ПЕРЛАМУ́ТР (ням. Perlmutter ад Perle жамчужына + Mutter маці),

унутраны слой ракавіны бруханогіх, двухстворкавых і чатырохшчэлепных галаваногіх малюскаў, які выдзяляецца эпітэліяльнымі клеткамі мантыі. Складаецца з тонкіх пласцінак араганіту (разнавіднасць вуглякіслай вапны) і канхіяліну, размешчаных паралельна паверхні ракавіны. Мае вясёлкавы бляск, які залежыць ад інтэрферэнцыі святла, што адбіваецца ад паверхні П. Выкарыстоўваюць для вырабу ўпрыгожанняў, гузікаў і інш. Разнавіднасць П. — жэмчуг. На Беларусі П. атрымлівалі з ракавін перлавак і жамчужніц.

т. 12, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ (Victoria Falls),

вадаспад на р. Замбезі, у Паўд. Афрыцы, на мяжы Замбія—Зімбабве; адзін з буйнейшых у свеце. Выш. 120 м, шыр. 1800 м. Падзяляецца астравамі на часткі: Глотка Д’ябла, Галоўны, Вясёлкавы, Усходні. Вада падае з уступу выш. 120 м у вузкі (130 м) і глыбокі (140 м) каньён у базальтах, утварае гіганцкія слупы вадзянога пылу. Расход вады моцна вагаецца на працягу года, у сярэднім каля 1400 м³/с. Уваходзіць у склад нац. паркаў Вікторыя-Фолс (Зімбабве) і Мосі-Оа-Тунья (Замбія). ГЭС. Турызм. Адкрыты ў 1855 Д.Лівінгстанам, названы ў гонар каралевы Вялікабрытаніі.

т. 4, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фе́нікс, ‑а, м.

1. Міфалагічная казачная птушка, якая валодала здольнасцю пры набліжэнні смерці згараць, а потым зноў узнікаць з попелу. // Сімвал вечнага абнаўлення. А юнацтва ізноў, нібы фенікс вясёлкавы адраджалася з попелу і жыло, і цвіло. Дудар.

2. Кніжн. уст. Аб кім‑, чым‑н. выключным, незвычайным.

[Грэч. phoinix.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́дужный

1. вясёлкавы, ра́дужны;

2. перен. ра́дасны, све́тлы;

ра́дужные наде́жды ра́дасныя (све́тлыя) надзе́і;

ра́дужная оболо́чка анат. ра́дужная абало́нка, раёк.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ЖЭ́МЧУГ (слова кіт. паходжання),

перл, цвёрдыя вапняковыя ўтварэнні перламутравага рэчыва шарападобнай ці няправільнай формы ўнутры ракавін некаторых малюскаў (марскіх і прэснаводных). Складзены пераважна з вуглякіслага кальцыю (араганіту). Колер белы, ружовы, жаўтаваты, іншы раз чорны, шэры, карычневы. Бляск характэрны перламутравы, вясёлкавы. Памеры ад мікраскапічных да галубінага яйца. Утвараецца ў выніку раздражнення мантыі малюска якім-н. чужародным целам (пясчынкай, паразітам і інш.). Здабыча марскога Ж. вядзецца ў Чырвоным м., Персідскім зал., каля берагоў Аўстраліі, Японіі і інш. Прэснаводны Ж. здаўна здабывалі ў Кітаі, Расіі, Германіі, Шатландыі. У 20 ст. вельмі пашырана штучнае вырошчванне Ж. (пераважна ў Японіі). Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе (каралі, брошкі, пярсцёнкі, жамчужнае шыццё), нярэдка ў спалучэнні з каштоўнымі металамі і камянямі.

У.​Я.​Бардон.

Вышыўка жэмчугам адзення мітрапаліта Аляксея. 1364. Фрагмент.

т. 6, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ша́левы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шаля; які прызначаны для шаля. Шалевы ўзор. □ Жаба перабіраў тоўстымі пальцамі вясёлкавы шалевы пояс, які ляжаў у яго не на жываце, а пад грудзьмі. Караткевіч. // Які з’яўляецца шалем. Шалевая хустка.

•••

Шалевы каўнер — адкладны ляжачы акруглай формы каўнер, які спускаецца на грудзі і складае адно цэлае з бартамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

tęczowy

tęczow|y

1. вясёлкавы;

2. рознакаляровы, шматколерны;

~a sukienka — рознакаляровая сукенка;

widzieć w ~ych barwach — бачыць у барвах вясёлкі

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

Вясёлка1 ’радуга’ (БРС, КТС, Янк. II, Касп., Гарэц., Сцяшк. МГ, Грыг., Мядзв., пух., З нар. сл.), wiesióu̯ka, wiesiúu̯ka (Маш.), укр. весе́лка, а таксама весели́ця, весели́чка, веселі́вка, весі́вка, рус. пск., смал., валаг. весёлка ’тс’. Да вясёлы (гл.). Усх.-слав. арэал пашырэння лексемы можна звязаць з літ. linskmỹnė ’вясёлка’ ⟷ liñksmas ’вясёлы’ (Непакупны, Связи, 64–65) і вепск. ilʼoi‑kalʼoi ’вясёлка’ ⟷ іло ’весялосць, смех’; падобная ж матывацыя ў бел., рус. радуга < radǫgaradъ ’рады’ (Фасмер, 3, 431). Параўн. таксама весялу́ха2 (гл.). Сюды ж вясёлкавы. Афанасьеў (Представл., 3) атаясамлівае висялуха з висеть ’якая вісіць у паветры’.

Вясёлка2 ’таемнік, Lathraea squamaria L.’ (мін., Кіс.) — рэгіянальнае ўтварэнне ад вясёлы (гл.) і суф. ‑к‑a. Названа расліна паводле шматколернасці (бледна-ружова-чырвоная) суквецця. Параўн. тое ж у рус. весёлые глазки ’браткі, Viola tricolor L.’.

Вясёлка3 ’смаржок, Gyromitra esculenta’ (Інстр. II), гом. вясё́лкі ’смаржкі’ (Працы, 6), узд. ’порхаўка, Phallus impudicus’, укр. весе́лка воню́ча ’тс’, весе́лка чо́ртова ’Phallus caninus Huds.’ Да вясна > *вясеннік < вясенні грыб. Паводле народнай этымалогіі, ад вясёлы ў сувязі з незвычайнасцю формы (выгляду) грыба. Гл. таксама весялуха5, вяселік2.

Вясёлка4 ’бародаўчатая бяроза, Betula verrucosa Ehrh.’ (лёзы., КЭС); ’звычайная дробналістая бяроза’ (паўн.-віц., Нар. лекс.), рус. смал., пск. весёлка ’кучаравая бяроза з гладкімі бліскучымі лістамі’, смал. весёлочка ’тс’. Пад уплывам народнай этымалогіі — да вясёлы. Больш імаверна да вясна (гл.). Параўн. таксама ўкр. назву вясенняга месяца сакавіка бе́резень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)