у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчына, створаная Гефестам па волі Зеўса з зямлі і вады ў якасці пакарання людзям за ўчынак Праметэя, які ўкраў для іх агонь з неба. Паводле міфаў, Афрадыта адарыла П. незвычайнай прыгажосцю, Гермес — спрытным розумам, хітрасцю і каварствам, Афіна — прыгожым адзеннем. Зеўс аддаў П. замуж за брата Праметэя, якому падараваў скрыню з чалавечымі заганамі. Нягледзячы на забарону, цікаўная П. адчыніла скрыню і выпусціла на волю ўсе заганы, ад якіх з таго часу пакутуе чалавецтва. Адсюль выраз «адчыніць скрыню Пандоры» — неабачлівым учынкам выклікаць шматлікія бедствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКЛЕ́ПІЙ,
у грэчаскай міфалогіі бог лячэння, сын Апалона і німфы Караніды. Уменню лячыць навучыўся ў кентаўра Хірона. Калі Асклепій наважыўся ўваскрашаць памерлых, Зеўс забіў яго маланкай. Асклепія ўяўлялі ў вобразе барадатага мужчыны ў доўгім плашчы, які абапіраўся на абвіты змяёй кій. Асклепій быў асабліва папулярны ў г. Эпідаўр; найб. вядомыя свяцілішчы Асклепія на в-ве Кос, у г. Пергам, пры іх існавалі мед. школы. Яму прысвячалі рэльефы на свяцілішчах, яго выявы былі на гемах і манетах. У рым. міфалогіі Асклепію адпавядае Эскулап.
Асклепій. Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНА́Я,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка аргоскага цара Акрысія, якому прадказалі смерць ад рукі ўнука. Акрысій зняволіў прыгажуню Д. ў падзямелле, куды ніхто не мог увайсці. Аднак Зеўс трапіў да Д. ў выглядзе залатога дажджу і яна нарадзіла Персея. Паводле загаду бацькі Д. з сынам скінулі ў мора ў абабітай цвікамі скрыні. Іх выратаваў Дыктыс, рыбак з в-ва Серыфос. Пазней Д. з сынам вярнуліся на радзіму, дзе Персей незнарок забіў дзеда кінутым дыскам. Вобраз Д. шырока адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, пампейскія фрэскі, карціны Л.Лота, А.Карэджа, Рэмбранта, Тыцыяна і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯНІ́С,
у грэчаскай міфалогіі бог расліннасці, вінаградарства і вінаробства, сын Зеўса і фіванскай царэўны Семелы. Нарадзіўся неданошаным пасля смерці маці, але Зеўс зашыў Д. ў сваім бядры і данасіў. Спадарожнікамі Д. былі німфы, дэманы, сатыры і сілены. Першапачаткова Д. ўяўлялі сталым, барадатым мужчынам, пазней — прыгожым юнаком. Святы ў гонар Д. — дыянісіі, мелі характар оргій. Міф пра Д. — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (фрэскі ў Пампеях, мазаіка з Дэласа, рэльеф на мануменце Лісікрата ў Афінах, карціны А.Альтдорфера, Тыцыяна, П.П.Рубенса, Д.Веласкеса і інш.). У рымлян вядомы пад імем Вакх (Бахус).
Дыяніс. Фрагмент размалёўкі амфары «майстра Клеафрада». Каля 500 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́НАС, Крон,
у старажытнагрэч. міфалогіі адзін з тытанаў, сын Урана і Геі. Па навучанні маці кастрыраваў Урана, каб спыніць яго род, заняў трон і ўзяў за жонку сястру Рэю. Паводле прадказання Геі, яго павінен быў звергнуць сын, таму калі ў Рэі нараджаліся дзеці, К. адразу ж глытаў іх. Рэя падманула мужа і замест народжанага Зеўса падклала яму спавіты камень, які і праглынуў К. Зеўс вырас і прымусіў бацьку вярнуць астатніх дзяцей, якія склалі пакаленне алімп. багоў, а К. і тытанаў скінуў у тартар. Культ К. быў асабліва папулярны ў Алімпіі і Афінах, дзе ў яго гонар спраўлялі святкаванні (кроніі). У рым. міфалогіі яму адпавядае Сатурн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМЕ́ТРА,
у грэчаскай міфалогіі багіня ўрадлівасці і земляробства, дачка Кронаса і Рэі, сястра Зеўса. Дачку Д. Персефону пакахаў і ўкраў бог падземнага царства Аід. Пакуль Д. блукала ў пошуках дачкі, зямля перастала плоданасіць, засохлі дрэвы і травы, загінулі статкі, пачаўся голад. Зеўс загадаў вярнуць Персефону, каб летнія месяцы яна праводзіла на зямлі, зімовыя — у царстве Аіда. У г. Элеўсін быў узведзены храм Д., дзе 9 дзён у верасні спраўлялі містэрыі, у гонар Д. і Персефоны ладзілі святы Фесмафорыі. Свае творы Д. прысвяцілі Гамер, Калімах, Феакрыт, Г.Сакс, Ф.Шылер і інш. У рым. міфалогіі Д. адпавядае Цэрэра.
Л.М.Драбовіч.
Дэметра («Дэметра Кнідская»). Скульптар Брыяксіс. 340—330 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕФЕ́СТ,
у стараж.-грэчаскай міфалогіі бог агню і кавальскага рамяства. Сын Зеўса і Геры. Яго ўяўлялі шыракаплечым, кульгавым і выродлівым, у адзенні рамесніка, з молатам ці клешчамі. Паводле адных міфаў, Зеўс скінуў Гефеста з Алімпа за тое, што ён заступіўся за Геру у час яе спрэчкі з Зеўсам, паводле другіх — Гера пасля родаў скінула з Алімпа выродлівага Гефеста. Яго выратавалі жыхары в-ва Лемнас, дзе засн.г. Гефестый, на в-ве Самас былі гарады Гефестопаль і Гефестыён. Гефест па загадзе Зеўса стварыў першую жанчыну, багіню Зямлі Пандору, прыкаваў да скалы Праметэя. Міф пра Гефеста — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (рэльефы, вазапіс, карціны П.П.Рубенса, Ф.Парміджаніна, Д.Веласкеса, Я.Пальмы Малодшага, А. ван Дэйка і інш.). У рым. міфалогіі Гефесту адпавядае Вулкан.
Л.М.Драбовіч.
Гефест і Фетыда з даспехамі Ахіла. Фрагмент размалёўкі кіліка. Каля 490 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСЕ́НКА (Антон Паўлавіч) (10.8.1737, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 4.12.1773),
расійскі жывапісец і рысавальшчык. Вучыўся ў Пецярбургу ў майстэрні І.Аргунова (1753—58) і АМ (1758—60). Пенсіянер АМ у Парыжы (1760—65), Рыме (1766—69). З 1770 праф. Пецярбургскай АМ, з 1772 — яе дырэктар. Пісаў карціны на біблейскія і міфалагічныя тэмы, працаваў у гіст. і партрэтным жанрах. У творчасці спалучаў патэтычнасць вобразаў і дынамічнасць кампазіцый позняга барока з традыцыямі класіцызму. Сярод твораў: «Дзівосны ўлоў рыбы» (1762), «Ахвярапрынашэнне Аўрама» (1765), «Каін» (1768), «Зеўс і Фетыда» (1769), «Уладзімір перад Рагнедай» (1770), «Развітанне Гектара з Андрамахай» (1773), партрэты П.Шувалава (1760), Ф.Волкава (1763) і інш. Яго малюнкам уласцівы дакладнасць форм і тонкая тэхніка. Склаў вучэбны дапаможнік «Тлумачэнне сціслай прапорцыі чалавека...» (1772).
Літ.:
Каганович А.Л. Антон Лосенко и русское искусство середины XVIII столетия. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЗЯНКО́Ў (Алег Аляксандравіч) (н. 15.3.1967, Мінск),
бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1989). Засл. арт. Расіі (1995). Сын А.А.Карзянковай. Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1985). З 1985 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1990 у Т-ры балета Дзярж. Крамлёўскага палаца ў Маскве. Танцу К. ўласцівы пластычная экспрэсія, моцны тэмперамент, пачуццё стылю. Сярод партый на бел. сцэне: Базіль, Салор («Дон Кіхот», карціна «Цені» з балета «Баядэрка» Л.Мінкуса), Юнак («Вальпургіева ноч» Ш.Гуно), Дэзірэ і Прынц («Спячая прыгажуня» і «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Сын («Крылы памяці» У.Кандрусевіча), Іван («Альпійская балада» Я.Глебава), Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына), Д’ябал («Стварэнне свету» А.Пятрова), Юнак («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага), Крас («Спартак» А.Хачатурана), Рамэо і Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Сіндбад («Шахеразада» М.Рымскага-Корсакава). У Т-ры балета першы выканаўца партый П’ера («Прывал кавалерыі» І.Армсгеймера), Драсельмеера і Прынца-Шчаўкунка («Шчаўкунок»), Базіля; Кронаса («Зеўс» на муз. Д.Арапіса).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́КЛ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з найвыдатнейшых герояў, сын Зеўса і Алкмены, жонкі фіванскага цара. Меў незвычайную сілу. Сярод шматлікіх міфаў пра Геракла найб. вядомы цыкл паданняў пра 12 подзвігаў Геракла: забіў немейскага льва, шматгаловую лернейскую гідру, утаймаваў пачварную керынейскую лань, знішчыў сцімфалійскіх птушак, перамог эрыманфскага вепрука, вычысціў аўгіевы стайні, адолеў крыцкага быка, перамог цара Дыямеда, які кідаў іншаземцаў на з’ядзенне сваім коням, перамог амазонак і здабыў пояс іх царыцы Іпаліты, выкраў кароў трохгаловага велікана Герыёна, здабыў залатыя яблыкі з саду Гесперыд, утаймаваў і прывёў да мікенскага цара Эўрысфея вартавога Аіда — Цэрбера. Паводле інш. міфаў, вызваліў таксама прыкаванага да скалы Праметэя, перамог у адзінаборстве Антэя, абапал Гібралтарскага праліва паставіў 2 скалы, т.зв.Геркулесавы слупы і інш. Быў атручаны, пасля смерці Зеўс зрабіў яго бессмяротным і забраў на Алімп. Міфы пра Геракла шырока адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (размалёўкі храмаў у Алімпіі, Афінах, Дэльфах, Фівах, творы А.Дзюрэра, Я.Тынтарэта, П.П.Рубенса, Дж.Цьепала), л-ры (Сафокл, Эўрыпід), музыцы (І.С.Бах, Г.Ф.Гендэль). У рым. міфалогіі Гераклу адпавядае Геркулес.
Л.М.Драбовіч.
Да арт.Геракл. Немаўля Геракл душыць змей. Сярэбраная чаша. 1 ст.н.э.Да арт.Геракл. Геркулес (Геракл) і Как. Скульптурная група Б.Бандынелі. 1534.