ФРАНКО́ Іван Якаўлевіч (27.8.1856, с. Нагуевічы, цяпер с. Івана-Франкова Драгобыцкага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 28.5.1916),
украінскі пісьменнік, вучоны, грамадскі дзеяч. Д-р філасофіі (1893). Ганаровы д-ррус. славеснасці (1906). Скончыў Чарнавіцкі ун-т (1891). За ўдзел у рэв.-дэмакр. руху ў 1877, 1880, 1890 быў зняволены. Друкаваўся з 1874. У зб-ках паэзіі «Мой Ізмарагд» (1898), «З дзён журбы» (1900) філас. роздум пра дабро і зло, дружбу і адданасць, грамадскае і асабістае. Цыкл твораў «Завялае лісце» (1896) узбагаціў сусв. лірыку кахання. Аўтар зб-каў лірыкі «З вяршынь і нізін» (1887), «Semper tiro» (1906), паэм «Смерць Каіна» (1889), «Бедны Генрых» (1891), «Істар», «Паэма пра белую кашулю» (абедзве 1899), «Іван Вішанскі» (1900), «Майсей» (1905), аповесцей «Boa constrictor» (1878), «Барыслаў смяецца» (1881—82), «Лель і Палель» (1887), «Стаўпы грамадства» (1894—95); гіст. аповесці «Захар Беркут» (1883). Яго драм. творы вылучаюцца майстэрствам дыялогу, дынамічнасцю сюжэта, глыбінёй драм. канфліктаў: драма «Украдзенае шчасце» (1894), камедыя «Рабіна» (1886) і інш. Пісаў казкі, фельетоны, літ.-крыт. артыкулы. Цікавіўся гісторыяй, культурай і л-рай Беларусі. У «Нарысе гісторыі ўкраінска-рускай літаратуры да 1890 г.» (1910) закранаў пытанні бел. кнігадрукавання, стараж.бел. мовы. Пры даследаванні ўкр. фальклору звяртаўся да паралелей з бел. прыказкамі, песнямі. Выкарыстоўваў матэрыялы пра бел.нар. лялечны т-р пры даследаванні ўкр. вяртэпа. У батлейцы вылучаў бел. інтэрмедыю «Мужык і доктар», адзначаў аналагічныя сцэны ва ўкр. вяртэпе і польск. шопцы. На Беларусі ставіліся яго п’есы «Будка №27», «Украдзенае шчасце», у Дзярж. т-ры лялек казка «Фарбаваны ліс» (пад назвай «Зялёная лісіца»). На бел. мову яго асобныя творы пераклалі А.Астрэйка, М.Аўрамчык, Н.Гілевіч, Ф.Грышкевіч, А.Гурыновіч, Х.Жычка, А.Зарыцкі, У.Караткевіч, А.Кудравец, П.Пестрак, В.Рагойша, М.Танк, А.Траяноўскі, А.Якімовіч, на рус. мову — М.Багдановіч.
Тв.:
Вібрання творів. Т. 1—50. Київ, 1976—86;
Бел.пер. — Апавяданні. Мн., 1956;
Калі звяры яшчэ ўмелі гаварыць. Мн., 1958;
Рус.пер. — Соч.Т. 1—10. М., 1956—59;
Стихотворения и поэмы. Рассказы. Борислав смеется. М., 1971;
Избр. соч. М., 1981.
Літ.:
Ахрыменка П. Іван Франко і Беларусь // Ахрыменка П. Летапіс братэрства. Мн., 1973;
Пархоменко М.Н. Эстетические взгляды Ивана Франко. М., 1966;
Стебун И. Концепция реализма в эстетике И.Франко. М., 1981;
Басс І.І., Каспрук А.А.Іван Франко. Київ, 1983;
Мороз М.О. Іван Франко: Бібліогр. творів. 1874—1964. Київ, 1966.