ЛОЗ, Лоас (Loos) Адольф (10.12.1870, г. Брно, Чэхія — 22.8.1933), аўстрыйскі архітэктар. Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Дрэздэне (Германія, 1893). Працаваў пераважна ў Вене (у 1920—22 гал. архітэктар), а таксама ў ЗША (1893—96), Парыжы (1923—28). Зазнаў уплыў Л.Салівена. З канца 1890-х г. выступаў супраць стылю мадэрн. У пабудовах (інтэр’ер бара Кернтнера, 1907; дом Штайнера, 1910; праект квартала Хойберг, 1922, усе ў Вене) рысы рацыяналізму, аскетызм форм, выяўленне спецыфікі буд. матэрыялаў. З сярэдзіны 1920-х г. у яго работах з’явіліся тэндэнцыі класіцызму, уплыў кубізму, элементы традыц.нар. дойлідства (дамы Трыстана Тцара ў Парыжы, 1926; Кунера ў Паербаху, Аўстрыя, 1930).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПЕЦКІ (Kupezky) Ян [1667, Прага (?), або Пезінак каля г. Браціслава — 16.7.1740], чэшскі жывапісец-партрэтыст; прадстаўнік барока. У 1684—87 вучыўся ў Вене ў Б.Клаўса. З 1687 працаваў у Рыме, Венецыі, Балонні, Фларэнцыі, Мантуі. Зазнаў уплыў Г.Рэні. З 1709 у Вене, прыдворны мастак, дзе паводле густу заказчыкаў арыентаваўся на парадныя партрэты Г.Рыго і Н.Ларжыльера, але захоўваў псіхалагізм вобраза (партрэт К.Бруні, 1709; партрэт мужчыны, 1700; «Аўтапартрэт», 1711, і інш.). У 1712 у Карлавых Варах выканаў партрэт Пятра I. Пасля 1723 у Нюрнбергу, пад уплывам паўн. майстроў у сваіх працах імкнуўся спасцігнуць унутр. жыццё чалавека (партрэт М.Крэйсінгера, каля 1730; «Аўтапартрэт з сынам», 1728—29, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ГЕРМА́НСКІ ДАГАВО́Р 1879,
дагавор аб саюзе паміж Аўстра-Венгрыяй і Германіяй, падпісаны 7 кастр. ў Вене. Быў накіраваны пераважна супраць Расіі і Францыі. На яго аснове склаўся Траісты саюз 1882.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ ПА ПРАМЫСЛО́ВЫМ РАЗВІЦЦІ́ (United Nations Industrial Development Organization; ЮНІДО),
міжурадавая арг-цыя ў сістэме ААН. Створана ў 1966. Паводле статута (прыняты ў 1979 у Вене) ЮНІДО аўтаномная спецыялізаваная ўстанова (з 1986). Чл. арганізацыі з’яўляюцца 147 дзяржаў (1990).
Асн. мэты і віды дзейнасці: дапамога краінам, што развіваюцца, у правядзенні і паскарэнні індустрыялізацыі, распрацоўка і каардынацыя з гэтай нагоды мерапрыемстваў ААН; садзейнічанне ва ўмацаванні супрацоўніцтва паміж індустрыяльна развітымі краінамі і тымі, што стаяць на шляху развіцця; правядзенне адпаведных кансультацый і перагавораў, падтрымка інвестыцыйных працэсаў, перадача тэхналогій і г.д. Аказвае тэхн. дапамогу, распрацоўвае праграмы падрыхтоўкі кадраў для прам-сці, выступае як цэнтр па зборы, сістэматызацыі і распаўсюджванні прамысл. інфармацыі.
Асн. органы — Ген. Канферэнцыя, Савет па прамысл. развіцці і К-т па праграме і бюджэце. Штаб-кватэра арг-цыі ў Вене.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАДО́ЎСКІ Фларыян Станіслаў (4.5.1819, Мінск — 8.7.1889),
кампазітар, піяніст, педагог. Муз. адукацыю атрымаў у бацькі, пазней вучыўся ў Вільні, Мінску (у Д.Стафановіча), Берліне, Вене. У 1829 даў у Вільні першы адкрыты канцэрт, на пач. 1830-х г. выступаў у Мінску і Слуцку. У 1855—62 жыў у сваім маёнтку Мацкі на Міншчыне. З 1862 у Францыі. Меў асабісты кантакт з Ф.Мендэльсонам, Ф.Лістам, які ўключыў «Экспромт» М. ў складзены ім зб. «Das Pianoforte». Сярод твораў: аперэта «Канкурэнты» (паст. 24.2.1861, Мінск, дырыжор М.), 2 месы, «Магніфікат», смыковы квартэт, 3 фп. трыо, 2 санаты для фп. ў 4 рукі, песні, мазуркі, паланэзы, накцюрны, багатэлі, выдадзеныя ў Парыжы, Вене, Варшаве, Мінску («Паланэз на 4 рукі для Міхася і Іяасі», урыўкі з «Канкурэнтаў», зб. «Польскія песні») і Вільні.
Літ.:
Ахвердава А. Фларыян Міладоўскі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬФО́НС XII (Alfonso; 28.11.1857, Мадрыд — 25.11.1885),
кароль Іспаніі [1874—85]. З дынастыі Бурбонаў. У час рэвалюцыі 1868—74 выхоўваўся ў Вене і Сандхерсце (Англія). Каралём абвешчаны пасля дзярж. перавароту супраць рэспублікі ген. Мартынеса Кампаса (28.12.1874). У 1876 спыніў карлісцкія войны. За клопат пра ўнутр. мір атрымаў мянушку «міратворац».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848—49 У А́ЎСТРЫІ,
адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе. Фактычна ч.рэвалюцыі 1848—49 у Германіі, але мела сваю спецыфіку, якая была абумоўлена шматнац. складам насельніцтва Аўстр. імперыі. Пад уплывам паўстання 22.2.1848 у Парыжы (гл.Рэвалюцыя 1848 у Францыі) 13 сак. пачалося паўстанне ў Вене. Пад яго націскам аўстр. канцлер К.В.Метэрніх падаў у адстаўку, а імператар Фердынанд І абяцаў увесці канстытуцыю. 17 сак. створаны ўрад, адказны перад будучым парламентам; 25 крас. выдадзена канстытуцыя, якая абвяшчала дэмакр. свабоды і прадугледжвала стварэнне двухпалатнага парламента пры захаванні за імператарам выканаўчай улады, у т. л. права абсалютнага вета на рашэнні парламента; 11 мая прыняты выбарчы закон, які ўстанавіў высокі маёмасны цэнз. Гэтыя законы выклікалі незадаволенасць у грамадстве і прывялі да паўстання 15—16 мая ў Вене. Імператар быў вымушаны пакінуць сталіцу. У выніку новых выступленняў 26 мая ўлада ў Вене перайшла да К-та грамадскай бяспекі на чале з радыкальным дзеячам А.Фішгафам. Гэта прымусіла аўстр. ўрад выдаць новы выбарчы закон, які скасаваў маёмасны цэнз. Яшчэ раней быў прыняты закон пра стварэнне аднапалатнага Заканад. сходу (рэйхстага). Адначасова актывізаваўся рух славянскіх народаў імперыі. 2 чэрв. ў Празе пад старшынствам Ф.Полацкага адкрыўся Славянскі з’езд. Яго ўдзельнікі стаялі за пераўтварэнне Аўстр. імперыі ў канстытуцыйную федэратыўную манархію, на пазіцыях аўстраславізму і супраць уключэння Чэхіі ў агульнагерм. дзяржаву. Прага была ахоплена масавымі нар. выступленнямі, якія да 17 чэрв. былі задушаны аўстр. войскамі. У гэтых абставінах адбыліся выбары ў рэйхстаг, і 22 чэрв. ён пачаў сваю працу, прыняў закон пра скасаванне феад. павіннасцей сялян на аснове іх выкупу пры дапамозе дзяржавы. У пач.кастр. імператар вырашыў накіраваць войска венскага гарнізона на задушэнне венгерскай рэвалюцыі. Гэта выклікала паўстанне жыхароў сталіцы, што прымусіла імператара зноў пакінуць Вену. На задушэнне паўстання накіраваны войскі на чале з фельдмаршалам А.Віндзішгрэцам. 30 кастр. яны разбілі венг. войскі, якія ішлі на дапамогу Вене, а 1 ліст. ўзялі аўстр. сталіцу штурмам. Пасля паражэння Кастр. паўстання створаны новы ўрад на чале з князем Ф.Шварцэнбергам. Ён прымусіў Фердынанда І адрачыся ад прастола на карысць свайго пляменніка Франца Іосіфа І, які ў сак. 1849 абвясціў увядзенне канстытуцыі; рэйхстаг быў разагнаны.
Літ.:
Авербух Р.А. Революция в Австрии (1848—1849 гг.). М., 1970;
Освободительны движения народов Австрийской империи: Возникновение и развитие. Конец XVIII—1849 г.М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛЬЯЙ, Бояй (Bolyai) Янаш (15.12.1802, г. Клуж-Напока, Румынія — 27.1.1860), венгерскі матэматык, адзін са стваральнікаў нееўклідавай геаметрыі. Калі быў студэнтам Ваенна-інж. акадэміі ў Вене, займаўся доказам пастулата аб паралельных лініях. У 1832 выдаў «Апендыкс» як дадатак да 1-га т. падручніка матэматыкі свайго бацькі Ф.Больяй.
аўстрыйскі мастак і драматург. Прадстаўнік экспрэсіянізму. Вучыўся ў Маст.прамысл. школе ў Вене (1905—09). Працаваў у Вене, Дрэздэне (1919—24, праф. Дрэздэнскай АМ з 1919), Празе (1934—38, праф.АМ), Лондане (1938—53). З 1953 у Швейцарыі. Зазнаў уплывы мастацтва Д. Усходу. Да сваіх драм рабіў малюнкі [«Сфінкс і саламянае пудзіла», «Забойцы — надзеі жанчын» (1907); афіша да яе — «П’ета» (1908) — стала адным з гал. твораў экспрэсіянізму]. Жывапіс К. адметны нерв. напружанасцю, імпульсіўнасцю манеры, імкненнем выявіць хваравіта-трагічнае ўспрыняцце свету. Аўтар партрэтаў (А.Фарэля, 1908; Г.Вальдэна, да 1910), пейзажаў («Брандэнбургская брама», 1926; «Рынак у Тунісе», 1928—1929; «Карлаў мост у Празе», 1934), кампазіцый на класічныя сюжэты («Фермапілы», 1954), серый літаграфій («Кароль Лір», 1963; «Адысея», 1963—65; «Траянцы», 1971—72), дэкарацый і касцюмаў да «Чароўнай флейты» В.А.Моцарта і «Балю-маскараду» Дж.Вердзі (усе 1953). Аўтабіягр.кн. «Маё жыццё» (1971).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАНО́ВІЧ Пётра (21.9.1902, в. Стрэмкі, Латвія — 20.12.1990),
бел. мастак. Вучыўся ў Даўгаўпілскай бел. гімназіі. Скончыў Латвійскую АМ (1937). У 1945—47 вучыўся ў АМ у Вене. З 1944 жыў у Аўстрыі, з 1950 — у ЗША. Займаўся асветніцтвам і развіццём бел. школы ў Латвіі. У ранніх творах адлюстраваны побыт латгальскай вёскі 1920—40-х г.: «У сялянскай хаце», «Жняя», «Вываз гною», «Бура ў жніво» і інш. Пазней ствараў партрэты вядомых бел. дзеячаў розных часоў: С.Сахарава, П.Крачэўскага (1966), Н.Арсенневай, Я.Купалы, Ф.Скарыны (усе 1967), Л.Сапегі (1970), К.Каліноўскага (1971) і інш. Прыгажосць краявідаў Падзвіння перадаў у працах «Гонкі на Дзвіне», «Над Дзвімою», «Другое возера», «Белая царква ў Друі» (1970-я г.), «Сплаў лесу» (1970), «Капліца ў Прыдруйску» (1971) і інш. Сярод інш. твораў «Беларускія эмігранты», «Парк у Брукліне», «У Альпах», «Касцёл св. Карлы ў Вене» (абодва 1945—46), «Хата на Лонг Айлендзе» (1970) і інш.