ЧЭ́РНЕЎКА,
вёска ў Дрыбінскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Бася. Цэнтр сельсавета і с.-г. вытв. кааператыва. За 25 км на З ад г.п. Дрыбін, 40 км ад Магілёва, 33 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 358 ж., 155 двароў (2003). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму.
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1636 як сяло Чарна ў складзе Бардзілаўскага войтаўства Магілёўскай эканоміі Аршанскага пав. ВКЛ. З 1695 у Плешчыцкім войтаўстве Магілёўскай эканоміі, вёска Чарнаўцы з засценкам Плябаншчызна, 30 валок зямлі, 2 млыны, карчма. У 1777 мястэчка і вёска Чарніца (яна ж Чарняўка) у Рас. імперыі. У 1781 мястэчка ў Чавускім пав., 165 ж., 32 двары, маёнтак, царква, уладанне графа Зорыча, пазней — Альшэўскіх, Вайзбунаў, у 1841—44 у арэндзе ў памешчыцы Кубліцкай. У 1885 сяло, цэнтр воласці, 195 ж., 24 двары, школа, царква, 2 яўр. малітоўныя дамы, 6 крам. У 1897 побач размяшчаліся аднайм. сяло (243 ж., 37 двароў), мястэчка (444 ж., 51 двор) і маёнтак (уладанне Л.Ф.Мацкевіча, 16 ж.). У сяле знаходзіліся валасное праўленне, нар. вучылішча (з 1874), прытулак для бедных, цэнтр. хлебазапасны магазін; у мястэчку — крупадзёрка, мураваная царква, 2 яўр. малітоўныя дамы, 14 крам, карчма. З 1924 цэнтр сельсавета ў Лупалаўскім р-не, з 1931 — у Дрыбінскім, Чавускім і Горацкім р-нах, у 1935—59 і з 1989 — у Дрыбінскім, у 1959—89 — у Шклоўскім р-нах. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты часткова спалілі Ч., загубілі 525 жыхароў.
В.М.Князева.
т. 17, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)