бо́ўтнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да боўтаць.

2. Тое, што і боўтнуцца (у 1 знач.); плюхнуць. Вунь боўтнула з разгону лягушка, аж пырскі дасталі да задзірыстага Паўлікавага носа. Даніленка.

3. Разм. Кінуць што‑н. у ваду. Па дарозе.. [Тварыцкі] боўтнуў аплецены дротам гаршчок у ваду. Чорны.

4. перан. Разм. Сказаць што‑н. недарэчы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рага́тка ж., в разн. знач. рога́тка;

~кі былі́ апле́цены дро́там — рога́тки бы́ли оплетены́ про́волокой;

цэнзу́рныя ~кі — цензу́рные рога́тки;

страля́ць з ~кі — стреля́ть из рога́тки

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Аплята́ць1. Гл. плесці.

Аплята́ць2 ’прагна есці’. Рус. уплета́ть і оплета́ть, укр. оплітати ’тс’. Магчыма, звязана з народным выкарыстаннем аплеценых гаршкоў, параўн. аплятанік ’гліняны гаршчок, аплецены дротам’ (Інстр. I), аплятаць гаршчок ’закончыць яго’ (У. А. Міцкевіч, вусн. паведамл.). Магчыма, звязана з плоць ’цела’, параўн. рус. сіб. плетево ’стан, талія чалавека’ > *оплетати ’набываць плоць, стан’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лясковачка1, лесковачка ’гаршчочак’ (светлаг., Мат. Гом., Ян.). Няясна. Магчыма, звязана з ляска ’ляшчына’ — дубчыкі з ляшчыны, якімі аплятаўся слабы гаршчок для большай моцы. Параўн. берасцень ’гаршчок, які быў аплецены берастам’. Не выключана найменне гаршка паводле палосак, нанесеных на паверхню. Параўн. польск. laskować ’рабіць жалабкі’, ’пакрываць дранкай, ляскай’, laskowaty ’рыфлены’, а таксама ст.-бел. ляска ’нейкая судзіна’ (Скурат, БЛ, 8, 11). Гл. таксама лязкоўка.

Лясковачка2 ’дзіцячая гульня’ (Ян.), ляскоўка (іграць у ляскоўку) — бел.-рус. ізалекса (Герд, там жа, 32). Відаць, да ляскаць. У пацвярджэнне можна прывесці апісанне гульні ў Бялькевіча: адзін нагінаецца і зажмурвае вочы, яго па спіне б’юць (= ляскаюць), а ён павінен адгадаць, хто ўдарыў (Бяльк., 256).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Снадзь, сна́дзіва ‘інструмент’ (Стан.), сна́дзіцца ‘аснашчацца’, сюды ж (відаць, наватвор) аснада ‘забеспячэнне прыладамі, прыстасаваннямі’ (Ласт.). Параўн. стараж.-рус. снадь ‘паверхня, верхняя частка’, серб.-ц.-слав. снадь ‘павярхоўны’. Прасл. *snadьаплецены, спрадзены ці вытканы верхні слой, паверхня чаго-небудзь’, што ўяўляе архаічны дэрыват з суф. *‑dь без матывацыі на славянскай глебе, параўн. лат. snāt ‘злёгку скручваць, сплятаць’, snāte ‘ільняная покрыўка’, гл. Борысь у SEK, 4, 337. Сюды ж ст.-бел. снать (снатъ) ‘відавочна, напэўна, відаць’ (Ст.-бел. лексікон), аналагічна снадбы: а потрафило бы повстати людем против нас снадбы живо были нас пожерли (Псалтыр XVI ст.; Карскі 2-3, 495), што можна суаднесці з ст.-польск. snad, snadź ‘можа’ (што лічыцца няпэўным багемізмам, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 325), сучасным польск. snadź ‘відавочна, напэўна, праўдападобна’, н.-луж. snaź ‘можа, можа быць, верагодна, магчыма’, в.-луж. snadż ‘тс’, чэш. snad, дыял. snaď ‘магчыма, хіба, пэўна’, славац. snáď ‘магчыма, відаць, верагодна’, каш. snod, snad ‘зараз, адразу’, што ўяўляюць акасцянелую форму назоўніка ў функцыі прыслоўя, значэнне якога развілося на базе семантыкі ‘павярхоўны’ (Борысь, там жа). Гл. таксама Фасмер, 3, 696; ЕСУМ, 5, 332. Гл. снасць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́нтух ’вялікі мяшок’ (Гарэц., Др.-Падб., Шн. 2, Інстр. 3), лантуг ’тс’ (Бяльк.), ланту́хаплецены з вяровак дарожны мех для сена каню’ (мядз., Нар. сл., Сл. паўн.-зах.), ла́нту́х ’жывот, бруха, пуза’, ’вантробы, унутранасці’, ’частка вантробаў’ (Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Юрч.; слонім., Нар. словатв.), драг. ’вялікі жывот’, глыб., паст., гродз., лельч. ’тоўсты, непаваротлівы, трыбухаты чалавек’, ’гультай’, ’неахайны’ (Сл. паўн.-зах., Нар. сл., З нар. сл., Нар. лекс., КЭС, лаг.), лантушок, лантухі, лынтухі, ланту́шша ’ўнутранасці’ (Нас., Яруш., Юрч., Бяльк.), лях. ’коўдра, посцілка’ (Янк. Мат., Сл. паўн.-зах.). Укр. лантух ’посцілка для ссыпання ў яе збожжа’, ’вялікі мех’, рус. дан., паўд.-рус. ’мешкавіна’, ’мех’, бран., смал. ’страўнік жывёл’. Паралелі заходнеславянскіх моў сведчаць пра тое, што кожнае запазычанне адбывалася самастойна: польск. łantuch ’ануча’ < wańtuch ’грубае палатно’ < ням. Wagentuch (Брукнер, 601; Слаўскі, 4, 464), чэш.славац.) lajntuch ’прасціна’ < ням. Leintuch (< Lein ’лён’ і Tuch ’сукно’ (Голуб-Ліер, 279). Рус. лантух, паводле Фасмера (2, 458), паходзіць з ням. Plantuch, Blahentuch (< Plane ’брызент’ ці Blahe ’парусіна’) або, магчыма, з ням. Leintuch ’палатно’. У бел. мове лантух (< ням. Leintuch) першапачаткова азначала ’коўдра, посцілка’. У посцілцы маглі насіць сена, засцілаць салому, на якой спалі, сядзелі на возе, пасля значэнне развіваецца ў напрамку: ’мяшок, у які напіхвалі сена, салому (сяннік)’ > ’мех, вялікі мех’, параўн. ст.-бел. вантухъ (Булыка, Лекс. запазыч., 153) > ’пяхцёр’, параўн. віл., рагач. рапту́х, рэптух (Сл. паўн.-зах.). Пазней шляхам пераносу значэння з’явіліся ’жывот, трыбух; унутранасці’ > ’гультай’. Чартко (Бел. лінгв. зб., 149) бел. лантух ’чалавек, жывёла з тоўстым жыватом’ выводзіць са ст.-бел. вантухъ ’тоўстая посцілка’, якое з с.-в.-ням. Wagen ’воз’, tuoch ’сукно’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клець ’сялянскі будынак для захавання маёмасці; свіран, кладоўка’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сл. паўн.-зах., ДАБМ, Тарнацкі, П. С., Шушк., Бломкв., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Нік. Очерки, Бяльк., Яруш., Нар. словатв., Сцяшк., Грыг., Мал., Шн., Некр., Хар., Сержп., Маш., Гарэц.). Укр. кліть, рус. клеть, балг. клет, макед. клед, серб.-харв. кле̑т, славен. klét, польск. kleć, чэш. klec. У гэтых паралелях адзначаецца тры асноўныя значэнні: ’сялянскі будынак для захавання маёмасці, свіран’, ’часовае памяшканне, прыбудова’, ’хаціна, будан’. Першае значэнне адзначана практычна ва ўсіх славянскіх мовах, другое і трэцяе пераважна на сербска-харвацкай, рускай і польскай тэрыторыях. Унутраную форму зберагло толькі серб.-харв. кле̑т ’будан, сплецены з прутоў’. Аб той жа ўнутранай форме сведчаць значэнні прасл. klětъkа ’клетка для птушак і жывёл’. На гэтай аснове рэканструюецца прасл. klětь ’будан, складзены з жэрдак і аплецены прутамі’. Таму нельга пагадзіцца з рэканструкцыяй Махэка (ВЯ, 1957, I, 97), які бачыць у аснове першаснага значэння ’зруб у якасці свірана’. У сувязі з гэтым узнікае праблема адносін прасл. klětь да літ. klė́tis ’кладоўка, свіран’, лат. klēts ’тс’. Эндзелін (Мюленбах-Эндзелін, 2, 225) лічыць іх генетычна тоеснымі са славянскімі. У якасці крытэрыю ён прыводзіць архаічнасць вакалізму, але такі вакалізм вядомы і ў пазнейшых запазычаннях з усходнеславянскіх моў. Лінгвагеаграфічны крытэрый сведчыць аб другаснасці літ. klė́tis і яго запазычання з перыферыйнага польскага дыялекту. Што датычыць прасл. klětь, то яго спрадвечнасць давесці цяжка. Версія Махэка (цыт. праца) klětь < *klēu̯‑ti фанетычна і семантычна неверагодная (першаснае значэнне ’сціскаць, зачыняць’). Семантыка прасл. klětь добра адпавядае семантыцы і.-е. k̑lei̯ (’прыстаўляць, прыхіляць’, ’будан з жэрдак’, ’краты’), але фанетыка застаецца нявытлумачанай. Яшчэ Шахматаў (AfSlPh, 33, 90) выказаў гіпотэзу аб кельцкай крыніцы славянскага слова. Параўн. ст.-ірл. clíath ’пляцень, краты’, clíthar ’хаціна’, гал. *klēta ’пляцень, краты’. Кельцкія словы ў адрозненне ад славянскіх маюць надзейную індаеўрапейскую этымалогію і зыходзяць да архетыпа *k̑lei‑t (і.-е. ei > пракельц. ē): гоц. hleiþra ’будан’, ст.-грэч. κλισία (< *klitia ’тс’), літ. šlitìs ’адрына’. У аснове гэтай групы паралелей ляжыць і.-е. k̑lei са значэннем ’пакласці, прыхіліць’ (ст.-інд. śrayate, ст.-грэч. κλίνω, лац. clino і інш.). Апрача гэтага, індаеўрапейскія паралелі маюць яшчэ значэнне ’лесвіца’ (ст.-грэч. κλίμαξ, ∼ ням. Leiter, літ. šlìtė) і ’пляцень’ (ірл. clíath, лат. slits). Такім чынам, прасл. klětь адлюстроўвае кельцкую фанетыку (k < і ē < еі) і семантыку (Мартынаў, SO, 29, I/2, 161–164; Мартынаў, Язык, 38–42).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)