Ветраго́н1 ’прыстасаванне для ўтварэння моцнага патоку паветра’ (КТС, БРС), вітрагон ’прыстасаванне ў веялцы’ (Яўс.), укр. вітрого́н ’вентылятар’, рус. ветрогон: варон. ’флюгер’, урал. ’ручны вентылятар у шахце’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад вецер і гнаць (гл.). У прыметніка ветрагонны (мед.) першая частка ветра- (< вецер) ужыта ў пераносным значэнні ’газы’. Серб.-харв. ветро̀гон і вјетро̀гон ’падвей асаковы, Eriophorum, Cyperaceae’, балг. ветрогон ’сінегаловік’ утварыліся, відавочна, самастойна і не звязаны з бел. ветрагон1.

Ветраго́н2 ’легкадумны, пусты чалавек’ (КТС, БРС, Яўс., Растарг.), укр. вітрогон, рус. ветрогон, польск. даўн. wiatrogon ’вясёлы, дасціпны, легкадумны чалавек’, серб.-харв. ветро̀гоња ’пустаслоў, легкадум’, макед. ветрогон, балг. ветрогон ’тс’. Да вецер і гнаць (гл.). Узнікла ў выніку пераносу значэння па функцыі лексемы ветрагон1. Сюды ж ветрагонка ’легкадумная жанчына’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плю́ха1 ’аплявуха’ (Нас., Др.-Падб., Яруш., Бяльк.). Скарочанае ад апляву́ха, пляву́ха (гл.) < плява́ць, варыянт плюва́ць (на рукі перад тым, як біць) пры ад’ідэацыі гукапераймання плюх! — гук пры пляванні (Шат.), параўн. плю́хаць ’пляваць’ (Шат.; швянч., Сл. ПЗБ; Растарг.) і плю́хнуць ’даць аплявуху’, выраз плю́ху падняў ’упаў азадкам’ (Нас.); плюх! — ’удар ад падзення мяккай часткай цела’ (Стан.). Рус. плю́ха ’аплявуха’ (ад плю́хнуть) Фасмер (3, 290) параўноўвае з лат. pļaũka ’тс’ (ад pļaut ’касіць, біць’). Гл. плю́хаць1.

Плю́ха2 ’аер, Acorus calamus L.’, ’касач, Iris L.’ (ТС; ЛА, 1). Магчыма, адваротны дэрыват ад плюшня, плюшнік, плюснік (гл.).

Плю́ха3 ’лёгкі малакаларыйны торф з мноствам пустацелых травяністых каранёў’ (слуц., Нар. словатв.). Да плю́ха2. Параўн. літ. plaušà ’асака’ і ’асаковы торф’ і pliūšė̃ ’трыснёг’.

Плю́ха4 ’грыб каўпак ігольчасты, падбалацянка’ (пін., Жыв. сл.), плю́хі ’салянкі, пласцінчатыя спажыўныя грыбы з светла-шэрай шапкай, якія растуць вялікімі зросткамі’ (карэліц., Нар. словатв.), ’від асенніх грыбоў’ (слонім., Жыв. НС), плю́ха, плюхі ’шампіньёны’ (Жд. 3), параўн. рус. маск. плю́ха ’шаруха, Lactarius flexuosus’. Апошняе слова Гаўлава (Etym. Brun., 1, 22) звязвае з пліскі ’лісічкі’ (гл.), што ў сваю чаргу ідэнтыфікуецца з *plʼuska ’скурка, лупінка’, бо шапачкі грыбоў маюць лускавінкі.

Плю́ха5 ’неахайная жанчына’ (пін., ЖНС), параўн. польск. plucha ’плюгавец’ — экспрэснае сцягненне замест plugawiec ’тс’ (Банькоўскі, 2, 611). Хутчэй за ўсё, самастойнае ўтварэнне ад плю́хаць ’боўтацца ў гразі’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)