Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЎС,
у грэч. міфалогіі вярхоўны бог, уладар багоў і людзей. Месцам знаходжання З. лічыўся Алімп. Яго атрыбутамі былі эгіда (шчыт), скіпетр і арол. Першапачаткова З. — бог маланкі, грому і дажджу, пазней аб’яднаў рысы інш. багоў. Паводле міфаў, З., малодшы сын Кронаса і Рэі, брат і муж Геры, пасля перамогі над бацькам, тытанамі і гігантамі пачаў правіць светам разам з братамі Пасейдонам і Аідам. З. — бацька многіх багоў і багінь, у т. л.Апалона, Арэса, Дыяніса, Афіны, Афрадыты, герояў Геракла, Персея і інш. У Рыме культ З. зліўся з культам Юпітэра.
Зеўс (Зеўс Атрыколі). Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІ́ЙЦЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі багі, якія жылі на Алімпе. Паводле міфаў, дзеці бога Кронаса на чале з Зеўсам паўсталі супраць бацькі і тытанаў, перамаглі ў гэтай барацьбе і замацаваліся на Алімпе, падзяліўшы паміж сабой уладу над светам. Вярх. уладыкам стаў Зеўс. Алімпійцы былі абыякавыя да зямных пакут і хваляванняў. Адсюль пераноснае значэнне слова алімпійцы — людзі, якія захоўваюць непарушны («алімпійскі») спакой у любых жыццёвых сітуацыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРО́ПА,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня земляробства, дачка фінікійскага цара Агенора, сястра Кадма, маці Мінаса, Сарпедона і Радаманфа. Закаханы ў Е. Зеўс пад выглядам быка выкраў яе і пераплыў на Крыт, дзе Е. стала яго жонкай. Культ Е. існаваў у Фінікіі і на Крыце. Выкраданне Е. — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазапіс, рым. мазаіка, фрэскі ў Пампеях, карціны К.Ларэна, Рафаэля, Тыцыяна і інш.).
Да арт.Еўропа. Выкраданне Еўропы. Мастак В.А.Сяроў. 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНІМЕ́Д,
у грэчаскай міфалогіі сын траянскага цара Троса. За незвычайную прыгажосць яго выкраў Зеўс (паслаў за ім арла ці быў сам у абліччы арла). На Алімпе Ганімед стаў каханкам Зеўса і віначэрпам багоў. Паводле інш. міфаў, Ганімед узнесены на неба ў выглядзе задыякальнага сузор’я Вадалей. Міф пра Ганімеда — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. роспісы, малюнак Мікеланджэла, скульптуры Леахара, Б.Торвальдсена, карціны Карэджа, П.П.Рубенса, Рэмбранта і інш.).
Ганімед з арлом. Рымская копія з грэчаскага арыгінала 3—2 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНДО́РА (грэч. Pandōra усім адораная),
у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчына, створаная Гефестам па волі Зеўса з зямлі і вады ў якасці пакарання людзям за ўчынак Праметэя, які ўкраў для іх агонь з неба. Паводле міфаў, Афрадыта адарыла П. незвычайнай прыгажосцю, Гермес — спрытным розумам, хітрасцю і каварствам, Афіна — прыгожым адзеннем. Зеўс аддаў П. замуж за брата Праметэя, якому падараваў скрыню з чалавечымі заганамі. Нягледзячы на забарону, цікаўная П. адчыніла скрыню і выпусціла на волю ўсе заганы, ад якіх з таго часу пакутуе чалавецтва. Адсюль выраз «адчыніць скрыню Пандоры» — неабачлівым учынкам выклікаць шматлікія бедствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКЛЕ́ПІЙ,
у грэчаскай міфалогіі бог лячэння, сын Апалона і німфы Караніды. Уменню лячыць навучыўся ў кентаўра Хірона. Калі Асклепій наважыўся ўваскрашаць памерлых, Зеўс забіў яго маланкай. Асклепія ўяўлялі ў вобразе барадатага мужчыны ў доўгім плашчы, які абапіраўся на абвіты змяёй кій. Асклепій быў асабліва папулярны ў г. Эпідаўр; найб. вядомыя свяцілішчы Асклепія на в-ве Кос, у г. Пергам, пры іх існавалі мед. школы. Яму прысвячалі рэльефы на свяцілішчах, яго выявы былі на гемах і манетах. У рым. міфалогіі Асклепію адпавядае Эскулап.
Асклепій. Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНА́Я,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка аргоскага цара Акрысія, якому прадказалі смерць ад рукі ўнука. Акрысій зняволіў прыгажуню Д. ў падзямелле, куды ніхто не мог увайсці. Аднак Зеўс трапіў да Д. ў выглядзе залатога дажджу і яна нарадзіла Персея. Паводле загаду бацькі Д. з сынам скінулі ў мора ў абабітай цвікамі скрыні. Іх выратаваў Дыктыс, рыбак з в-ва Серыфос. Пазней Д. з сынам вярнуліся на радзіму, дзе Персей незнарок забіў дзеда кінутым дыскам. Вобраз Д. шырока адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, пампейскія фрэскі, карціны Л.Лота, А.Карэджа, Рэмбранта, Тыцыяна і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯНІ́С,
у грэчаскай міфалогіі бог расліннасці, вінаградарства і вінаробства, сын Зеўса і фіванскай царэўны Семелы. Нарадзіўся неданошаным пасля смерці маці, але Зеўс зашыў Д. ў сваім бядры і данасіў. Спадарожнікамі Д. былі німфы, дэманы, сатыры і сілены. Першапачаткова Д. ўяўлялі сталым, барадатым мужчынам, пазней — прыгожым юнаком. Святы ў гонар Д. — дыянісіі, мелі характар оргій. Міф пра Д. — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (фрэскі ў Пампеях, мазаіка з Дэласа, рэльеф на мануменце Лісікрата ў Афінах, карціны А.Альтдорфера, Тыцыяна, П.П.Рубенса, Д.Веласкеса і інш.). У рымлян вядомы пад імем Вакх (Бахус).
Дыяніс. Фрагмент размалёўкі амфары «майстра Клеафрада». Каля 500 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́НАС, Крон,
у старажытнагрэч. міфалогіі адзін з тытанаў, сын Урана і Геі. Па навучанні маці кастрыраваў Урана, каб спыніць яго род, заняў трон і ўзяў за жонку сястру Рэю. Паводле прадказання Геі, яго павінен быў звергнуць сын, таму калі ў Рэі нараджаліся дзеці, К. адразу ж глытаў іх. Рэя падманула мужа і замест народжанага Зеўса падклала яму спавіты камень, які і праглынуў К. Зеўс вырас і прымусіў бацьку вярнуць астатніх дзяцей, якія склалі пакаленне алімп. багоў, а К. і тытанаў скінуў у тартар. Культ К. быў асабліва папулярны ў Алімпіі і Афінах, дзе ў яго гонар спраўлялі святкаванні (кроніі). У рым. міфалогіі яму адпавядае Сатурн.