СІНЕ́КДАХА (ад грэч. synekdochē суперайманне, суаднясенне),
відметаніміі, заснаваны на замене аднаго паняцця другім на аснове суаднясення іх колькасных прыкмет. Выступае як сродак завастрэння ўвагі чытача на найб. значных маст. дэталях, якім у творы належыць важная роля ў эмацыянальна-псіхал. раскрыцці вобразаў, іх аўтарскай ацэнцы. Пашырана ўжыванне назвы часткі з’явы, прадмета ў значэнні цэлага:
Магутнае слова, ты, роднае слова!
Са мной ты наяве і ў сне,
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
Ты песень наўчыла мяне.
(Я.Купала. «Роднае слова»)
Часам назва часткі замяняецца назвай цэлага:
Край калхідскі сёння ў славе,
І палескі краявід
Зменім мы, балоты сплавім,
Тут, брат, тысячы Калхід!
(П.Панчанка. «Слова пра Палессе»)
Сустракаецца замена множнага ліку адзіночным і наадварот.
Якія толькі стагоддзі
цябе не хрысцілі
ў сваіх Дняпрах, а ты
язычнікам так і застаўся, Човен.
(Р.Барадулін. «Трыпціх Ушаччыны»)
Разнавіднасць С. — ужыванне ўласных імён у значэнні агульных назоўнікаў:
Працы ў зорках — акіян бязмерны,
Важна, што мы здолелі пачаць.
Сотні новых Юрыяў і Германаў
У калысках ярасна крычаць.
(П.Панчанка. «У космас»)
французскі жывапісец, адзін з вядучых майстроў імпрэсіянізму. Па паходжанні англічанін. Вучыўся ў майстэрні Ш.Глейра ў Парыжы (1860—63). Зазнаў уплыў К.Каро, К.Манэ. Адлюстроўваў пераважна ваколіцы Парыжа, прыроду Іль-дэ-Франса. Адметныя рысы яго жывапісу — работа на пленэры, сціпласць матываў, вытанчаная гама светлых тонаў, кампазіцыйная завершанасць і манументальная раўнавага. Раннім пейзажам уласціва некаторая змрочнасць: «Вясковая вуліца ў Марлоце» (1866), «Від на Манмартр» (1869). Каля 1870 ён асвятляе палітру, пачынае супрацьпастаўляць мазкі, ва ўраўнаважаных і лёгкіх па фактуры творах значнае месца займае неба і выяўленне неабсяжнай прасторы: «Баржы на канале Сен-Мартэн» (1870), «Лувесьен.
Сеўрская дарога» (1873), «Кузня ў Марлі» (1875), «Паводка ў Пор-Марлі» (1876), «Снег у Лувесьене» (1878). Пасля 1880 фактура яго твораў стала больш пастознай: «Белы крыж у Сен-Маме» (1884), «Сен-Маме» (1885), «Мост у Марэ, эфект навальніцы» (1887), «Стагі сена ў Марэ, эфект раніцы» (1891), «Канал у Луэне» (1892), «Царква ў Марэ пасля дажджу» (1894).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРАМАСА́КС (ням. Skramasax),
адзін з відаў колюча-сякучай халоднай зброі бліжняга бою. Нож з прамым адналязовым клінком (даўж. 20—50 см, шыр. 2—4 см) з патоўшчанай спінкай і дзяржаннем. Вядомы з пач.н.э. У эпоху Вял. перасялення народаў С. — тыповая зброя «варвараў» Паўн.-Зах. і Сярэдняй Еўропы; напр., у франкаў — асн.від узбраення. З сярэдзіны 1-га тыс.н.э. ўвайшоў у баявы ўжытак ч. балцкага і фінскага насельніцтва ўзбярэжжа Балт. мора. Для ўзбраення славян не характэрны. У 10—11 ст. знік з вайск. ўжытку. Ва Усх. Прусіі, зах. раёнах Літвы і Латвіі выкарыстоўваўся і ў 12 ст. (магчыма, і пазней). На Беларусі С. знойдзены пры раскопках селішча Гарадок (2-я пал. 9—пач. 10 ст.) і курганнага могільніка Вышадкі (10 ст.) Гарадоцкага р-на, у Віцебску і Мінску (12 ст.). Паводле меркавання некат. даследчыкаў, ад С. вядуць сваё паходжанне асобныя тыпы цесакоў і корды.
Літ.:
Кулаков В.И. Древности пруссов, VI—XIII вв. М., 1990;
Казакявичюс В.К. Оружие балтских племен II—VIII вв. на территории Литвы. Вильнюс, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНЕГ,
цвёрдыя ападкі атмасферныя ў выглядзе сняжынак — снежных (ледзяных) крышталёў, разнастайных па форме, але з гексаганальнай асновай (шасцівугольная пласцінка, зорачка і інш.). Пры штылі і т-ры каля 0 °C сняжынкі зліпаюцца і ўтвараюць камякі дыяметрам да некалькіх сантыметраў. Ва ўмераных і высокіх шыротах С. — тыповы зімовы від ападкаў, які ўтварае снегавое покрыва. На Беларусі С. можа выпадаць з канца вер. да мая. У пераходныя месяцы можа спалучацца з дажджом (гл.Мяшаныя ападкі). Сярэдняя колькасць сутак са снегападам (0,1 мм/сут ці больш) складае ад 55 на ПдЗ да 82 на ПнУ і У. Сярэдняя працягласць выпадзення С. 8—9 гадз за суткі на Пд і 10—11 гадз на Пн. На працягу сутак у выглядзе С. звычайна выпадае 2—3 мм ападкаў (у пераліку на слой вады), або 2—3 кг на 1 м². Макс. зарэгістраваная ў 2-й пал. 20 ст. сутачная колькасць сухога С. склала 36,8 мм (18.1.1970, ст. Пружаны). Значны снегапад і асабліва мяцеліца пагаршаюць бачнасць. Вял. снегапады абломліваюць галіны дрэў у лясах і садах, парушаюць рух транспарту. Гл. таксама Снегавое покрыва, Снегазатрыманне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУПРЭМАТЫ́ЗМ (ад лац. supremus найвышэйшы),
кірунак у авангардысцкім мастацтве сярэдзіны 1910—20-х г.; відгеам. абстракцыі (гл.Абстракцыянізм). Засн. ў 1913 К.С.Малевічам. Тэорыя С., якая сцвярджала вяршэнства абстрактнай формы, зведзенай да квадрата, круга, трохвугольніка, прамавугольніка, крыжа, была выкладзена ў маніфесце Малевіча «Ад кубізму і футурызму да супрэматызму» (1916). Першыя свае супрэматычныя карціны Малевіч паказаў у 1915 на выстаўцы «0,10» у Петраградзе. Для С. характэрна падкрэсленая сімволіка колеру. Камбінацыі рознакаляровых плоскасцей увасаблялі абсалютныя, «вышэйшыя» пачаткі рэчаіснасці, спасцігнутыя інтуіцыяй мастака. У рэчышчы С. працавалі І.Клюн, І.Пуні, Эль Лісіцкі, М.Суэцін. С. увасобіўся ў жывапісе, графіцы, сцэнаграфіі, дэкар.-прыкладным мастацтве і інш., значна паўплываў на канструктывізм.
Літ.:
Шунейка Я. Супрэмус, або Творца беспрадметнага мастацтва // Мастацтва Беларусі. 1989. № 2;
Наков А. Русский авангард: Пер. с фр.М., 1991;
Сарабьянов Д.В., Шатских А.С. Казимир Малевич: Живопись. Теория. М., 1993.
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Супрэматызм. К.Малевіч. Супрэматычная кампазіцыя. 1916.Да арт.Супрэматызм. М.Суэцін. Кубак і сподак з супрэматычнай размалёўкай. 1923.Да арт.Супрэматызм. Эль Лісіцкі. Пра 2 квадраты. Супрэматычная казка ў шасці карцінках. 1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́ЦЫЯ (ад лац. facies выгляд),
1) у геалогіі — фізіка-геаграфічныя ўмовы намнажэння асадкавай пароды; пласт або некалькі пластоў з аднолькавымі літалагічнымі прыкметамі і аднолькавымі арган. рэшткамі. Тэрмін увёў швейц. геолаг А.Грэслі (1838). Адрозніваюць Ф. марскую, лагунную, азёрную, рэчышчавую, старычную і інш. Таксама Ф. наз.інш. тыпы парод, якія адрозніваюцца паводле саставу, але адпавядаюць пэўным умовам утварэння (Ф. метамарфізму, вывергнутых парод, жыльных утварэнняў і інш.). Ф. метамарфізму (увёў фін. геолаг П.Эскола; 1939) адлюстроўвае вобласць тэрмадынамічнай устойлівасці метамарфічных парод і наз. паводле тыповых яе прадстаўнікоў (Ф. зялёных сланцаў, амфібалітаў, гліністых сланцаў і інш.). Геахімічная Ф. (увёў Л.В.Пуставалаў; 1933), выкапнёвая геахім. Ф., што паказвае геахім. асаблівасці асяроддзя асадкаўтварэння і дыягенезу парод пласта.
2) У экалогіі — найменшая фітацэнатычная адзінка расл. згуртавання, у якой пераважае пэўны від; аб’яднанне падобных біяцэнозаў.
3) У ландшафтазнаўстве (геатоп) — найпрасцейшы прыродны тэрытарыяльны комплекс, дзе захоўваецца адзін літалагічны склад мацярынскай пароды, глебы, тып рэльефу, характар мікраклімату, увільгатнення, інсаляцыі і адзін біяцэноз; найменшая марфалагічная адзінка ландшафту геаграфічнага, структурная частка ўрочышча. Варыянты Ф. абумоўлены натур. прыроднымі адрозненнямі, а таксама дзейнасцю чалавека — высечка лясоў, меліярацыя, разворванне зямель і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛІГРА́НЬ (італьян. filigrana ад лац. filum нітка+granum зерне),
1) скань, від ювелірнай тэхнікі; ювелірны выраб з тонкага залатога, сярэбранага ці меднага дроту. Бывае ажурная і фонавая (напайная). Ажурная Ф. (плоская і аб’ёмная) складаецца са спаяных паміж сабой драцяных элементаў; фонавая бывае глухая (напайванне ўзору на ліставы метал) і прасечная (высячэнне ці выпілоўванне фону пасля прыпайвання ўзору). Часта спалучаецца з чаканкай, зярненнем, эмалямі. Вядома са старажытнасці ў краінах Усходу, Еўропы, Сярэдняй Азіі, у Расіі з 12 ст. На Беларусі тэхніка Ф. вядома з 11—13 ст. (выраб лунніц, колтаў, пярсцёнкаў, бранзалетаў, скроневых кольцаў і інш.). Пашырылася ў 16—18 ст. У 17 ст.бел. майстры працавалі ў Сярэбранай і Аружэйнай палатах Маскоўскага Крамля, дзе ў тэхніцы Ф. выраблялі царк. начынне, посуд, ювелірныя ўпрыгожанні. У тэхніцы Ф. вядомы вырабы В.Калістратава, А.Карніенкі, Ю.Любімава, Р.Навіцкага, Г.Наркевіча і інш. майстроў ф-к маст. вырабаў.
2) Накладныя метал. аздобы пераплёту кнігі.
3) Тое, што вадзяныя знакі.
Я.М.Сахута.
Да арт.Філігрань. Залатое ўпрыгожанне адзення. Кветка лотаса. Сярэдняя Азія. 13—14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯДЛО́ВЕЦ (Juniperus),
род хвойных раслін сям. кіпарысавых. Каля 70 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Аказваюць аздараўляльны ўплыў на лес — выдзяляюць фітанцыдаў больш за інш. хвойныя. На Беларусі 1 від — Я. звычайны (J. communis). Утварае падлесак у хвойных і мяшаных лясах. Інтрадукаваны віды Я.: віргінскі (J. virginiana). казацкі (J. sabina). кітайскі (J. chinensis), Саржэнта (J. sargentii).
Вечназялёныя дрэвы выш. 10—12. радзей да 30 м, ці кусты, часам сцелістыя. Каранёвая сістэма моцная і глыбокая. Растуць марудна, жывуць да 500—1000 гадоў. Большасць відаў — двухдомныя. Лісце іголка- або лускападобнае. Мікрастробілы (гл.Стробіл) дробныя. авальныя. Пасля апладнення мегастробілы зрастаюцца паміж сабой і ўтвараюць сакаўныя шышкі, сіне-чорныя ці цёмна-бардовыя, якія выспяваюць на 2—3-і год (часам іх наз. шышкаягадамі або ядлоўцавымі ягадамі). Драўніна трывалая, устойлівая супраць насякомых і гніення. Салодкія пахучыя шышкі Я. выкарыстоўваюць у харч. і парфумернай прам-сці; лісце і маладыя парасткі. багатыя эфірнымі алеямі. што ачышчаюць паветра ад мікробаў — у медыцыне. ветэрынарыі і парфумерыі. Тэхн., лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБУ́ГСКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Брэсцкім р-не. Засн. ў 2003 для захавання унікальных прыродных ландшафтаў з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 7950 га. Асн.від ландшафту — пласкахвалістая водна-ледавіковая раўніна з дзярнова-падзолістымі пясчанымі і забалочанымі тарфяна-балотнымі глебамі. Пад лясамі 93% пл.; прадстаўлены ўсе фармацыі лясоў Беларусі (за выключэннем шэраальховых), пераважаюць хваёвыя лясы. Ёсць унікальныя расл. садружнасці: хвойнікі плюшчавы, чыставуставы; лугавая садружнасць райграсу сярэднееўрапейскага; лясы брызглінавыя, ядлоўцавыя з дрэвападобнымі экзэмплярамі выш. да 10 м; лясы з вішні птушынай (чарэшні). У флоры больш за 500 відаў сасудзістых раслін, з якіх у Чырв. кнігу занесены чыставуст каралеўскі, увярэднік лясны, каласняк пясчаны, гваздзік картузіянскі, гайнік цёмна-чырвоны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі і інш. У фауне 58 відаў млекакормячых, 166 — птушак, усе віды рэптылій і амфібій, што пашыраны на Беларусі, 32 віды рыб; 75 відаў жывёл уключаны ў Чырв. кнігу, у т. л. соня арэшнікавая, барсук, начніцы сажалкавая і Натэрэра, шыракавушка еўрапейская, вячэрніца малая, кажанок паўночны, арлан-белахвост, гагара чорнаваллёвая, скапа і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯЦЕ́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,
выраб рэчаў утылітарнага і дэкар. характару злучэннем палос эластычнага матэрыялу пад прамым ці косым вуглом; віднароднага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. Адрозніваюць П. ручное і машыннае. Матэрыялы для П. — лаза, салома, чарот, карані дрэў, лыка, мачала, бяроста, лучына, стружкі, дубцы арэшніку, ядлоўцу, рабіны, скура, ніткі і інш. У 1970—80-я г. шырока ўжываюцца і сінтэт. матэрыялы. Пашырана ў многіх народаў, папярэднічала ткацтву. Шырока вядома маст. пляценне народаў Усходу, а таксама пляценне карункаў у Расіі.
На Беларусі вядома з неаліту (выяўлены рэшткі сплеценых з лыка сетак, адбіткі плеценых вырабаў на гліне). Найб. захаваліся вырабы 19—1-й пал. 20 ст. Пашырана было пляценне з лазы. На Палессі з яе плялі агароджы (пляцень), сцены гасп. пабудоў. Простай, спіральнай, крыжовай, раброва-крыжовай тэхнікамі П. выраблялі лазовыя палукашкі для вазоў і саней, рыбалоўныя снасці (каробкі, бучы, венцеры), посуд на збожжа, агародніну (кашы, кашолкі, сявенькі, карзіны), мэблю (крэслы, калыскі, падстаўкі пад вазоны, карабы на бялізну) і інш. Разнастайным камбінаваннем тэхнік П. вызначаецца мэбля, кузавы выязных вазкоў. Каркас вязалі з тоўстых прутоў, якія скрыжоўваліся пад розным вуглом і ўтваралі розныя геам. фігуры, потым яго перапляталі тонкімі дубцамі, нярэдка чаргуючы белыя, ачышчаныя ад кары, з неакоранымі, таніравалі лазу ў больш цёмны колер, абпальвалі на агні, аздаблялі выпаленымі ўзорамі. Вырабамі мэблі з лазы славіліся майстры Магілёва, Гомеля, Суража (Віцебскі р-н), кузаваў — Давыд-Гарадка (Столінскі р-н), Лахвы (Лунінецкі р-н). З саламяных жгутоў, пераплеценых лазой, выраблялі шыяны, карабы, сявенькі, кублы, гарцы; з саломы плялі шкатулкі, цацкі, сумкі, капелюшы (гл.Саломка мастацкая). З сасновай лучыны (дранкі) выраблялі посуд на садавіну і гародніну, карабы для пераноскі сена (Паазер’е), з бяросты — заплечныя кашалі для збору грыбоў, сумкі, вярэнькі (Палессе), ёю ж апляталі ганчарны посуд для малака і малочных прадуктаў (берасцянкі). З рагозу (пераважна на Палессі) выраблялі лёгкія, эластычныя сумкі і кашолкі. Дробныя вырабы: каробачкі для рукадзелля, карзінкі, сумачкі, фруктоўніцы — плялі з карэньчыкаў хваёвых дрэў, арэшніку. З лыка, вяровак плялі лапці, са скуры дэталі конскай вупражы, бізуны. Узоры П. вызначаюцца прыгожым шахматным, спіральным, дыяганальным малюнкам. Вял. пашырэнне мела П. з тэкстыльных матэрыялаў: нітак, шнуроў, вяровак і інш.Найб. простым прыёмам з’яўляецца віццё (суканне) — злучэнне дзвюх ці болей пасмаў у шнур. Суканыя шнуры і вяровачкі выкарыстоўваліся як дэкар. элементы на адзенні (разнастайныя нашыўкі), абрусах, ручніках (для кутасоў, махроў). З каляровых нітак вілі шнуркі для завязак на адзенні і паяскоў. Плоскія пляцёнкі з трох (у выглядзе касы) і больш нітак выкарыстоўвалі для вырабу паясоў, завязак, шнуркоў, нашывак на адзенне. Больш складаны від пляцення засн. на выгінанні суцэльных нітак у петлі, якія пераплятаюцца паміж сабой удоўж і ўпоперак (вязанне). Разнастайныя рэчы утылітарнага і маст. характару вырабляліся ў тэхніцы вузельчыкавага П. — завязвання вузлоў рознай канфігурацыі. З дапамогай чаўнака (ігліцы) і дошчачкі вязалі рыбацкія сеткі (Паазер’е). Такім чынам сплеценыя сеткі, нацягнутыя на раму, прызначаныя для абрусаў, сурвэтаў, пакрывалаў, аздаблялі вышыўкай насцілам ці крыжыкам з каляровых шарсцяных нітак. З развіццём прамысловасці П. захоўваецца як віддэкар.-прыкладнога мастацтва і займае значнае месца ў маст. прамысловасці рэспублікі. Сурвэткі, абрусы, лазовыя кошыкі на садавіну і гародніну, цукерачніцы, хлебніцы, саламяныя капелюшы, шкатулкі і інш. плеценыя вырабы выпускаюць ф-кі маст. вырабаў. Некат. вытв. аб’яднанні вырабляюць мэблю з лазы. Шырокую папулярнасць набыло вузельчыкавае П. — макрамэ. Найб. вядомыя бел. майстры П.: Т.Агафоненка, К.Арцёменка, А.Белановіч, С.Галанчанка, В.Гаўрылюк, Л.Главацкая, М.Кулак, Н.Ліцюк, Л.Лось, У.Лук’янец, Г.Сапун, Л.Скрыпнічэнка, В.Сташкевіч, Т.Федаркова і інш.
Літ.:
Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995;
Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Я.М.Сахута.
Да арт.Пляценне мастацкае. Саламяны посуд. 1-я пал. 20 ст. Цэнтральная Беларусь.Да арт.Пляценне мастацкае. Т.Агафоненка. Маска «Казёл». 1978.Да арт.Пляценне мастацкае. Посуд з сасновай лучыны. Вёска Шахноўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. 1982.