КАРПІ́ЛАВА (Разенблат) Бася Залманаўна

(н. 20.3.1921, Баку),

бел. артыстка балета. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1939). У 1939—41 у Муз. т-ры імя Неміровіча-Данчанкі ў Маскве. У 1944—61 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Артыстка яркай творчай індывідуальнасці, спалучала выразную драм. ігру з тэхнічна складаным імклівым танцам, валодала вял. сцэн. тэмпераментам, абаяльнасцю. Сярод партый: Марылька («Салавей» М.​Крошнера), Рузя («Падстаўная нявеста» Г.​Вагнера), Ліза («Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля), Каламбіна («Арлекінада» Р.​Дрыга), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Адылія, Маша («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Тао-Хоа («Чырвоны мак» Р.​Гліэра), Фані («Сцежкаю грому» К.​Караева), Францыска («Блакітны Дунай» І.​Штрауса).

А.​І.​Калядэнка.

Б.Карпілава ў ролі Эсмеральды.

т. 8, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКІ (Длужык-Каменскі) Адам Рыгор, бел. пісьменнік-мемуарыст 17 ст. З аршанскай шляхты. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 ваяваў пад харугвай кароннага гетмана С.​Чарнецкага. У час бітвы на р. Бася 20.10.1660 трапіў у маск. палон. У Сібірскім прыказе залічаны ў «казакі літоўскага спісу», з 1662 служыў у Якуцкім астрозе турэмным наглядчыкам. Пасля Андрусаўскага перамір’я 1667 адпушчаны ў Маскву, у 1669 ці 1670 — на радзіму. У «Дыярыушы» (выяўлены і апубл. на польск. мове ў 1874) апісаў гарады і народы, што сустракаў, а таксама экспедыцыі рус. землепраходцаў В.​Паяркава на Амур і М.​Стадухіна на Поўнач, пра якія сабраў звесткі ў Якуцку. «Дыярыуш» К. — каштоўны помнік мемуарнай л-ры Беларусі, у якім яскрава адлюстраваны пытанні геаграфіі і этнаграфіі Сібіры і Д. Усходу.

Тв.:

Бел. пер. — Дыяруш маскоўскага палону з апісаннем гарадоў і мясцовасцей // Беларуская літаратура і літаратуразнаўства. Мн., 1974. Вып. 2.

Літ.:

Коршунаў А. Нататкі з падарожжа па Сібіры ў XVII ст. («Дыярыуш» Адама Каменскага) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1973. № 1;

Ласкоў І. Нашчадкі таямнічае Літвы // Полымя. 1991. № 8;

Ефремов К. Польские ссыльные о якутах // Национальные отношения в регионах страны. Якутск, 1992. Ч. 2.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАЦКІ РАЁН,

на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс. км². Нас. 27,7 тыс. чал. (1996). Сярэдняя шчыльнасць 23 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Горкі. 173 сельскія населеныя пункты. 12 сельсаветаў: Аўсянкаўскі, Будскі, Горацкі, Горскі, Добраўскі, Копцеўскі, Ленінскі, Маслакоўскі, Паршынскі, Рудкаўшчынскі, Рэкценскі, Саўскі.

Паверхня раёна пласкахвалістая, парэзаная рачнымі далінамі і ярамі. Каля ⅔ тэр. занята Аршанска-Магілёўскай раўнінай, на ПнУ — частка Смаленскага ўзвышша. Пераважаюць выш. 190—200 м, найвыш. пункт 231,4 м (каля в. Майсеева). Карысныя выкапні: торф, пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -8,2 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 640 мм за год. Вегетацыйны перыяд 183 сут. Рэкі: Проня з прытокамі Парасіца, Быстрая, Вербаўка, Галыша; Бася з прытокамі Паўна і Галубіна; Рамясцвянка, Лебядзёўка, Дняпрэц, Мярэя. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лесам 17,9% тэр. раёна (на Пн вял. масіў Горацкая лясная дача); пераважаюць яловыя, хваёвыя, бярозавыя і асінавыя лясы. Пад балотамі 4,1% тэрыторыі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 81,6 тыс. га, з іх асушаных 18,8 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 7 саўгасаў, племзавод «Леніна», элеватар (каля в. Нівішча), міжгаспадарчае прадпрыемства «Дняпрэц». Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (масласыраробнай), лёгкай (перапрацоўка льносыравіны) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Орша—Крычаў, аўтадарогі з г. Горкі на Оршу, Магілёў, Мсціслаў. На тэр. раёна знаходзіцца Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія і пед. вучылішча (в. Леніна). У раёне 12 сярэдніх, 6 базавых і 10 пач. школ, 2 муз. школы, 16 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 27 б-к, 6 бальніц, 21 фельч.-ак. пункт. Помнікі архітэктуры — рэшткі касцёла (пач. 19 ст.) і сядзіба (канца 19 ст.) у в. Расна. Мемар. комплекс і музей савецка-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна. Выдаецца газ. «Ленінскі шлях».

т. 5, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫ́БІНСКІ РАЁН,

на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасоўваўся ў 1931, 1959, зноў утвораны ў сучасных межах 29.12.1989 для перасялення жыхароў Краснапольскага р-на, якія найб. пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986. Пл. 0,8 тыс. км². Нас. 16,9 тыс. чал. (1997). Сярэдняя шчыльн. 21 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п. Дрыбін, 104 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 6 сельсаветаў: Кароўчынскі, Міхееўскі, Першамайскі, Расненскі, Цемналескі, Чэрнеўскі.

Тэрыторыя раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная, месцамі хвалістая, з агульным нахілам на Пд. Найвыш. пункт 226 м (на ПдЗ ад в. Еськаўка). Пераважаюць выш. 170—190 м. Карысныя выкапні: пясок, гравій, торф, гліна для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз. -8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм. Вегетац. перыяд 184 сут. З Пн на Пд працякае р. Проня з прытокамі Рэста, Бася, Быстрая, Вербаўка і інш. На некат. малых рэках вадасховішчы і сажалкі. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя глебы. Пад лесам 27,4% тэр. раёна; пераважаюць шыракаліста-яловыя лясы. Балоты і забалочаныя землі займаюць каля 1,5 тыс. га у асноўным на Пн. На тэр. раёна гідралагічныя заказнікі: Брацтва (73,1 га), Галамукскае (153), Жэваньскае (144), Жэваньскі Мох (123); паляўнічыя заказнікі: Расненскае (2650), Даманоўскі (1364 га).

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 49,1 тыс. га, з іх асушана 5 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 7 калгасаў, 4 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак, кормапрадпрыемства «Высакаборскае». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля; вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Орша—Крычаў, аўтадарога Магілёў—Мсціслаў, нафтаправод Унеча—Полацк. У раёне 8 сярэдніх, 2 базавыя, 4 пачатковыя школы; Расненская дапаможная школа-інтэрнат, муз. школа, 9 дашкольных устаноў, 14 б-к, 14 клубаў, 3 клубы-бібліятэкі, раённы цэнтр культуры, 4 бальніцы, 9 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Пакроўская царква (1845), помнік у памяць аб выступленні ў 1905 сялян супраць памешчыка ў в. Кішчыцы; рэшткі касцёла Казіміра эпохі класіцызму (1818) і сядзіба (канец 19 ст.) у в. Расна. Гісторыка-этнаграфічны музей. Выдаецца газ. «Ленінскі шлях» (сумесна з Горацкім р-нам).

Г.​С.​Смалякоў.

т. 6, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)