кало́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Невялікая калода; тое, што і калода (у 1 знач.). Мой бацька і дзядзька Язэп наняліся.. зваліць у гаі пару дзесяткаў дубоў і парэзаць на кароткія калодкі для клёпак. Бядуля. Зелянюк сеў пры стале на калодку і ўзіраўся ў старога. Зарэцкі.

2. Кусок дрэва, выструганы ў форме ступні, які выкарыстоўваецца пры пашыве абутку; капыл. Пацягнуць загатоўку на калодку. Выплятаць лапці па калодцы.

3. звычайна мн. (кало́дкі, ‑дак). Масіўныя драўляныя кайданы, якія надзявалі раней на ногі, рукі і шыю арыштанта для папярэджання ўцёкаў. Надзець калодкі на ногі.

4. Сярэдняя частка кола, у якой умацоўваюцца спіцы. Колы па калодкі западвалі ў чорную гразь. Лобан.

5. Драўляная або металічная аправа, у якую ўстаўляецца або на якую насаджваецца асноўная частка інструмента. Калодка рубанка.

6. Металічны або драўляны брусок у тормазным прыстасаванне які прыціскаецца да вобада кола або тормазнага шківа для тармажэння.

7. Планка, пры дапамозе якой прымацоўваюцца да адзення ордэны, медалі. // Вузкая палоска ордэнскай стужкі, якую носяць замест ордэна, медаля. На грудзях Яўмена Іванавіча былі пярэстым радком калодкі ўсіх яго ордэнаў і медалёў. Ермаловіч.

8. мн. (кало́дкі, ‑дак). Абл. Род скуранога абутку на драўлянай падэшве; дзеравяшкі. Калодкі часта слізгалі, ад пастаяннага напружання хутка пачалі ныць калені. Быкаў.

•••

Класці галаву на калодку гл. класці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кало́дка, -і, ДМ -дцы, мн. -і, -дак, ж.

1. Невялікая калода; тое, што і калода (у 1 знач.).

Парэзаць бярозу на калодкі.

2. Кусок дрэва, які служыць асновай у некаторых інструментах, прыборах.

К. рубанка.

3. Кусок дрэва, выструганы ў форме ступні, які выкарыстоўваецца пры пашыве абутку; капыл.

Выплятаць лапці на калодцы.

4. Сярэдняя частка кола, у якой умацоўваюцца спіцы.

Колы па калодкі ў гразі.

5. Планка для мацавання на грудзях ордэнаў, медалёў ці ордэнскіх стужак.

Ордэнская к.

|| памянш. кало́дачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

|| прым. кало́дачны, -ая, -ае (да 2 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

кало́днік, ‑а, м.

Арыштант, закаваны ў калодкі (у 3 знач.). Падымаючы густы пыл, пад летняй спякотаю, ішлі парамі ў шэрых адзежах, закаваныя па руках і нагах, калоднікі. Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАЛАКНІ́ТЫ,

прэс-матэрыялы з валакністага напаўняльніку (валокны даўж. 15—40 мм), прамочанага палімерным сувязным. У якасці напаўняльніку выкарыстоўваюць валокны: азбеставае (гл. Азбапластыкі), баваўнянае, сінт., вугляроднае, шкловалакно. Састаў валакнітаў (% па масе); 40—50% напаўняльніку, 40—45% сувязнога (фенола-фармальдэгідныя, эпаксідныя смолы, крэмнійарган. палімеры). Вырабы з валакнітаў маюць высокую вода-, тэрмаўстойлівасць, устойлівасць да ўздзеяння хім. рэагентаў, ударатрываласць, фрыкцыйнасць. Выкарыстоўваюць у прылада- і машынабудаванні (карпусы і дэталі электрамашын, тармазныя калодкі і інш.), буд-ве (арматура, панэлі), касм. і авіяц. тэхніцы.

т. 3, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

жы́дкі, ‑ая, ‑ае.

Абл.

1. Вадзяністы, негусты. Жыдкі кісель. □ Па калодкі вязлі калёсы ў жыдкую гразь. Нікановіч.

2. Рэдкі, негусты. У госця былі жыдкія чорныя вусы. Самуйлёнак.

3. Тонкі і гібкі. Жыдкі дубец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праша́стаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Утварыць шастанне. Прашастаўшы нагамі па стружках, .. [Ян Лайзан] падышоў да сваёй калодкі. Броўка. Я ляпнуў далонямі, крыкнуў, і качкі, узарваўшы роўнядзь вады, прашасталі крыламі зусім нізка над маёй галавой. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стоўб, стаўба, м.

Абл. Слуп. Хто цягнуў з лесу жэрдзе для стаўбоў, хто ўвіхаўся з сухастоінаю-ялінаю, апрацоўваючы яе на рубель, хто строіў кассё, хто майстраваў да парога ці да калодкі бабку. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗА́ДНІ МОСТ,

сукупнасць вузлоў ці асобных агрэгатаў шасі самаходных машын (аўтамабіля, трактара і інш.), якая з’яўляецца апорай задняй часткі машыны і звычайна перадае вярчальны момант ад карданнага вала ці непасрэдна каробкі перадач рухачу. Мае картэр, кажухі паўвосей, гал. перадачу з дыферэнцыялам і паўвосі. На З.м. ўстанаўліваюць колавыя тармазы і калодкі з коламі. Злучаецца з рамай (ці нясучым кузавам) непасрэдна (калі заднія колы маюць незалежную падвеску) або з дапамогай падвескі.

Задні мост аўтамабіля: 1 — вал; 2, 3 — галоўная перадача; 4 — дыферэнцыял; 5 — паўвось; 6 — картэр.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЙКА, маслабойка,

бандарны выраб; у беларусаў і інш. слав. народаў пасудзіна для збівання масла. Найчасцей — вузкая высокая кадачка з клёпак. У накрыўцы пасярэдзіне адтуліна для калатоўкі (біла), верхні канец якой выходзіў вонкі, а да ніжняга прымацоўвалі кружок з дзіркамі (пашыраны варыянт) ці крыжавіну (ударная частка).

Такой жа формы бойкі выдзёўбвалі з суцэльнай круглай калодкі. На Палессі былі вядомы бойкі цыліндрычнай формы гарызантальнага профілю (у выглядзе 2-доннай бочачкі, у якой было «акенца» з засаўкай); масла збівалі вярчэннем ручкі, што прыводзіла ў рух лопасці. Бойкі бытуюць і ў наш час.

В.​С.​Цітоў.

Бойкі вертыкальнага і гарызантальнага профілю.

т. 3, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фальцгэ́бель

(ням. Falzhobel)

інструмент у выглядзе калодкі з разцом і абмежавальнымі лінейкамі для выстругвання пазоў уздоўж краю дошак, брусоў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)