МСЦІСЛА́Ў ДАВЫ́ДАВІЧ (у хрышчэнні Фёдар; 1193—1230),
вялікі князь смаленскі ў 1219—30. Сын Давыда Расціславіча. Атрымаў Смаленскае княства пасля таго, як яго пакінуў кн. Уладзімір Рурыкавіч. В.М.Тацішчаў згадвае М.Д. пад 1217 і 1221 як князя полацкага. Паводле Наўгародскага 1-га летапісу малодшага зводу, захапіў Полацк 17.1.1222. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага ўпамінаецца як удзельнік заключэння гандл. дагавору 1222 з Рыгай ад імя Полацка і Віцебска. Верагодна, у той час М.Д. трымаў гэтыя гарады або яны знаходзіліся ў залежнасці ад яго. Заключыў дагавор 1229 з Рыгаю і Гоцкім берагам ад імя Смаленска, Віцебска і Полацка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРАФО́СКА,
складанае комплекснае ўгнаенне, якое мае азот, фосфар і калій. Асн. кампаненты — амонію нітрат NH4NO3 і фасфаты, монагідраортафасфат кальцыю CaHPO4, хларыд калію KCl.
Гіграскапічная, раствараецца ў вадзе. Атрымліваюць раскладаннем прыродных фасфатаў азотнай к-той ці яе сумессю з інш. к-тамі (фосфарнай, сернай) з далейшай нейтралізацыяй прадуктаў растворам аміяку і дабаўленнем КСІ перад грануляваннем і высушваннем. Вырабляюць Н. карбанатную, сернакіслотную і фосфарнакіслотную, якая мае найб. колькасць (48—51%) пажыўных элементаў, а доля водарастваральных фасфатаў у ёй перавышае 50% іх агульнай колькасці. Выкарыстоўваюць на глебах усіх тыпаў пад розныя с.-г. культуры як асн. ўгнаенне і для падкормкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КСФАРДСКАЯ ШКО́ЛА,
плынь у зах.-еўрап. філасофіі 13 ст. Узнікла ў Оксфардскім ун-це. Філас. асновай поглядаў мысліцеляў О.ш. (Грасетэст, Альфрэд Англійскі, Адам з Марча) было аўгусцініянства. Значную ўвагу яны звярталі на пытанні прыродазнаўства (творы Арыстоцеля, інш.грэч. і араб. вучэнні), што на той час было наватарствам, бо рымская курыя забараняла вывучэнне твораў, прысвечаных гэтым праблемам. У выніку аддаленасці ад рымскай курыі Оксфардскі ун-т валодаў значнай свабодай. Акрамя таго, яго даследаванні стымуляваліся тым, што ў Англіі раней, чым у інш. краінах, атрымалі развіццё рамесная вытв-сць і гандаль, якім патрэбны былі прыродазнаўчанавук. веды. З О.ш. выйшаў мысліцель і прыродазнавец Р.Бэкан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЛЕ́НТЫ»,
бел.нар. гульня. На пляцоўцы праводзяць 4 паралельныя лініі на адлегласці 5—6 м адна ад адной. Першая лінія — «мета», на ёй устанаўліваюцца 2 гарадкі («П.»), пастаўленыя адзін на адзін. Другая лінія — «вароты», трэцяя — «двор», чацвёртая — «хата». Выбраўшы «вартаўніка», гульцы кідаюць біты ў «П.» строга па чарзе, якая ўстанаўліваецца жараб’ёўкай перад гульнёй. Збіўшы «П.», гулец павінен падабраць сваю біту і вярнуцца за лінію, з якой ён рабіў удар. Кожны гулец робіць па 3 удары з лініі «варот», «двара» і «хаты». Задачы «вартаўніка» — паставіць збітыя «П.», «запляміць» гульца і ўцячы за лінію «варот». Перамагае той, хто першым 3 разы саб’е «П.» з лініі «хаты».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТАТЭ́НАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін B3,
прадукт злучэння β-аланіну з пантоевай к-той. Водарастваральная. У клетках жывёл і раслін уваходзіць у састаў каферменту A, які прымае ўдзел у найважн. рэакцыях абмену рэчываў. Сінтэзуецца зялёнымі раслінамі, мікраарганізмамі, у т. л. кішэчнай мікрафлорай. Недахоп П.к. ў арганізме выклікае запаволенне росту, пашкоджанне скуры, пасівенне валасоў, парушэнне дзейнасці нерв. сістэмы і страўнікава-кішачнага тракту. У чалавека сутачная патрэбнасць у П.к. (10 мг) задавальняецца пры харчаванні (П.к. ёсць у дражджах, капусце, малацэ, моркве, печані, яйках і інш.). Кальцыевую соль П.к. выкарыстоўваюць у медыцыне пры парушэннях абменных працэсаў, недастатковасці кровазвароту, алергічных станах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁНАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (28.10.1878, Масква — 7.2.1954),
расійскі хімік-арганік; адзін з арганізатараў анілінафарбавай і фармацэўтычнай прам-сці ў СССР. Акад.АНСССР (1943, чл.-кар. 1939). Скончыў Дрэздэнскі політэхн.ін-т (1901) і Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1906). З 1920 праф. Маскоўскіх ун-та, тэкст. ін-та (з 1935), хіміка-тэхнал. ін-та (з 1943). Навук. працы па хіміі алкалоідаў, фарбавальнікаў, духмяных рэчываў і фармацэўтычных прэпаратаў. Адкрыў метад сінтэзу β-амінакіслот кандэнсацыяй альдэгідаў з малонавай к-той і аміякам у растворы этанолу (рэакцыя Р.; 1926). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Тады́шні ’які існаваў задоўга да цяперашняга часу; той’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ’тагачасны’ (Касп.). Укр.тоди́шний, тоді́шній, рус.тогда́шний, дыял.тады́шний, тады́шный ’папярэдні, тагачасны; той’, серб.-харв.та̀дашњи̑, славен.tedašnji ’тагачасны’. Да тады (гл.) з інфіксам першапачаткова экспрэсіўнага характару. Параўн. стараж.-рус.тъгдашьнии, тогдашнии ’які быў у той час, тычыцца таго часу’, вядомыя з самых ранніх помнікаў (XI ст., Сразн.), што дазваляе лічыць названыя формы агульнымі для ўсходнеславянскіх і паўднёваславянскіх дыялектаў інавацыямі познепраславянскага перыяду.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рэ́ўна ’горка; слёзна’ (Сб. 1866, 191). Укр.ревно ’горка, жаласна’, польск.rzewnie ’тс’, чэш.ryvný, řevný ’тс’. Прасл.*revьnъ/*rьvьnъ < *ruti, *revǫ ’раўці, рыкаць’; магчымае развіццё семантыкі ’той, хто раве’ > ’той, хто выказвае эмоцыі’ > ’зайздросны; жаласны’ (Борысь, 534). Гл. яшчэ раўці, раўнівы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Валю́тчык ’той, хто займаецца незаконнымі валютнымі аперацыямі’ (КТС). Суфіксальнае ўтварэнне ад валюта.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лы́ўдзік ’той, хто хапае ўсё, што трапіцца пад руку’ (Бяльк.). Гл. лэўдзік.