ФЕНО́Л, карболавая кіслата,
араматычнае злучэнне, C6H5OH; першы прадстаўнік гамалагічнага шэрагу фенолаў.
Бясколерныя крышталі, якія ружавеюць на паветры, з характэрным пахам, tпл 40,8 °C, tкіп 181,8 °C. Добра раствараецца ў арган. растваральніках, сярэдне — у вадзе. Слабая к-та, з асновамі ўтварае солі — феналяты. Лёгка ўступае ў рэакцыі электрафільнага замяшчэння (нітраванне, браміраванне і інш.). Атрымліваюць раскладаннем гідрапераксіду кумолу (кумольны метад), дэкарбаксіліраваннем бензойнай к-ты (талуольны метад), гідролізам хлорбензолу інш. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фенола-альдэгідных смол, капралактамаў, фарбаў, пестыцыдаў, лек. сродкаў і інш. Выклікае парушэнні функцый нервовай сістэмы, дыхання і кровазвароту; раздражняе слізістыя абалонкі, выклікае апёкі на скуры. ГДК у паветры 0,003 мг/м³.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 16, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)