Замо́к ’прыстасаванне для запірання’. Рус., укр. замо́к, польск. zamek, серб.-луж. zamk, чэш. zamek, славац. zamka, zámok ’тс’, славен. zamka ’пятля’, серб.-харв. за̑мка ’пастка, пятля’, балг. дыял. за̀мка ’вузел’, ’пятля’, макед. замка ’сіло, пастка’. Ст.-слав. замъкнѫти ’замкнуць’, ц.-слав. замъкъ ’замок’. Ст.-рус. замъкъ (XII ст.) ’замок’. Ст.-бел. замок (Скарына). Паўн.-слав. бязафіксны назоўнік zamъkъ ад дзеяслова za‑mъk‑nǫ‑ti (гл. імкнуць), дзе прэфікс надаваў значэнне адмежавання (як у замінаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗАМО́К,

1) прыстасаванне для запірання памяшканняў, ёмістасцей, скрынь, шафаў і інш. Вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Асірыя, Вавілон, Егіпет). Бываюць бессувальдныя (сакрэт забяспечваецца ў асн. профілем замочнай шчыліны), сувальдныя (з наборам рознафігурных рухомых пласцінак — сувальд, якім адпавядаюць выступы ключа), цыліндравыя (сувальды зроблены ў выглядзе штыфтоў), сакрэтныя (з літарным або лічбавым шыфрам); здымныя (у т. л. вісячыя) і нерухомыя (убудаваныя, уразныя, накладныя), а таксама спец. З. для ювелірных вырабаў.

2) Прыстасаванне, якое забяспечвае стопаранне рухомых частак машын і механізмаў. Напр., З. гаечны перашкаджае самаадкручванню гаек і інш. разьбовых дэталей пры рабоце машын.

3) Спец. злучэнне нерухомых частак драўляных канструкцый, зрубаў.

4) У агнястрэльнай зброі прыстасаванне для запальвання кідальнага снарада пры выстрале. Зброевыя З.: кнотавы (вядомы з 15 ст.), калясцовы (з вярчальным колам для высякання іскраў з крэменю, канец 15 — пач. 16 ст.), ударна-крамянёвы (16 ст.), ударнакапсульны (пач. 19 ст.).

т. 6, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́МА,

памяшканне, будынак ці яго частка, прызначаныя для гандлю. У Беларусі вядома з часу вылучэння рамёстваў у самаст. галіну гасп. дзейнасці. У гарадах 10—12 ст. К. існавалі ў рамесніцкіх пасадах. У 15—16 ст. вакол дзярж. і прыватнаўласніцкіх таргоў фарміраваліся гандлёва-рамесніцкія паселішчы з вял. колькасцю К. Паводле арх.-планіровачнай і функцыянальнай будовы вылучалася некалькі тыпаў К.: невял. будынак з гандл. памяшканнем і каморай; 1- ці 2-павярховы будынак, які спалучаў уласна К., жыллё рамесніка-гандляра і яго майстэрню; памяшканне ў комплексе гандлёвых радоў на плошчы горада ці мястэчка. Адметнасцямі К. з’яўляліся ганак з адкрытай галерэяй, аканіцы, падвойныя дзверы з жал. заваламі для запірання дзвярэй, маляваныя шыльды на шчыце-франтоне. К., змыкаючыся дахамі, галерэямі, утваралі шчыльную забудову вуліцы ці плошчы. У гарадах, якія мелі магдэбургскае права, нярэдка былі аб’яднаны з будынкам ратушы. У наш час К. наз. невял. гандл. памяшканне.

А.​І.​Лакотка.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

замо́к, -мка́, мн. -мкі́, -мко́ў, м.

1. Прыстасаванне для запірання чаго-н. на ключ.

Дзвярны з.

Заперці дзверы на з.

За сямю (дзесяццю) замкамі (перан.: старанна схаваны). На замку (запёрта). Граніца на замку (перан.: надзейна абаронена).

2. Затвор агнястрэльнай зброі.

З. гарматы.

3. Спосаб змацавання частак драўляных канструкцый (спец.).

4. Верхняя злучальная частка аркі, скляпення (спец.).

|| прым. замко́вы, -ая, -ае (да 2—4 знач.; спец.) і замо́чны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

за́саўка, ‑і, ДМ ‑саўцы; Р мн. ‑савак і (радзей) засо́ўка, ‑і, ДМ ‑соўцы; Р мн. ‑совак; ж.

Рухомая металічная або драўляная пласцінка на прабоях для запірання дзвярэй. Зачыніць дзверы на засаўку. □ Злева, ля вушака, было маленькае акенца, праз якое.. адмыкалі сені: пацягнеш за вяровачку — і адсунеш жалезную або драўляную засаўку. Дамашэвіч. // Прыстасаванне ў форме шырокай металічнай пласціны, якой закрываюць комін; юшка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́крутка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Прыстасаванне для запірання дзвярэй у выглядзе драўлянага брусочка, які круціцца на восі. Зося зачыніла дзверы, запёрла іх на закрутку і вярнулася ў хату. Гартны.

2. Заверцень, заварацень. [Дзед] зрабіў да аглабель новыя закруткі. Паправіў развалкі. Якімовіч.

закру́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. закручваць — закруціць ​1 і стан паводле знач. дзеясл. закручвацца — закруціцца ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́шчапка і зашчэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Прыстасаванне для запірання дзвярэй у выглядзе кручка або пласцінкі з прораззю, якое накладваецца на прабой. Заперці дзверы на зашчапку. □ Штурхнуў [Сымон] дзверцы з усёй сілы, — Бразь там зашчапка-кручок! Колас. Бразнула зашчапка, і ў хату зайшоў сын. Федасеенка.

2. Разм. Тое, што і прышчэпка. — Трымай бялізну, я буду адшчэпліваць зашчапкі, — узяўся .. [Антон] памагаць. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запо́р 1, ‑а, м.

Прыстасаванне, якое служыць для запірання дзвярэй, варот і пад. Жалезны запор. Аўтаматычны запар. □ Неўзабаве заляскаталі запоры дзвярэй і ў пустаце форткі паказаўся злы твар. Машара. Мінаў.. [Амелька] толькі двары з моцнымі дубовымі варотамі, з цяжкімі жалезнымі запорамі. Краўчанка. Аднойчы, седзячы на ганку, Паўлік заўважыў, што дзверы ў хляўчук адчынены. Дагэтуль яны заўсёды былі на запоры. Беразняк.

запо́р 2, ‑у, м.

Працяглая затрымка стулу або сістэматычнае няпоўнае апаражненне кішэчніка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпінгале́т, ‑а, М ‑леце, м.

1. Металічная засаўка для запірання створак вокнаў, дзвярэй. Ускочыць на падаконнік, адвярнуць шпінгалеты — секунда часу. Вось толькі не была б рама прыбіта цвікамі. Хомчанка.

2. Разм. Пра падлетка, які мае малы рост. Каля іх круціўся Косцік. Падысці і сесці з імі не адважваўся, разумеў, што ён для іх не кампанія, яны дарослыя, а ён — шпінгалет, але Косціка, мусіць, цягнула да іх, усё выскаляўся каля іх, крыўляўся. Арабей.

[Ад фр. espagnolette.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗАТВО́Р,

1) рухомая канструкцыя, якая цалкам або часткова перакрывае адтуліну і дае магчымасць рэгуляваць паступленне праз яе вадкасці, газу і інш. З. ў гідратэхнічных збудаваннях робяцца з металу, жалезабетону, дрэва; бываюць паверхневыя і глыбінныя; плоскія, сегментныя, шандорныя, вальцовыя, сектарныя, дыскавыя і інш. 2) Механізм фатаграфічнага апарата, які аўтаматычна рэгулюе працягласць экспанавання (вытрымку) фотаматэрыялу пры здымцы. Бываюць апертурныя (устанаўліваецца ўнутры аб’ектыва каля апертурнай дыяфрагмы) і факальныя (каля задняй факальнай плоскасці аб’ектыва). У залежнасці ад віду светлавых засланак падзяляюцца на дыскавыя (у т. л. абцюратар), пялёсткавыя, шторныя, ламельныя і інш. 3) Прыстасаванне ў агнястрэльнай зброі, прызначанае для дасылання патрона (артыл. выстралу) у патроннік (камору), запірання канала ствала з боку казённай часткі, выканання выстралу і выкідвання гільзы. Падзяляюцца на неаўтам., паўаўтам. і аўтам.; З. артыл. гармат — на клінавыя (вертыкальныя і гарызантальныя; выкарыстоўваюцца з пач. 17 ст.) і поршневыя (такі З. стварыў рус. вынаходнік У.​С.​Бараноўскі ў 1872).

Схема шторава-шчыліннага фатаграфічнага затвора: 1 — барабан; 2 — святлонепранікальныя шторкі; 3 — тасёмкі шторак; 4 — шчыліна; 5 — плёнка; 6 — гільзы шторак.
Затворы артылерыйскіх гармат: а — клінавы вертыкальны ў гармат малых калібраў (1 — казённік, 2 — клін); б — поршневы ў гармат сярэдніх і буйных калібраў (1 — рукаятка рамы, 2 — поршань; 3 — затворнае гняздо казённіка).

т. 7, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)