галіна раслінаводства, якая займаецца вырошчваннем кветкава-дэкаратыўных раслін для ўпрыгожвання садоў, паркаў, вуліц, плошчаў, сквераў, азелянення памяшканняў, забеспячэння насельніцтва кветкамі; частка зялёнага будаўніцтва. Бывае адкрытага і ахаванага грунту, а таксама пакаёвае.
К. вядома з глыбокай старажытнасці (Стараж. Егіпет, Месапатамія, Грэцыя, Рым). Захапленне прыгожымі іншаземнымі раслінамі спрыяла іх пашырэнню за межы прыродных арэалаў: з Амерыкі ў Еўропу трапілі вяргіні і флёксы, з Азіі — бэз, з Кітая і Японіі — азалеі і інш. У выніку селекцыйнай работы ў сусв, асартымент кветкава-дэкар. раслін увайшло мноства сартоў, у т. л. больш за 100 тыс. гладыёлусаў, 40 тыс. руж, 30 тыс. касачоў, 12 тыс. вяргінь, 3 тыс. цюльпанаў і інш. К. шырока прадстаўлена ва ўсіх краінах свету, асабліва ў Нідэрландах, Францыі, Італіі, Германіі, Расіі, Даніі, Балгарыі, Польшчы, Японіі, Ізраілі, Індыі; развіта ў ЗША, Канадзе, Калумбіі, Аўстраліі, Паўд. Афрыцы. К. базіруецца на высокім узроўні інтэнсіфікацыі і з’яўляецца вельмі прыбытковай таварнай галіной. У большасці краін перавага аддаецца вырошчванню культур на зразанне: руж, рэмантантных гваздзікоў, хрызантэм, фрэзій, цюльпанаў, нарцысаў, лілей, гіяцынтаў, гербер, архідэй, анемон і інш. У краінах Еўропы вял. попыт на вазонныя кветкавыя расліны: бегоніі, азалеі, фуксіі, пеларгоніі, хрызантэмы, сенполіі, з дэкаратыўных — на фікусы, драцэны, плюшчы, кактусы, юкі.
На Беларусі кветкі здаўна выкарыстоўваюць для ўпрыгожвання жылых памяшканняў. З пач. 18 ст. К. пашырылася ў аранжарэях магнацкіх уладанняў. Прамысл. К. у рэспубліцы займаюцца 15 спецыялізаваных гаспадарак, якія вырошчваюць кветкі на зразанне і пасадачны матэрыял. Гэта пераважна гаспадаркі па азеляненні, размешчаныя вакол буйных гарадоў. Вял. ўклад у развіццё галіны робіць Цэнтральны батанічны садНац.АН Беларусі, які займаецца інтрадукцыяй, акліматызацыяй і развядзеннем кветкавых, дэкаратыўных і лекавых раслін, таксама Беларускі НДІ садоўніцтва, агародніцтва і бульбы, доследная гаспадарка Лошыца 1-я. Шмат аматараў-кветкаводаў вырошчваюць кветкі для сябе і на продаж. Некат. прамысл. прадпрыемствы вырошчваюць кветкі для ўнутрызаводскага азелянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЦК,
горад, цэнтр Клецкага р-на Мінскай вобл., на р. Лань. За 127 км на ПдЗ ад Мінска. Чыг. станцыя на лініі Асіповічы—Баранавічы, аўтадарогамі звязаны з Нясвіжам, Баранавічамі, Слуцкам. 10,8 тыс.ж. (1998).
З канца 10 ст. існавала славянскае паселішча як цэнтр воласці дрыгавіцкага насельніцтва ў вярхоўях Лані. Горад пабудаваны ў сярэдзіне 11 ст. У летапісах (летапісны Кльчьск, Клечьск, Клическ) упершыню ўпамінаецца ў 1127 як цэнтр Клецкага княства. У сярэдзіне 13 ст. горад разбураны манголамі. З 14 ст. ў складзе ВКЛ. У 1503 К. спалены крымскімі татарамі. 5.8.1506 каля горада татары разбіты войскамі ВКЛ на чале з кн. М.Глінскім (гл.Клецкая бітва 1506). У 1522—56 К. валодала вял. княгіня Бона Сфорца, з 1558 — Радзівілы. У 1586—1939 цэнтр Клецкай ардынацыі Радзівілаў. Быў разбураны ў 1655 (у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай) і ў 1706 (у час Паўночнай вайны са шведамі). У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі, мястэчка Слуцкага пав. Мінскай губ., цэнтр воласці. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Нясвіжскім пав. Навагрудскага ваяв. У 1920-я г. працавала Клецкая беларуская гімназія. З 1939 у БССР, 7900 ж.; з 1940 цэнтр Клецкага р-на. З 26.6.1941 па 4.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў К. і раёне 7600 чал.; дзейнічалі падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. У 1959—4100 ж. У 1962—66 у складзе Нясвіжскага р-на.
Прадпрыемствы харч. (Клецкі кансервавы завод, масларобчы, камбікормавы і інш.), металаапр. (Клецкі механічны завод), лёгкай і дрэваапр. прам-сці. Клецкі гісторыка-этнаграфічны музей. Мемар. комплекс сав. воінам, партызанам і землякам. Помнікі архітэктуры — Клецкі касцёл і кляштар дамініканцаў (1683), Пакроўская царква (19 ст.), сінагога (мяжа 19—20 ст.), казармы (20 ст.), шпіталь (1909), вятрак (1920-я г.). На паўн.-зах. ускраіне К. — гарадзішча (11—13 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАПА́ДАЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1918у Германіі, Германская рэвалюцыя,
антыманархічная і агульнадэмакр. рэвалюцыя ў Германіі ў канцы 1-й сусв. вайны (пачалася ў ліст. 1918 — адсюль назва). Выклікана вял. стратамі, цяжкім становішчам (асабліва харчовым) і абмежаваннем канстытуцыйных правоў насельніцтва ў час 1-й сусв. вайны, бесперспектыўнасцю вайны супраць намнога большых сіл анты-герм. кааліцыі (Антанты). Непасрэдная яе прычына — спроба ўлад ліквідаваць паўстанне ў г. Кіль ваен. матросаў (3—4.11.1918), якія адмовіліся выканаць загад герм.вярх. камандавання аб прарыве англ. блакады. Да 7—8 ліст. хваляванні, у ходзе якіх на ўзор Сав. Расіі ствараліся органы рэв. улады — Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, ахапілі ўсе буйныя гарады і прамысл. цэнтры Германіі. Ва ўмовах паўстання рабочых і салдат Берліна 9 ліст. ад прастола адрокся кайзер (імператар) Вільгельм II (эмігрыраваў), пайшоў у адстаўку канцлер прынц Макс Бадэнскі; Ф.Шэйдэман абвясціў Германію рэспублікай, а К.Лібкнехт — «сацыяліст. рэспублікай». 10 ліст. агульны сход Саветаў у Берліне стварыў рэв. ўрад — Савет нар. упаўнаважаных (СНУ) на чале з Ф.Эбертам. 11 ліст. СНУ заключыў перамір’е з Антантай. Спрэчкі паміж найб. уплывовымі паліт. сіламі рэвалюцыі — Сацыял-дэмакратычнай партыяй Германіі і Незалежнай сацыял-дэмакратычнай партыяй Германіі — вакол пытання «ўлада Саветаў або Нацыянальны сход?» у выніку 1-га з’езда Саветаў (16—21.12.1918) вырашаны на карысць выбараў у Нац. ўстаноўчы сход 191.1919. Гэтымі выбарамі, выбарамі прэзідэнтам дзяржавы Эберта (11.2.1919) і ўтварэннем адказнага перад парламентам урада (13.2.1919) рэвалюцыя завершана; у Германіі ўстаноўлена Веймарская рэспубліка. У час рэвалюцыі мелі месца спробы яе трансфармацыі на ўзор Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі (напр., абвяшчэнне ў студз. 1919 у г. Брэмен сав. рэспублікі) і праявы грамадз. вайны (баі ў студз. 1919 паміж лева- і праварадыкальнымі сіламі ў Берліне і інш.).
Літ.:
Драбкин Я.С. Ноябрьская революция в Германии. М., 1967;
Орлова М.И. Германская революция 1918—1919 гг. в историографии ФРГ. М., 1986.
Да арт.Лістападаўская рэвалюцыя 1918 у Германіі. Узброеныя матросы, салдаты і цывільныя асобы на вуліцы Берліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛА́НКАВАЯ ВАЙНА́», бліцкрыг (ням. Blitzkrieg ад Blitz маланка + Krieg вайна),
тэорыя вядзення войнаў, асноўным зместам якіх з’яўляецца дасягненне перамогі ў найкарацейшы тэрмін. Тэорыя створана герм. ген.-фельдмаршалам А. фон Шліфенам і інш. ідэолагамі герм. мілітарызму і пакладзена ў аснову ваен. стратэгіі Германіі ў 1-й і 2-й сусв. войнах. Найважнейшыя палажэнні тэорыі «М.в.»: апярэджванне праціўніка ў сканцэнтраванні і разгортванні войск; дасягненне поўнай перавагі ў сілах і сродках на гал. напрамку; забеспячэнне аператыўна-стратэг. раптоўнасці; дэзарганізацыя кіравання войскамі і тылу праціўніка; нанясенне максімальна магутнага першага ўдару з мэтай дасягнення ў пачатковых бітвах рашаючага поспеху; знішчэнне ўзбр. сіл праціўніка шляхам іх рассячэння і акружэння ў выніку імклівых дзеянняў мотапяхоты і танкаў. План Шліфена, упершыню прыменены ў 1914, пацярпеў крушэнне. У 1930-я г.ням. тэарэтыкі, у т. л. Э.Людэндорф, прадоўжылі развіццё асн. палажэнняў «М.в.», прапанаваўшы тэорыю «татальнай вайны», згодна з якой узмацнялася значэнне нечаканага нападу, больш маштабнага тэрору з мэтай запалохвання насельніцтва, своечасовай падрыхтоўкі і шырокага выкарыстання падрыўных сіл на тэр. праціўніка. У пач. 2-й сусв. вайны стратэгія «М.в.» забяспечыла Германіі поспех у Зах. Еўропе. У час Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45вял. значэнне ў зрыве плана «М.в.» мелі абарончыя аперацыі на Беларусі, у т. л.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941 і інш., а таксама Смаленская бітва 1941. Разгром ням.-фаш. войск пад Масквой азначаў поўны крах планаў «М.в.». У сучасных умовах асн. палажэнні «М.в.», мадыфікаваныя стратэгамі ЗША і НАТО, апрабаваны ў вайне супраць Ірака (гл.Кувейцкі крызіс 1990—91) і інш. войнах. Яе рысы: нанясенне загадзя запланаваных, высокадакладных, выбіральных удараў па стратэг. аб’ектах на ўсёй тэр. праціўніка ў спалучэнні з масіраваным выкарыстаннем інфарм. і радыёэлектроннай барацьбы. Сродкамі ўзбр. процідзеяння стратэгіі «М.в.» з’яўляецца своечасовае стварэнне сукупнасці ўзаемадзейных рэгіянальных інфарм.-ўдарных груповак войск, павышэнне эфектыўнасці ППА і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАМО́НІЧАЎ ДРУКА́РНЯ.
Дзейнічала ў канцы 16 — пач. 17 ст. ў Вільні. Засн. ў 1574 П.Мсціслаўцам на сродкі Мамонічаў. У ёй выдадзены «Часоўнік» (1574—76), «Евангелле напрастольнае» (1575), «Псалтыр» (1576). З-за канфлікту паміж Мсціслаўцам і Мамонічамі, якія імкнуліся поўнасцю ўзяць кнігадрукаванне ў свае рукі, у 1576 дзейнасць друкарні прыпынілася. Адноўлена ў 1583 К. і Л. Мамонічамі, мела фін. падтрымку правасл. шляхціцаў Зарэцкіх. Пры падтрымцы канцлера ВКЛ Л.Сапегі ў 1586 і 1593 Мамонічы атрымалі прывілеі, што дало часовае манапольнае права на выданне кніг на бел. і царк.-слав. мовах. З друкарняй супрацоўнічаў віленскі друкар В.Гарабурда. М.д. ўлічвала запатрабаванні і культ. традыцыі розных пластоў насельніцтва. У 16 ст. выдавала л-ру для правасл. брацтваў, іх школ, царквы, мяшчанства, для кніжнага ўзаемаабмену з Украінай, Рус. дзяржавай, Польшчай. У ёй надрукаваны багаслоўскія і літургічныя выданні, кнігі для чытання, публіцыстычныя творы, падручнікі, у т. л. «Граматыка славянская» (1586), «Дыялектыка» І.Спангенберга (каля 1586), «Буквар» (1590-я г., 1618, 1621). Была адзінай бел. друкарняй, якая выпускала зб-кі заканадаўчых актаў, выданні прававога характару, у т. л. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 (на бел. мове; 1614, на польск. мове), «Трыбунал абывацелям Вялікага княства Літоўскага» (1586), канстытуцыі «вальных» сеймаў, шэраг палемічных твораў у абарону уніі, напісаных І.Пацеем. Да 1623 М.д. выпусціла каля 50 кірылічных і 35 выданняў на польск. мове. Кнігі адметныя высокім паліграф. і мастацка-арнаментальным афармленнем. Тут упершыню выкарыстаны зробленыя Грынем Івановічам курсіўныя шрыфты, што ўзнаўлялі графіку канцылярскага пісьма. Выкарыстоўваліся свецкія гравюры (партрэты Жыгімонта III Вазы, Сапегі; сейм Рэчы Паспалітай, гербы і інш.). Пасля 1624 друкарскія матэрыялы М.д. часткова перайшлі ва ўласнасць Віленскай базыльянскай друкарні.
Літ.:
Зернова А.С. Типография Мамоничей в Вильне (XVII в.) // Книга: Исслед. и материалы. М., 1959. Сб. 1;
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 54—79;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ СТРО́І,
традыцыйныя комплексы бел.нар.адзення, характэрныя для пэўнай мясцовасці. Адрозніваюцца асаблівасцямі крою, кампазіцыйна-пластычным вырашэннем, фактурай і каларытам тканіны, характарам аздаблення (тэхнікай выканання арнаменту, яго матывамі), а таксама спосабамі нашэння асобных частак касцюма (здымных упрыгожанняў, галаўных убораў, абутку і інш.). Н.с. развіваліся ў цеснай сувязі з характарам эстэт. ідэалаў, утылітарных і маст. запатрабаванняў насельніцтва пэўных рэгіёнаў. Іх фарміраванне залежала ад узроўню сац.-эканам. развіцця пэўнай мясцовасці, прыродна-кліматычных умоў, роду традыц. заняткаў, гасп. дзейнасці, рэліг. прыналежнасці, узаемасувязей з культурай суседніх народаў і інш.Найб. выразна выяўляюцца ў жаночым абрадавым і святочным касцюме 19—1-й пал. 20 ст. і ўвасабляюць стылявыя прынцыпы нар. творчасці гіст.-этнагр. рэгіёнаў Беларусі. Характэрныя рысы нар. адзення зах. Палесся яскрава праяўляюцца ў дамачаўскім строі, кобрынскім строі, маларыцкім строі, мотальскім строі, пінска-івацэвіцкім строі. Народнае адзенне ўсх. Палесся вылучаецца багаццем сродкаў і прыёмаў маст. аздаблення святочнага касцюма брагінскага строю, давыд-гарадоцка-тураўскага строю, калінкавіцкага строю, турава-мазырскага строю. Разнастайнымі комплексамі адзення вылучаецца Падняпроўе: буда-кашалёўскі строй, дубровенскі строй, краснапольскі строй, магілёўскі строй, неглюбскі строй. На цэнтральнай Беларусі найб. яскрава праяўляюцца ўласцівыя бел.нар. адзенню стрыманасць і паэтычнасць вобраза ў вілейскім строі, капыльска-клецкім строі, ляхавіцкім строі, пухавіцкім строі, слуцкім строі. Віртуозным майстэрствам аздаблення верхняга адзення, стылістычнай непаўторнасцю вылучаюцца строі Панямоння: ваўкавыскі-камянецкі строй, мастоўскі строй, навагрудскі строй. На каларыстычна-арнаментальны лад касцюма Паазер’я значна паўплывала набіванка (гл.Лепельскі строй). Паступова на змену традыц.нар. адзенню прыйшоў больш прыдатны для сучаснага жыцця агульнаеўрап. касцюм. У наш час матывы Н.с. выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы новых сучасных мадэлей адзення, на тэатр. сцэне.
Літ.:
Раманюк М. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;
Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ЎЛЯ,
горад у Гомельскай вобл., прыстань на правым беразе р. Прыпяць. Цэнтр Нараўлянскага р-на. За 125 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Ельск на лініі Калінкавічы — Оўруч. Аўтадарогамі злучана з Мазыром, Ельскам. 7,4 тыс.ж. (2000).
Вядома з 18 ст. як прыватнае мястэчка. Належала Аскеркам. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1800 каля Н. працавалі гута, вінакурны завод. У 1897 у Н. 1,1 тыс.ж., школа, царква. З крас 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з ліп 1924 у БССР, цэнтр раёна Мазырскай акругі. Працавалі агароднінасушыльная ф-ка, 5 гарбарных з-даў, паравы млын. У 1931 арганізавана суднабудаўнічая арцель, пабудаваны суднарамонтны з-д, кандытарская ф-ка «Чырвоны мазыранін», лесазавод. З 27.9.1938 гар. пасёлак у Палескай вобл., 4,7 тыс.ж. (1941). У Вял.Айч. вайну 27.8.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Н. і раёне 600 чал. 29—30.8.1943 партызаны правялі Нараўлянска-Шчакатаўскую аперацыю 1943. Вызвалена 30.11.1943 воінамі 61-й арміі Бел. фронту ў выніку Нараўлянскай аперацыі 1943 сумесна з партызанамі 27-й Нараўлянскай брыгады імя Кірава. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1959—4,8 тыс.ж., у 1970—6,6 тыс.ж. У снеж. 1962 — студз. 1965 у Ельскім р-не. З 3.11.1971 горад. Горад і раён моцна пацярпелі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, частка іх насельніцтва пераселена.
Прадпрыемствы харч. (Нараўлянская кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін», сумеснае прадпрыемства «Нордэкс», малаказавод, хлебазавод), буд. матэрыялаў прам-сці, з-д гідраапаратуры, дрэваперапрацоўчы камбінат, Райаграпрамтэхніка, лясгас, камбінат быт. абслугоўвання. Нараўлянскі этнаграфічны музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Нараўлянскі сядзібна-паркавы ансамбль. Каля Н. — паселішча бронзавага веку.
Да арт.Нароўля. Школа-інтэрнат (былы сядзібны дом 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАСІ́Я (Nikosia),
Леўкасія, горад, сталіца Рэспублікі Кіпр. Знаходзіцца ў цэнтр.ч. в-ва Кіпр. Больш за 200 тыс.ж. (1998). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., тытунёвая, харч., гарбарна-абутковая. дрэва- і металаапрацоўчая. Ганчарнае рамяство. Цэнтр турызму.
Засн. ў 7 ст. да н.э. (наз. Ледра, Леўкатэон, з 13 ст.н.э. Н.). У 58 да н.э. заваявана рымлянамі; уваходзіла ў склад Рым. імперыі, потым Візантыі. З 4 ст.н.э. рэзідэнцыя епіскапа. У 1191 заваявана англ. каралём Рычардам 1 Львінае Сэрца (3-і крыжовы паход). У 1192—1485 сталіца Кіпрскага каралеўства крыжаносцаў. З 1485 належала Венецыі, у 1571 заваявана Асманскай імперыяй. У час Грэчаскай нац.-вызв. рэвалюцыі 1821—29 туркі арганізавалі ў Н. разню хрысціянскага насельніцтва. З 1878 сталіца брыт. калоніі Кіпр. З 1960 сталіца незалежнай Рэспублікі Кіпр. З 1974 (тур. ўварванне на Кіпр) застаецца пад міжнар. кантролем міратворчых сіл ААН, якія ахоўваюць мяжу паміж Кіпрскай рэспублікай і Тур. Рэспублікай Паўн. Кіпра. Н. — цэнтр архіепіскапства кіпрскай аўтакефальнай правасл. царквы.
Стары горад, абкружаны венецыянскай крапасной сцяной (1567, арх. Ф.Барбара, паводле чарцяжоў Дж.Саварньяна), захаваў планіроўку 16 ст.: скучаная забудова, вузкія вуліцы з малапавярховымі будынкамі. З 250 сярэдневяковых пабудоў найб. значныя: гатычныя сабор св. Сафіі (цяпер мячэць Селіміе; з 1209, усх. частка — 1217—51. зах. 1319—26), касцёлы Маці Божай (1300) і аўгусцінцаў (цяпер мячэць Амерые; каля 1330), ансамбль рынку Бедэстан (перабудаваны ў 16 ст.); «Вароты Фамагусты» (16 ст.), сабор св. Іаана (перабудаваны ў 1665, цыкл размалёвак, каля 1730). Па-за межамі Старога горада — новыя сучасныя кварталы. Вылучаецца архіепіскапскі палац (1956—59, арх. Н.Русас).Музеі: Кіпра, нар. мастацтва, абразоў, лапідарый (фрагменты сярэдневяковых пабудоў).
Літ.:
Коровина А.К., Сидорова Н.А. Города Кипра. М., 1973.
Да арт.Нікасія. Кафедральны сабор святой Сафіі (цяпер мячэць Селіміе). 1209—1326.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПСА,
вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на ўсх. беразе воз. Опса, на аўтадарозе Браслаў—Відзы. Цэнтр сельсавета. За 20 км на ПдЗ ад г. Браслаў, 240 км ад Віцебска, 53 км ад чыг. ст. Друя. 777 ж., 253 двары (2000). Пагранічная камендатура. Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла партызан. Курган Бессмяротнасці на магіле ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — касцёл св. Яна Хрысціцеля (пач. 20 ст.), сядзіба (1904). За 3 км ад вёскі курганны могільнік балта-слав.насельніцтва 8—11 ст.
У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1500 як уладанне смаленскага кн. Глазыні. У 1-й пал. 16 ст. велікакняжацкі двор і цэнтр воласці, з 2-й пал. 16 ст. мястэчка, цэнтр староства, якое, паводле інвентара 1779, падзялялася на 5 войтаўстваў. У мястэчку былі парафіяльная школа (з 1777), касцёл, 2 вадзяныя млыны, карчма, вінакурны завод, панскі двор з сядзібным домам і гасп. пабудовамі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) О. ў складзе Рас. імперыі. З 1823 уладанне Плятэраў. У сярэдзіне 19 ст. цэнтр воласці Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ., у 1859—163 ж. У 1864 (паводле інш звестак у 1866) заснавана нар. вучылішча. У 1916 з Друі ў О. пракладзена вузкакалейка. З 1921 О. ў складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Навагрудскага ваяв. Дзейнічалі школа, дом для сірот, касцёл, сінагога, пошта, крамы, млын, каап. малачарня. У 1931 у О 907 ж., 153 двары. З 1939 у БССР, з 1940 вёска, цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў О. больш за 200 жыхароў. 22.4.1944 партызаны брыгады «Спартак» разграмілі ў О. гарнізон ворага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́ЛІЯ, Падолле, Падольская зямля,
гістарычная вобласць на ПдЗ Украіны ў бас.р.Паўд. Буг і ў левабярэжжы бас.р. Днестр (тэр.б.ч. сучасных Вінніцкай, Хмяльніцкай, паўн.ч. Адэскай і паўд.ч. Цярнопальскай абласцей). Займае асн. частку Падольскага ўзвышша. Вядома з сярэдзіны 14 ст. У 1360-я г. ўвайшла ў склад ВКЛ; вял.кн. Альгерд прызначыў тут намеснікам свайго пляменніка кн. Фёдара Карыятавіча. У 15—17 ст. на тэр. П. шмат разоў нападалі войскі Крымскага ханства і Турцыі. У 1434 зах.ч. П. ўключана ў склад Польшчы, утворана Падольскае ваяв. з цэнтрам у г.Камянец-Падольскі. Пасля Люблінскай уніі 1569 у склад Польшчы ўвайшла і ўсх.ч. П., дзе ўтворана Брацлаўскае ваяв. з цэнтрам у г. Брацлаў (цяпер Вінніцкая вобл.). Насельніцтва П. ўдзельнічала ў паўстаннях Мухі (1490—92), С.Налівайкі (1594—96), вызваленчай вайне ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. 1—2.6.1652 укр. войска Б.Хмяльніцкага разграміла ва ўрочышчы Батог на П. (цяпер Вінніцкая вобл.) войска кароннага гетмана М.Каліноўскага. У 1672 П. захоплена Турцыяй, паводле рашэння Карлавіцкага кангрэса 1698—99 вернута Рэчы Паспалітай. Нас-ва П. ўдзельнічала ў паўстаннях С.Палія (1702—04), Калііўшчына (1768). У 1772 паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай Аўстрыя захапіла зах.ч. П. з гарадамі Чарткоў і Залешчыкі (цяпер у Цярнопальскай вобл.). У 1793 паводле 2-га падзелу Рэчы Паспалітай П. ўвайшла ў склад Рас. імперыі і падзелена паміж Падольскім і Брацлаўскім намесніцтвамі. У 1797 з падольскіх паветаў утворана Падольская губ. з цэнтрам у г. Камянец-Падольскі. У 1814—35 П. — асн. раён антыфеад. паўстанцкага руху пад кіраўніцтвам У.Я.Кармалюка. З 1917 Падольская губ. ў складзе Украінскай ССР, 3.6.1925 замест яе створаны акругі, у 1930-я г. — вобласці. Пасля далучэння Зах. Украіны да УССР (1.11.1939) зах.ч. П. ўключана ў Цярнопальскую вобл.