Ветраго́н 1 ’прыстасаванне для ўтварэння моцнага патоку паветра’ (КТС, БРС), вітрагон ’прыстасаванне ў веялцы’ (Яўс.), укр. вітрого́н ’вентылятар’, рус. ветрогон: варон. ’флюгер’, урал. ’ручны вентылятар у шахце’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад вецер і гнаць (гл.). У прыметніка ветрагонны (мед.) першая частка ветра- (< вецер) ужыта ў пераносным значэнні ’газы’. Серб.-харв. ветро̀гон і вјетро̀гон ’падвей асаковы, Eriophorum, Cyperaceae’, балг. ветрогон ’сінегаловік’ утварыліся, відавочна, самастойна і не звязаны з бел. ветрагон 1.
Ветраго́н 2 ’легкадумны, пусты чалавек’ (КТС, БРС, Яўс., Растарг.), укр. вітрогон, рус. ветрогон, польск. даўн. wiatrogon ’вясёлы, дасціпны, легкадумны чалавек’, серб.-харв. ветро̀гоња ’пустаслоў, легкадум’, макед. ветрогон, балг. ветрогон ’тс’. Да вецер і гнаць (гл.). Узнікла ў выніку пераносу значэння па функцыі лексемы ветрагон 1. Сюды ж ветрагонка ’легкадумная жанчына’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)