смяці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Часцінка смецця; маленькая частачка чаго‑н. — Пастараемся, пан афіцэр, усё здзьмухнем, да пылінкі, да смяцінкі! — завіхаўся ля яго спрытны паліцай. Лынькоў. — Як.. [Кулінка]: дужа захварэла ці так сабе, з працы? — цікавілася Тамара, дастаючы тонкім пальцам з куточка вока нейкую смяцінку. Ермаловіч. Ніводнай ён [Міхеіч] мясцінкі Мятлой не абміне, Ніводнае смяцінкі Тут не пакіне. Не! Агняцвет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрыя́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які спрыяе, памагае чаму‑н.; карысны для чаго‑н. І тут паўстала пытанне: дзе можна наглядаць за жыццём чаек у найбольш спрыяльных і характэрных умовах? В. Вольскі. Дактары параілі Цётцы перамяніць вільготны львоўскі клімат, паехаць куды-небудзь, дзе больш спрыяльны клімат для яе хворых лёгкіх. Панізнік.

2. У якім выяўляецца прыхільнасць, павага да каго‑н. Спрыяльныя адносіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спужа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Адчуць страх перад кім‑, чым‑н. Света ўсяго баіцца ў лесе, не толькі мурашак і жаб. Баіцца нават птушак, дзікіх качак учора спужалася — крычала на ўсю Сырніцу. Пташнікаў. [Антось:] — Летняя ноч кароткая, а цягнуць камень праз лес цяжка .. А тут стала займацца на золак, у Сверанаве заспяваў певень, дык нячысцік спужаўся, кінуў камень ды ходу наўцёкі... С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спусто́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

1. Дайсці да заняпаду. Цяпер Ніне было балюча бачыць, як усё тут спустошылася. Мележ. // перан. Страціць маральныя сілы, здольнасць да актыўнага, творчага жыцця. Душа на гэты кароткі момант як бы зусім спустошылася, каб быць гатовай для напаўнення. Чорны.

2. Стаць неўрадлівым (пра глебу); ператварацца ў пустку. Зямля спустошылася.

3. Стаць пустым, апусцець. Кішэні ўжо спустошыліся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старава́ты, ‑ая, ‑ае.

Ужо не малады, крыху стары (у 1, 3 знач.). [Дзяўчына:] — А Даніла стараваты, А Кірыла сумнаваты, Выйду замуж я за Саву, Працавіты ён на славу. Дзеружынскі. — Здаецца, нічога, — адказаў ветэрынар, гледзячы каню ў зубы. — Стараваты, ды не зусім. У абоз. Якімовіч. // Не новы, устарэлы. [Васіль Ігнатавіч:] — Тут замінка ў тым, што ў цябе, Патапавіч, іншы раз думкі крыху стараватыя. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угавары́цца, ‑вару́ся, ‑во́рышся, ‑во́рыцца; зак.

1. Загадзя дамовіцца, згаварыцца аб чым‑н. Аленка чакала Сцёпку, як яны і ўгаварыліся, на сцежцы каля Дзям’янавай клуні. Колас. // Прыйсці да згоды ў выніку перагавораў; дамовіцца. Гаварылі сваты ды і ўгаварыліся: сказалі... што цераз тыдзень зробяць заручыны. Калюга.

2. Разм. Сказаць лішняе; прагаварыцца. Пошта скеміў, што ён тут трохі ўгаварыўся, і стараўся паправіцца. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уладкава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад уладкаваць.

2. у знач. прым. Разм. Прыведзены ў належны парадак; упарадкаваны; наладжаны. [Лясніцкі:] — Адразу [пасля прамовы] ўсё стала ясным і зразумелым. Што рабіць, чаго чакаць... І пайшло ў нас уладкаванае жыццё. Шамякін.

3. у знач. прым. Даведзены да канца. У першы вечар, калі бавар .. пайшоў са свірна, задаволены ўладкаванай справай, Эрна тут жа прынесла вячэру. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хвалёны, ‑ая, ‑ае.

Які атрымаў высокую ацэнку; расхвалены. Галя была самая прыкметная сярод дзяўчат.. Ды і хлопец да яе прыязджаў з горада.. Працаваў на заводзе пасля арміі. Хвалёны, прыгожы, паважаных бацькоў хлопец! Мыслівец. // Іран. Пра каго‑, што‑н., што аказалася нявартым пахвалы. [Бадытчык:] — Тут гэтыя коні хвалёныя ўжо ледзьве ногі цягаюць. Лобан. К. Каліноўскі выкрывае хвалёны царскі маніфест аб скасаванні паншчыны. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́бельны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шаблі. Шабельныя ножны. □ І дзеля яго [будаўніка] тут сабраліся тыя, Што некалі ў гэткім узросце, як ён, Ляцелі з Будзённым на схілы крутыя, На пікі густыя, пад шабельны звон. Гілевіч. // Узброены шабляй (шаблямі). Нехта знаёмы, знаёмы здалёк ідзе: Ці дожджыку кропля над заваддзю сіняй, Ці звонкае вяселле на высокім покуце... Ці шабельная ў мыльнай пене конніца. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шасць, выкл. у знач. вык.

Разм. Тое, што і шась (у 2 знач.). А тут раптоўна шэф вярхом аднекуль — шасць: Цікава паглядзець — а як страляе часць? Ці вока вернае, ці цвёрдая рука У чырвонага стралка? Крапіва. Нарэшце я рашыў даведацца, у чым справа. Падкраўся, дзверы — шасць — направа... І што б вы думалі? — пацук Скакаў па клавішах, мярзотнік, жартаўліва Іграў, што проста дзіва! Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)