Базіль М., гл. Гед Ж.

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ШЧАНКА (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 13.8.1941, г. Чыта, Расія),

бел. артыст балета. Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1960; выкладаў у ім у 1965—75), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). У 1960—81 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Танцоўшчык гераічнага плана. Сярод партый: Іван, Машэка, Мікалай («Альпійская балада», «Выбранніца», «Мара» Я.Глебава), Тарэра («Балеро» на муз. М.Равеля), Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Ротбарт («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Пер Гюнт («Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга). Аўтар кн. «Беларускі балет і сучасная тэма» (1989).

Л.І.Вішнеўская.

т. 5, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІН (Руслан Яўгенавіч) (н. 16.5.1974, г. Львоў, Украіна),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1991, педагог А.Калядэнка). З 1992 саліст Нац. акад. т-ра балета Рэспублікі Беларусь. Яго творчасці ўласцівы тэхнічнасць, схільнасць да выразнай выяўл. пластыкі. Сярод партый: Князь Уладзімір («Страсці» А.Мдывані), Зігфрыд і Ротбарт, Прынц і Драсельмеер («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Конрад і Ланкедэм («Карсар» А.Адана), Актэон («Эсмеральда» Ц.Пуні), Юнак («Балеро» М.Равеля), Кашчэй, Юнак («Жар-птушка», «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага), Спартак і Крас («Спартак» А.Хачатурана), Абдэрахман («Раймонда» А.Глазунова), Тэрэніо («Ундзіна» Г.Генцэ), Хазэ і Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Д’ябал («Стварэнне свету» А.Пятрова).

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗЕ́ЕЎ (Вячаслаў Міхайлавіч) (н. 3.8.1948, Масква),

рускі артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Маскоўскае харэагр. вучылішча (1968). У 1968—88 саліст, у 1995—97 маст. кіраўнік балета Вял. т-ра. Адначасова з 1984 маст. кіраўнік харэагр. ансамбля «Маскоўскі балет» (з 1989 т-р «Рускі балет»). Гардзееву-танцоўшчыку найб. блізкія партыі лірыка-драм. плана: Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Зігфрыд, Дэзірэ, Прынц («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева). Сярод пастановак: «Шчаўкунок», «Міраж» на муз. В.А.Моцарта, «Мелодыя» на муз. А.Дворжака, новая рэд. «Вальпургіевай ночы» з оперы «Фауст» Ш.Гуно і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета (1972), Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1973).

т. 5, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ШНІКАЎ (Міхаіл Мікалаевіч) (н. 27.1.1948, Рыга),

артыст балета. Засл. арт. Расіі (1973). Скончыў Ленінградскае маст. вучылішча (1967). З 1967 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.М.Кірава. З 1974 у ЗША. Супрацоўнічае з «Амерыканскім тэатрам балета» (у 1980—89 маст. дырэктар і саліст), «Нью-Йоркскім гарадскім балетам», танцаваў у трупах А.Эйлі, П.Тэйлара, Каралеўскім балеце Вялікабрытаніі, «Балеце XX стагоддзя», Марсельскім балеце і інш. З 1992 узначальвае трупу «Танцавальны праект «Белы дуб» (Фларыда, ЗША). Сярод партый: Адам («Стварэнне свету» А.Пятрова), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Альберт («Жызэль» А.Адана), Шчаўкунок («Шчаўкунок» П.Чайкоўскага) і інш. Здымаецца ў тэле- і кінафільмах. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў балета (Варна, 1966; Масква, 1969) і прэміі імя В.Ніжынскага (Парыж, 1969).

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКІХ (Яўген Міхайлавіч) (11.1.1922, Масква — 25.11.1985),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыў студыю пры Свярдлоўскім т-ры оперы і балета (1937) і да 1941 артыст гэтага т-ра. У 1946—49 саліст Пермскага т-ра оперы і балета. У 1949—57 вядучы танцоўшчык Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1952—69 выкладчык Бел. харэагр. вучылішча. Артыст лірыка-драм. плана, добра валодаў мастацтвам дуэтнага танца. Сярод партый на бел. сцэне: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Феб, Іванушка («Эсмеральда», «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Ма Лічэн («Чырвоны мак» Р.Гліэра). Стварыў вострахарактарны вобраз Князя («Палымяныя сэрцы» В.Залатарова).

А.І.Калядэнка.

т. 5, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎТУ́Н (Валерый Пятровіч) (н. 22.10.1944, г Ясінаватая Данецкай вобл., Украіна),

украінскі артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1978). Скончыў Кіеўскае харэаграфічнае вучылішча (1965). З 1965 у Т-ры імя Лысенкі (Харкаў), з 1968 саліст, з 1985 гал. балетмайстар Т-ра оперы і балета імя Т.Шаўчэнкі (Кіеў). Сярод партый: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Альберт («Жызэль» А.Адана), Дафніс, Юнак («Дафніс і Хлоя», «Балеро» М.Равеля), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Лукаш («Лясная песня» М.Скарульскага), Дон Жуан («Каменны валадар» В.Губарэнкі). Сярод пастановак балет «Шчаўкунок» Чайкоўскага (1986). Прэміі міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Варне (1970, Балгарыя) і Маскве (1973), прэмія імя В.Ніжынскага (1977, Парыж). Дзярж. прэмія Украіны 1986.

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДУНО́Ў (Аляксандр Барысавіч) (28.11.1949, г. Паўднёва-Сахалінск, Расія — 13.5.1995),

рускі артыст балета. Скончыў Рыжскае харэагр. вучылішча (1967). З 1967 саліст харэагр. ансамбля «Маскоўскі класічны балет», з 1971 — Вял. т-ра ў Маскве. Яго танец вылучаўся яркасцю, тонкай пластычнай выразнасцю, адточанасцю тэхнікі ў партыях класічнага і сучаснага рэпертуару: Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Клаўдзіо («Каханнем за каханне» Ц.Хрэннікава), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Іван Грозны («Іван Грозны» С.Пракоф’ева), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына), Вронскі («Ганна Карэніна» Шчадрына). З 1979 у ЗША і Зах. Еўропе: у Амер. т-ры балета, у трупе А.Эйлі, з 1984 у антрэпрызе «Гадуноў і зоркі». Залаты медаль Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Масква, 1973). У 1985 пакінуў сцэну. Здымаўся ў Галівудзе («Моцны арэшак-1», 1988, і інш.).

А.І.Максаў.

т. 4, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Уладзімір Віктаравіч) (н. 18.4.1940, Масква),

рускі артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1973). Скончыў Маскоўскае харэагр. вучылішча (1958). У 1958—88 саліст Вял. т-ра, з 1995 яго маст. кіраўнік — дырэктар. Творчасць Васільева вылучаецца сілай і прыгажосцю скачкоў і вярчэнняў, чысцінёй ліній, пластычнай дасканаласцю. Сярод партый: Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Пятрушка («Пятрушка» І.Стравінскага), Шчаўкунок-Прынц» («Шчаўкунок» П.Чайкоўскага); першы выканаўца партыі Спартака («Спартак» А.Хачатурана»; Ленінская прэмія 1970) і інш. Пастаянны партнёр К.Максімавай (жонка Васільева). Сярод пастановак: «Макбет» К.Малчанава (1980, і выканаўца гал. партыі), «Папялушка» С.Пракоф’ева (1991), опера «Травіята» Дж.Вердзі (рэжысёр-пастаноўшчык; 1996). Першыя прэміі міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Вене (1959) і Варне (1964, Балгарыя), прэмія В.Ф.Ніжынскага (Парыж, 1964). З 1980-х г. выступае за рубяжом у спектаклях балетмайстраў М.Бежара, Р.Пці і інш.

т. 4, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАЎ (Аскольд Анатолевіч) (н. 3.5.1925, в. Новамасальскае Зубцоўскага р-на Цвярской вобл., Расія),

расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1983). Канд. мастацтвазнаўства (1969). Праф. (1976). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1943). З 1943 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. З 1970 выкладае ў Санкг-Пецярбургскай кансерваторыі. З 1976 адначасова маст. кіраўнік трупы «Харэаграфічныя мініяцюры» ў С.-Пецярбургу. Для М.танцоўшчыка характэрны эпічнае абагульненне нар. характару ў канкрэтным персанажы, скульптурнасць пластыкі, энергія, псіхалагізм. Сярод партый: Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Базіль, Салор («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Вацлаў і Гірэй («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.Глазунова), Ма Лічэн («Чырвоны мак» Р.Гліэра), Прынц, Даніла («Папялушка», «Каменная кветка» С.Пракоф’ева), Алі Батыр («Шурале» Ф.Яруліна), Спартак («Спартак» А.Хачатурана). Аўтар прац па праблемах харэаграфіі. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Літ.:

Ильичева М. А.Макаров. Л., 1984.

т. 9, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)