ЗО́ЛІ, калоідныя растворы,

высокадысперсныя калоідныя сістэмы з вадкім дысперсійным асяроддзем. Часцінкі дысперснай фазы маюць памер 10​−7—10​−5 см. Разам з малекуламі (іонамі) дысперсійнага асяроддзя, што акружаюць іх, яны ўтвараюць міцэлы, якія свабодна ўдзельнічаюць у броўнаўскім руху З. з водным дысперсійным асяроддзем наз. гідразолямі, з арган. асяроддзем — арганазолямі. У адпаведнасці з агульнай класіфікацыяй дысперсных сістэм падзяляюць на ліяфільныя і ліяфобныя (гл. Ліяфільнасць і ліяфобнасць). Ліяфільныя (напр., З. мыла, фарбавальнікаў, водныя растворы біяпалімераў) агрэгатыўна ўстойлівыя і тэрмадынамічна раўнаважныя. Ліяфобныя (напр., гідразолі плаціны, золата і інш. металаў) агрэгатыўна няўстойлівыя і нязначныя дабаўкі электралітаў прыводзяць да іх каагуляцыі. Пры каагуляцыі ліяфобныя З. ператвараюцца ў гелі. Цвёрдымі З. наз. дысперсныя сістэмы з размеркаванымі ў цвёрдай фазе найдрабнейшымі часцінкамі інш. цвёрдай фазы. Да іх адносяць некат. мінералы, у т.л. каштоўныя і паўкаштоўныя камяні, каляровае шкло (напр., рубінавае), эмалі.

Літ.:

Гл. пры арт. Дысперсныя сістэмы, Калоідная хімія.

У.С.Камароў.

т. 7, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)