ПРО́ФІЛІ МЕТАЛІ́ЧНЫЯ,

даўгамерныя вырабы рознага папярочнага сячэння (вугалкі, швелеры, лісты, трубы, рэйкі і інш). Атрымліваюцца пракаткай (пракатныя профілі), прасаваннем (прасаваныя профілі), гібкай (гнутыя профілі). Адрозніваюць пракатныя профілі з пастаянным сячэннем па даўжыні, пераменныя профілі (памеры па даўжыні ці форма папярочнага сячэння мяняюцца) і спецыяльныя. Прасаваныя профілі ў залежнасці ад канфігурацыі папярочнага сячэння падзяляюцца на суцэльныя і пустацелыя. Іх вырабляюць таксама са сталі, тытанавых, магніевых, медных, нікелевых і інш. сплаваў. Гнутыя профілі атрымліваюць на профілягібачных станах з ліставога металу (сталь, каляровыя металы і сплавы). Шырока выкарыстоўваюцца ў розных галінах вытв-сці.

В.​І.​Шагун.

Профілі металічныя: 1 — квадратны; 2 — круглы; 3 — паласавы; 4 — вуглавы; 5 — двухтаўровы; 6 — швелерны; 7 — чыгуначная рэйка; 8 — трамвайная рэйка; 9 — шпунтавы; 10 — паласа для турбінных лапатак.

т. 13, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

напо́рны ​1, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць для ўтварэння напору вадкасці. Напорны бак. Напорныя трубы.

2. Які дзейнічае з вялікім напорам (у 1 знач.). Напорная вада. □ Зашумелі воды, Узняліся хвалі, У напорнай плыні Крыгі паламалі. Русак.

напо́рны ​2, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і напоены. Красавалася шчасцем Краіна мая І напорнай геройскаю працай. Кляшторны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВІДАШУКА́ЛЬНІК,

прыстасаванне фота- і кіназдымачных апаратаў для навядзення іх на аб’ект і назірання за ім пры здымцы. Дазваляе ўбачыць межы відарысаў аб’ектаў і іх адпаведнасць памерам кадравай рамкі. Бывае рамачны, тэлескапічны і люстраны. Падбіраецца пад аб’ектыў з пэўнай фокуснай адлегласцю.

Калі аптычныя восі відашукальніка і здымачнага аб’ектыва не супадаюць, то ўзнікае паралакс — несупадзенне межаў відарыса, які назіраецца ў відашукальніку і які пераходзіць на фота- або кінаплёнку. Для змяншэння паралаксу ў поле зроку некаторых відашукальнікаў змяшчаюць некалькі прамавугольных рамак, што дазваляе ўвесці папраўку пры здымцы з розных адлегласцей. У люстраных фотаапаратах з адным здымачным аб’ектывам і кінаапаратах з люстраным абтуратарам паралакс адсутнічае. У некаторых фотаапаратах відашукальнік канструктыўна аб’яднаны з аптычным дальнамерам.

Аптычная схема відашукальніка: а — тыпу трубы Кеплера; б, в — люстраных фотаапаратаў; 1 — аб’ектыў; 2 — абарачальная сістэма; 3 — рамка; 4 — акуляр.

т. 4, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАРА́ЦКІ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 2.9.1946, г. Гомель),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1971) і кампазіцыі (1979, клас Дз.Смольскага). У 1979—82 дырыжор Сімфанічнага аркестра Бел. тэлебачання і радыё. З 1984 выкладчык Мінскай дзіцячай муз. школы № 9. Найб. значныя творчыя дасягненні ў сімф. і канцэртным жанрах. Яго музыцы ўласцівы тэмбравая маляўнічасць, нестандартнасць драматург. вырашэнняў. Сярод твораў: кантаты «Мая Беларусь» на словы Я.​Коласа (1982) і «Каб ведалі» на словы М.​Танка (1984); сімфоніі (1981, 1990); канцэрты — для трубы (1980, 1992), для валторны з арк. (1985), для аркестра (1987), «Палескія песні» для аркестра бел. нар. інструментаў (1988), канцэрціна для кларнета і фп. (1989); санаты для кларнета (1984) і «Мазаіка» для фп. (1986), «Партыта» для брас квінтэта (1988); інстр. п’есы; музыка да драм. спектакляў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Р.​М.​Аладава.

т. 6, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЙВІС ((Davis) Майлс Дзьюі) (25.5.1926, г. Олтан, штат Ілінойс, ЗША — 28.9.1991),

амерыканскі джазіст, трубач, кампазітар; адзін з вядучых прадстаўнікоў і наватараў сучаснага джаза. Выступаў з 1941 у Сент-Луісе, з 1945 у Нью-Йорку. Кіраваў многімі ансамблямі. Першы (разам з Ч.​Паркерам) эксперыментаваў у стылях бібоп (1945), кул-джаз (1950-я г.), джаз-рок (з канца 1960-х г.). Звяртаўся да стылю дыска, поп-музыкі, запрашаў у ансамбль рок-музыкантаў. У 1968 пачаў іграць на электраінструментах, дадаў электроннае прыстасаванне да сваёй трубы, павялічыў колькасць ударных інструментаў у ансамблі. Сярод альбомаў Д.: «Нараджэнне кула» (1957), «Іспанскія замалёўкі» (1959), «Заваруха» (1970), «Балетная пачка» (1985). Аўтар музыкі да кінафільма «Ліфт на эшафот» (1958).

Літ.:

Симоненко В.С. Лексикон джаза. Киев, 1981;

Конен В.Д. Пути американской музыки. 3 изд. М., 1977.

т. 6, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́БІН (Дзмітрый Віталевіч) (н. 27.6.1963, Мінск),

бел. кампазітар, педагог. Скончыў Дзярж. муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1986), Бел. акадэмію музыкі (1993, клас Дз.Смольскага). З 1986 выкладаў у Бел. харэаграфічным вучылішчы, з 1988 у Бел. пед. ун-це. У творчасці спалучае традыцыйныя і авангардныя метады кампазіцыі. Сярод твораў: кантаты «Беларускія песні» на нар. тэксты (1996), «Адышоўшыя строфы» на вершы Ф.​Цютчава (1998); «Псалом IX» для дзіцячых галасоў, габоя, аргана, 2 туб і ўдарных (1994); канцэрт для скрыпкі і сімф. арк. (1993); «Музыка для горада Нясвіжа» для камернага арк. (1997); «Апошняя працэсія» для 2 фп., трубы, ударных і магнітнай стужкі; «Водгукі беларускіх народных песень» для падрыхтаванага фп.; хар. цыкл «Малітвы» ў суправаджэнні чэлесты і ўдарных; вак. цыкл «Песні змроку і світанку» (абодва на вершы А.​Блока).

Р.​М.​Аладава.

т. 9, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХМАДЫ́ЕЎ (Еркегалі Рахмадыевіч) (н. 1.8.1932, аул № 9 Семіпалацінскай вобл., Казахстан),

казахскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Казахстана (1975). Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Алма-Ацінскую кансерваторыю (1957, кл. кампазіцыі Я.​Брусілоўскага), з 1960 выкладаў у ёй (у 1967—75 рэктар, з 1979 праф.). З 1959 маст. кіраўнік Казахскай філармоніі. З 1961 нач. Гал. ўпраўлення па справах мастацтва Мін-ва культуры Казахстана. З 1966 дырэктар Казахскага т-ра оперы і балета. Творчасць адметная спалучэннем рыс еўрап. прафес. мастацтва і казахскай нац. культуры. Сярод твораў: оперы, у т. л. «Алпамыс» (1973), «Песня пра цаліну» (1980), «Майра» (1985); творы для салістаў, хору і арк.; канцэрты для скрыпкі з арк. (1986), для трубы (1984); камерна-інстр. творы; песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў і інш. Аўтар кн. «Час і музыка» (1986). Дзярж. прэмія Казахстана 1980.

т. 13, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́У (Аляксандр Артуравіч) (8.3.1906, Масква — 28.12.1973),

расійскі кінарэжысёр, буйнейшы майстар жанру кінаказкі. Нар. арт. Расіі (1968). Скончыў кінашколу Б.​Чайкоўскага (1930) і драм. тэхнікум імя Ярмолавай у Маскве (1934). У кіно з 1930. Паставіў прасякнутыя паэзіяй, гумарам, фантаст. рамантыкай фільмы: «Па шчупаковаму загаду» (1938), «Васіліса Прыгожая» (1940), «Канёк-гарбунок» (паводле П.​Яршова, 1941), «Кашчэй Бессмяротны» (1945), «Новыя прыгоды Ката ў ботах» (1958), «Мар’я-майстрыха» (1960), «Каралеўства крывых люстэркаў» (1963), «Марозка» (1965, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю дзіцячых і юнацкіх фільмаў у Венецыі), «Агонь, вада і медныя трубы» (1968), «Варвара-краса, доўгая каса» (1970), «Залатыя рогі» (1973) і інш. Экранізаваў творы М.​Гогаля: «Майская ноч, або Тапельніца» (1952, стэрэафільм), «Вечары на хутары каля Дзіканькі» (1961). Ставіў карціны, прысвечаныя сучаснасці.

Тв.:

Сказка на экране. М., 1974.

Літ.:

Парамонова К.К. А.​Роу. М 1979.

т. 13, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тру́бка, -і, ДМ -бцы, мн. -і, -бак, ж.

1. гл. труба.

2. Назва розных прыбораў і прыстасаванняў звычайна цыліндрычнай формы.

Рэнтгенаўская т.

3. У біялогіі і анатоміі: назва розных полых органаў цыліндрычнай формы.

Дыхальная т.

4. Частка тэлефоннага апарата з прыладай для слухання і мікрафонам.

Зняць трубку.

5. Рулон, скрутак якога-н. матэрыялу ў форме вузкай трубы.

Т. палатна.

|| памянш. тру́бачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

|| прым. тру́бачны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.) і тру́бкавы, -ая, -ае (да 1 знач.).

Трубачны завод.

Трубачныя рыштаванні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ВАЛЬЦО́ЎКА, вальцаванне,

1) працэс апрацоўкі прутковых або паласавых загатовак у вярчальных сектарных штампах, замацаваных на валках. Нагрэтую загатоўку кляшчамі падаюць у валікі (круцяцца звычайна ў процілеглых напрамках), якія захопліваюць яе і паглыбленнямі на паверхні штампаў надаюць ёй патрэбную форму. Вальцоўка высокапрадукцыйная, эканоміць метал, але не заўсёды дае дакладную апрацоўку. Выкарыстоўваецца для вырабу загатовак шатуноў, размеркавальных валоў, звёнаў гусеніц, гаечных ключоў, мед. інструментаў і інш. 2) Спосаб замацавання трубы ў адтуліне метал. сценкі раскаткай (наз. таксама развальцоўкай); інструмент для раскаткі канцоў труб пры вальцовачным злучэнні.

3) Стварэнне на плоскіх або пустацелых загатоўках рэльефу (кантаў, рубаў), робіцца на вальцмашынах.

4) Здрабненне ці размол зярністых або камякаватых матэрыялаў на вальцовых станках з гладкімі або наразнымі вальцамі.

5) Спосаб перапрацоўкі гліны ў керамічнай вытв-сці. Гліна зацягваецца валкамі, праціскаецца праз адтуліны на іх паверхні і скочваецца ў бункер.

т. 3, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)