САЛЖАНІ́ЦЫН Аляксандр Ісаевіч (н. 11.12.1918, г. Кіславодск, Расія),
рускі пісьменнік. Акад.Рас.АН (1997). Скончыў Растоўскі ун-т, Маскоўскі ін-т філасофіі, л-ры і гісторыі (абодва 1941). У 1945 арыштаваны, да 1953 у лагерах, да 1956 у ссылцы. У 1956 рэабілітаваны. У 1974 пазбаўлены сав. грамадзянства, жыў у Швейцарыі, з 1976 у ЗША. У 1994 вярнуўся ў Маскву. Друкуецца з 1962. У аповесці «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» (1962), апавяданні «Матронін двор» (1963, абодва апубл. А.Твардоўскім у час. «Новый мир»), аповесці «У крузе першым» (1968) захаванне чалавечай душы ва ўмовах жорсткай рэчаіснасці. Гал. тэма аповесці «Ракавы корпус» (1968, апубл. за мяжой) — барацьба чалавека са смерцю. Аўтар рамана «Архіпелаг ГУЛАГ» (1973, апубл. за мяжой; Дзярж. прэмія Расіі 1990). У цыкле гіст. раманаў «Чырвонае кола» (т. 1—10, 1971—91) на вял. фактычным матэрыяле разглядаюцца прычыны рэвалюцыі (слабасць улады, упадак рэлігіі, грамадскі радыкалізм) і яе ход, аналізуюцца паліт. і ідэалагічныя платформы розных партый і груп, абгрунтоўваецца магчымасць альтэрнатыўнага гіст. развіцця Расіі. Нарысы грамадскага і літ. жыцця 1960 — пач. 1970-х г. у кн. «Бадалася цяля з дубам» (1975, дапоўненае выд. 1991). Важныя праблемы грамадскага жыцця ўзнімае ў публіцыстыцы («Ліст да правадыроў Савецкага Саюза», «Раскаянне і самаабмежаванне як катэгорыі нацыянальнага жыцця», абодва 1973; «Як нам уладкаваць Расію», 1990; «Рускае пытанне» к канцу XX ст.», 1994, і інш.). Аўтар кн. «Дзвесце гадоў разам (1795—1995)» (ч. 1, 2001), п’ес і інш. У творчасці С., які працягвае традыцыі рус. класікі 19 ст., трагічныя лёсы герояў асэнсоўваюцца ім у святле маральнага і хрысціянскага ідэалу. У страце духоўных жыццёвых арыенціраў, страце асн. маральных прынцыпаў ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці, і найперш у палітыцы, С. бачыць вытокі крызісу сучаснага жыцця. Аснова гіст. працэсу — у маралі, прытрымліванні дабра. Нобелеўская прэмія 1970.
Тв.:
Избр. проза: Рассказы, повесть. М., 1990;
Архипелаг ГУЛАГ, 1918—1956: Опыт худож. исслед. Т. 1—3. М.; Мн., 1990—91;
Пьесы М., 1990;
«Русский вопрос» к концу XX в. М., 1995;
Публицистика. Т. 1—3. Ярославль, 1995—97;
Россия в обвале. М., 1998;
На изломах: Малая проза. Ярославль, 1998;
Протеревши глаза. М., 1999.
Літ.:
Нива Ж. Солженицын: Пер. с фр.М., 1992;
Мешков Ю.А. Александр Солженицын: Личность. Творчество. Время. Екатеринбург, 1993;
Слово пробивает себе дорогу: Сб. статей и док. об А.И.Солженицыне, 1962—1974. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРВА́НТЭССааведра
(Cervantes Saavedra) Мігель дэ (хрышчаны 9.10.1547, г. Алькала-дэ-Энарэс, Іспанія — 23.4.1616),
іспанскі пісьменнік і драматург эпохі Адраджэння. Вучыўся ў калегіуме езуітаў г. Вальядалід (1557—61), у Мадрыдскай гуманіт. школе. З 1568 на службе ў пасла папы Пія V кардынала Дж.Аквавівы. У 1570—75 служыў у войску, удзельнічаў у бітве ісп.-італьян. флоту з туркамі пры Лепанта (1571), дзе была знявечана левая рука. Вяртаючыся на радзіму, трапіў у палон да алж. піратаў, прададзены ў рабства. У 1580 выкуплены, вярнуўся ў Іспанію, служыў зборшчыкам нядоімак. Паводле несправядлівага абвінавачання тройчы трапляў у турму. Доўгія гады жыў у нястачы. Друкаваўся з 1568 (оды, рамансы, санеты і інш.). Першы значны твор — пастаральны раман «Галатэя» (1585). Аўтар каля 30 п’ес, у т. л.патрыят. драмы «Нумансія» (апубл. 1784), прасякнутай любоўю да свабоды і нянавісцю да рабства, зб-каў «Павучальныя навелы» (1613), «Восем камедый і восем інтэрмедый» (1615), паэмы «Падарожжа на Парнас» (1614), авантурнага рамана «Вандраванні Персілеса і Сіхізмунды» (апубл. 1617). Вяршыня яго творчасці — раман «Хітрамудры гідальга Дон Кіхот Ламанчскі» (ч. 1—2, 1605—15). Задуманы як пародыя на рыцарскія раманы, твор выйшаў за межы літ. сатыры, стаў энцыклапедыяй ісп. жыцця мяжы 16—17 ст. У ім намаляваны прыгоды Дон Кіхота — збяднелага двараніна, які прагнуў сцвердзіць на зямлі гуманіст. ідэалы. Не здольны адрозніваць у жыцці сапраўднае ад выдуманага, ён выбіраў дзіўныя шляхі здзяйснення мар. У вобразе Санча Пансы, збраяносца Дон Кіхота, увасоблены нар. розум, кемлівасць, гумар. Імя Дон Кіхота стала назыўным для абазначэння высакародных, але не ўсім зразумелых імкненняў. Паводле рамана напісаны оперы Г.Пёрсела, Дж.А.Рысторы, Дж.Паізіела, Н.Пічыні, А.Сальеры, Ж.Маснэ, балеты Ж.Буамарцье, С.Меркадантэ, Л.Мінкуса (паст.Бел. т-рам оперы і балета ў 1941, 1946, 1962, 1979), пастаўлены кінафільмы (Расія, Данія, Францыя). На бел. мову асобныя вершы С. пераклалі А.Зарыцкі, Р.Барадулін, М.Пазнякоў.
Тв.:
Бел.пер. — Хітры гідальга Дон Кіхот Ламанчскі. Мн., 1999;
У кн.: Кахаць — гэта значыць...: Старонкі з паэзіі свету. Мн., 1986;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. М., 1961;
Хитроумный идальго Дон Кихот Ламанчский. Ч. 1—2. Мн., 1988.
Літ.:
Державин К.Н. Сервантес: Жизнь и творчество. М., 1958;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАВАРАДА́ Рыгор Савіч (3.12.1722, г.п. Чарнухі Палтаўскай вобл., Украіна — 9.11.1794),
украінскі філосаф, пісьменнік і педагог. У 1734—41, 1744—45, 1751—53 вучыўся ў Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі (яго настаўнікам па філасофіі быў Е.Каніскі). У 1745—50 у складзе пасольскіх місій быў у Венгрыі, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай і інш. У 1750—51 выкладаў у Пераяслаўскім, у 1759—69 — у Харкаўскім калегіумах. У далейшым вандраваў па Украіне як філосаф-прапаведнік. У цэнтры яго філасофіі, выкладзенай у трактатах, дыялогах і прытчах, — канцэпцыя бачнай (матэрыя) і нябачнай (Бог) натур. Паводле С., боскі пачатак патаемна прысутнічае ва ўсёй прыродзе, і гал. задача чалавека — спасціжэнне нябачнай прыроды праз бачную («Пачатковыя дзверы да хрысціянскай дабрачыннасці», 1766—80). Лічыў, што ў кожнай асобе закладзена боская прырода, усведамленне Бога адбываецца праз самапазнанне («Наркіс», канец 1760-х г.). Адрозніваў першае нараджэнне чалавека (фізічнае) і другое (духоўнае), калі чалавек атрымлівае сапраўдную свабоду праз спасціжэнне боскай сутнасці. Сусвет падзяляў на 3 часткі: макракосм (прырода), мікракосм (чалавек) і сімвалічны свет (Біблія). Лічыў, што асн. сродкам увядзення чалавека ў духоўны свет з’яўляецца сімвал («Дыялог. Імя яму — Патоп змеяў», канец 1780-х г.), што хрысціянства і ант. культура маюць агульную духоўную аснову. Сац. погляды С. грунтуюцца на ідэі прызначэння Богам кожнага чалавека да пэўнага віду дзейнасці (земляробства, вайсковай справы, багаслоўя). Пед. канцэпцыя С. заснавана на ідэі выхавання дзіцяці ў адпаведнасці з яго асабістай прыродай. Лічыў, што выхаванне павінна пачынацца яшчэ да фіз. нараджэння чалавека. Літ. творчасць С. эмацыянальна-вобразна адлюстроўвае яго філас. ідэі. Яго паэзія спалучае пафаснасць, манументалізм і лірычнасць, творчае пераасэнсаванне біблейскіх матываў і нар. песеннай культуры (цыкл «Сад божых песень, прарослых з зярнят Свяшчэннага Пісання», 1753—85). Развіваў жанр празаічнай байкі, дзе ў сатырычна-алегарычнай форме крытыкаваў грамадскія заганы, ухіленне чалавека ад духоўнай культуры (цыкл «Байкі харкаўскія», 2-я пал. 1760-х г. — 1774). Ідэі С. паўплывалі на развіццё ўсх.-слав.рэліг. філасофіі і л-ры.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное: Песни, басни, притчи. М., 1972;
Соч.Т. 1—2. М., 1973;
Соч.Мн., 1999.
Літ.:
Барабаш Ю.Я. «Знаю человека...»: Григорий Сковорода. Поэзия. Философия. Жизнь. М., 1989;
Гарин И. Сковорода // Гарин И. Пророки и поэты. М., 1994. Т. 3;
Кравец В.В. Разговор о Сковороде: С приложением хрестоматии по сковородоведению. Київ, 2000;
Эрн В. Г.Сковорода: Жизнь и учение // Эрн В. Борьба за логос;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНКО́ Іван Якаўлевіч (27.8.1856, с. Нагуевічы, цяпер с. Івана-Франкова Драгобыцкага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 28.5.1916),
украінскі пісьменнік, вучоны, грамадскі дзеяч. Д-р філасофіі (1893). Ганаровы д-ррус. славеснасці (1906). Скончыў Чарнавіцкі ун-т (1891). За ўдзел у рэв.-дэмакр. руху ў 1877, 1880, 1890 быў зняволены. Друкаваўся з 1874. У зб-ках паэзіі «Мой Ізмарагд» (1898), «З дзён журбы» (1900) філас. роздум пра дабро і зло, дружбу і адданасць, грамадскае і асабістае. Цыкл твораў «Завялае лісце» (1896) узбагаціў сусв. лірыку кахання. Аўтар зб-каў лірыкі «З вяршынь і нізін» (1887), «Semper tiro» (1906), паэм «Смерць Каіна» (1889), «Бедны Генрых» (1891), «Істар», «Паэма пра белую кашулю» (абедзве 1899), «Іван Вішанскі» (1900), «Майсей» (1905), аповесцей «Boa constrictor» (1878), «Барыслаў смяецца» (1881—82), «Лель і Палель» (1887), «Стаўпы грамадства» (1894—95); гіст. аповесці «Захар Беркут» (1883). Яго драм. творы вылучаюцца майстэрствам дыялогу, дынамічнасцю сюжэта, глыбінёй драм. канфліктаў: драма «Украдзенае шчасце» (1894), камедыя «Рабіна» (1886) і інш. Пісаў казкі, фельетоны, літ.-крыт. артыкулы. Цікавіўся гісторыяй, культурай і л-рай Беларусі. У «Нарысе гісторыі ўкраінска-рускай літаратуры да 1890 г.» (1910) закранаў пытанні бел. кнігадрукавання, стараж.бел. мовы. Пры даследаванні ўкр. фальклору звяртаўся да паралелей з бел. прыказкамі, песнямі. Выкарыстоўваў матэрыялы пра бел.нар. лялечны т-р пры даследаванні ўкр. вяртэпа. У батлейцы вылучаў бел. інтэрмедыю «Мужык і доктар», адзначаў аналагічныя сцэны ва ўкр. вяртэпе і польск. шопцы. На Беларусі ставіліся яго п’есы «Будка №27», «Украдзенае шчасце», у Дзярж. т-ры лялек казка «Фарбаваны ліс» (пад назвай «Зялёная лісіца»). На бел. мову яго асобныя творы пераклалі А.Астрэйка, М.Аўрамчык, Н.Гілевіч, Ф.Грышкевіч, А.Гурыновіч, Х.Жычка, А.Зарыцкі, У.Караткевіч, А.Кудравец, П.Пестрак, В.Рагойша, М.Танк, А.Траяноўскі, А.Якімовіч, на рус. мову — М.Багдановіч.
Тв.:
Вібрання творів. Т. 1—50. Київ, 1976—86;
Бел.пер. — Апавяданні. Мн., 1956;
Калі звяры яшчэ ўмелі гаварыць. Мн., 1958;
Рус.пер. — Соч.Т. 1—10. М., 1956—59;
Стихотворения и поэмы. Рассказы. Борислав смеется. М., 1971;
Избр. соч. М., 1981.
Літ.:
Ахрыменка П. Іван Франко і Беларусь // Ахрыменка П. Летапіс братэрства. Мн., 1973;
Пархоменко М.Н. Эстетические взгляды Ивана Франко. М., 1966;
Стебун И. Концепция реализма в эстетике И.Франко. М., 1981;
Басс І.І., Каспрук А.А.Іван Франко. Київ, 1983;
Мороз М.О. Іван Франко: Бібліогр. творів. 1874—1964. Київ, 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯ́ПІНСКІ (Амельяновіч-Цяпінскі) Васіль Мікалаевіч
(1530-я г., Полаччына — 1599 або 1600),
бел.пісьменнік, гуманіст, кнігавыдавец. З сям’і гаспадарскага баярына М.Амельяновіча. Імя Ц. ўпершыню ўпамінаецца ў дакумент. актах 1560-х г. У 1557 малодшы афіцэр коннай роты аршанскага старосты Ф.С.Кміты-Чарнабыльскага. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82. Служыў у падканцлера ВКЛ А.Б.Валовіча. Магчыма, у сваім родавым маёнтку Цяп ша (цяпер Чашніцкі р-н Віцебскай вобл.) заснаваў друкарню, дзе выдаў перакладзенае ім на бел. мову «Евангелле» (каля 1580) з прадмовай — адным з лепшых узораў бел.патрыят. публіцыстыкі 16 ст. (захавалася ў рукапісе). «Евангелле» надрукавана ў 2 слупкі — на царк.-слав. і бел. мовах, са шматлікімі глосамі і спасылкамі на літ. крыніцы. Выданне ўпрыгожана разнастайнымі ініцыяламі, наборным арнаментам. Відавочная стылізацыя пад віленскія выданні Ф.Скарыны (падабенства шрыфтоў, ініцыялаў) сведчыць пра пераемнасць друкарска-выдавецкіх традыцый. Асн. праграма Ц. разлічана на ўздым нац. культуры, умацаванне грамадскіх пазіцый бел. мовы, абуджэнне актыўнасці, гіст. і нац. свядомасці бел. народа. Як і Скарына, ён лічыў неабходным удасканальваць сістэму школьнай асветы, зрабіць яе больш даступнай, разнастайнай, адпаведнай патрэбам грамадства, у т. л. простым людзям. Гэтай высакароднай мэце ён прысвяціў сваю працу і ахвяраваў значную частку небагатай маёмасці. Патрыятызм Ц. далёкі ад нац. абмежаванасці. Ён з павагай ставіўся да народаў усіх краін, падкрэсліваў гіст., культ. і моўную роднасць слав. народаў. У яго творчасці прысутнічаюць выразныя дэмакр. тэндэнцыі, арыентацыя на ўвесь бел. народ. Дзейнасць Ц. спрыяла зараджэнню, уздыму і кансалідацыі шырокага нац.-культ. і патрыят. руху на Беларусі ў канцы 16 — пач. 17 ст. Ц. цесна супрацоўнічаў з С.Будным, часткова падзяляў яго грамадска-паліт. і рэліг. погляды. Удзельнічаў у антытрынітарскіх сінодах 1570-х г., дыспутаваў з прадстаўнікамі радыкальнай Рэфармацыі.
Тв.:
Прадмова // Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны. Мн., 1991.
Літ.:
Довнар-Запольский М.В. В.Н.Тяпинский, переводчик на белорусское наречие // Довнар-Запольский М.В. Исследования и статьи. Киев, 1909. Т. 1;
Коршунаў А.Ф. Васіль Цяпінскі // Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Галенчанка Г.Я. Васіль Цяпінскі — паслядоўнік скарынінскай справы // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Бабкова В. Васіль Цяпінскі: Новыя дак. // Спадчына. 1991. № 3;
Клімаў І.П. Нарыс бібліяграфіі аб Васілю Цяпінскім // Здабыткі: Дак. помнікі на Беларусі. Мн., 1995;
Яго ж. Васіль Цяпінскі і яго перакладное «Евангелле» // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1997. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПІЛЕ́ЎСКІ Павел Міхайлавіч (12.11.1823, в. Шыпілавічы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1861),
бел. і рус. этнограф, фалькларыст, пісьменнік, публіцыст, тэатр. крытык. Канд. багаслоўя (1847). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1843), Пецярб. духоўную акадэмію (1847). З 1847 выкладаў славеснасць у Варшаўскім пав. духоўным вучылішчы, з 1853 служыў у Гал.пед. ін-це ў Пецярбургу, у 1855—59 настаўнік школы пры Экспедыцыі падрыхтоўкі дзярж. папер. Друкаваўся з 1846. Супрацоўнічаў з пецярб.перыяд. выданнямі. Пісаў пад псеўд. Драўлянскі, Знаёмы чалавек, Барон Ікс. Вывучаў гісторыю, побыт, вусную нар. творчасць і мову беларусаў. Аўтар нарысаў і арт. «Беларускія народныя павер’і» (1846—52), «Апісанне пасольства Льва Сапегі ў Маскве ў 1600 г.» (1850), «Народныя прыказкі з тлумачэннем паходжання і значэння іх» (1852), «Даследаванне пра ваўкалакаў: На падставе беларускіх павер’яў» (1853), «Вясельныя абрады ў засцянкоўцаў (акалічан) Віцебскай губерні» (1854), «Мазыршчына: (3 падарожжа па заходнярускім краі)» (1859), «Паездка ў заходнія губерні» (1860). Цыклы белетрызаваных нарысаў «Падарожжа па Палессі і беларускім краі» (1853—55) і «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» (1853—56) прынеслі Ш. вядомасць у рас. друку як аднаму з першых даследчыкаў і папулярызатараў бел. гісторыі, этнаграфіі і фальклору. Нарысы сумяшчалі аўтарскія навук. разважанні і лірычныя адступленні, гіст. даведкі і маляўнічыя апісанні бел. гарадоў, вёсак і мястэчак, фалькл. запісы і этнагр. замалёўкі. Ш. належыць таксама спроба стварэння слоўніка і граматыкі бел. мовы («Слоўнік і караняслоў беларускай гаворкі», 1845, рукапіс). Даследаваў таксама гісторыю, мову і фальклор літ. народа («Нарысы Жмудзі», 1855). Аўтар зб. «Беларускія прыказкі» (1853), апавяданняў «Нарысы польскіх звычаяў» (1854), аповесці для дзяцей «Цыганё» (1855), серыі апавяданняў «Заходнярускія нарысы» (1858—59). У аснову драмы «Дажынкі» (1857), якая ўяўляе сабой варыяцыю на тэму «Ідыліі» В.Дуніна-Марцінкевіча, пакладзены бел.этнагр. абрад. У журналісцкія агляды ўключаў весткі з Беларусі, першы паведаміў пра творчасць Дуніна-Марцінкевіча, рэцэнзаваў спектаклі Мінскага т-ра. Непаслядоўнасць і супярэчлівасць светапогляду Ш., які вагаўся ад дэмакратызму і памяркоўнай ліберальнасці да адкрытай рэакцыйнасці, выклікалі нападкі на яго рас. кансерватараў і рэзкую крытыку з боку дэмакр. колаў (палеміка вакол «Заходнярускіх нарысаў»). Творы Ш., прысвечаныя Беларусі, сцвярджалі нац. самабытнасць бел. народа, садзейнічалі фарміраванню бел.нац. культуры і л-ры.
Тв.:
Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992.
Літ.:
Кузняева С.А. Русская дореволюционная печать и советское литературоведение о Павле Шпилевском // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1981;
Германовіч І.К. П.М.Шпілеўскі // Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯДВІ́ГІН Ш. (сапр.Лявіцкі Антон Іванавіч; 4.1.1869, б. маёнтак Добасня, цяпер в. Добасна Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. —24.2.1922),
бел.пісьменнік; адзін з пачынальнікаў новай бел. прозы. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у 1890 за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях арыштаваны, выключаны з ун-та. Вярнуўшыся на Беларусь, працаваў пам. правізара ў мяст. Радашковічы. Па стане здароўя пакінуў працу і пераехаў з сям’ёй у бацькоўскі фальварак Карпілаўка (каля Радашковіч), дзе і правёў б.ч. жыцця. У 1909—10 у Вільні, сакратар, заг.літ. аддзела газ. «Наша ніва». У 1913—15 у газ. «Беларус». час. «Саха», «Лучынка». З 1916 удзельнічаў у рабоце «Беларускай хаткі», нам. старшыні Мінскага аддзела Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны. Памёр у Вільні. Літ. дзейнасць пачаў у турме: пераклаў на бел. мову апавяданне У.Гаршына «Сігнал» (выд. ў Маскве ў 1891). У 1892 напісаў камедыю «Злодзей», якую рыхтаваў да пастаноўкі самадз. гурток беларусаў-інтэлігентаў у Радашковічах (пастаноўка забаронена паліцыяй, рукапіс загінуў). У 1904—05 выступаў у газ. «Виленский вестник» і інш., знаёміў чытача з побытам бел. селяніна, бел. фальклорам, узнімаў пытанні нац. жыцця. Першае апавяданне на бел. мове «Суд» надрукавана ў газ. «Наша доля» (20.9.1906). Найб. плённы ў яго творчасці перыяд 1906—14: надрукаваў апавяданні (зб-кі «Бярозка», 1912; «Васількі», 1914), артыкулы, успаміны ў газ. «Наша ніва» («В.Марцінкевіч у практычным жыцці», 1910, і інш.), нататкі з падарожжа па родным краі (нарыс «Лісты з дарогі», 1910). Сябраваў з Я.Купалам, апублікаваў першую рэцэнзію на яго зб. «Жалейка» («Минское эхо», 8.7.1908). Лепшую частку яго маст. спадчыны складаюць алегарычныя апавяданні, апавяданні-байкі, разнастайныя па тэматыцы і эмацыянальнай афарбоўцы, вызначаюцца дасканаласцю формы і мовы. Для іх характэрны лёгкі гумар («Сакатушка»), з’едлівая паліт. сатыра («Павук», «Падласенькі», «Рабы», «Вяселле» і інш.), пранікнёны лірызм («Дуб-дзядуля», «Бярозка»). Звяртаўся і да сац.-псіхал. апавяданняў («З бальнічнага жыцця», «Зарабляюць», «Шчаслівая», «Гаротная», «Жывы нябожчык», «Зарабіў» і інш.). Творы Я. прасякнуты спачуваннем бел. селяніну, гарачым імкненнем садзейнічаць грамадскім пераменам у лёсе бел. народа, пратэстам супраць сац. несправядлівасці. Аўтар паэмы «Дзед Завала» (1910), кн. «Успаміны» (1921). Яму належыць першы бел. раман «Золата» (няскончаны), які вызначаецца напружаным драм. сюжэтам, спробай стварыць цікавыя характары. У г.п. Радашковічы Ядвігіну Ш. устаноўлены мемар. камень.
Тв.:
Выбр. творы. Мн., 1976.
Літ.:
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Мн., 1969. Т. 2. С. 465—491;
Чыгрын І.Н. Станаўленне беларускай прозы і фальклор. Мн., 1971;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд.Мн., 1980. Ч. 2. С. 278—302.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯНЧУ́К Мікалай Андрэевіч (29.11.1859, в. Карніца Люблінскага ваяводства, Польшча — 6.12.1921),
бел., украінскі і расійскі вучоны-славіст, пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1885). Працаваў настаўнікам, з 1892 пам. бібліятэкара Румянцаўскага музея, хавальнік Дашкаўскага этнагр. музея ў Маскве. У 1889—1903 сакратар аддз. этнаграфіі Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це, з 1901 стваральнік і кіраўнік Музычна-этнаграфічнай камісіі пры ім. Адзін з заснавальнікаў час. «Этнографическое обозрение», дзе друкавалася шмат бел. матэрыялаў. Пасля 1917 чытаў курс бел. і ўкр. л-р у Маскоўскім ун-це, удзельнічаў у рабоце камісіі па арганізацыі Бел. ун-та, у 1921 праф. кафедры бел. л-ры і этнаграфіі БДУ. У 1918—21 чл.Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве, супрацоўнічаў з Беларускім нацыянальным камісарыятам і Беларускім пададдзелам аддзела асветы нацыянальных меншасцей Народнага камісарыята асветы РСФСР. Вывучаў побыт і нар. творчасць усх. славян. Даследаваў бел., літ., польскі, рус., укр.муз. фальклор. Матэрыялы экспедыцыі ў Мінскую губ. (у 1886) друкаваў у газ. «Минский вестник» (1886—87) і навук. выданнях. Склаў «Праграму для збірання этнаграфічных звестак» (1887, з М.Харузіным). Збіраў, даследаваў і апрацоўваў бел.муз. фальклор. Аўтар муз.-фалькларыстычных прац «Маларускае вяселле ў Карніцкай парафіі Канстанцінаўскага павета Сядлецкай губерні» (1886), «Па Мінскай губерні» (1889), працы па антрапалогіі «Некаторыя дадзеныя да пытання аб антрапалагічным тыпе беларусаў» (1890), апрацовак нар. песень, рэдактар муз.-фалькл. зб-каў. У літ.-знаўчых працах «Некалькі слоў пра навейшую беларускую літаратуру» (1912), «Навейшая беларуская літаратура і яе дзеячы» (1920), «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры. Старадаўні перыяд» (1922) распрацоўваў пытанні перыядызацыі, жанравага развіцця, аналізаваў творчасць асобных пісьменнікаў. Рэдактар «Нарысаў беларускай літаратуры» (вып. 1, М., 1920). Літ. творы пісаў на рус. мове і палескай гаворцы. У свае п’есы ўводзіў муз. нумары з нар. песень. Аўтар п’ес «Выхаванне», «Піліп-музыка» (нап. 1887, пастаўлены ўкр. трупамі ў 1887—1922, у 1888 у Мінску трупай М.Старыцкага), «Не памогуць і чары, як хто каму не да пары», вершаў на палескай гаворцы. Удзельнічаў у складанні, перакладзе, рэдагаванні і выданні першай кн. Я.Купалы на рус. мове «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919). Прысвяціў Я.Купалу верш на палескай гаворцы «Янкові Купалі» (нап. 1918, апубл. 1981). Аўтар музыкі да песень на вершы Я.Купалы «Нашай ніве», «Не пагаснуць зоркі ў небе».
Літ.:
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.Мн., 1964;
Петровская Г.А. Не погасла звезда: Жизнен. и творч. путь Н.А.Янчука. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́НІН Іван Аляксеевіч (22.10.1870, г. Варонеж, Расія — 8.11.1953),
рускі пісьменнік. Акад. Пецярбургскай АН (1909). Продак пісьменніка Сымон Бунікоўскі ў 15 ст. перасяліўся з ВКЛ у Маскоўскае вял. княства, дзе і атрымаў прозвішча Бунін. У 1909—14 Бунін жыў за мяжой. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў (свае адносіны да бальшавіцкага рэжыму выказаў у дзённіку «Акаянныя дні», 1925—26). У 1920 эміграваў у Францыю. Літ. дзейнасць пачаў у 1887 як паэт. Вершы Буніна, вытрыманыя ў рэаліст. традыцыях рус. паэзіі 19 ст., процістаялі дэкадэнцкай лірыцы (зб-кі «Вершы 1887—1891 гг.», 1891; «Пад адкрытым небам», 1898; «Лістапад», 1901, Пушкінская прэмія 1903; «Вершы і апавяданні, 1907—1910», 1910). Першы зб. апавяданняў «На краі свету» (1897). У эміграцыі выдаў зб. паэзіі «Выбраныя вершы» (Парыж, 1929), 10 новых кніг прозы: «Ружа Іерыхона» (1924), «Сонечны ўдар» (1927), «Божае дрэва» (1931), «Цёмныя алеі» (1943) і інш., рэліг.-філас. трактат «Вызваленне Талстога» (1937). У кн. «Успаміны» (Парыж, 1950) — суб’ектыўна-крытычная характарыстыка М.Горкага, А.Блока, В.Брусава, Г.Ахматавай, С.Ясеніна, У.Маякоўскага і інш. Лаканічная мова, сціслая кампазіцыя, востры сюжэт, глыбокі псіхалагізм, пранікнёная лірычнасць апавядання — асн. рысы стылю Буніна. У ранніх апавяданнях («Танька», «Антонаўскія яблыкі») адлюстраваў голад і пакуты сялянства, распад патрыярхальнага жыцця селяніна і заняпад дваранскай Расіі. Творы 1910-х г. (паэма ў прозе «Вёска», 1910; аповесць «Сухадол», 1912; апавяд. «Вясёлы двор», «Захар Вараб’ёў», «Пустазелле», «Браты», «Пан з Сан-Францыска») з бязлітаснай маст. сілай раскрываюць тэму збяднення сялян, іх цемру і бяспраўе, працэс сац. і маральнага выраджэння памешчыцкай сям’і. Апавяданні 1920—30-х г. («Лапці», «Цёмныя алеі») прасякнуты матывамі і вобразамі, навеянымі настальгічнымі ўспамінамі пра радзіму, прысвечаны тэме трагічнага кахання (аповесць «Міцева каханне», 1925). У 1927—33 працаваў над сваім самым буйным творам — аўтабіягр. раманам «Жыццё Арсеннева» (Парыж, 1930, 1-е поўнае выд. Нью-Йорк, 1952), у якім адлюстраваў мінулае Расіі, сваё дзяцінства і юнацтва. Пераклаў на рус. мову «Песню пра Гаявату» Г.Лангфела, містэрыі Дж.Байрана «Каін», «Манфрэд», паэму А.Тэнісана «Лэдзі Гадзіва», вершы А. дэ Мюсэ, Л. дэ Ліля, А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі і інш. Нобелеўская прэмія 1933. На бел. мову творы Буніна перакладалі Я.Скрыган, М.Лужанін і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1965—67;
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1987—88;
бел.пер. — Выбранае. Мн., 1958;
Выбр. проза. Мн., 1992.
Літ.:
Афанасьев В. И.А.Бунин: Очерк творчества. М., 1966;
Волков А. Проза Ивана Бунина. М., 1969;
Михайлов О. Строгий талант: Иван Бунин: Жизнь, судьба, творчество. М., 1976;
Бабореко А. И.А.Бунин: Материалы для биографии с 1870 по 1917. 2 изд. М., 1983;
Лавров В. Холодная осень: Иван Бунин в эмиграции (1920—1953). М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЗА́К (Balzac) Анарэ дэ (20.5.1799, г. Тур, Францыя — 18.8.1850),
французскі пісьменнік, пачынальнік рэалізму 19 ст. Вучыўся ў Вандомскім каледжы; у 1819 скончыў парыжскую Школу права, адначасова праслухаў курс л-ры ў Сарбоне. Першы твор — класіцыстычная трагедыя ў вершах «Кромвель» (1820). Поспех і прызнанне прыйшлі з выхадам гіст. рамана «Шуаны» (1829). Прыярытэтам эстэт. сістэмы пісьменніка стаў матэрыяльны свет і будзённае жыццё. Гэта выходзіла па-за межы рамантызму, які панаваў у л-ры да 1830-х г. Аднак традыцыі рамант. мастацтва заўсёды прысутнічалі ў творчасці Бальзака, выяўляліся пры адлюстраванні ўсёпаглынальнай страсці герояў. Назіральнасць і празорлівасць пісьменніка дазволілі зразумець гал. тэндэнцыю эпохі — эканам. пераразмеркаванне багацця, уласнасці і выхад на авансцэну новых уладароў жыцця — фінансістаў, спекулянтаў, ліхвяроў, дзялкоў, якія вырашалі лёс грамадства, стваралі жывую гісторыю. Так нарадзіліся вобразы Габсэка, Грандэ, Гарыо, Нусінгена. Адчуванне свету ў яго цэласнасці і ўнутранай узаемазвязанасці прывяло Бальзака ў 1834 да задумы стварыць «грандыёзны раман пра грамадства», людзей і падзеі 19 ст., якая рэалізавана ў вялізным цыкле раманаў і навел (каля 100) пад назвай «Чалавечая камедыя» пра Францыю перыяду Рэстаўрацыі і Ліпеньскай манархіі. Вылучаюцца 3 яго часткі (эцюды). «Эцюды звычаяў» падзяляліся на сцэны прыватнага («Габсэк», 1830; «Трыццацігадовая жанчына», 1831—34, канчатковая рэд. 1842; «Бацька Гарыо», 1834—35, і інш.), правінцыяльнага («Яўгенія Грандэ», 1833; «Музей старажытнасцяў», 1836—38; «Страчаныя ілюзіі», 1837—43, і інш.), парыжскага («Бляск і ўбоства куртызанак», 1838—47; «Кузіна Бэта», 1846; «Кузэн Понс», 1847, і інш.), ваеннага («Шуаны» і інш.), паліт. («Цёмная справа», 1841, і інш.) і вясковага («Вясковы лекар», 1833, і інш.) жыцця. «Філасофскія эцюды» склалі «Шчыгрынавая скура» (1830—31), «Элексір даўгалецця» (1830), «Пошукі абсалюту» (1834) і інш. У «аналітычныя эцюды» ўвайшлі «Фізіялогія шлюбу» (1829), «Дробныя нягоды сямейнага жыцця» (1845—46) і інш. Творы аб’ядноўваліся агульнымі героямі, якія ўяўлялі сабой розныя тыпы: узроставыя, прафесійныя, сацыяльныя, маральныя, псіхалагічныя і гэтак далей. Бальзак абараняў манархію, каталіцызм і адначасова захапляўся бурж. прагрэсам. Аднак ніхто лепш за яго не паказаў заганы грамадства, у якім грошы і асабісты інтарэс вынішчаюць усё лепшае, натуральнае з чалавечых адносін і здольныя ператварыць чалавека ў монстра. Творчая манера Бальзака вызначаецца апісальнасцю, стыль — дэталёвасцю, жывапіснасцю. Яму належаць таксама збор навел «Свавольныя апавяданні» (1832—37), п’есы («Мачаха», 1848, і інш.), крытычныя артыкулы («Эцюд пра Бейля», прадмова да «Чалавечай камедыі» і інш.). На бел. сцэне ставіліся спектаклі па п’есах Бальзака «Мачаха», «Драпежніца», раманах «Яўгенія Грандэ», «Баламутка» («Жыццё халасцяка»).
Тв.:
Бел.пер. — Габсэк. Мн., 1993;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—24. М., 1960.
Літ.:
Реизов Б.Г. Бальзак: Сб. статей. Л., 1960;
Бальзак в воспоминаниях современников. М., 1986;
Моруа А. Прометей, или Жизнь Бальзака: Пер. с фр.М., 1988.