цмок¹, -а, мн. -і, -аў, м.

У казках і народных паданнях: пачвара ў выглядзе змея, дракона.

Асілкі змагаліся з цмокам.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

асі́лак

назоўнік, агульны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. асі́лак асі́лкі
Р. асі́лка асі́лкаў
Д. асі́лку асі́лкам
В. асі́лка асі́лкаў
Т. асі́лкам асі́лкамі
М. асі́лку асі́лках

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

валато́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Абл. Курган, у якім, паводле народных уяўленняў беларусаў, пахаваны легендарныя асілкі-волаты. На магілцы-валатоўцы Зарунеюць кветак руні. Зайдзе сонца, узыдзе сонца... Сні, таварыш, аб Камуне! Купала. Я часта прыпыняюся каля сталоў, Дзе разлажылі прадаўшчыцы зёлкі, Сабраныя з усіх лугоў, палёў, на скрыжаваннях і на валатоўках. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазадзіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Падняць угору ўсё, многае. Пазадзіраць аглоблі ўверх. Пазадзіраць вышэй галовы. □ Пазадзіралі дзюбы ў неба Асілкі-краны, як буслы. Броўка. // Загнуць, задраць уверх усё, многае. Пазадзіраць пазногці.

2. Забіць, разарваць усіх, многіх. Хацеў [Рыгор] ускінуць на плечы кажух, выйсці на двор ды паглядзець, каб хоць не падкапаліся [ваўкі] пад хлеў ды не пазадзіралі авечак. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нованаро́джаны, ‑ая, ‑ае.

Які толькі што, нядаўна нарадзіўся. Нованароджанае дзіця. // у знач. наз. нованаро́джаны, ‑ага, м.; нованаро́джаная, ‑ай, ж. Пра чалавека, які толькі што, нядаўна нарадзіўся. Восем, шчаслівых бацькоў зарэгістравалі нованароджаных. Карпюк. // перан. Які зусім нядаўна ўзнік, з’явіўся. Слабае святло нованароджанага месяца мігцела ў насцярожаных дзікаватых вачах [коней]. Караткевіч. І ўдзень і ўночы ўсе цэхі шумяць, гудзяць, грымяць, а з канвеераў сыходзяць нованароджаныя магутныя асілкі-машыны. Сапрыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́зачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да казкі (у 1 знач.). Казачны сюжэт. Казачная канцоўка.

2. Які існуе толькі ў казках; нерэальны. Казачны горад. Казачныя асілкі. □ Верыцца [Ніне], што ў цемры над ёю, быццам казачны добры дух, заўсёды будзе бабуля — першая, найлепшая, адзіная... Брыль. // перан. Незвычайны, дзівосны, цудоўны. Вестка аб казачнай машыне... умомант абляцела ўсё наваколле. Дадзіёмаў. — Валі, напэўна, падабаецца слухаць казачную музыку Моцарта, Ліста, любавацца на карціны Гроггера і Матэйкі? Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзінабо́рства, ‑а, н.

Барацьба адзін на адзін паміж двума праціўнікамі; паядынак. Даўней гэта выглядала так. Сустракаліся два варожыя станы. Асілкі скрыжоўвалі зброю, а ворагі тым часам, гледзячы з двух бакоў на адзінаборства, набіраліся злосці, каб рынуцца пасля ў крывавы бой. Брыль. // Барацьба аднаго з некалькімі праціўнікамі адначасова або са стыхіяй. Сама легенда была нескладанай: паводле яе, адзін толькі Страцім-лебедзь адмовіўся ад Ноевага каўчэга, сам уступіўшы ў адзінаборства са стыхіяй патопу. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цмок 1, ‑а, м.

У казках і народных паданнях — пачвара ў вобразе змея, дракона. Толькі пела [маці] мне песні Аб цёмных бяздонных азёрах, У якіх ажываюць начамі Апаўшыя зоры, Аб дрымучых лясах, Дзе асілкі змагаюцца з цмокам. Кірэенка. // перан. Носьбіт варожых народу сіл; крывасмок. Зімой, у вялікі мароз, папрывязвалі бяздушныя цмокі гэтых палонных да аглобляў сваіх фурманак, і людзі.. павінны былі бегчы.. з коньмі. Ермаловіч.

цмок 2, выкл.

1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння адрывістага гуку, які атрымліваецца раптоўным раскрыццём сціснутых губ.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. цмокаць — цмокнуць. У шчаку дзяўчыну цмок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Асёлка ’радуга’ (Касп.), осело́к (ДАБМ, 902). Укр. оселка ’тс’. Безумоўна звязана з вясёлка, укр. веселка ’тс’. Аднак вакалізм пачатку ў паўднёвабеларускай і ўкраінскай формах сведчыць аб тым, што простым усячэннем пачатковага в‑ форму гэту вытлумачыць нельга. Магчыма, асёлка ’радуга’ кантамінацыйна звязана з асялок прылада для вастрэння’ (ад якой адлятаюць іскры, як, магчыма, маланкі, ва ўяўленні нашых продкаў, ад радугі). Магчыма, кантамінацыя тут адбывалася з о́сілкі ’(паўкруглая) ручка вядра’. Нельга выключыць і тое, што форма асёлка адлюстроўвае неабходнасць лічыць сучасную сувязь вясёлкавясёлы пазнейшай, магчыма, народнаэтымалагічнай, а старажытную назву радугі звязваць з словамі тыпу ст.-іран. asman ’неба’. Трэба, нарэшце, указаць на магчымую сувязь асёлкі ’радугі’ з асілкамі (гл.) або праз іскры, звязаныя з уяўленнямі пра каменную прыроду асілкаў (параўн. іх рэбры), або праз вобраз змяі (з якой звязана і радуга і асілкі). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)