ЗО́ЛІ, калоідныя растворы,

высокадысперсныя калоідныя сістэмы з вадкім дысперсійным асяроддзем. Часцінкі дысперснай фазы маюць памер 10​−7—10​−5 см. Разам з малекуламі (іонамі) дысперсійнага асяроддзя, што акружаюць іх, яны ўтвараюць міцэлы, якія свабодна ўдзельнічаюць у броўнаўскім руху З. з водным дысперсійным асяроддзем наз. гідразолямі, з арган. асяроддзем — арганазолямі. У адпаведнасці з агульнай класіфікацыяй дысперсных сістэм падзяляюць на ліяфільныя і ліяфобныя (гл. Ліяфільнасць і ліяфобнасць). Ліяфільныя (напр., З. мыла, фарбавальнікаў, водныя растворы біяпалімераў) агрэгатыўна ўстойлівыя і тэрмадынамічна раўнаважныя. Ліяфобныя (напр., гідразолі плаціны, золата і інш. металаў) агрэгатыўна няўстойлівыя і нязначныя дабаўкі электралітаў прыводзяць да іх каагуляцыі. Пры каагуляцыі ліяфобныя З. ператвараюцца ў гелі. Цвёрдымі З. наз. дысперсныя сістэмы з размеркаванымі ў цвёрдай фазе найдрабнейшымі часцінкамі інш. цвёрдай фазы. Да іх адносяць некат. мінералы, у т. л. каштоўныя і паўкаштоўныя камяні, каляровае шкло (напр., рубінавае), эмалі.

Літ.:

Гл. пры арт. Дысперсныя сістэмы, Калоідная хімія.

У.​С.​Камароў.

т. 7, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Золь1 ’сырое, пранізлівае надвор’е’, дыял. зала́ (Касп.), заліна́ (Сл. паўн.-зах.). Укр. зола́ ’сыры халодны вецер’. Прасл. дыялектызмы zolь, zola, роднасныя ням. kühl ’прахалодны’, лац. gelū ’холад, мароз’. І.‑е. *gel(ǝ)‑ ’холад(на), замярзаць’. Трубачоў, Слав. языкозн., V, 179; Покарны, 1, 365–366. Аднак zolь можа тлумачыцца з *gʼ‑ а не з *g‑, таму трэба, відаць, рэканструяваць і.-е. корань, прыклады для якога даюцца ў Покарнага толькі з моў kentum, як *gʼel(ǝ)‑.

Золь2калоідная сістэма з дробных часціц у нейкім іншым асяроддзі’ (БРС, БелСЭ). Інтэрнацыяналізм на базе скарочанага лац. solutio ’раствор’. Пачатковае з‑ указвае на верагоднасць ням. пасрэдніцтва для рус. (як і польск.), адкуль у бел.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДЫСПЕ́РСНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

мікрагетэрагенныя сістэмы з 2 (ці больш) фаз з вельмі развітай паверхняй падзелу паміж імі. Маюць лішак свабоднай энергіі, павышаную хім., часам біял. актыўнасць, і, як правіла, тэрмадынамічна няўстойлівыя. Уласцівасці Д.с. вывучае калоідная хімія. Д.с. вельмі пашыраны ў прыродзе (горныя пароды, глебы, грунты, туманы, воблакі, атм. ападкі, раслінныя і жывёльныя тканкі).

У Д.с. адна з фаз утварае неперарыўнае дысперсійнае асяроддзе (ДА), у яго аб’ёме размеркавана дысперсная фаза (ДФ) у выглядзе дробных крышталікаў, кропель ці бурбалачак. Паводле дысперснасці (памеру часцінак ДФ) адрозніваюць грубадысперсныя (1 мкм і больш) і тонкадысперсныя ці калоідныя сістэмы (ад 1 нм да 1 мкм); паводле агрэгатнага стану ДА — аэрадысперсныя сістэмы (аэразолі), вадкадысперсныя (золі, суспензіі, пены, эмульсіі), цвёрдадысперсныя (шклопадобныя ці крышт. целы, напр., рубінавае шкло, мінералы тыпу апалу, пенаматэрыялы). Па інтэнсіўнасці малекулярнага ўзаемадзеяння паміж фазамі адрозніваюць ліяфільныя і ліяфобныя Д.с. (гл. Ліяфільнасць і ліяфобнасць). Ліяфільныя Д.с. тэрмадынамічна ўстойлівыя, утвараюцца самаадвольна ў выглядзе высокадысперсных сістэм (калоідных раствораў). Ліяфобныя сістэмы маюць тэндэнцыю да самаадвольнага ўзбуйнення часцінак ДФ (гл. Каагуляцыя, Каалесцэнцыя), таму яны існуюць толькі са стабілізатарамі — рэчывамі, якія адсарбіруюцца на паверхні падзелу фаз і ўтвараюць ахоўныя слаі, што перашкаджае збліжэнню часцінак. Д.с. бываюць бесструктурныя і структураваныя (напр., гелі). Утвараюцца ў выніку кандэнсацыі, калі зародкі, што ўзніклі ў гамагенным асяроддзі (перанасычаны раствор, пара, расплаў), не могуць расці неабмежавана, ці пры дыспергаванні.

Літ.:

Урьев Н.Б. Высококонцентрированные дисперсные системы. М., 1980;

Коагуляционные контакты в дисперсных системах. М., 1982.

У.​С.​Камароў.

т. 6, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

хі́мія ж., в разн. знач. хи́мия;

фізі́чная х. — физи́ческая хи́мия;

неаргані́чная х. — неоргани́ческая хи́мия;

кало́ідная х. — колло́идная хи́мия;

аргані́чная х. — органи́ческая хи́мия;

аналіты́чная х. — аналити́ческая хи́мия;

ква́нтавая х. — ква́нтовая хи́мия;

я́дзерная х.я́дерная хи́мия;

х. крыві́ — хи́мия кро́ви;

х. на́фты — хи́мия не́фти

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

хі́мія, ‑і, ж.

1. Навука пра рэчывы, іх будову, састаў, уласцівасці і ўзаемныя ператварэнні. Тэарэтычная хімія. Падручнік па хіміі.

2. Практычнае прымяненне гэтай навукі, яе законаў у вытворчасці, у прамысловасці. Беларусь ператварылася ў край вялікай хіміі. «Звязда». // Разм. Аб прэпаратах, хімічных сродках, растворах і пад. — Можна было б і цыбулькай [ікону] нацерці ці гэтай самай хіміяй, па якую ты .. бегаў у аптэку. Брыль.

3. Якасны, хімічны састаў чаго‑н. Хімія нафты. Хімія крыві.

•••

Аналітычная хімія — навука аб метадах вызначэння хімічнага саставу рэчыва.

Арганічная хімія — навука пра злучэнні вугляроду з іншымі элементамі.

Бытавая хімія — галіна хімічнай прамысловасці, якая выпускае прадукцыю для задавальнення бытавых патрэб насельніцтва.

Калоідная хімія — раздзел фізічнай хіміі, які вывучае калоіды.

Квантавая хімія — раздзел тэарэтычнай хіміі, у якім хімічныя з’явы вывучаюцца на аснове ўяўленняў квантавай механікі.

Неарганічная хімія — навука пра хімічныя элементы, простыя і складаныя рэчывы, якія не маюць у сваім саставе бялку.

Фізічная хімія — навука, якая тлумачыць хімічныя з’явы і вызначае іх заканамернасці на аснове агульных прынцыпаў фізікі.

Ядзерная хімія — раздзел навукі, які вывучае ўзаемны ўплыў і ператварэнні атамных ядраў і ўласцівасцей рэчыва.

[Ад грэч. chēmeia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)