ЛЕГА́Т (Мікалай Густававіч) (27.12.1869, Масква — 24.1.1937),

расійскі артыст балета, педагог, балетмайстар. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1888), выкладаў у ім у 1896—1914. З 1888 вядучы класічны танцоўшчык, з 1910 гал. балетмайстар Марыінскага т-ра. Валодаў бездакорнай тэхнікай і акцёрскім дараваннем. Сярод партый: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.Глазунова), Арлекін, Лука («Арлекінада», «Чароўная флейта» Р.Дрыга), Франц («Капелія» Л.Дэліба). З 1922 у эміграцыі. Выкладаў у трупе Рускі балет Дзягілева (1925—26). Адкрыў школу ў Лондане (1923). Сярод вучняў: Г.Паўлава, М.Фокін, Т.Карсавіна, В.Ніжынскі, А.Ваганава, Ф.Лапухоў, М.Фантэйн і інш. Аўтар кн. «Апавяданне пра рускую школу» (1932), альбома «Рускі балет у карыкатурах» (1903, з С.Легатам).

Літ.:

Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч. 1]. Хореографы. Л., 1971;

Кшесинская М. Воспоминания. М., 1992.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́МБЕРГ, Лембергс (Lehmbergs) Аляксандрс (25.3.1921, Рыга — 25.11.1985), латвійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Латвіі (1971). Нар. арт. СССР (1982). Скончыў балетную школу пры Нац. оперы і балетную студыю А.Фёдаравай у Рызе (1938). У 1939—68 (з перапынкам) артыст, з 1968 гал. балетмайстар Латв. т-ра оперы і балета. З 1956 выкладчык, у 1964—68 дырэктар Рыжскага харэагр. вучылішча. Сярод партый: Аўстрыс («Лайма» А.Лепіньша), Тот («Сакта свабоды» А.Скултэ), Лайманіс («Стабурагс» А.Калніньша), Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Франдоса («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.Глазунова), Альберт («Жызэль» А.Адана), Прынц, Рамэо і Тыбальд («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева). Паставіў балеты; «Спрыдытыс» А.Жылінскіса, «У агні» Ю.Карлсана, «Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга, «Сабор Парыжскай Божай Маці» Ц.Пуні, Р.Дрыга, Р.Глазупа, «Скарамуш» Я.Сібеліуса, «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына, «Антоній і Клеапатра» Э.Лазарава і інш.

т. 9, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Леў Іванавіч) (2.3.1834, Масква — 24.12.1901),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1852), выкладаў у ім з 1858. З 1852 артыст, з 1869 вядучы танцоўшчык пецярбургскай балетнай трупы. З 1882 рэжысёр, з 1885 другі балетмайстар Марыінскага т-ра, памочнік М.Петыпа. Сярод партый: Феб і Клод Фрола, Валянцін («Эсмеральда», «Фауст» Ц.Пуні), Базіль, Салор («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Кален («Марная засцярога» П.Л.Гертэля), Конрад («Карсар» А.Адана). Вял. значэнне надаваў сімфанізацыі балета. Стварыў выдатныя ўзоры сімф. распрацоўкі танца — характарнага («Палавецкія танцы» ў оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна, 1890; слав. танцы ў оперы-балеце «Млада» М.Рымскага-Корсакава, 1892; «Другая венгерская рапсодыя» на муз. Ф.Ліста, 1900) і класічнага (танец сняжынак у «Шчаўкунку», 1892, і сцэны на возеры ў «Лебядзіным возеры», 1895, П.Чайкоўскага). Творчасць І. стала вяршыняй акад. стылю рус. балета. Сярод вучаніц М.Кшасінская, В.Праабражэнская, А.Ваганава.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ (Веньямін Міхайлавіч) (н. 22.1.1969, Мінск),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1994). Пасля сканчэння Бел. харэагр. вучылішча (1987) саліст Нац. акад. т-ра балета Беларусі. Яго танец вызначаюць пластычная выразнасць, высокі скачок, тэмперамент, імкненне да раскрыцця ўнутр. свету герояў. Сярод партый: Зігфрыд, Дэзірэ, Прынц («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Крас і Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Базіль і Эспада, Салор («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Тарэра і Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Бог («Стварэнне свету» А.Пятрова), Алі і Конрад, Альберт («Карсар», «Жызэль» А.Адана), Юнак («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.Глазунова), Уладзімір («Страсці» А.Мдывані; Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Лаўрэат міжнар. конкурсаў артыстаў балета імя С.Дзягілева (Масква, 1992, 2-я прэмія С.Ліфара), «Арабеск-92» (Перм, Расія), 7-га Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Масква, 1993, 2-я прэмія і прыз за лепшае выкананне сучаснай харэаграфіі).

Л.І.Вішнеўская.

В.Захараў у ролі Дэзірэ.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫ́НАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 29.3.1947, г.Радвілішкіс, Літва),

бел. артыст балета, педагог. Скончыў Рыжскае харэаграфічнае вучылішча (1966), з 1972 выкладаў у ім. З 1964 саліст Рыжскага т-ра оперы і балета. З 1976 саліст, з 1985 педагог-рэпетытар Нац. акад. т-ра балета Беларусі, з 1978 (з перапынкам) адначасова педагог Дзярж. харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь. Яго танцу ўласцівы высокая тэхніка, эмацыянальнасць, сцэн. абаяльнасць. Сярод партый на бел. сцэне: Прынц, Зігфрыд, Дэзірэ і Блакітная птушка («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Альберт, Алі («Жызэль», «Карсар» А.Адана), Базіль, Кавалер («Дон Кіхот», «Пахіта» Л.Мінкуса), Франц («Капелія» Л.Дэліба), Кален («Ліза і Кален» Ф.Герольда), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Кароль Філіп («Тыль Уленшпігель» Я.Глебава), Юнак («Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.Шастаковіча) і інш. Лаўрэат VII Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (Балгарыя, 1974).

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 106, 107, 109.

Л.І.Вішнеўская.

т. 10, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕД (Guesde) Жуль [сапр. Базіль

(Basile) Мацьё; 11.11.1845, Парыж — 28.7.1922], дзеяч франц. і міжнар. сацыяліст. руху, адзін з лідэраў 2-га Інтэрнацыянала. Паліт. кар’еру пачынаў як радыкальны журналіст-рэспубліканец. За падтрымку ў прэсе Парыжскай камуны асуджаны на 5 гадоў, але паспеў эмігрыраваць. Кантакты з К.Марксам, Ф.Энгельсам, П.Лафаргам спрыялі пераходу Геда на пазіцыі навук. сацыялізму. Для прапаганды марксізму ў рабочым руху засн. у 1877 газ. «L’Égalité» («Роўнасць»). Адзін з заснавальнікаў (1879) і кіраўнік (у 1880—1901) Рабочай партыі Францыі. Гед і яго прыхільнікі (гедысты) змагаліся з рознымі плынямі ў рабочым руху (пруданізмам, анархізмам, пасібілізмам),

пазней занялі цэнтрысцкія пазіцыі. Гед — адзін з заснавальнікаў (1901) і кіраўнікоў Сацыяліст. партыі Францыі, а пасля яе аб’яднання (1905) з Франц. сацыяліст. партыяй (засн. ў 1902) у адзіную сацыяліст. партыю — адзін з яе лідэраў. У 1893—98 і 1906—22 дэпутат парламента, лідэр сацыяліст. фракцыі. У 1914—15 дзярж. міністр.

т. 5, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРО́ЎСКІ (Міхаіл Леанідавіч) (н. 29.10.1941, Тбілісі),

расійскі артыст балета, балетмайстар. Сын Л.М.Лаўроўскага. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1961), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1980, педагог Р.Захараў). У 1961—88 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Маст. кіраўнік Т-ра імя Паліяшвілі (Тбілісі, 1983—85). Класічны танцоўшчык рамантыка-трагедыйнай накіраванасці. Сярод партый: Блакітная птушка, Зігфрыд, Шчаўкунок («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Альберт («Жызэль» А.Адана), Прынц, Рамэо («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Ферхад («Легенда пра каханне» А.Мелікава), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Спартак («Спартак» А.Хачатурана). Сярод пастановак: «Рамэо і Джульета», джаз-балет на муз. оперы «Поргі і Бес» Дж.Гершвіна (абедзве 1983) у т-ры імя Паліяшвілі; тэлебалеты і інш. Аўтар успамінаў пра бацьку. 1-я прэмія Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1965), прэмія В.Ніжынскага (Парыж, 1972). Ленінская прэмія 1970. Дзярж. прэмія СССР 1977.

Літ.:

Лопухов Ф. Российские апостолы танпа // Сов. балет. 1986. № 6.

т. 9, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 6.6.1952, Мінск),

бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980). Нар. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1971). У 1971—92 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1992 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў, Дзярж. харэаграфічным каледжы. Выканальніцкую манеру вызначаюць шчырасць, натуральнасць, сцэн. абаяльнасць; яго танец пластычна выразны, драматычна асэнсаваны, псіхалагічна завостраны. Стварыў яркія вобразы ў нац. спектаклях: Тыль і Філіп, Князь і Машэка («Тыль Уленшпігель», «Курган» Я.Глебава). Сярод інш. партый: Юнак («Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.Шастаковіча), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Спартак, Крас («Спартак» А.Хачатурана), Бог («Стварэнне свету» А.Пятрова), Зігфрыд і Ротбарт, Драсельмеер («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Кавалер, Базіль (Вялікае класічнае па на муз. Л.Мінкуса з балета «Пахіта» Э.Дэльдэвеза, «Дон Кіхот» Мінкуса), Рамэо і Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Юнак («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага).

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 136—140.

А.І.Калядэнка.

У.У.Іваноў.
У.Іваноў у ролі Тыля.

т. 7, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЕ́ПА (Марыс Рудольф Эдуардавіч) (27.7.1936, Рыга — 26.3.1989),

расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1955), выкладаў у ім (1963—80). У 1960—84 саліст Вял. т-ра. Яго выкананне вызначалі пластычнасць, шырыня і моц рухаў, скульптурнасць поз, сінтэз танцавальнасці і артыстызму, псіхал. абгрунтаванасць сцэн. паводзін. Вяршыня творчасці — вобраз Краса («Спартак» А.Хачатурана; Ленінская прэмія 1970). Сярод інш. партый: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Альберт, Конрад («Жызэль», «Карсар» А.Адана), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Феб («Эсмеральда» Ц.Пуні), Вакх («Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.Гуно), Спартак, Армэн («Спартак», «Гаянэ» А.Хачатурана), Прынц, Рамэо («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Вронскі, Карэнін («Ганна Карэніна» Шчадрына), прынц Лімон («Чыпаліна» К.Хачатурана), Ферхад («Легенда аб каханні» А.Мелікава). Ставіў і аднаўляў класічныя балеты, танцы да драм. спектакляў. Здымаўся на тэлебачанні і ў кіно. Аўтар кніг «Хачу танцаваць сто гадоў» (1981), «Учора і сёння ў балеце» (2-е выд. 1986). Яго творчасці прысвечаны дакумент. фільмы «Я пачынаю новы маналог» (1981), «А болей за ўсё пратрымалася душа...» (1990), «Святло яго зоркі» (1992). Прэміі імя В.Ніжынскага (1971), імя М.Петыпа (1977; абедзве Парыж).

Літ.:

Львов-Анохин Б. Мастера Большого балета. М., 1976;

Рославлева Н. М.Лиепа. М., 1978;

Марис Лиепа: Я хочу танцевать сто лет, М., 1996.

М.Ліепа ў ролі прынца Лімона.

т. 9, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУРЫ́ЕЎ (Нурэеў) Рудольф Хаметавіч

(17.3.1938, каля ст. Раздольная Іркуцкай вобл., Расія —6.1.1993),

артыст балета, балетмайстар, дырыжор. Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1958, клас Х.Бельскага). З 1958 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.М.Кірава. З 1961 працаваў у Каралеўскім балеце Вялікабрытаніі і інш. зах. трупах. З сярэдзіны 1970-х г. гастраліраваў з праграмай «Нурыеў з сябрамі». У 1985—89 маст. дырэктар балетнай трупы Парыжскай оперы. Віртуозна валодаў асаблівасцямі розных школ і кірункаў класічнага і свабоднага танца. Сярод партый; Альберт («Жызэль» А.Адана), Франдоса («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Дэзірэ і Блакітная птушка («Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Салор, Базіль («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Джэймс («Сільфіда» Ж.Шнейцгофера), Пятрушка («Пятрушка» І.Стравінскага) і інш. Сярод пастановак: «Цені» з «Баядэркі» (1963 і 1992), «Раймонда» А.Глазунова і «Лебядзінае возера» Чайкоўскага (абедзве 1964), «Танкрэд» Г.В.Генцэ, «Дон Кіхот», «Спячая прыгажуня» (усе 1966), «Шчаўкунок» (1967, 1980), «Манфрэд» (1979) і «Бура» (1982), абедзве на муз. Чайкоўскага. З 1991 выступаў як дырыжор. Зняўся ў фільмах «Я — танцоўшчык» (1972), «Валентына» (1977). Аўтар аўтабіяграфіі (2000). У 1993 праведзены фестывалі імя Н. (Уфа, Казань).

Літ.:

Р.Нуреев. СПб., 1995;

Львов-Анохин Б. Блудный сын Русского балета //Театр. 1993. №11;

Persival J. Nureyev: aspects of the dancer. New York, 1975;

Bland A. The Nureyev Image. London, 1976.

Л.А.Сівалобчык.

Р.Нурыеў у ролі Джэймса.

т. 11, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)