уваскрэ́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. уваскрэс, ‑ла; зак.

1. Паводле рэлігійных вераванняў — вярнуцца да жыцця пасля смерці; ажыць. Тут музыка як урэзаў — Нежывы і то ўваскрэс! Гілевіч. // Пра таго, хто лічыўся прапаўшым без вестак і пад. // Стаць здаровым, бадзёрым, жыццядзейным. Уваскрэснуць духам.

2. Узнікнуць зноў, ажыць; праявіцца з ранейшай сілай. За хвіліну прабяжыць .. [жыццё] ва ўспамінах усё — далёкае, забытае ўваскрэсне, як самая ясная ява, што толькі кранула цябе сваім цёплым дыханнем. Скрыган. // Адрадзіцца, аднавіцца. Лявей .. ўзвышаліся валы з нейкай руінай — і гэта былі валы старой Разані, якая так і не ўваскрэсла пасля нападу татар. Караткевіч. І адродзіцца, уваскрэсне Ціхая слава твая, Хірасіма. Дзяргай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ула́снік, ‑а, м.

1. Той, хто мае якую‑н. уласнасць; валодае чым‑н. У былых майстэрнях нейкага ўласніка, двух доўгіх .. будынках на ўскраіне.. танкісты аглядалі, рамантавалі машыны. Грамовіч. З кажуха кпілі хатнія, пасмейваўся і сам уласнік, але разлучацца з ім ніяк не хацеў. Лужанін. // Асоба, якой уласціва што‑н. Нават самы густы грэбень не мог даць рады, каб укласці гэты віхрасты чуб так, як хацелася б яго ўласніку. Якімовіч. — А, калі ласка! — сказаў малады хлопец, уласнік тонкага носа. Колас.

2. Чалавек, які прагне цалкам уладаць чым‑н., не дзелячыся з іншымі. Закаранелы ўласнік. □ Трэба змяняць душы, псіхалогію .. [сялян]: уласнік павінен стаць калектывістам. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Аддзяляць па слаях лучыну і пад. А бацька, сівы і яшчэ жвавы клапатун, цюкае непадалёку сякерай — шчапае на калодцы дровы. Ракітны. [Дзед] завіхаўся ля чыгункай печкі, шчапаў лучыну. Лынькоў.

2. Разломваць, разбіваць на кавалкі, часткі. Наступленне, як звычайна, пачалі артылерысты — шчапалі дот за дотам, хавалі пад іх абломкамі ворага. Мележ. Як кладзеш цэглу такую, размякае вапна, набрыняе і шчапае цэглу на кавалкі, псуе сценку. Шынклер. Пасля з грымотамі і звонам Вада шчапала крохкі лёд. Глебка. / у перан. ужыв.; і каго. А ён [вораг] як сыпне з кулямётаў, Так і шчапае нашу роту! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэ́льма, ‑ы, м. і ж.

1. Махляр, несумленны чалавек; нягоднік, паганец. — Ну, мерайце, — кажу, — ды рэжце! — Куляецца аршын, маланкай ходзяць рукі — Так спрытна шэльма мерае. Крапіва. — Ага, шэльма, — захрыпеў Сцяпан, кідаючыся на .. [чалавека] і хватаючы яго за рукі. Чорны. [Беразоўскі:] — Злодзей ты, Макар, і шэльма, якіх мала... Па закону я павінен, апытаць цябе, скласці пратакол і пасадзіць за крадзеж. Чарнышэвіч.

2. Хітрун, круцель, дураслівец, махляр (звычайна ўжываецца як выражэнне захаплення, спагады, адабрэння). — Вера, ведаеш, што я скажу табе... Ты — хоць вялікая шэльма, але папраўдзе слаўная дзеўка... Зарэцкі. [Каваль:] — І дарога грыміць, І душа спявае. І людзі глядзяць і радуюцца: бач, як ляціць, шэльма!.. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калы́ска1 ’плецены або драўляны дзіцячы ложак (звычайна падвешаны на вяроўках да столі), які можна калыхаць, гушкаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; КЭС, лаг.; Мал., Мат. Гом.), колысочка (Радч., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Шат., Яруш.), калыска‑палатнянка ’палатняная калыска накшталт заплечнай ношкі’ (Жд. 3), ’гушкалка’ (Нас.), ’арэлі, гушкалка’ (Сл. паўн.-зах., ТС, Ян.). Укр. колиска ’люлька’ і ’арэлі, гушкалка’, рус. колыска ’тс’, польск. kołyska ’люлька’ (і ст.-польск.; Слаўскі (2, 377) звяртае ўвагу толькі на спарадычныя фіксацыі ў гаворках), чэш. мар. kolíska ’люлька’, славац. kolíska ’тс’. У гаворках не заўсёды паслядоўна слова азначае рэалію з «маятнікавым» рухам, што, відаць, пазнейшае і для этымалогіі неістотна. Лінгвагеаграфія не выключае магчымай экспансіі рэаліі разам з назвай, аднак акрэсліць цэнтр інавацыі (усх.-слав. тэрыторыя?) даволі цяжка. Паводле Слаўскага, 2, 377, паўн.-слав. *kolysъka ад *kolysati (гл. пад. калыхаць).

Калы́ска2 ’паглыбленне ў адным бервяне, у якое кладуцца іншыя, каб не раскачваліся пры перавозцы’ (Жд. 3). У іншых слоўніках як быццам не адзначаюцца. Апісанне рэаліі не вельмі дакладнае, па гэтай прычыне сувязь з калыска1 (перанос па функцыі? форме?) уяўляецца не адзіна магчымай, ва ўсякім разе шэраг роднасных лексем сведчыць аб апасродкаванай сувязі, пашырэнні новага тэрміналагічнага значэння. Так, звяртаюць на сябе ўвагу рус. валаг. колыга і калыга ’крыты выгіб (палазок, абручоў і да т. п.)’, дзе сувязь (семантычная з калыска1) можа быць яшчэ непасрэднай, арханг. колыга ’кожны з двух падоўжаных бакавых брусоў, якія злучаюць пярэднюю і заднюю часткі дроў’. Невялікая надзейнасць такога супастаўлення ў тым, што сувязь з рус. калыга, калыжка і да т. п. з’яўляецца праблематычнай. Бел. хутчэй за ўсё рэгіянальны наватвор.

Калы́ска3 ’агрэх’ (Мат. Гом.). Ілюстрацыя ўдакладняе: «На полі ў цябе асталася калыска», аднак рэалія застаецца няяснай — ці гэта агрэх пры пасеве, ці пры ўборцы. У іншых крыніцах не фіксуецца. Сувязь з калыска1 не выключана, развіццё значэння: ’паглыбленне ў глебе’ → ’месца, адкуль цяжка выкасіць што-н.’ → ’агрэх’. Далей, калі назва абагульняецца, ’агрэх наогул’. Іншы варыянт тлумачэння зыходзіць з таго, што калыска азначае ’агрэх пры пасеве’. У такім выпадку слова можна параўнаць з вытворнымі ад лысы, якія ў рус. гаворках з’яўляюцца цікавым матэрыялам для рашэння гэтай задачы. Так, у СРНГ знаходзім лысина ’прагаліна, лужок ў лесе’, лысить ’пакідаць прабел’ і ’пакідаць пры падмятанні падлогі поласы пылу’, лыситься ’праясняцца (пра неба)’. Цікавым з’яўляецца і такі выраз як лысо ’рабіць абы як’, далей, наяўнасць структурна падобных дэрыватаў: лыска ’мянушка жывёл з белай плямай на лбе’ і ’адзнака на кары дрэва сякерай або нажом’. У плане структурна дакладнай паралелі можна прывесці рус. церск. колыснуться ’памерці, прапасці’, аднак статус гэтай перыферыйнай лексемы вельмі няясны (адзінкавая фіксацыя). Апрача таго. прэфіксальны (з ко‑/ка‑) зыходны дзеяслоў з адпаведным значэннем як быццам не зафіксаваны, і гэта таксама зніжае надзейнасць версіі. Па кодле геаграфіі (калі прыняць першую версію) — рэгіянальны наватвор.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спра́ва¹, -ы, мн. -ы, спраў, ж.

1. Работа, карысны занятак; тое, чым хто-н. заняты; дзейнасць.

Ён заняты важнаю справаю — вучыць дзяцей.

Гаспадарчыя справы.

2. Работа, заняткі, звязаныя са службай, вытворчасцю, грамадскімі абавязкамі і пад.

Бягучыя справы.

Здаваць справы.

3. Абавязак, доўг; кола чыіх-н. паўнамоцтваў.

Добрасумленная праца — с. кожнага грамадзяніна.

Гэта с. адміністрацыі.

4. Патрэба; тое, што неабходна вырашыць.

Зайсці па важнай справе.

5. (з азначэннем), у знач. вык. Рэч, з’ява.

Гэта с. не з лёгкіх.

6. Спецыяльнасць, галіна ведаў ці навыкаў.

Ваенная с.

Кулінарная с.

7. Судовы разбор, працэс.

Крымінальная с.

Слухаецца с. аб забойстве.

8. Збор дакументаў, якія маюць адносіны да якой-н. асобы, здарэння.

Папкі для спраў.

Завесці справу на каго-н. (таксама перан.: пачаць разбор).

9. Здарэнне, факт, падзея; становішча дзе-н., стан каго-, чаго-н.; абставіны.

С. гэта пачалася летась.

С. не з лепшых.

10. Учынак.

Добрую справу робяць шэфы школы.

Асабовая справа — папка з дакументамі якой-н. асобы, што працуе ў пэўнай установе.

Ваша (твая, яго) справа (разм.) — рэпліка ў знач. рабіце, як знаеце, вам вырашаць, толькі вас датычыцца.

Ёсць такая справа (разм.) — добра, згодзен, няхай будзе так.

На самай справе — у сапраўднасці.

На справе — па сутнасці, на практыцы.

Не мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа (разм.) — мяне (цябе і пад.) не датычыцца.

Такая справа (разм.) — вось у чым справа.

У чым справа? (разм.) — што здарылася?

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

збе́гчыся, збягуся, збяжышся, збяжыцца; збяжымся, збежыцеся, збягуцца; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. л. не ўжыв.). Хутка, бягом сабрацца ў адно месца (пра ўсіх, многіх). Тушыць пажар збегліся ўсе, малыя і старыя. Шамякін. Увесь лагер збегся да зямлянкі камандзіра. Шчарбатаў. // перан. Разм. Адбыцца ў адзін час, разам; супасці. Якім чынам усё так збеглася нечакана, тлумна і хаатычна, .. [Рыгор] не мог сказаць. Гартны. [Саўка] гатоў нават і спачуваць ім [партызанам], але што ты зробіш, калі так збегліся акалічнасці? Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Зблізіўшыся, сысціся ў адно месца; самкнуцца. [Тодар] нічога не адказаў, толькі неяк збянтэжана засмяяўся, ад чаго старшынёвы бровы яшчэ больш збегліся на пераноссі. Крапіва. На твары ў .. [Тумаша] застыла ўхмылка, на пукатым ілбе збегліся баразёнкі зморшчын. Новікаў.

3. Разм. Паспець бегчы разам з кім‑, чым‑н. Каза .. спускаецца ўніз і цягне за сабой Марыльку. А тая не можа збегчыся. Кулакоўскі.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Сцягнуцца, ссесціся. Сукенка збеглася.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стваражыцца, утварыць згусткі (пра малако). Малако збеглася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заве́сціся, ‑вядуся, ‑вядзешся, ‑вядзецца; ‑вядзёмся, ‑ведзяцеся; пр. завёўся, ‑вялася, ‑лося; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). З’явіцца, зрабіцца наяўным. Грошы завяліся. // Узнікнуўшы, распладзіцца, размножыцца. [Дзядуля] даглядае дрэўцы, абразае сухія галінкі, падвязвае маладыя парасткі вінаграду, сочыць, каб не завяліся ў садзе якія шкоднікі. Бяганская. // Арганізавацца, наладзіцца. — У нашым раёне яшчэ дзве трусіныя фермы завяліся. Адна — у «Партызане», а другая... у Пажарках. Ракітны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Устанавіцца, пачацца. З першых дзён Зеленюковага прыезду ў Сівец у іх завялася з Віктарам цёплая дружба. Зарэцкі. Так завяліся ў містэра Лаяна шырокія сувязі як у дзелавым, так і ў афіцыйным свеце. Лынькоў.

3. Разм. Пачаць бойку, спрэчку і пад. з кім‑н. Сымон яшчэ змалку паказаў сваю злосць. Раз ён завёўся за нешта са сваёй сястрой Марцэляй. Колас. — Я сам злосны і, магчыма, бываю несправядлівы. .. Дык што ты, і мяне знішчыш? — горача насядаў Ходас на Косцю. — Завёўся ўжо! — папракнула яго Вера. Шамякін.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць дзейнічаць у выніку заводу ​2 (у 1 знач.). Гадзіннік завёўся. Матор завёўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

may [meɪ] v. (might)

1. (азначае меркаванне, якое мяжуе з няўпэўненасцю) магчы́ма, мо́жа быць;

They may be late. Яны могуць спазніцца./Магчыма, яны спазняюцца.

2. fml мо́жа (азначае дазвол);

May I speak to the manager? Магу я пагаварыць з менеджарам?;

May I say/ask/suggest? fml (Ці) магу я сказаць/спытаць/прапанаваць?

3. магчы́ма (суадносіць магчымасць дзеяння з прошлым часам);

They may have come in our absence. Магчыма, яны прыходзілі, калі мы адсутнічалі.

4. fml (азначае пажаданне або надзею);

May you be happy! Няхай вам шчасціць!

be that аs it may fml так таму́ і быць;

may/might as well infml што ж, нічо́га не застае́цца, як;

I may as well go to the movies. Нічога не застаецца, як пайсці ў кіно.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

губля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Пазбаўляцца чаго‑н., пакідаючы, забываючы дзе‑н. па няўважлівасці. Губляць ключы. Губляць грошы. Губляць рэчы. // Скідваць, атрасаць з сябе (лісце, пер’е і пад.). Сумавала рабіна ў полі, Што губляе ўсё лісцейка з голля. Журба. Не кукуй, зязюля, хоць так цяжка грудзям, Не губляй па лесе пер’е, галасы. Танк.

2. Марна траціць што‑н. дарагое, каштоўнае. Хто рана сее, той насенне не губляе. З нар. Коцік часу не губляе, Мышку ў норку заганяе. А. Александровіч. // Пра таго, хто памёр, загінуў. Шматала мяцеліца Конскія грывы, У жорсткіх атаках Сяброў мы гублялі. Хведаровіч.

3. Пазбаўляцца часткова або поўнасцю якіх‑н. уласцівасцей, якасцей, стану. Губляць надзею. □ Прамень сонца.. з’явіўся на столі — вузкая ружовая палоска. Паступова яна робіцца святлейшай, губляе ружовасць. Шамякін. Хлапчук глядзеў на жоўты, высушаны дашчэнту твар, які губляў свой звычайны, знаёмы выраз. Самуйлёнак. // Выходзіць з ранейшага становішча, мяняць размяшчэнне, позу. Губляць устойлівасць. Губляць раўнавагу.

4. Збівацца з чаго‑н., страчваць што‑н. Губляць дарогу. Губляць сувязь думак.

•••

Губляць (траціць) галаву — траціць здольнасць цвяроза думаць, губляцца ў складаных абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)