўляюцца цукар, патака, мёд, мука, тлушч, малако, масла, арэхі, яйкі, харч.канцэнтраты, садавіна, ягады, жэліруючыя і араматызуючыя рэчывы, прыправы і інш. Сыравіна праходзіць тэрмічную (уварванне, абсмажванне, выпяканне) і мех. (здрабненне, перамешванне, замешванне, качанне, збіванне і інш.) апрацоўку. Выкарыстоўваюцца ўварвальныя вакуум-апараты, памада-збівальныя, мясільныя, катальныя, цукеркаадлівачныя, фармовачныя, загортачныя машыны і аўтаматы, ахаладжальныя і сушыльныя шафы і інш. Многія К.в. вітамінізуюцца; выпускаюцца дыетычныя і лячэбныя гатункі. Напр., у К.в. для хворых на цукр. дыябет цукар замяняюць сарбітам або ксілітам, для хворых анеміяй дадаюць гематаген, у вырабах для дзяцей не выкарыстоўваюць каву, зводзяць да мінімуму какаву. Гл. таксама Кандытарская прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІ́ННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна медыцынскай прамысловасці, якая спецыялізуецца на вытв-сці сінт. вітамінаў, каферментаў і іх прэпаратаў у таблетках, дражэ, ампулах, капсулах, гранулах, канцэнтратах, а таксама вітамінных прэпаратаў з расліннай і жывёльнай сыравіны.
Вітамінная прамысловасць стала развівацца на пач. 20 ст., у СССР была наладжана ў 1930-я г. Спачатку вітамінныя прэпараты выраблялі толькі з прыроднай сыравіны — вітамінаносных раслін, пазней была асвоена вытв-сцьсінт. вітамінаў С, D2 і K3, з 1949 — B1, а з 1955 — усіх асн. вітамінаў.
Вітамінныя з-ды і камбінаты — спецыялізаваныя прадпрыемствы са шматстадыйнымі працэсамі, значнай матэрыялаёмістасцю, выкарыстаннем спец. абсталявання для работы з агрэсіўнымі асяроддзямі, высокай чысцінёй прадукцыі. Развітую вітамінную прамысловасць маюць Расія, ЗША, Японія, Вялікабрытанія, Германія, Францыя, Швейцарыя, Балгарыя, Венгрыя, Польшча і інш. краіны. На Беларусі выпуск вітамінаў распачаты ў 1994 закрытым акц. т-вам «БАФІ» (г. Мінск). Выпускаюць адаптаваныя да ўмоў тэр. Беларусі полівітаміны «Бафівіт-1», «Антыаксіэф», «Юніэф» і інш., вітамінныя канцэнтраты, прэміксы і вітаміны для с.-г. жывёл.