паспе́шлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які прывык спяшацца; які спяшаецца. [Мужчын] .. абмінала, а часам штурхалі паспешлівыя ваенныя, бурчалі, што сноўдаюцца тут усялякія. Грахоўскі. Дзімін паспакайнеў, стаў не такім паспешлівым, пачаў больш думаць. Карпаў. // Уласцівы таму, хто спяшаецца. Пачуўся паспешлівы тупат. Нейкія людзі беглі ад Пальмінкі. Новікаў. Накіданыя паспешлівай рукой радкі дазваляюць нам цяпер уявіць, што ж адбылося ў Беларусі пасля абвяшчэння рэформы [1861 года]. Кісялёў. // Хуткі, таропкі, беглы. [Язэп] адразу здагадаўся, што тут здарылася без яго. Насцярожана акінуў натоўп паспешлівым позіркам, шукаючы, каго не хапае сярод жанчын. Асіпенка.

2. Неабдуманы; заўчасны. А можа трэба было не згадзіцца на гэта паспешлівае вяселле? Шамякін. Наш паважаны Сцепаненка, відаць, робіць паспешлівыя вывады... Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сітуа́цыя, ‑і, ж.

1. Сукупнасць абставін, у якіх што‑н. адбываецца; становішча, у якім хто‑н. знаходзіцца. Рэвалюцыйная сітуацыя. □ [Андрэй:] — Нам трэба ўмець разбірацца не толькі ў абставінах, у розных вайсковых сітуацыях, а і ў людзях. Кулакоўскі. Гаворка часамі пераходзіла ў звычайнае фантазёрства, у жарты, у неіснуючыя сітуацыі, поўныя дасціпных, смешных выдумак. Колас. Валодзя ўхваляў рашэнне, казаў, што інакш і нельга, што і ён пры такой сітуацыі зрабіў бы толькі так. Шамякін. Чаго толькі не пабачыш у час камандзіровак, у якія сітуацыі не трапіць! Місько.

2. У геадэзіі — сукупнасць водных прастораў, лясоў, гор, населеных пунктаў і пад., якія паказаны на карце ці плане пры дапамозе ўмоўных знакаў.

[Фр. situation.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сква́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Падсмажаны або звараны кавалачак сала. Злосна сквірчэлі на патэльнях духмяныя скваркі. Новікаў. Хоць і незнаёмы госць Для бацькоў, але — Скварка і яешня ёсць З чаркай на стале. Куляшоў. // Разм. Наогул сырое сала; адрэзаны кавалачак сырога сала для яды. [Жэньцы] дома трэба быць — парсючку піць занесці. Бо калі парсючок галодны будзе, дык і сала не нарасце, і скваркі не будзе. Крапіва. Бацька ўпіраўся, не хацеў вучыць дачок .. Грошай ад яго яны ніколі не бачылі. Так якой бульбы мех, круп, якую скварку прысылала маці. Арабей. Моўчкі ем гарачы блінец з сырой халоднай скваркай. Дайліда. Для крутой талакі Хата скварку хавала. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ско́нчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скончыць.

2. ско́нчана; безас. у знач. вык., звычайна з кім-чым. Пра заканчэнне, спыненне чаго‑н. (адносін, справы і пад.). [Стэфан:] — Пайшоў бы ты, Андрэй, куды трэба, прызнаўся, сказаў бы, што з мінулым усё скончана і ты пачынаеш новае жыццё. Ваданосаў. У-у-у, — загула Томка. — Хвацкі хлопец... І ў цябе з ім усё скончана? — спачувальна працягнула яна. Арабей.

3. у знач. прым. Вырашаны, кончаны. Скончаная справа.

4. у знач. прым. Адпеты, непапраўны ў сваіх паводзінах, імкненнях і пад. (пра чалавека). — Скончаны чалавек! — наліліся чырванню вочы Кастроўскага. Гурскі.

•••

І скончана — рашэнне канчатковае, далей размоў не можа быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм.

1. Тое, што і сотня (у 1 знач); сто. Ды толькі вось дзе закавыка: Купіць зямлю — купіць не лыка, Тут грошы трэба — і не сетка... Эх, брат, рука, рука каротка! Колас.

2. Адна сотая частка якой‑н. адзінкі, меры (гектара і пад.). Калі Антаніна прыйшла на поле, Надзя і Волька, выжаўшы ўжо соткі па паўтары, сядзелі на снапах і снедалі. Васілевіч. // толькі мн. (со́ткі, ‑так). Прысядзібны ўчастак, агарод. За градамі з капустай, буракамі і насеннай цыбуляй — соткі з бульбай. Кулакоўскі.

3. Уст. Мера гарэлкі ў адну сотую частку вядра, а таксама бутэлька такой ёмістасці. Гаспадыня дае [бацьку] сетку і ідзе спаць. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумятня́, ‑і, ж.

Бязладная беганіна, мітусня, клопаты. — Толя! — пачуў ён скрозь шум і сумятню пасадкі. Брыль. І хоць выгляд у людзей заклапочаны, адчуваецца, што іх радуе гэтая святочная сумятня. Палтаран. // перан. Хаос (пра думкі, пачуцці і пад.). У Максіма адразу ёкнула сэрца. Ён здагадаўся, аб чым пойдзе гутарка. Трэба рашацца, а ў душы яго — адна сумятня. Машара. // Паніка, перапалох. Лагчынай, алешнікам .. [Ганарацкі] прабраўся да сыраварні ў Дубовым гарадку, зняў варту, вызваліў палонных і ноччу нарабіў сумятні ў паліцэйскім гарнізоне. Грамовіч. Сумятня ў горадзе нарастала. Няхай. Улучыўшы хвіліну, стралою мільгануў .. [каршун] у паветры і ў момант вока схапіў кіпцюрамі куранё ды панёс у лес. Ой, якая паднялася тут сумятня, трывога! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суцяшэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. суцяшаць — суцешыць і стан паводле знач. дзеясл. суцяшацца — суцешыцца. Гаварыць у суцяшэнне. Выслухаць словы суцяшэння. □ Я сама шукала суцяшэння. Караткевіч. // звычайна мн. (суцяшэ́нні, ‑яў). Угаворы, спачувальныя словы. Я рад за вас быў. Я вам [таварышам] не зайздросціў. І вы суцяшэннямі не абражалі мяне. Панчанка. Ды ўжо суцяшэнні Сяргею не трэба, — адчуў ён сэрцам, Адчуў, што канец непазбежны, што піша хвароба прысуд. Жычка.

2. Тое, што суцяшае, дае супакаенне, палёгку. Аддаліліся ўсе тыя, з кім некалі спрачаўся, сварыўся, даводзіў сваё. Цяпер поўная яснасць і поўны спакой. Але ў гэтым мала суцяшэння. Шамякін.

3. перан. Занятак, прадмет, які прыносіць здавальненне, радасць. Кнігі — маё суцяшэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; зак., каго-што.

1. і з інф. або дадан. сказам. Пераканаць словамі, заставіць згадзіцца з кім‑, чым‑н. [Анісім:] Нічога не будзе, хлопчыкі, не ўгаворыце. Гурскі. Трэба было абавязкова ўбачыць Сцепаніду Андрэеўну, угаварыць яе не пакідаць школы. Шахавец. [Данута:] Я не магу ўявіць смерці, і мне лёгка сябе ўгаварыць, што нічога не зменіцца, хоць мяне і расстраляюць. Карпюк. // Падказаць каму‑н. якую‑н. думку, рашэнне. [Марыля:] Нічога яму [Сымону], дзедка, не ўгаворыш. Не такой падатлівай натуры ён у мяне ўдаўся. Купала.

2. Супакоіць, уцешыць. Старая жанчына .. усе гэтыя дні вельмі ўжо сумавала па сынах сваіх і па мужу. Марылька не магла яе ўгаварыць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улада́р, ‑а, м.

1. Той, хто валодае чым‑н.; гаспадар чаго‑н. Пасля рэвалюцыі ўцёк кудысь уладар маёнтка, і за валоку не трэба было болей плаціць. Галавач. [Платон], відаць, ужо не раз мазгаваў пра тое, каб стаць непадзельным уладаром млына. Ракітны. // Той, хто пэўны час карыстаецца чым‑н. Змена ўладароў калыскі адбывалася са здзіўляючай хуткасцю: Колю папрасіла адтуль Настулька, Настульку — Галка. Кірэйчык.

2. Той, хто карыстаецца неабмежаванай вярхоўнай уладай. Уладар дзяржавы. // Той, каму ўсе падначальваюцца. Усе .. [звяры] мірна сышліся ў гурт і маўкліва і пакорліва, як і птушкі, пазіралі на Лесавіка, свайго ўладара і бога. Вышынскі.

•••

Уладар дум каго, чыіх — чалавек, які робіць моцны ўплыў на каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ураджа́й, ‑ю, м.

1. Колькасць збожжа, пладоў, траў, ягад, грыбоў і пад., якая ўрадзілася, вырасла. У садзе маладым ля хаты, Што вырас тут пасля вайны, На яблыкі ўраджай багаты — Да долу дрэўцы гнуць яны. Непачаловіч. [Сакратар партарганізацыі:] — Каб збіраць двухсотпудовыя ўраджаі, трэба добра асвоіць перадавую аграбіялогію. Паслядовіч. Сама паненка захацела прыняць удзел у зборы ўраджаю, але спалохалася ракаў. Маўр.

2. Вялікая колькасць, багацце збожжа, сена, пладоў, караняплодаў, грыбоў, усяго таго, што ўрадзіла. Лета было добрае, пагода спрыяла ўраджаю і рабоце. Колас. Калі добра ўзарэш, то і ўраджай збярэш. Прыказка. // перан. Разм. Пра з’яўленне вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. На будоўлі .. [Яцкевічу] падаваецца — весела, хлопцаў многа, ды і на дзяўчат ураджай. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)