сказа́ць, скажу́, ска́жаш, ска́жа; зак.
1. што і без дап. Выкласці вусна якую‑н. думку, паведаміць што‑н.; вымавіць. І пахваляць цябе людзі, Скажуць: «Наш хлапчына!» Колас. Хрыпач сказаў кароткую прамову. Ён заўсёды гаварыў коратка. Усе ўважліва слухалі чаканныя, нібы каманда, словы. Б. Стральцоў. — Авёс вельмі мізэрны, — крытычным тонам сказаў аграном. Бядуля. Косця прама сказаў таварышу, калі яны вярталіся дадому: — Хвалько ты, Альберт! Шыловіч. // Разм. Расказаць. Скажу вам не казку, а праўду. Якімовіч.
2. з інф. Загадаць. [Паўлік:] — Я ўсё як трэба расказаў, прызнаўся гэтак, як цяпер тут, і мне сказалі ісці дадому. Чорны.
3. (звычайна з адмоўем). Дапусціць, падумаць, зрабіць вывад. Па вашаму выгляду не скажаш, што вы хворы. ▪ [Нахлябіч:] — А што, калі людзі бачылі, што ты ў мяне цяпер. Ты малады, ты куды хочаш махнуць можаш, а я што! Тады кожны скажа, што я памагаў табе. Чорны.
4. перан. Зрабіць вядомым, зразумелым што‑н.; паказаць на што‑н. Што скажа мне, Зроблены дбала нажом, Узор[ысты] надпіс на блясе? Гілевіч. «Скончана ўсё», — сказала смяротная халоднасць яго твару. Чорны. Толькі, сустрэўшыся, рукі, Скутыя рукі сказалі, Што за палямі, лясамі, Недзе ёсць Нарачы хвалі. Танк.
5. 1 ас. мн. буд. ска́жам у знач. пабочн. Напрыклад. Прадаць.. [трусоў] ці, скажам, на мяса завесці — трэба ж рашэнне прыняць. Ракітны.
6. заг. скажы́(це). Вокліч, які служыць для выражэння здзіўлення, абурэння і пад. з прычыны чаго‑н. Які скоры, скажыце!
7. 2 і 3 ас. буд. ска́жаш (ска́жаце), ска́жа (ска́жуць). Вокліч з асобай інтанацыяй для выражэння нязгоды з чым‑н. пачутым, пагардлівых адносін да думкі субяседніка. — Скажа! — узарваўся нейчы бас. Бажко.
•••
Дарэчы сказаць (у знач. пабочн.) — ужываецца для абазначэння таго, што дадзеная фраза гаворыцца ў дадатак да чаго‑н., толькі што сказанага. Гэта была яго адзіная спецыяльная вучоба, якая, дарэчы сказаць, пайшла марна. Дуброўскі.
Да слова сказаць (у знач. пабочн.) — у сувязі са сказаным або ў дадатак да яго. [Сцяпан:] — Да слова сказаць, вы таксама забыліся ля свірка свой мяшок. Пянкрат.
(Ды) і то сказаць — выкарыстоўваецца як праяўленне згоды з абгрунтаванасцю, слушнасцю чаго‑н. Ды і то сказаць, які час наш, такія і планы. Краўчанка.
З дазволу сказаць (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца для выказу адмоўных адносін таго, хто гаворыць, да асобы, прадмета ці з’явы, пра якія ідзе размова. Я не веру, што ў такім, з дазволу сказаць, танцы можна знайсці эстэтычную асалоду. «Маладосць».
Каб сказаць (сказаў) (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца для выражэння скептычных адносін да каго‑, чаго‑н. З усходу да Рагазінкі клінам падступаў лес. Не тое, каб сказаць, добры лес. Не! Так сабе — чарналессе. Сабаленка.
Карацей сказаць (у знач. пабочн.) — тое, што і карацей кажучы (гл. кажучы).
Лепш сказаць (у знач. пабочн.) — дакладней, праўдзівей кажучы. У малодшага наборшчыка друкарні.. — выхадны дзень. Лепш сказаць — не выхадны, а выязны. Валодзька выпрасіў.. дазвол паехаць на раён. Брыль.
Лёгка сказаць (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца як адказ на прапанову зрабіць што‑н. цяжкае. Лёгка сказаць — стаць настаўнікам таму, хто сам скончыў толькі тры аддзяленні. Якімовіч.
Можна сказаць (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца для ўказання на магчымасць якога‑н. выказу, фармуліроўкі ў адносінах каго‑, чаго‑н. Уся даваенная работа, можна сказаць, на вецер пайшла... Краўчанка.
Не сказаць, каб... — выкарыстоўваецца для выражэння сумнення ў тым, што будзе сказана. Не сказаць, каб вялікія ласункі былі з чэрствага хлеба, але еў яго Міколка з вялікай ахвотай. Лынькоў.
Нічога не скажаш — выражэнне згоды, пацвярджэння чаго‑н., немагчымасці запярэчыць чаму‑н. Нічога не скажаш, цудоўную мясцовасць выбраў сабе першабытны чалавек, калі ён хоць трошкі ў гэтым разбіраўся. В. Вольскі.
Па праўдзе сказаць; праўду сказаць (у знач. пабочн.) — тое, што і па праўдзе кажучы (гл. кажучы). — Па праўдзе сказаць, Рыгор сам сабою хлопец не брыдкі, толькі... Марта развяжа рукамі. Гартны.
Проста сказаць (у знач. пабочн.) — служыць як указанне на больш дакладную фармуліроўку якой‑н. думкі. Позна ўночы вярнуўся Максім, прывёз трохі сена. Проста сказаць, адкраў у палякаў. Колас.
Скажы на міласць — выражэнне здзіўлення, неўразумення і пад. з якой‑н. прычыны.
Скажы(це), калі ласка — выражэнне здзіўлення, абурэння і пад. з прычыны чаго‑н.
Сказаць лішняе — прагаварыцца.
Сказаць (расказаць) па сакрэту (пад сакрэтам) — паведаміць употай ад іншых.
Сказаць сваё слова — праявіць сябе ў чым‑н., мець уплыў на што‑н. Падпісаўшыся, .. [Марына Архіпаўна] з палёгкаю ўздыхае: — Ну, вось, і я сваё слова сказала. Шамякін. Сваё слова сказала тут і польская літаратура. Лойка.
Сорамна (цяжка і пад.) сказаць (у знач. пабочн.) — ужываецца пры жаданні раскрыць свае адносіны да чаго‑н., пра што гаворыцца.
Так сказаць (у знач. пабочн.) — калі можна так выказацца. — А рысавальшчыкам, так сказаць, цэнтральнай фігурай, аказаўся малец гадоў на пятнаццаць. Васілёнак.
У вочы сказаць (казаць) — сказаць (казаць) адкрыта, прама.
Як сказаць (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца, каб паказаць ваганне, няўпэўненасць у чым‑н.