засорённый (сором) засме́чаны, мног. пазасме́чваны; (загрязнённый) забру́джаны; (забитый) забі́ты; (о глазах) запару́шаны; (о желудке) засо́раны.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Насурні́ць ’нахмарыць’: нешта насурніла, каб дошч ні пайшоў (Мат. Маг.). Цёмнае слова. Найбольш верагодная сувязь з дыял. сур ’смецце’ (Нас., Бяльк.), су́рныйзасмечаны’, сурінка ’парашынка’ (Нас.), аднак семантычны пераход ’смецце’ > ’воблачнасць’ цяжка абгрунтаваць тыпалагічна. Дапушчэнне сувязі з сурміло ’непрыветны, змрочны чалавек’ (ТС), магчыма з *сурніло, застаецца толькі здагадкай, што патрабуе далейшага вывучэння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

по́ліва Пасеў, засмечаны пустазеллем, які трэба палоць (Ветк., Глуск. Янк. II, Слаўг.). Тое ж палоцце (Ветк., Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Скі́нуцца ‘распрануцца’, ‘прыкінуцца’ (Ян.), ‘распрануцца да галізны, поўнасцю распрануцца’ (Янк. 3.), ‘ператварыцца (у што), пераварочвацца (у каго)’ (Нар. Гом., Растарг.), ‘падскочыць, ускінуцца’, ‘перакінуцца, ператварыцца’ (ТС). Паводле Янкоўскага (Янк. 3., 117), звязана з тэхналогіяй пераўвасаблення праз Тв. скл. т. зв. скідвання — ператварэння, што грунтуецца на змешванні, параўн. ячмень аўсом скінуўся (там жа), г. зн. ‘моцна засмечаны аўсом’, параўн. скинимся травинаю (Растарг.), воўком мог скінуцца (ТС) і пад. Да скінуць, кінуць (гл.); Санько (Крыўя, 1996, 1, 91) мяркуе, што тут назіраецца ўплыў літ. kisti (kiñto, kito) ‘мяняцца, змяняцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сур ’смецце’ (Нас., Гарэц., Бяльк.; бялын., Янк. 3.), ’смецце ў ягадах’ (бых., ЛА, 3), ’насечаныя дробныя кавалачкі дрэва’ (ветк., ЛА, 5), су́рʼе зборн. ’смецце’ (Юрч. Вытв.), сур зборн. ’тс’ (бялын., Янк. Мат.; заўвага ўкладальніка: “ужываецца і смецце, але сур мае больш шырокае значэнне”), суры́нка ’парушынка’ (Бяльк.), су́рный (пра хату) ’засмечаны’ (Нас.), сурану́цца ’ўпасці чаму-небудзь дробнаму’ (Бяльк.), суры́ць (сури́ць) ’рабіць смецце’ (Нас., Гарэц.), ’смеціць, растрасаць рэдка гной’ (Юрч. Вытв.). Няясна; арэальна звязана з рус. сор ’смецце’ (звязваецца са сраць, Фасмер, 3, 720) з няяснай фанетыкай: ‑у‑ першапачаткова ў ненаціскной пазіцыі пры дысіміляцыйным аканні ўсходнемагілёўскіх гаворак; бел. сур было запазычана як польск. дыял. sur ’тс’ (Варш. сл., 6, 516); укр. палес. сур ’смецце’ — з беларускай (ЕСУМ, 5, 478). Параўн., аднак, польск. дыял. sor, sur, szur ’мул, нанос’, што можа быць звязана з szurać ’шараваць, церці з шумам’, параўн. шураць, шургаць, гл. Сумненні адносна паходжання ў Цвяткова, Запіскі, 2, 1, 56. Гл. таксама сурыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бру́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Нячысты, нямыты, з прыкметнымі слядамі пылу, бруду на паверхні. Склеп быў нізкі, вільготны, з прапыленымі, бруднымі сценамі. Лынькоў. Уздыхае барадаты, а потым ідзе назад у сенцы, цяжка ступаючы бруднымі патрэсканымі нагамі па гладкай, як ток, зямлі. Мурашка. Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю. Брыль. / у знач. наз. бру́днае, ‑ага, н. Да чыстага бруднае не прыстае. Прымаўка. // Непрыбраны, засмечаны, запушчаны. Цьмяны дрыготны агонь асвятліў раскошную хату — амаль пустую і страшэнна брудную. Зарэцкі.

2. Такі, дзе асноўны колер выступае невыразна, няярка. Сонца заходзіла за брудную, празрыстую павалоку. Лобан.

3. Прызначаны для адкідаў. Бруднае вядро. // Які мае дачыненне да чаго‑н. нячыстага, маркага. Брудная работа.

4. перан. Грубы, непрыстойны, агідны. Брудная лаянка. Брудныя думкі. Брудныя плёткі, намеры.

5. перан. Які выклікае маральную агіду. Брудная справа. Брудная роля. Брудная душа. □ [Ціхан] прызнаўся Мальвіне, што даўно хацеў уцячы з-пад начальства Мачуліна, бо той — чалавек нікчэмны і брудны. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нячы́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Брудны, неахайны. К твайму аконцу каля ганка Падходзіць варожыць цыганка ў лахмане зрэбным і нячыстым. Багдановіч. // Непрыбраны, засмечаны, запушчаны. Нячысты пакой.

2. Неаднародны, з дамешкам чаго‑н.; забруджаны. Нячысты спірт. Нячыстая вада. // Не чыстакроўнай пароды. Конь нячыстай пароды. // Мутны, няясны, невыразны (пра колер). Нячыстыя фарбы. // З прышчыкамі, вуграмі і пад. (пра скуру). Нячыстая скура па твары.

3. Разм. Неахайна выкананы, неакуратны. Нячыстая апрацоўка.

4. Разм. Невыразны, не зусім дакладны, правільны (пра гукі, выказванне думак). У маёра голас пісклявы, у суседа яго — хрыплы, нячысты. Навуменка. [Колас:] — Ну, палепшу я радок ці два, гэта ж справы не ратуе. Сырызна застаецца сырызнай, мова нячыстая, верш недасканалы. Лужанін.

5. перан. Які не вызначаецца сумленнасцю, несумленны, здольны да машэнства. [Ладынін:] «Трэба сказаць Башлыку, каб прасачыў за гэтымі нарыхтоўшчыкамі сваімі. Нячыстыя, відаць, людзі». Шамякін. // Заснаваны на машэнстве; нячэсны. Цяпер новая думка кальнула.. [Зосю]: «Можа.. [Міхал] і тады ўжо ў якіх нячыстых авантурах быў?». Чорны. [Грэт] інстынктам адчула, што справа тут нячыстая. Маўр.

6. У некаторых рэлігійных вучэннях — непрыгодны, непажаданы богу, грэшны. [Сымон] даводзіў, што свіння для старазаконнікаў-яўрэяў — грэшная і нячыстая жывёла. Бядуля.

7. Разм. У забабонах — звязаны са злым духам, чараўніцтвам. Пятрусь і не думаў спыняць каня, скарэй бы ад гэтага нячыстага месца. Колас. // у знач. наз. нячы́сты, ‑ага, м. Злы дух, чорт. [Жонка брыгадзіра:] — Не сорам табе, і нячыстага не баішся ты. Мурашка.

•••

Нячыстая сіла гл. сіла.

Нячысты дух гл. дух.

Нячысты на руку — схільны да крадзяжу, махлярства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца ядам (у 1 знач.), здольны выклікаць атручэнне. Ядавітыя рэчывы. □ [Тварыцкага] на нямецкую вайну забралі былі. Там і атруцілі яму грудзі на век-вечны. — Газ ядавіты пускалі. Чорны. // Які змяшчае ў сабе яд. Бледная паганка — ядавіты грыб. □ Лугі, пашы.. часта бываюць засмечаны ядавітымі раслінамі. «Беларусь». // Які выдзяляе, выпускае яд, выпрацаваны спецыяльнымі органамі (пра жывёл). Ядавітыя змеі. Ядавіты павук каракурт.

2. Разм. Які непрыемна і раздражняльна ўздзейнічае на органы пачуццяў; едкі, пякучы. Ядавіты пах лаку. □ Не то рэдкі туман, не то слязлівая пялёнка, не то ядавіты дым з папялішчаў закрываў Грыпіне вочы. Мыслівец. / Пра яркі, рэзкі колер. Зыркаю на ядавітага колеру вадкасць, якая б’ецца аб сценкі бутэлькі, і мяне разбірае страх. Карпюк. // перан. Які тоіць у сабе пагрозу; небяспечны. Мы ўжо бачылі, што гэтае пытанне з’яўляецца асабліва ядавітым для філасофіі Маха і Авенарыуса. Ленін.

3. перан. Зласлівы, з’едлівы. Койфер з ядавітай іроніяй сказаў: — О, я цудоўна вас разумею, пан обер-лейтэнант. Вы ведалі ці здагадваліся аб гэтым палёце і, каб ратаваць сваё жыццё, уцяклі з вёскі... Шамякін. / Пра зласлівага, з’едлівага чалавека. — Ну, ты і ядавіты стаў, чорт гэтакі, — засмяяўся Сяргееў і ўзяў Валодзю за рукі. Федасеенка. // Які выражае зласлівасць, з’едлівасць. Немец за паліраваным сталом, здаецца, піў асалоду, гледзячы на Людмілу, на збітую Шуру. «Ну, што вы цяпер скажаце?» — пытаўся яго ядавіты позірк. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)