ДНЕПРАПЯТРО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на ПдУ Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 31,9 тыс. км². Нас. 3852 тыс. чал. (1996), гарадскога — 84%. Цэнтр — г. Днепрапятроўск. Найб. гарады: Крывы Рог, Днепрадзяржынск, Нікапаль, Новамаскоўск, Паўладар, Марганец, Жоўтыя Воды, Сінельнікава.

Прырода. Рэльеф пераважна раўнінны, на З Прыдняпроўскае ўзв. (выш. да 192 м), у цэнтр. ч. Прыдняпроўская нізіна, якая на Пд пераходзіць у Прычарнаморскую нізіну, на ПдУ Прыазоўскае ўзв. (выш. да 211 м). Карысныя выкапні: жалезныя, марганцавыя, нікелевыя і тытанавыя руды, каменны і буры вугаль, прыродны газ, графіт, баксіты, вапнякі, граніты, гнейсы, гліны і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -5 да -6,5 °C, ліп. ад 22 да 23,5 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 450 мм на Пн да 400 мм на Пд. Гал. рака Дняпро з прытокамі Арэль, Самара (злева), Мокрая Сура, Базаўлук, Інгулец (справа). Пабудаваны Днепрадзяржынскае і Кахоўскае вадасх., канал Дняпро—Крывы Рог, вадавод з Дняпра ў Кіраваградскую вобл. Глебы пераважна чарназёмныя, па далінах рэк чарназёмна-лугавыя. Стэп разараны. Лясы займаюць невял. плошчы (дуб, ясень, граб, клён).

Гаспадарка. Д.в. — адна з найб. індустрыяльна развітых на Украіне. Здабыча жал. (Крыварожскі бас.), марганцавых (Нікапальскі бас.), поліметал. руд, каменнага вугалю (зах. ч. Данбаса). Вядучыя галіны прам-сці: чорная (чыгун, сталь, пракат, стальныя трубы і інш.) і каляровая (уран) металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (металургічнае і горна-шахтавае абсталяванне, электравозы, чыг. вагоны. станкі, прэсы, буракаўборачныя камбайны, прылады, радыётэхніка), коксахім., хім. і нафтахім. (азотныя ўгнаенні, пластмасы, шыны, лакі, фарбы і інш.), лёгкая (швейныя вырабы, верхні трыкатаж, абутак), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (у т. л. вытв-сць мэблі і паперы), харч. (алей, мука, крупы і інш.). Вытв-сць буд. (цэмент) і вогнетрывалых матэрыялаў. Прыдняпроўская, Крыварожская, Днепрадзяржынская і інш. ДРЭС, Днепрадзяржынская ГЭС. Пасевы пшаніцы, ячменю, кукурузы, проса, грэчкі; вырошчваюць сланечнік, сою, цукр. буракі, агародніну, бульбу. Пладаводства, вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Буйныя арашальныя сістэмы. Асн. від транспарту — чыгуначны. Чыгункі: Крывы Рог—Днепрапятроўск—Чырвонаармейск, Далінская—Запарожжа і інш. Аўтамаб. транспарт выкарыстоўваецца ў асн. для ўнутр. перавозак. Газаправоды: Шабялінка (Харкаўская вобл.)—Днепрапятроўск—Крывы Рог, Перашчэпіна—Днепрапятроўск, Крамянчуг—Крывы Рог, транзітныя нафтаправоды. Суднаходства па Дняпры. Рачныя парты: Днепрапятроўск, Днепрадзяржынск, Нікапаль. Бальнеагразевы курорт Салёны Ліман.

Г.С.Смалякоў.

т. 6, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬСКІ РАЁН,

на Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 як Каралінскі р-н, перайменаваны (1931) у Ельскі (у сучасных межах з 1965). Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 23,6 тыс. чал. (1997), гарадскога 51,7%. Сярэдняя шчыльнасць 17,3 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Ельск, 70 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 9 сельсаветаў: Багуціцкі, Валаўскі, Засінцаўскі, Качышчанскі, Млыноцкі, Рамязоўскі, Роза-Люксембургскі, Скараднянскі, Старавысокаўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). Поўнасцю адселена 5 нас. пунктаў (1996), у зоне з правам адсялення знаходзяцца 46 нас. пунктаў, дзе пражывае 18,8 тыс. чал.

Тэр. раёна пераважна ў межах Мазырскага Палесся, цэнтр. і паўд.-ўсх. ч. ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня пласкахвалістая. 75% тэр. раёна на выш. 130—140 м, 25% — 140—160 м. Найвыш. пункт 177,8 м на Пд раёна (урочышча Ямны). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок, нафтавыя праяўленні, мінер. крыніца. У Е.р. ў 1952 упершыню на Беларусі атрымана са свідравіны нафта (18 т). Сярэдняя т-ра студз. -6,2 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. У паўд. ч. раёна працякае р. Славечна з прытокамі Чэрцень, Батыўля, Ясенец, Жалонь, на ПнУ — Мытва з прытокам Млынок. Меліярац. каналы: Белякоўскі, Воўне, Высокі, Высока-Махнавіцкі, Валаўскі, Зашыр’еўскі і інш. 10 вадасх., найб. Кочышча, Бабруйкаўскае, Княжабор’еўскае. Пераважаюць глебы (79,3%) дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 53% тэрыторыі. Найб. лясістасць на ПдЗ, лясы хваёвыя і бярозавыя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць 16,9% тэр., усе асушаны. Найб. балотныя масівы: Гала, Перасечанае балота.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 45,4 тыс. га, з іх асушаных 27,6 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 9 калгасаў, 6 саўгасаў, 6 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы дрэваапр. (мэблевая ф-ка), буд. (жалезабетонныя вырабы, цэгла, піламатэрыялы і інш.) і харч. прам-сці. Леспрамгас. Лясгас.

Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Калінкавічы—Оўруч (Украіна), нафтаправод «Дружба». Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з г. Нароўля і г.п. Лельчыцы. У раёне 13 сярэдніх, 3 базавыя, 3 пачатковыя, 2 муз. школы, школа-інтэрнат, міжшкольны вытв.-вучэбны камбінат, 18 дашкольных устаноў, 38 клубаў і дамоў культуры, 26 б-к, 3 бальніцы, 20 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры — царква (18 ст.) у г. Ельск. Выдаецца газ. «Народны голас».

Г.С.Смалякоў.

т. 6, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́БІНКАЎСКІ РАЁН,

на З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 0,7 тыс. км². Нас. 25,7 тыс. чал. (1997), гарадскога 48,6%. Сярэдняя шчыльнасць 37 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Жабінка, 98 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Азяцкі, Крыўлянскі, Ленінскі, Пятровіцкі, Сцяпанкаўскі, Хмелеўскі, Якаўчыцкі.

Раён размешчаны ў межах Брэсцкага Палесся, на Пн заходзіць Прыбугская раўніна. Паверхня нізінна-раўнінная, 80% тэр на вышынях да 150 м. Найвыш. пункт 181 м (за 6 км на Пн ад в. Сцяпанкі). Карысныя выкапні: торф, суглінкі, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -4,6 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 523 мм за год. Вегетац. перыяд 205 сут. У цэнтр. ч. раёна з У на ПдЗ працякае р. Мухавец з прытокамі Рыта, Трасцяніца, Асіпоўка, Палахва і Жабінка; меліярац. каналы Чорны Роў, Сяхновіцкі, Барысаўскі і інш. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя (36,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (33,8%), дзярнова-падзолістыя (18,5%). Пад лесам 18,8% тэр. Найб. лясістасць на Пд; лясы хваёвыя, бярозавыя і інш., штучныя насаджэнні складаюць 10%. Балоты займаюць 0,17% тэр. Найб. балотны масіў Гатча-Восаўскае на Пд. Заказнік мясц. значэння «Непакойчыцы», зона адпачынку Сасновы Бор, 5 помнікаў прыроды — 3 дубы чарэшчатыя, сасна веймутава, ліла драбналістая.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 46,7 тыс. га, з іх асушаных 23 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 10 калгасаў, 2 саўгасы, рыбгас «Сакалова». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі. Вырошчваюць буракі, лён, збожжавыя і бульбу. Прадпрыемствы харч. (мясныя і хлебабулачныя вырабы, цукар, безалкагольныя напіткі), Жабінкаўскі цукровы завод; паліўнай (торфабрыкет); будматэрыялаў і камбікормавай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск, Брэст—Гомель, аўтадарогі на Брэст, Кобрын, Камянец; нафтаправод «Дружба», транзітныя газаправоды. У раёне 9 сярэдніх, 3 базавыя, 5 пач., 3 муз. школы, 2 садкі-школы, 13 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 26 б-к, 2 бальніцы, 13 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Буг». Помнікі архітэктуры: Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.) у в. Азяты, Пакроўская царква (1761) у в. Арэпічы, Мікалаеўская царква (1727) у в. Вял. Сяхновічы, Мікітаўская царква (пач. 16 ст., перабудавана ў 1787) у в. Здзітава, царква (1720) у в. Маціевічы, Міхайлаўская царква (1780) у в. Сцяпанкі, Праабражэнская царква (1725) у в. Хмелева, Уладзімірская царква (1894) у в. Чыжэўшчына, рэшткі замка (17 ст.) у в. Крыўляны.

Выдаецца газ. «Сельская праўда».

Г.С.Смалякоў.

т. 6, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ТКАВІЦКІ РАЁН,

на З Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,9 тыс. км². Нас. 51,2 тыс. чал. (1997), гарадскога 41,5%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 17,7 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Жыткавічы; г.п. Тураў, 108 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Азяранскі, Браніслаўскі, Верасніцкі, Дзякавіцкі, Ленінскі, Людзяневіцкі, Марохараўскі, Мілевіцкі, Перароўскі, Руднянскі, Рычоўскі, Чырвоненскі, Юркевіцкі.

Тэр. раёна ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня нізінная, плоская, забалочаная, мае нахіл з Пн на Пд да даліны р. Прыпяць. Амаль уся тэр. на выш. 120—145 м. Найвыш. пункт 184,1 м (на У, ва ўрочышчы Бялёва каля в. Бялёў). Карысныя выкапні: буры вугаль, сапрапель, торф, пяскі, гліны, каалін, пясчана-жвіровыя сумесі, гаручыя сланцы, граніт, гнейсы акварцаваныя. Сярэдняя т-ра студз. -5,9, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 584 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Гал. рэкі: Прыпяць з прытокамі Случ, Скрыпіца з Навуццю, Сцвіга, Свінавод. Азёры Чырвонае і Белае. Пераважаюць глебы поймавыя (26,7%), тарфянабалотныя (26%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (20,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (16,7%). Пад лесам 56,3% тэр. Найб. лясістасць на Пн, 3 і У; лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і дубовыя. Балоты займаюць 2,5% тэр. Найб. балотныя масівы Булеў Мох, Межч, Смалярня і інш. Пд раёна заняты Прыпяцкім нацыянальным паркам. Заказнікі: біялагічныя Жыткавіцкі, «Нізоўе Случы», Ленінскі паляўнічы. Помнік прыроды — Вятчынскае насаджэнне рададэндрану жоўтага (пантыйская азалія).

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,6 тыс. га, з іх асушана 33,5 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, рыбныя гаспадаркі «Белае» і «Чырвоная зорка». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля.

Вырошчваюць збожжа і бульбу. Прадпрыемствы лясной (лясгас, Тураўскі леспрамгас), тарфяной (Жыткавіцкі торфабрыкетны завод), металаапр. (маторабуд. з-д, «Пратон»), харч. (цэх малочнай прадукцыі і кансервавы з-д у Тураве, масларобчы з-д, рыбазавод «Чырвонапалескі» ў в. Пухавічы), буд. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Брэст—Гомель і аўтадарогі Брэст—Гомель, Мінск—Мікашэвічы, Жыткавічы—Столін. Суднаходства па р. Прыпяць. У раёне 20 сярэдніх, 16 базавых, 13 пачатковых школ, прафес.-тэхн. вучылішча, 31 дашкольная ўстанова, 67 клубаў, 61 б-ка, 4 бальніцы, 5 паліклінік, 35 фельч.-ак. пунктаў. Тураўскі краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Усясвяцкая царква (1810) і помнік Кірылу Тураўскаму (1993) у г.п. Тураў.

С.І.Сідор.

т. 6, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАРПА́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

На З Украіны. Утворана 22.1.1946. Пл. 12,8 тыс. км². Нас. 1,3 млн. чал., гарадскога 41% (1996). Цэнтр — г. Ужгарад. Найб. гарады: Мукачава, Берагава, Вінаградаў, Хуст, Чоп.

Прырода. Размешчана на паўд.зах. схілах Усх. Карпат і на паўд.-ўсх. ускраіне Сярэднедунайскай нізіны. Горы займаюць каля 80% тэр. Хрыбты Водападзельны (выш. да 1693 м), Паланінскі (да 1881 м), Вулканічны (да 1081 м) выцягнуты з ПнЗ на ПдУ. Ва ўсх. ч. знаходзяцца масівы Рахаўскі і Чарнагора (г. Гаверла, 2061 м) з альпійскімі формамі рэльефу. Карысныя выкапні: буры вугаль (Закарпацкі буравугальны раён), каменная соль, ртутныя і поліметал. руды, мармур, туф, андэзіт, мінер. вада. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. складае -1,7 °C на раўніне і -7,8 °C у гарах, ліп. адпаведна 19,2 °C і 13,8 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 600 мм на раўніне да 1400 мм у гарах. Гал. рака: Ціса (бас. р. Дунай) з вытокамі Чорная Ціса і Белая Ціса і прытокамі Цярэсва, Цярэбля, Рыка, Баржава, Уж, Латарыца. Глебы на нізінах пераважна дзярновыя і алювіяльныя, у перадгор’ях буразёмна-падзолістыя, у гарах бурыя горна-лясныя і горна-лугавыя. Лясы займаюць больш як 50% тэр. У перадгор’ях дубовыя і дубова-букавыя лясы, у гарах да 1100 м букавыя і мяшаныя, да 1600 м хвойныя, вышэй альпійскія лугі (паланіны), якія выкарыстоўваюцца як паша. На тэр. З.в. Карпацкі запаведнік.

Гаспадарка індустрыяльна-агр. тыпу з развітой сферай турызму і санаторна-курортнага лячэння. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (прыборы, станкі, электрарухавікі), лясныя і дрэваапр. (мэблевая, фанерная, цэлюлозна-папяровая, лесахім.), харчасмакавая (вінаробчая, агароднінакансервавая, мясная, масласыраробчая, мукамольна-крупяная, тытунёвая), лёгкая (трыкатажная, футравая, абутковая, швейная). Вытв-сць буд. матэрыялаў (цагельна-чарапічная, каменедрабільная, кар’еры па здабычы туфу, мармуру). Здабыча бурага вугалю, каменнай солі. Народныя маст. промыслы (вырабы з дрэва, саломы, лазы, маёлікі). Ужгарадская і Рахаўская ЦЭС, Цярэбле-Рыкская ГЭС. На раўніне пасевы пшаніцы, кукурузы. Вінаградарства, пладаводства. Вырошчваюць агародніну, бульбу, з тэхн. культур — тытунь, сланечнік. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. У перадгор’ях авечкагадоўля. Пчалярства. Па тэр. вобл. праходзяць чыгункі Чоп—Мукачава—Львоў, Чоп—Ужгарад—Львоў, Чоп—Рахаў—Івана-Франкоўск, аўтадарогі Ужгарад—Мукачава—Львоў, Ужгарад—Перачын—Львоў, Ужгарад—Рахаў—Івана-Франкоўск; нафтаправод «Дружба» і 3 газаправоды. Турызм. Закарпацкая і Сваляўская групы курортаў, курорт Сіняк.

П.І.Рогач.

Горны ландшафт у Закарпацкай вобласці.

т. 6, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НКАВІЦКІ РАЁН,

у цэнтральнай частцы Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 24.3.1960). Пл. 2,8 тыс. км². Нас. 32 тыс. чал. (1997; без г. Калінкавічы), гарадскога 5,3%. Сярэдняя шчыльн. 11,4 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Калінкавічы; г.п. Азарычы, 130 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 22 сельсаветы: Бярозаўскі, Вялікааўцюкоўскі, Гарбавіцкі, Гарочыцкі, Даманавіцкі, Дудзіцкі, Зеляноцкі, Казловіцкі, Капліцкі, Крукавіцкі, Ліпаўскі, Малааўцюкоўскі, Міхнавіцкі, Нахаўскі, Прудоцкі, Савіцкі, Сыродскі, Хобненскі, Чкалаўскі, Шыіцкі, Юравіцкі, Якімавіцкі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Да зоны з перыяд. кантролем аднесена 66 нас. пунктаў (19,2 тыс. чал.), да зоны пражывання з правам адсялення — 12 нас. пунктаў (3,3 тыс. чал); з абароту выведзены 3157 га с.-г. угоддзяў.

Раён размешчаны ў межах Прыпяцкага (зах. ч.) і Гомельскага (паўн. і ўсх. часткі) Палесся. Паверхня пераважна нізінная. На ПдУ Юравіцкае ўзвышша. 99% тэр. на выш. да 150 м. Найвыш. пункт 167,5 м (на У ад в. Юравічы). Карысныя выкапні: нафта, торф, мінер. фарбы, гліна, жвір, пясок. Сярэдняя т-ра студз. -6,2 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 575 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. На ПдУ працякае р. Прыпяць з прытокамі Трэмля, Іпа (з Вішай), Ненач, Закованка, Віць. Найб. меліярац. каналы: Ненач, Абедаўка, Гарочыцкі, Дубнянская канава. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (34,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (27,4%) і дзярнова-падзолістыя (22,5%). Пад лесам 50,4% тэр. Пашыраны хваёвыя і бярозавыя лясы. Балоты займаюць 2,4% тэр.; найб. з іх Васілевічы-2, Іпа-Вішанскае, Сухавіцкае і Вял. Мох.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 107 тыс. га, з іх асушаных 54,2 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 21 калгас, 11 саўгасаў, 5 дапаможных і 20 фермерскіх гаспадарак, міжгас. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу і кармавыя культуры. Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, буд. матэрыялаў і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Жлобін—Оўруч (Украіна) і Гомель—Лунінец, аўтадарогі Гомель—Брэст, Бабруйск—Оўруч, нафтаправод «Дружба», газаправод. У раёне 24 сярэднія, 16 базавых, 6 пач. школ, 1 школа-інтэрнат, 32 дашкольныя ўстановы, 27 дамоў культуры, 24 клубы, 6 бальніц, амбулаторыя, радзільны дом, 46 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: сядзіба з пейзажным паркам (сярэдзіна 19 ст.) у в. Ліпава, касцёл і калегіум езуітаў (1717—46) у в. Юравічы. Помнік гісторыі — мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці (1965). Выдаецца газ. «Калінкавіцкія навіны».

Г.С.Смалякоў.

т. 7, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁЗНЕНСКІ РАЁН.

На У Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 22,3 тыс. чал. (1998), гарадскога 34,1%. Сярэдняя шчыльн. 16 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п. Лёзна. 171 сельскі нас. пункт. 9 сельсаветаў: Бабінавіцкі, Веляшковіцкі, Горбаўскі, Дабрамыслінскі, Кавалёўскі, Крынкаўскі, Лёзненскі, Стасеўскі, Яськаўшчынскі.

Паўн. ч. раёна ў межах Віцебскага ўзвышша, паўд. — у межах Лучоскай нізіны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная з агульным нахілам з Пн на Пд. Амаль 80% тэрыторыі вышэй за 180 м, найвыш. пункт 296 м (Гаршэва гара). Карысныя выкапні: пясок, пясчана-жвіровая сумесь, жвір, гліна, даламіт, торф, сапрапель. Сярэдняя т-ра студз. -8,2 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 613 мм за год. Вегетац. перыяд 183 сут. Найбольшыя рэкі: Лучоса (у верхнім цячэнні Вярхіта) з прытокамі Чарніца (з Мошнай) і Сухадроўка Азёры: Зелянское, Шэлахава, Буёўскае, Сітнянскае, Міхалінава і інш. На р. Чарніца Дабрамысленскае вадасх. Глебы с.-г. угоддзяў дзярнова-падзолістыя (48%), дзярнова-падзолісты забалочаныя (39,4%) і інш. Пад лесам 26% тэрыторыі, найб. масівы на Пд, пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя, чорна- і шэраальховыя. Балоты займаюць 3,6 тыс. га (2,6%), найб. балота Карпілаўскі Мох. Рэсп. ландшафтны заказнік Бабінавіцкі, мясцовыя: біял. Адаменскі Гай, Бор, Дабрамыслінскі; гідралагічныя Радзіма Гушчына, Сцяпанаўскі Барок.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 62,8 тыс. га, з іх асушаных 18,8 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 15 калгасаў, 5 саўгасаў, 18 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, раслінаводства. Вырошчваюць жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, зернебабовыя, лён, бульбу, рапс, буракі і інш. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў (цэгла), харч. (кансервавыя, малочныя, мясныя і хлебныя прадукты) і першаснай апрацоўкі лёну. Працуе доследна-прамысловае прадпрыемства «Завольша» па перапрацоўцы другасных нафтапрадуктаў (в. Завольша), Лёзненскае буд.-эксплуатацыйнае прадпрыемства водагаспадарчых і меліярацыйных сістэм і ГЭС (в. Дабрамыслі). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Віцебск—Смаленск і аўтадарогі Рыга—Арол і Санкт-Пецярбург—Адэса. У раёне 10 сярэдніх, 4 базавыя, 13 пач. школ, дапаможная школа-інтэрнат, вячэрняя і спарт. школы, 27 дашкольных устаноў, 25 дамоў культуры і клубаў, 31 б-ка. 4 бальніцы, 3 паліклінікі, 16 фельч.-ак. пунктаў. У в. Бабінавічы стараж. цэнтр ганчарнага рамяства (гл. Бабінавіцкая кераміка). Выдаецца газ. «Сцяг перамогі».

Г.С.Смалякоў.

т. 9, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ САКРАТАРЫЯ́Т БЕЛАРУ́СІ,

орган выканаўчай улады, сфарміраваны 21.2.1918 Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда. Старшыня і адначасова нар. сакратар замежных спраў Я.Варонка, нар. сакратары: П.Бадунова (апекі), Г.Белкінд (фінансаў), Я.Я.Бялевіч (юстыцыі), Т.Т.Грыб (земляробства), Л.Гутман (яўр. спраў), К.Б.Езавітаў (вайск. спраў), П.У.Злобін (велікарускіх спраў), А.Карач (пошты і тэлеграфа), П.А.Крачэўскі (кантролю), І.Макрэеў (унутр. спраў), В.Рэдзька (шляхоў зносін), Я.Серада (нар. гаспадаркі), А.А.Смоліч (асветы). Казначэй — В.І.Захарка, кіраўнік канцылярыі — Л.І.Заяц. Членамі ўрада былі пераважна прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Н.с.Б. працаваў у цяжкіх умовах ням. акупацыі. У апазіцыі да Н.с.Б. знаходзілася па-прагерманску настроеная група правых паліт. дзеячаў, якія гуртаваліся ў «Менскім беларускім прадстаўніцтве». 12.4.1918 іх прадстаўнікі былі кааптаваны ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.4.1918 яны ад імя Рады БНР пры падтрымцы некат. сацыялістаў накіравалі тэлеграму кайзеру Вільгельму II, у якой заяўлялі, што будучыню Беларусі бачаць пад апекай Германіі. У выніку ў БСГ адбыўся раскол: утварыліся Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Бел. партыя сацыялістаў-федэралістаў і Бел. с.-д. партыя. У пач. мая сацыялісты-рэвалюцыянеры Бадунова, Грыб, Заяц і сацыял-дэмакрат Смоліч выйшлі з Н.с.Б. Быў створаны 2-і ўрад БНР, які больш вядомы як Рада пяцёх. Карыстаючыся адсутнасцю ў Мінску большасці левых членаў Рады БНР, правыя стварылі ў маі 1918 Н.с.Б., альтэрнатыўны Радзе пяцёх. У склад яго ўваходзілі Р.А.Скірмунт (старшыня), К.А.Кандратовіч (нар. сакратар унутр. спраў), мінскі гар. галава Хржанстоўскі (казначэй, у чэрв. яго замяніў Ф.М.Вернікоўскі), П.П.Аляксюк і Р.К.Астроўскі (члены ўрада). 3-і ўрад спыніў сваё існаванне ў чэрв. 1918. Ў выніку кампрамісу, дасягнутага паміж левымі і правымі, Рада БНР сфарміравала 4-ы Н.с.Б., у склад якога ўваходзілі члены БПС-Ф і БПС-Р Серада (старшыня), Захарка, Заяц, а таксама Вернікоўскі (нар. сакратар гандлю і прам-сці). 11.10.1918 Н.с.Б. перайменаваны ў Раду народных міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Кр.: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1—2. Вільня; Нью-Ёрк; Мн.; Прага, 1998.

Літ.:

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Яго ж. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі. Мн., 1995;

Круталевич В.А. История Беларуси: становление нац. державности (1917—1922 гг.). Мн. 1999;

Ладысеў У.Ф., Брыгадзін П.1. На пераломе эпох: станаўленне бел. дзяржаўнасці (1917—1920 гг.): Мн., 1999.

Анатоль Сідарэвіч.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ВІЯ, Сацыялістычная Народная Лівійская Арабская Джамахірыя (араб. Аль-Джамахірыя аль-Арабія аль-Лібія аш-Шаабія аль-Іштыракія),

дзяржава на Пн Афрыкі, на паўд. узбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на З з Тунісам і Алжырам, на Пд з Нігерам і Чадам, на У з Суданам і Егіптам. Пл. 1759 тыс. км². Нас. 5648,4 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку. Сталіца — г. Трыпалі. Краіна падзяляецца на 25 муніцыпалітэтаў. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (1 верасня).

Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1977 заканадаўчая ўлада належыць 178 мясц. сходам і нар. к там. Вышэйшы заканадаўчы орган — Усеагульны нар. кангрэс (УНК, 1112 чл.). Функцыі кіраўніка дзяржавы выконвае Ген. сакратарыят УНК (5 чл.), урада — Генеральны нар. к-т УНК (ген. сакратар — прэм’ер-міністр). Фактычна ўлада належыць М.Кадафі, які мае тытул «лідэр лівійскай рэвалюцыі».

Прырода. 98% тэр. займаюць пустыні і паўпустыні — асобныя часткі Сахары. На ПнЗ і ПнУ уздоўж узбярэжжа цягнецца нізінная паласа з перарывістым поясам аазісаў. На З — вапняковае плато Эль-Хамра (выш. да 960 м), на Пд — адгор’і Тыбесты (г. Бетэ, 2286 м), паміж імі — шырокія пясчаныя катлавіны Ідэхан-Убары і Ідэхан-Мурзук, на УЛівійская пустыня, на ПнУ — плато Эль-Ахдар (выш. да 878 м). У Л. вял. запасы нафты (каля 5,9 млрд. т, 9-е месца ў свеце, 1-е — у Афрыцы), ёсць прыродны газ (1296 млрд. м³, 16-е месца ў свеце), фасфарыты, калійная соль, жал. руда. Клімат пустынны трапічны, на Пн пераходны да міжземнаморскага, сухі. Сярэдняя т-ра студз. на Пн 11—12 °C, на Пд 15—18 °C, ліп. адпаведна 27—29 і 32—35 °C. За год выпадае менш за 50 мм ападкаў, на плато Эль-Ахдар — каля 500 мм ападкаў, у раёне г. Трыпалі — каля 300 мм. Рэк няма. У асобных раёнах ёсць запасы падземных і артэзіянскіх вод. 91% тэрыторыі займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты. Месцамі сухалюбныя хмызнякі і злакі. Жывёльны свет бедны, прадстаўлены пераважна паўзунамі (змеі, яшчаркі), з млекакормячых — грызунамі, драпежнікамі (шакалы, гіены, ліс-фенек), парнакапытнымі (антылопы); шматлікія насякомыя і павукападобныя. Нац. парк Куф, некалькі прыродных паркаў.

Насельніцтва. Лівійскія арабы і блізкія да іх невял. групы бербераў складаюць 97%. Жывуць таксама грэкі, мальтыйцы, італьянцы, егіпцяне і інш. У краіне працуе больш за 300 тыс. замежных грамадзян. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,6%. Сярэдняя шчыльн. 3,2 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы жыве 90% насельніцтва, у асобных аазісах шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве больш за 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж.,1997); Трыпалі — 1681, Бенгазі — каля 1000, Місурата — каля 500. Каля 25% насельніцтва качэўнікі і паўкачэўнікі. У прам-сці заняты 31% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 18%, у кіраванні — 24%, у абслуговых галінах — 27%.

Гісторыя. Л. — адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі. Гісторыя лівійцаў, продкаў сучасных бербераў, цесна звязана з гісторыяй Стараж. Егіпта. У пач. 1-га тыс. да н.э. фінікійцы заснавалі на ўзбярэжжы Л. шэраг калоній, з 6 ст. да н.э. ў складзе Карфагена. У 7 ст. да н.э. ў Кірэнаіцы ўзніклі грэч. калоніі. З 2 ст. да н.э. Л.рым. ўладанне. У 5 ст. н.э. яе заваявалі вандалы, потым візантыйцы. У 7 ст. ў выніку арабскіх заваяванняў Л. ўключана ў Араб. халіфат, пазней яна пад уладай мусульм. дынастый Аглабідаў, Фатымідаў, Альмахадаў, мамлюкоў і інш. У 16 ст. — 1912 у складзе Асманскай імперыі. У выніку італа-турэцкай вайны 1911—12 Л. стала калоніяй Італіі. Барацьбу супраць італьян. акупацыі ўзначаліла секта сенусітаў (узнікла ў 19 ст.).

У час 2-й сусв. вайны Л. стала тэатрам ваен. дзеянняў. Пасля выгнання ў 1943 ням.-італьян. войск на тэр. Л. захавалася англ-франц. ваен. прысутнасць, ваен. база ЗША Паводле рашэння Ген. асамблеі ААН ад 21.11.1949 Л. атрымала незалежнасць.

24.12.1951 абвешчана Злучанае каралеўства Л. на чале з каралём Ідрысам I [1951—69]. У лют. 1952 адбыліся першыя парламенцкія выбары. 1.9.1969 група армейскіх афіцэраў на чале з М.Кадафі скінула манархію, абвясціла Лівійскую Араб. Рэспубліку і ўзяла курс на ўзмацненне незалежнасці, пашырэнне ролі Л. на Б. Усходзе і ў Паўн. Афрыцы. У 1970 ЗША і Вялікабрытанія эвакуіравалі свае ваен. базы. Былі нацыяналізаваны замежныя банкі і кампаніі, усталяваны кантроль над нафтавай прам-сцю. Мэта Кадафі — аднаўленне адзінства араб. свету (няўдалыя спробы стварэння ў 1971 федэрацыі Егіпта, Сірыі і Л., Туніса і Л. ў 1974). У 1973 Кадафі абвясціў сваю грамадска-паліт. праграму, т.зв. трэцюю сусв. тэорыю (апубл. ў 1976—79 у т.зв. «Зялёнай кнізе»), паводле якой узяты курс на выцясненне прыватнага капіталу. У сак. 1977 абвешчана Сацыяліст. Нар. Лівійская Араб. Джамахірыя (літар.араб. ўлада мас). У 1979 Кадафі фармальна адмовіўся ад усіх дзярж. пасад, але захаваў рэальную ўладу як «лідэр лівійскай рэвалюцыі». У знешняй палітыцы ажыццяўлялася актыўная дапамога рэв. рухам і рэжымам. Краіны Захаду абвінавачвалі Л. ў падтрымцы міжнар. тэрарызму. Урад ЗША неаднаразова выкарыстоўваў супраць Л. ваен. акцыі; у выніку ракетна-бомбавых атак (1986) краіне прычынены вял. матэрыяльныя страты. З 1988 пачалася паступовая рэалізацыя ліберальных паліт. і эканам. рэформ. У 1989 Л. ўступіла ў саюз араб. Магрыба. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 яна заняла памяркоўную пазіцыю: асудзіла як агрэсію Ірака супраць Кувейта, так і выкарыстанне ваен. сілы супраць Ірака. Л.чл. ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1953). Дыпламат. зносіны паміж Л. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1996.

Гаспадарка. Л. ўваходзіць у лік дзяржаў з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 6570 дол. (1995), адзін з найб. у Афрыцы. У прам-сці ствараецца 55% валавога нац. прадукту, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 40%. Аснова эканомікі — нафтавая і газавая прам-сць. Дзяржава кантралюе больш за 80% здабычы і перапрацоўкі нафты і газу. Асн. промыслы на Пд і ПдУ ад зал. Сідра, эксплуатуецца больш за 70 нафтаных радовішчаў, найб. з іх — Серыр, Зельтэн, Джалу, Амаль. У 1994 здабыта 66,9 млн. т нафты (2,2% сусв. здабычы). Прыродны газ здабываецца на 26 радовішчах, штогод каля 10 млрд. м³ газу (0,3% сусв. здабычы). Здабываюцца таксама кухонная соль, гіпс, вапняк, мел, жал. руда, азбест. Вытв-сць электраэнергіі 16,7 млрд. кВтгадз. (1994). Усе электрастанцыі цеплавыя. Гал. галіна апрацоўчай прам-сці — перапрацоўка нафты. На 8 нафтаперапр. з-дах і нафтахім. прадпрыемствах штогод перапрацоўваюць каля 15 млн. т нафты. Акрамя паліўна-змазачных прадуктаў яны выпускаюць аміяк, мачавіну, пластмасы, каўстычную соду і інш. Гал. цэнтры перапрацоўкі нафты: Рас-эль-Ануф, Эз-Завія, Марса-эль-Бурэйка, Трыпалі, Табрук, Эз-Зувайтына. Прадпрыемствы па звадкаванні газу ў Эз-Завіі, Марса-эль-Бурэйцы, Эз-Зувайтыне. Працуюць сталеплавільны і сталепракатны з-д у г. Трыпалі, металургічны комплекс у г. Місурата (1,5 млн. т сталі і пракату, 1995), алюмініевы з-д у г. Зувара, прадпрыемствы па вытв-сці стальных труб у гарадах Бенгазі і Эль-Каварыша. Ёсць з-ды па зборцы трактароў і аўтобусаў (Таджура), аўтазборачны (Трыпалі). Вырабляюцца электраправады і кабелі (Бенгазі), акумулятары (Трыпалі і Таджура), трансфарматары, электрарухавікі і сухія батарэі (Трыпалі). Есць прадпрыемствы па выпуску буд. матэрыялаў, цэменту (штогод 5—7 млн. т), шкла, цэглы; домабуд. камбінаты. Харч. прам-сць прадстаўлена малочнымі, рыбакансервавымі з-дамі, макароннымі і мукамольнымі ф-камі, прадпрыемствамі па перапрацоўцы агародніны і садавіны, з прадпрыемстваў лёгкай прам-сцітэкст. камбінат (Трыпалі), воўнапрадзільная (Бенгазі) і ткацка-прадзільная (Эль-Мардж) ф-кі, швейныя і гарбарныя прадпрыемствы (Дэрна). Рамёствы (выраб прадметаў побыту, адзення, тканін, абутку, посуду, упрыгожанняў). Сельская гаспадарка дае 25% неабходных харч. прадуктаў; выкарыстоўваецца каля 9% тэрыторыі, у т. л. для земляробства каля 1% (1,8 млн. га). 470 тыс. га арашаецца. Земляробства развіта на ўзбярэжжы Міжземнага м. і ў аазісах. Ёсць дробныя сялянскія гаспадаркі, кааператывы, дзяржгасы. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, бабовыя, бульбу, памідоры, цыбулю, бахчавыя, тытунь, арахіс. Пашыраны фінікі, аліўкі, вінаград, цытрусавыя, міндаль і інш. Асн. традыцыйны занятак качавога і паўкачавога насельніцтва — жывёлагадоўля. Выкарыстоўваецца каля 15 млн. га пустынь і паўпустынь на Пн краіны. Пагалоўе (млн. галоў): авечак — каля 3,5, коз — каля 1,5, буйн. раг. жывёлы — каля 1, вярблюдаў — каля 0,1. Збор травы альфа. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 19,2 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 10,7 тыс. км. У краіне 4,4 тыс. км нафтаправодаў, 0,4 тыс. км прадуктаправодаў, 1,9 тыс. км газаправодаў. Знешнегандл. сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Трыпалі і Бенгазі (разнастайныя грузы), Табрук, Эс-Сідэр, Рас-эль-Ануф, Марса-эль-Бурэйка (экспарт нафты і звадкаванага газу). Л. мае гандл. флот грузападымальнасцю 690 тыс. бруга-рэг. т. Развіты авіяц. транспарт. У краіне 131 аэрапорт, у т. л. міжнар. аэрапорты ў Трыпалі і Бенгазі. Гандл. баланс дадатны. У 1995 экспарт 8,4 млрд. дол., імпарт 7,3 млрд. дол. Больш за 95% экспарту складаюць нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ. У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, харч. і прамысл. тавары. Гал. гандл. партнёры: Італія, Германія, Іспанія, Францыя. Л. ўваходзіць у лік краін экспарцёраў капіталу. Яна актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці рэгіянальных міжарабскіх банкаў і фондаў, практыкуе вываз дзярж. капіталу ў форме прадастаўлення крэдытаў і пазык, набыцця акцый буйных канцэрнаў. Грашовая адзінка — лівійскі дынар.

Літаратура. Пасля араб. заваяванняў у 7 — пач. 9 ст. л-ра развівалася ў агульным рэчышчы арабскай культуры/. У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Нац.-вызв. ўздым 1-й пал. 20 ст. выклікаў рух за яе адраджэнне. У пач. 20 ст. ў паэзіі вызначальнымі сталі антыкалан., асветніцкія і сац матывы (касыды А. аш-Шарыфа, М.Бен Зікры, С. аль-Баруні). Перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) — час росквіту патрыят. і вызв. л-ры (паэзія А.Р. аль-Махдаўі, I. аль-Уста Умара). Пасля атрымання незалежнасці (1951) вядучае месца ў л-ры занялі маладыя паэты (А.С.Абд аль-Кадзер, А. ар-Рукейн). У 1940—50-я г. зарадзілася проза. Асн. літ. жанр — навела, гал. тэмы — барацьба за сац. роўнасць, асуджэнне прымхаў і забабонаў. Найб. вядомыя навелісты — А.К Абу Харус, М. аль-Місураці, X. ат-Цікбалі, А.М. аль-Кувейры, А.І. аль-Факіх, 1 аль-Куні, Б. аль-Бахі. У 1959 створана Асацыяцыя дзеячаў культуры і мастацтва. У 1977 засн. Саюз пісьменнікаў Л.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Л. выяўлены неалітычныя наскальныя размалёўкі са сцэнамі палявання на сланоў, бізонаў і інш. (г. Эль-Увейнат). У 1-м тыс. да н.э. створаны помнікі фінікійскага мастацтва: скульптура з гліны, размаляваная чарналакавая кераміка, шкляныя пасудзіны, каралі. Захаваліся руіны стараж.-грэч. і стараж.-рым. пабудоў з мазаікамі і скульптурай (т-р у Лептыс-Магна, 1 ст.), творы візант. часу (мазаічная падлога базілікі Юсцініяна ў Сабраце). Пасля араб. заваявання на тэр. Л. фарміравалася араба-берберская культура. Умацаваныя сярэдневяковыя гарады (медыны) з вузкімі вуліцамі забудоўвалі 1—2-павярховымі дамамі з унутр. дварамі, мячэцямі з мінарэтамі. У 18—19 ст. узводзілі шматкупальныя мячэці, якія ўнутры аздаблялі арнаментальнай разьбой, размалёўкай, паліхромнай маёлікай (мячэць у г. Дэрна), у аддаленых раёнах мячэці — глінабітныя, прамавугольныя ў плане пабудовы крапаснога тыпу. У перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) ствараліся еўрап. кварталы ў Трыпалі, Бенгазі. З 2-й пал. 20 ст. ў Л. вядзецца жыллёвае і грамадскае буд-ва з выкарыстаннем сучасных канструкцый і матэрыялаў, рэстаўрыруюцца рым. акведукі, цыстэрны, плаціны. Развіваецца выяўл. мастацтва, пераважна жывапіс і графіка. Нар. майстры ствараюць дываны са стракатымі ўзорамі, вырабы са скуры з ціснёным ці вышываным арнаментам, медныя пасудзіны з чаканкай, ювелірныя ўпрыгожанні і інш. Комплекс археал. запаведнікаў Лептыс-Магна, Сабрата і Кірэна, наскальныя малюнкі Тадрарт і вузел караванных шляхоў г. Гадамес уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Лівіі.
Да арт. Лівія. Лівійская пустыня.
Да арт. Лівія. Руіны рымскага тэатра ў Лептыс Магна. 1 ст.

т. 9, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫБУ́ЦІ (Djibouti),

Рэспубліка Джыбуці (Republique de Djibouti), дзяржава на ПнУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Эрытрэяй, на З і Пд з Эфіопіяй, на ПдУ з Самалі. На У абмываецца Баб-эль-Мандэбскім пралівам і Адэнскім зал. Індыйскага ак. Падзяляецца на 5 акруг. Пл. 22 тыс. км². Нас. 557 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Джыбуці. Афіц. мова — арабская і французская.

Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 чэрв).

Дзяржаўны лад. Дж. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы орган — аднапалатны Нац. сход (65 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Для рэльефу характэрна чаргаванне горных масіваў з патухлымі вулканамі і нізкіх лававых плато. Цэнтр. ч. краіны займаюць камяністыя, пясчаныя або гліністыя раўніны. На ПнУ адгор’і хр. Данакіль (г. Муса-Алі, 2022 м). У глыбокай тэктанічнай упадзіне воз. Асаль (на 153 м ніжэй узр. м.). Клімат трапічны, сухі і гарачы. Сярэднямесячныя т-ры 27—35 °C. Ападкаў 45—130 мм за год. Пастаянных рэк няма. Расліннасць пустынная і паўпустынная. Нац. паркі Дай, Маскалі-Мусша, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва Рэспубліку насяляюць 2 народы, якія размаўляюць на мовах кушыцкай групы семіта-хаміцкай сям’і: іса (блізкія да самалійцаў, 50%) і афары (40%). Жывуць таксама самалійцы, арабы, выхадцы з Еўропы (французы, грэкі, італьянцы) і інш. 94% вернікаў мусульмане. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,3 чал. на 1 км². 82% яго пражывае ў гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы і на ПдУ, у т. л. больш за палавіну ў г. Джыбуці. Ва ўнутр. раёнах пераважаюць качэўнікі і паўкачэўнікі.

Гісторыя. У 1880-я г. тэр. п-ва Самалі падзелена паміж Англіяй і Францыяй. Калонія Франц. Самалі ў 1946 атрымала статус «заморскай тэр. Францыі», у 1956 — частковую аўтаномію. У ходзе рэферэндуму 1967 большасць насельніцтва выказалася за аўтаномію ў рамках Франц. Рэспублікі і краіна з чэрв. 1967 стала афіцыйна наз. Франц. тэр. афараў і іса. У 1970-я г. ў краіне і за мяжой узнік моцны незалежніцкі рух сярод іса, дыскрымінаваных французамі на карысць афараў. У 1972 створана Афр. нар. ліга (з 1975 Афр. нар. ліга за незалежнасць). У эміграцыі дзейнічалі вызв. партыі, у т. л. тыя, што выступалі за аб’яднанне з Самалі ці Эфіопіяй.

8.5.1977 абвешчана незалежная дзяржава пад назвай Рэспубліка Джыбуці; ролю канстытуцыі ў краіне выконвалі «арганічныя законы». Унутрыпаліт. напружанасць у 1990—92 выклікала сутыкненні кланава-племянных інтарэсаў афараў і іса. Афарская апазіцыя стварыла Фронт за аднаўленне адзінства і дэмакратыі, разгарнула антыўрадавыя ўзбр. выступленні. У чэрв. 1992 гэты Фронт разам з інш. апазіцыйнымі партыямі і рухамі, у т. л. і прадстаўнікамі інтарэсаў іса, утварылі Аб’яднаны фронт апазіцыі. 4.9.1992 на рэферэндуме ўпершыню прынята канстытуцыя. У маі 1993 прэзідэнтам краіны выбраны Х.Гулед Апцідон. Дж. — чл. ААН з 1977. Паліт. партыі — Нар. аб’яднанне за прагрэс (правячая), Партыя дэмакр. абнаўлення, Нац.-дэмакр. партыя.

Гаспадарка. Дж. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на душу насельніцтва каля 300 долараў. Гасп. дзейнасць абмежавана неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі. Доля ў валавым унутр. прадукце: транспарту і сферы паслуг — каля 85%, прам-сці — каля 10%, сельскай гаспадаркі — каля 4%. Найб. развіта абслугоўванне трансп. аперацый праз порт Джыбуці, дзе канчаецца чыгунка і аўтадарога, якія злучаюць Эфіопію з узбярэжжам. ​3/4 грузаабароту порта — транзітныя грузы, праз яго праходзіць каля палавіны знешняга гандлю Эфіопіі. Даўж. чыгункі 106 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 283 км. Каля г. Джыбуці міжнар. аэрапорт. Прам-сць прадстаўлена невял. паўсаматужнымі прадпрыемствамі па вытв-сці харч. прадуктаў, скураных вырабаў, буд. матэрыялаў, мех. і швейнымі майстэрнямі. Ёсць некалькі невял. электрастанцый, з-д мінер. вод, малаказавод, камбікормавы з-д, тэкст. прадпрыемствы. Суднарамонт і буд-ва невял. суднаў. Лоўля рыбы і крабаў, збор жэмчугу і перламутру, каралаў, губак. Здабыча кухоннай солі з марской вады, вапняку, перліту. Саматужныя промыслы: ювелірны (вырабы з серабра, упрыгожаныя жэмчугам, перламутрам, караламі), гарбарны (вырабы з ціснёнай скуры — сёдлы, збруя, бурдзюкі і інш.). Гал. крыніца існавання сельскага насельніцтва — качавая і паўкачавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. гал.): авечак і коз каля 1000, вярблюдаў каля 40, буйн. раг. жывёлы каля 50. Пад пашай каля 12% тэрыторыі. Выкарыстоўваюцца таксама сезонныя пашы па-за межамі краіны, пераважна ў Эфіопіі. Для земляробства прыдатныя толькі 7 тыс. га зямель у аазісах. Вырошчваюць фінікавую пальму, каву, агародніну. Дж. экспартуе жывёлу і скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Імпарт перавышае экспарт у 10 разоў. Асн. гандл. партнёры: Францыя (57% экспарту, 26% імпарту), Йемен, Саудаўская Аравія. Краіна атрымлівае штогадовую дапамогу ад міжнар. арг-цый і Францыі. Грашовая адзінка — джыбуційскі франк.

Герб і сцяг Джыбуці.

І.Я.Афнагель (прырода, гаспадарка).

т. 6, с. 94

т. 6, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)