воўчнік (Daphne), род кветкавых раслін сям. ваўчаягадавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўд.-Ўсх. Азіі, Гімалаях, Іране. На Беларусі ў цяністых вільготных хвойных і лісцевых лясах расце ваўчаягада звычайная, або воўчае лыка, воўчыя ягады (Daphne mezereum); ваўчаягада баравая (Daphne cneorum), трапляецца вельмі рэдка на Палессі ў хваёвых барах, занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны ваўчаягада лаўровая (Daphne laureola) і алтайская (Daphne altaica).
Лістападныя ці шматгадовазялёныя кусты або невял. дрэўцы. Лісце чаргаванае, зрэдку супраціўнае, простае, прадаўгавата-ланцэтнае, кароткачаранковае. Кветкі ружовыя, белыя ці жаўтаватыя, у галоўчатых суквеццях або ў кароткіх гронках, рэдка па 2—5 у пазухах лісця ці адзіночныя, двухполыя, пахучыя. Плод — сакаўная ярка-чырвоная аднанасенная касцянка. Дэкар., тэхн. (фарбавальныя, дубільныя і камедзяносныя), лек. (плады і кара — вонкавы раздражняльны, ірвотны, слабіцельны, процігельмінтны і інш. сродак), меданосныя, ядавітыя (асабліва плады і кара) і інсектыцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВЫ СВЕ́ТУ,
натуральныя мовы народаў Зямлі, што жывуць цяпер або існавалі ў мінулым. Агульная колькасць М.с. дакладна не вызначана з-за неакрэсленасці межаў паміж мовамі і дыялектамі, недастатковай вывучанасці некаторых моўных рэгіёнаў. Лічыцца, што жывых моў на Зямлі ад 3 да 5 тыс. і ад 6 да 8 тыс. дыялектаў. Для апісання М.с. выкарыстоўваюць розныя віды класіфікацыі моў. Паводле генетычных характарыстык М.с. падзяляюцца на моўныя сем’і (гл.Сям’я моў), групы, падгрупы і асобныя мовы. Асн. сем’і моў: індаеўрапейскія мовы, фіна-угорскія мовы, цюркскія мовы, іберыйска-каўказскія мовы, семіта-хаміцкія мовы, мангольскія мовы, кітайска-тыбецкія мовы і інш. Вядомы таксама ізаляваныя (японская мова, карэйская мова і інш., гл.Коранеізаляваныя мовы) і мёртвыя мовы. Найб. значная і вывучаная — індаеўрап. сям’я моў. Яна складаецца з моўных груп і асобных моў. Некаторыя з гэтых моў вядомы толькі па пісьмовых тэкстах. М.с. могуць аб’ядноўвацца і ў моўныя саюзы. На Зямлі жыве больш за 300 народаў, колькасць якіх паасобку перавышае 1 млн. чалавек. Яны складаюць каля 96% насельніцтва Зямлі. Сярод моў гэтых народаў 19 маюць больш за 50 млн. носьбітаў (англ., араб., бенгальская, ісп., італьян., карэйская, кіт., малайская, маратхі, ням., партугальская, панджабі, рус., тамільская, тэлугу, урду, франц., хіндзі і японская). Сярод пашыраных М.с. вылучаюцца міжнародныя мовы. М.с. вельмі неаднародныя паводле граматычнага ладу, форм існавання, сац. значнасці, ступені лексіка-паняційнага развіцця, існуючых на іх твораў фальклору, маст. л-ры, навукі. Суадноснасць дзяржаў, народаў, этнасаў і моў гл. ў табл. «Народы і мовы свету (сто першых пазіцый)».
А.Я.Міхневіч.
Народы і мовы свету (сто першых пазіцый)
Нумар народа ў залежнасці ад колькасці
Назва народа
Колькасць, млн. чал.
Моўная сям’я
Моўная група
Мова
Асноўныя краіны рассялення і колькасць народа ў іх, млн. чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛТА́Й (ад цюркска-манг. алтан залаты),
горная сістэма ў Азіі на тэр. Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Манголіі і Кітая. Працягласць больш за 2000 км, макс. шырыня больш за 500 км. Распасціраецца з ПнЗ ад Зах.-Сібірскай раўніны на ПдУ да раўнін Гобі. Складаецца з сістэмы расчлянёных хрыбтоў, нагор’яў, пласкагор’яў, міжгорных упадзін, катлавін. Водападзел Обі, Енісея, рэк бяссцёкавага бас.Цэнтр. Азіі. Найб. вяршыня — г. Бялуха (4506 м). Падзяляецца на ўласна Алтай (Расійскі, Казахстанскі), Мангольскі Алтай і Габійскі Алтай. Тэктанічныя структуры Алтая належаць да герцынскай і каледонскай складкавасцяў. Складзены з пратэразойскіх і пераважна палеазойскіх парод: метамарфічных сланцаў, слюдзістых кварцытаў, амфібалітаў, вапнякоў, алеўралітаў, гліністых сланцаў, вулканагенных парод і інш. Асадкавыя, вулканічныя і метамарфічныя пароды пранізаны гранітнымі і гранадыярытавымі інтрузіямі. Сучасны выгляд Алтая набыў у выніку падняццяў у неагенавы і чацвярцічны перыяды. Грабяні высакагорных хрыбтоў характарызуюцца альпійскімі формамі рэльефу. Ёсць буйныя міжгорныя катлавіны, т.зв. стэпы (Чуйскі, Курайскі, Уймонскі, Абайскі, Канскі і інш.). У нізкагор’ях і сярэднягор’ях развіты паверхневыя і падземныя карставыя формы. Карысныя выкапні: поліметалічныя руды, золата, ртуць, сурма, вальфрам, марганец, жалеза, буры вугаль, солі, сульфаты і інш. Багатыя радовішчы мармуру і каштоўных вырабных камянёў (яшмы, парфіры і інш.). Тэрмальныя крыніцы: Абаканская, Белакурыхінскія, Рахманаўскія, Джумалінскія.
Клімат Алтая кантынентальны. Зіма халодная і працяглая. Сярэдняя т-ра студз. ад -15 °C (у перадгор’ях) да -28...-32 °C у міжгорных катлавінах у выніку тэмпературных інверсій. Лета адносна кароткае і халаднаватае; у перадгор’ях сярэдняя т-ра ліп. 19—22 °C, на высакагор’ях 14—16 °C. На схілах зах. раёнаў ападкаў да 2000 мм, паўн.-ўсх. — да 1000 мм, на ПдУ да 200 мм за год. Характэрны горнадалінныя вятры (фёны). Магутнасць снегавога покрыва у Зах. Алтаі можа дасягаць 2—3 м. Каля 1500 ледавікоў агульнай пл. больш за 900 км². Развіта густая сетка горных рэк, найбольшыя: Катунь, Бухтарма, Бія, Чуя. Жыўленне рэк пераважна алтайскага тыпу — талымі снегавымі водамі і летнімі дажджамі. Больш як 3500 азёраў, пераважна каравых і марэнападпрудных, самыя вял. Маркаколь і Цялецкае маюць катлавіны тэктанічнага паходжання.
На Алтаі добра выражана сістэма вышынных ландшафтных паясоў. У паўн. і зах. перадгор’ях да выш. 400—700 м — лугавыя разнатраўна-злакавыя, да выш. 1200—1500 м — палыноваціпчаковыя стэпы. Горныя лясы займаюць каля ⅔ тэрыторыі. Сярод іх пераважаюць паркавыя лістоўнічныя (да выш. 2000—2200 м). На Пн лясы цемнахвойныя, у т. л. кедравыя. Характэрны высакатраўныя лугі (велікатраўе), а таксама астравы горных стэпаў. На выш. 1400—2000 м у засушлівых катлавінах пашыраны паўпустынныя ландшафты. Высакагорная зона (выш. 1800—2400 м) з субальпійскімі хмызнякамі і лугамі змяняецца нізкатраўнымі альпійскімі лугамі. Ва ўсх. і паўн.-ўсх. раёнах пашыраны горныя тундры (хмызняковыя, імхова-лішайнікавыя, камяніста-друзавыя). Вышэй альпійскіх лугоў і тундраў — голыя скалы, камяністыя россыпы, снежныя палі і ледавікі. Жывёльны свет разнастайны, стэпавага (суслікі, хамякі, палёўкі і інш.), таежнага (мядзведзь, рысь, ліс, собаль, вавёрка, марал, глушэц і інш.), высакагорнага (алтайская пішчуха, горны казёл, снежны барс і інш.) комплексаў. На тэр. Алтая — Алтайскі запаведнік.