БАБО́К, бабоўнік, трыфоль,

трыліснік (Menyanthes),

род кветкавых раслін сям. бабковых. Уключае 1 від — бабок трохлісты ((Menyanthes trifoliata). Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца на нізінных і сфагнавых балотах, па забалочаных берагах рэк, азёраў, канаў, утварае зараснікі.

Шматгадовая травяністая расліна выш. 20—35 см з тоўстым, доўгім, паўзучым карэнішчам. Лісце трайчастае, суцэльнакрайняе, чаргаванае, прыкаранёвае, на доўгіх чаранках. Кветаноснае сцябло бязлістае, бакавое. Кветкі двухполыя, бледна-ружовыя або белыя, духмяныя, з нектарнікамі, у густых прамастойных гронках. Плод — акруглая каробачка. Лек. (жаўцягонны сродак і ўзбуджальнік апетыту), фарбавальная, меданосная і дэкар. расліна, мае гліказіды меніянцін, меліянцін, алкалоід генцыянін, вітамін C, дубільныя рэчывы і інш.

Бабок трохлісты.

т. 2, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЫ́ТНІК, кала (Calla),

манатыпны род кветкавых раслін сям. ароннікавых. 1 від — К. балотны (C. palustris). Пашыраны ва ўмераным і субарктычным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі расце на балотах, у забалочаных чорна-альховых лясах. Нар. назвы: заечы бабоўнік, пеўнікі, гуска, жытніца. Пад назвай кала ў цяпліцах і аранжарэях вырошчваюць некат. віды блізкага роду Zantedeschia з Паўд. Афрыкі.

Шматгадовая травяністая расліна з кароткім узыходным сцяблом выш. да 30 см і паўзучым карэнішчам. Лісце шырокасэрцападобнае, доўгачаранковае, бліскучае. Кветкі без калякветніка, дробныя, двухполыя, у шчыльных катахах, абгорнутых белым пакрывалам. Плады — чырв. сакаўныя ягады, сабраныя ў суплоддзі. Лек., дэкар. і акварыумная расліна. Ядавіты, асабліва ягады і карэнішча.

Г.​У.​Вынаеў.

Капытнік балотны.

т. 8, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кубаркі́ ’зараснікі бабоўніку або капытніку’ (Яшк.). Назва расліны бабоўнік адпавядае форме яе плода (каробачка) (БелСЭ, 2, 38). Гл. кубар1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трылі́снік ‘назва некаторых раслін з трайчастымі лістамі’ (ТСБМ, Бяльк., Меер Крыч.), ‘бабоўнік, Menyanthes trifoliata L.’ (Кіс.; навагр., клім., ЛА, 1), ‘канюшына’ (Ласт., Др.-Падб.). Паводле наяўнасці трайчастых лістоў, названы рус. трилистник, чэш. třílistník, třulistník, мар. trumfulija (Махэк, Jména, 183), ням. Dreiblattбабоўнік’ — магчыма, у некаторых выпадках узорам было лац. tri‑folium ‘канюшына, трыліснік’ (Пастусяк, Pogranicze, 138; Мяркулава, Очерки, 35–36).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раме́ннік ’зараснік бабоўніку’ (жытк., Яшк.), ’шабельнік, расліна падобная на бабоўнік’, ’нейкая вадзяная расліна’ (ТС). Магчыма, звязана з высаджваннем расліны па краі, вакол зямельнага надзелу. Больш за тое не ясна. Гл. ра́мень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баброўнік, бобрык ’расліна бабок трохліставы, Menyanthes trifoliata L.’ (Кіс.). Іншыя яе назвы: бабок, бабоўнік, бобік і г. д. (ад bobъ, гл. бабо́к). Укр. боброк ’Menyanthes’. Запазычанне з польск. bobrek, bobrownik ’тс’ (ад дыял. bober, bóber ’боб’). Гл. Мяркулава, Очерки, 36.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́лнік (ра́лнык) ’расліна капытнік’, ’бабоўнік’ (пін., ЛА, 1; Лексика Пол.), ’чыстацел’ (ТС). Назва капытнік наводзіць на параўнанне з рала3 (гл.) ’прамежнасць паміж капытоў парнакапытных’ або на магчымасць шматлікіх разгалінаванняў, параўн. ралаваты (гл.). Іншая назва на Тураўшчыне — раннік ’чыстацел’ (гл.) дапускае магчымасць распадабнення нн > лн.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Како́шнік1 ’галаўны ўбор, намітка’ (Бяльк.), ’старадаўні рускі жаночы галаўны ўбор у выглядзе ўпрыгожанага шчытка пад ілбом’ (БРС, ТСБМ). Слова ў другой фіксацыі неабходна лічыць русізмам, больш цяжкая справа з усх.-бел. лексемай. Адпаведнік гэтаму слову ў рус. мове: кокошник ’жаночы галаўны ўбор («кичкообразныя, полотенчатый, в виде чепца, шапочки, …широкой туфли, шитой золотом и позументом») і да т. п.’, змястоўнае апісанне рэалій дае СРНГ, 14, 101–102. Месца распаўсюджання слова — пск., цвяр., калуж., валаг., наўг. і інш., у глыбіні рус. моўнай тэрыторыі, сведчыць аб тым, што рус. лексема, паралелей да якой у іншых мовах не знаходзіцца, з’яўляецца інавацыяй. Бел. у такім разе або непасрэдна суадносіцца з рус. (у выніку гістарычнай сувязі ўсх.-бел. гаворак з рус.), або пранікненне з рус. гаворак. Нельга выключыць і магчымасці прыўнясення слова перасяленцамі. Што датычыцца матываў намінацыі рус. лексемы, можна саслацца на даследаванне Зяленіна, які меркаваў, што тэрмін суадносіцца з назвай курыцы (або пеўня) кокошь па той прычыне, што рэалія нагадвае грэбень на галаве птушкі (Russ. Volksk., 234 і наст.; там і малюнак). Іншыя назвы галаўнога ўбору, звязаныя з назвай птушкі: рус. кокоша, кокошка, сорока.

Како́шнік2 ’капытнік, Calla palustris’ (мін., Кіс.; Касп.; чэрв., Нар. лекс.), какочнік ’тс’ (він., Ганч.; Кіс.). Какошнік якбабоўнік’ (Жд. 2), аднак, відавочна, што тут размова ідзе аб той жа расліне (параўн. нар. сінонімы для Calla palustris: заячы бабоўнік, бобак, бабоўнік), а зусім не пра бабоўнік ’Laburnum’ — ядавітую расліну, назва якой у бел. мове калькуе рус. тэрмін бобовник і з’яўляецца вельмі няўдалай, паколькі ў бел. гаворках лексема бабоўнік азначае расліну Calla або Menyanthes. Гэтыя расліны непадобныя, аднак у іх падобныя па форме карэнні, што тлумачыць аднолькавасць назвы. Як сінонім да бабок ’Menyanthes’ падае слова бабоўнік і ТСБМ, прыводзячы трэцім значэннем ’Laburnum’. Відавочна, што тут недакладнасць тлумачэння лексемы какошнік (Жд. 2): ужыта для дэфініцыі народная назва. Адсутнасць шматлікіх сінонімаў у бел. гаворках для расліны Menyanthes дазваляе думаць, што какошнік у мінска-маладзечанскім слоўніку азначае толькі ’ < аІІа’ і нельга меркаваць аб магчымым пераносе назвы какошнік на Menyanthes. Зафіксаваны варыянт какочнік уяўляе спробу паказаць унутраную форму або трансфармацыю «суфікса» на больш падыходзячыя ў выніку дээтымалагізацыі лексемы. Фармальныя паралелі да гэтага слова ў рус. кокошник; дакладных адпаведнікаў няма. Улічваючы, што ўтваральная аснова ў бел. мове вельмі рэдка прадстаўлена (гл. какотках і інш.), можна дапусціць, што тэрмін какошнік старыбел. інавацыя даўняга перыяду або наогул архаізм; у слав. мовах няма агульнай назвы для Calla. Апошняе меркаванне, аднак, толькі дагадка. Матывацыя суаднесенасці назвы расліны з тэрмінам для птушкі раскрываецца праз сінонімы петушкі. пеўнікі (гом., Кіс.), гуска, птушкі (маг., Кіс.), пітушкі (Бяльк.) і вядомыя меркаванні, паводле якіх так называюцца расліны з белым колерам кветак або са спалучэннем белага і жоўтага. Параўн. яшчэ рус. белокрыльник.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке ’і, ды, ці’ (ТС. Чуд., Шпіл.). Першую спробу этымалагізацыі знаходзім у Чуд., 76, дзе ке параўноўваецца са ст.-грэч. καί ’і’. Цыхун (БЛ, 28, 1985, 64) слушна адвяргае магчымасць захавання такога архаізма, які даў бы рэфлекс *це (параўн. для ст.-рус. цЬ Фасмер, 4, 293). Цыхун (там жа, 64–65) прапануе тры магчымыя версіі паходжання разглядаемай лексемы. Варыянт кі‑ можна генетычна суаднесці са ст.-рус. ти Ί, at але’∼ літ. tei..t lei ’як.., так і’. Тады прыйдзецца прыняць пад увагу паслядоўны пераход ť > k’ на тэрыторыі распаўсюджання кі. Варыянт ке можна выводзіць з *KO‑je. I нарэшце, кі < як і. Апошняя версія здаецца найбольш пераканаўчай. Параўн. прыклад з Чуд.: «На вадзе, ке на вяселлі людзі пьюць» («На вадзе, як і на вяселлі…»). Або з ТС, 189: «…А бабоўнік, ке полынь — горкота» (= «А бабоўнік, як і полынь.…»).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыла́пні́кбабоўнік, Laburnum Medic.’ (брасл., Сл. ПЗБ), tryłapnik, kryłapnik ‘капытнік балотны, Calla palustris L.’ (Брасл. сл.). Параўн. літ. trilãpis ‘тс’. Меркаванне аб балтыйскім паходжанні грунтуецца на літ. lãpas ‘ліст’, параўн. адносна бабоўніка: у трылапніку лісткі круглінькія — тры пальчыкі на сучку (= на сцяблінцы), аднак мажліва і метафарычнае ўтварэнне, гл. іншую назву — мядзвежыя лапкі (смал., Кіс.). Рэканструкцыю прасл. *lapъ ‘ліст’, вытворнага *lapъtъ ‘шыракалістая расліна’ прапануе Фурлан, Jez. zap. 16/2, 36. Параўн. трыліснік, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)