адзінабо́рства, ‑а, н.
Барацьба адзін на адзін паміж двума праціўнікамі; паядынак. Даўней гэта выглядала так. Сустракаліся два варожыя станы. Асілкі скрыжоўвалі зброю, а ворагі тым часам, гледзячы з двух бакоў на адзінаборства, набіраліся злосці, каб рынуцца пасля ў крывавы бой. Брыль. // Барацьба аднаго з некалькімі праціўнікамі адначасова або са стыхіяй. Сама легенда была нескладанай: паводле яе, адзін толькі Страцім-лебедзь адмовіўся ад Ноевага каўчэга, сам уступіўшы ў адзінаборства са стыхіяй патопу. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́зачны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да казкі (у 1 знач.). Казачны сюжэт. Казачная канцоўка.
2. Які існуе толькі ў казках; нерэальны. Казачны горад. Казачныя асілкі. □ Верыцца [Ніне], што ў цемры над ёю, быццам казачны добры дух, заўсёды будзе бабуля — першая, найлепшая, адзіная... Брыль. // перан. Незвычайны, дзівосны, цудоўны. Вестка аб казачнай машыне... умомант абляцела ўсё наваколле. Дадзіёмаў. — Валі, напэўна, падабаецца слухаць казачную музыку Моцарта, Ліста, любавацца на карціны Гроггера і Матэйкі? Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАСНЯЦО́Ў (Віктар Міхайлавіч) (15.5.1848, в. Лоп’ял Кіраўскай вобл., Расія — 23.7.1926),
рускі жывапісец. Правадзейны чл. Пецярбургскай АМ (з 1893). Брат А.М.Васняцова. Вучыўся ў Пецярбургу ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастацтваў (1867—68) у І.М.Крамскога і ў АМ (1868—74). Чл. Т-ва перасоўнікаў з 1878. У 1870-я г. выступіў з жанравымі карцінамі: «З кватэры на кватэру» (1876), «Ваенная тэлеграма» (1878). З 1880-х г. гал. тэма творчасці — рус. гісторыя, нар. быліны, казкі. Карціны «Пасля пабоішча Ігара Святаславіча з полаўцамі» (1880), «Алёнушка» (1881), «Цар Іван Васілевіч Грозны» (1897), «Асілкі» (1898), «Плашчаніца» (1901) і інш. пачынаюць нац. рамант. кірунак у рус. рэаліст. жывапісе. Тэатр. мастак, партрэтыст і аўтар ілюстрацый да кніг. У Нац. маст. музеі Беларусі карціны: «Партрэт сына», «Узлесак» (эцюд да «Алёнушкі», 1880—81), «Тры царэўны падземнага царства» (1884) і інш.
Літ.:
Васнецов В.А. Страницы прошлого.. Л., 1976.
т. 4, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
цмок 1, ‑а, м.
У казках і народных паданнях — пачвара ў вобразе змея, дракона. Толькі пела [маці] мне песні Аб цёмных бяздонных азёрах, У якіх ажываюць начамі Апаўшыя зоры, Аб дрымучых лясах, Дзе асілкі змагаюцца з цмокам. Кірэенка. // перан. Носьбіт варожых народу сіл; крывасмок. Зімой, у вялікі мароз, папрывязвалі бяздушныя цмокі гэтых палонных да аглобляў сваіх фурманак, і людзі.. павінны былі бегчы.. з коньмі. Ермаловіч.
цмок 2, выкл.
1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння адрывістага гуку, які атрымліваецца раптоўным раскрыццём сціснутых губ.
2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. цмокаць — цмокнуць. У шчаку дзяўчыну цмок.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Асёлка ’радуга’ (Касп.), осело́к (ДАБМ, 902). Укр. оселка ’тс’. Безумоўна звязана з вясёлка, укр. веселка ’тс’. Аднак вакалізм пачатку ў паўднёвабеларускай і ўкраінскай формах сведчыць аб тым, што простым усячэннем пачатковага в‑ форму гэту вытлумачыць нельга. Магчыма, асёлка ’радуга’ кантамінацыйна звязана з асялок прылада для вастрэння’ (ад якой адлятаюць іскры, як, магчыма, маланкі, ва ўяўленні нашых продкаў, ад радугі). Магчыма, кантамінацыя тут адбывалася з о́сілкі ’(паўкруглая) ручка вядра’. Нельга выключыць і тое, што форма асёлка адлюстроўвае неабходнасць лічыць сучасную сувязь вясёлка — вясёлы пазнейшай, магчыма, народнаэтымалагічнай, а старажытную назву радугі звязваць з словамі тыпу ст.-іран. asman ’неба’. Трэба, нарэшце, указаць на магчымую сувязь асёлкі ’радугі’ з асілкамі (гл.) або праз іскры, звязаныя з уяўленнямі пра каменную прыроду асілкаў (параўн. іх рэбры), або праз вобраз змяі (з якой звязана і радуга і асілкі). Няясна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)