Рага́ч 1 ’вілы з двума рагамі’ (Сцяшк., ЛА, 2), ’вілкі, якімі ставяць (або вымаюць) у печ чыгуны’ (ТСБМ, Выг.). Да рог 1 (гл.).

Рага́ч 2, ’драўляная саха’ (ТСБМ), ’частка сахі’ (ТСБМ, Выг., Янк., Сержп., Дзмітр., Дэмб. 2), рагачы́ ’ручкі плуга’ (Выг. дыс.), рус. дыял. рога́ч ’ручка ў сахі’. Ад рог 1 (гл.). Падабенства па форме.

Рага́ч 3 ’вывернуты корань дрэва’ (ТСБМ). Ад рог 1 (гл.).

Рага́ч 4 ’самец-алень або іншая жывёліна з рагамі’ (ТСБМ), укр. рога́ч ’самец-алень’, в.-луж. rohač ’жывёліна з рагамі’. Ад рог 1 (гл.), параўн. рога́та ’карова з вялікімі рагамі’ (ТС).

Рага́ч 5 ’ражон, кол з сучкамі’; зборн. рагаччо́ (рогаччо́) ’колле няроўнае і сучкаватае’ (Нас.), ’дзяркач’ (ігн., Сл. ПЗБ). Мае не зусім ясныя адносіны да рог 1 (гл.). Магчыма, паводле знешняга падабенства з вострымі, тырчачымі ў розныя бакі галінкамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ба́цька, -і, мн. ба́цькі, -аў, м.

1. Мужчына ў адносінах да сваіх дзяцей; тата.

Родны б.

2. Ветлівы зварот да старога чалавека.

3. Самец у адносінах да свайго патомства.

4. чаго. Заснавальнік, родапачынальнік чаго-н. (кніжн.).

Б. авіяцыі.

◊

Выліты бацька, копія бацька (разм.) — пра дзіця, з твару вельмі падобнае да бацькі.

Прыёмны бацька — чалавек, які прыняў дзіця ў сваю сям’ю на правах сына (дачкі).

Увесь у бацьку (разм.) — пра дзіця, якое з твару і характарам падобнае да бацькі.

|| прым. ба́цькаў, -кава (да 1 знач.) і ба́цькаўскі, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

БЕЗАА́РАВЫ КАЗЁЛ, барадаты казёл (Capra aegagrus),

парнакапытнае млекакормячае сям. Пустарогіх. Вядомы 4 падвіды. Пашыраны ў Зах., Сярэдняй і Паўд. (Пакістан) Азіі. Жыве на цяжкадаступных схілах гор на выш. да 4200 м над узр. м.

Даўж. цела 1,2—1,6 м, выш. 0,7—1 м, маса 25—40, зрэдку да 80 кг. Поўсць на спіне і баках летам рыжавата-бурая, зімой шаравата-бурая. Уздоўж спіны і на шыі чорна-бурыя палосы. Рогі шаблепадобныя, сціснутыя з бакоў, у самцоў даўж. да 1,3 м. Мае бараду. Нараджае 1—2 казлянят. Корміцца расліннасцю. У страўніку або кішэчніку ёсць мінералізаваныя адклады ежы — безаар (адсюль назва), якім прыпісвалі магічныя лек. ўласцівасці. Безааравы казёл — адзін з продкаў свойскіх козаў. 2 падвіды былі занесены ў Чырв. кнігу СССР.

Безааравы казёл: 1 — самец; 2 — самка.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАБ’І́ (Passer),

род птушак сям. ткачыкавых атр. вераб’інападобных. 18 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, некаторыя віды завезены ў Паўн. і Паўд. Амерыку, Аўстралію, Новую Зеландыю і інш. месцы. Жывуць у населеных месцах, садах, парках, гаях, поймавых дубровах, на палях, у пустынях. На Беларусі 2 віды: верабей дамавы (Passer domesticus) і верабей палявы (Passer montanus), аселыя. Верабей палявы часткова вандроўны від.

Даўж. 12—18 см, маса 20—37 г. Апярэнне светла-шэрае, бураватае і чорнае. У самцоў многіх відаў чорная пляма на горле. Амаль усе чародныя, у перыяд гнездавання — каланіяльныя птушкі. Гнёзды пад дахамі, у нішах будынкаў, у дуплах, норах, на дрэвах. Калі кормяць птушанят, знішчаюць шмат шкодных насякомых. Дарослыя кормяцца пераважна зернем. Шкодзяць збожжавым культурам.

Вераб’і: 1 — дамавы (а — самка; б — самец); 2 — палявы.

т. 4, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬЯ́НЫ (Phoxinus),

род рыб сям. карпавых атр. карпападобных. Каля 10 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы, Паўн. Азіі і Паўн. Амерыкі. Большасць гальянаў жыве ў ручаях, невял. рэчках з чыстай, празрыстай вадой. На Беларусі 2 віды: гальян звычайны (нар. назвы красаўка, гаркуша, маляўка, скамарох, залатаўка, крумела, фарэлька і інш.; Р. phoxinus) і гальян азёрны (нар. назвы аўдотка, сняток, лінёк; Р. percnurus). 1 паўн.-амер. від у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 20 см, маса да 100 г. Зрэдку ярка-афарбаваныя, на баках яркія плямкі або вял. расплыўчатыя плямы. У малявак уздоўж цела чорная палоска. Луска дробная, на бруху адсутнічае. Кормяцца водарасцямі, воднымі беспазваночнымі і насякомымі. Маюць шлюбнае ўбранне. Нераст парцыённы на быстрай плыні. Некаторыя прамысловыя.

Гальяны: 1 — звычайны (уверсе — самец у шлюбным убранні); 2 — азёрны.

т. 5, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІК, вепр,

вяпрук (Sus scrofa),

млекакормячае сям. свіных атр. парнакапытных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы; акліматызаваны ў Амерыцы. Жыве ў разнастайных мясцінах, на Беларусі — па ўсёй тэрыторыі (26—36 тыс. у 1990—95). Трымаецца невял. статкамі, старыя самцы (секачы) і самкі з парасятамі — паасобку. Адзін з родапачынальнікаў свойскіх свіней.

Даўж. да 2 м, маса да 300 кг. Афарбоўка ад светла-бурай або шэрай да амаль чорнай. Парасяты паласатыя. Цела ўкрыта пругкім, доўгім шчаціннем з падшэрсткам. Галава вялікая. клінападобна выцягнутая наперад. Вушы доўгія і шырокія, вочы маленькія, рыла доўгае з лычом. Верхнія і ніжнія іклы вял., у самцоў (6—10 см) загнутыя ўверх і ў бакі. Усёедны. Нараджае ў сярэднім 4—6 парасят, зрэдку да 12. Аб’ект промыслу.

Л.​В.​Кірыленка.

Дзік: 1 — самец; 2 — галава самкі; 3 — парася.

т. 6, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКА́МЕНШЧЫКІ, бычкі-падкаменшчыкі (Cottus),

род рыб сям. керчакавых атр. скарпенападобных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі, зрэдку трапляюцца ў, перадвусцевых участках мора. Донныя маларухомыя жывёлы. Актыўныя на змярканні і ноччу. Жывуць паасобку ў водных зарасніках або пад камянямі (адсюль назва). На Беларусі П. звычайны (C. gobio, нар. назвы аўдотка, бычок, галавач, пундач, пячкур, шыракалобка) трапляецца ў рэках і ручаях з хуткім цячэннем і камяністым дном, у многіх азёрах Бел. Паазер’я.

Даўж. да 12 см. Галава вял., пляскатая. Вочы чырванаватыя, на верхнім баку галавы Цела голае, шаравата-бурае або зеленаватае, з цёмнымі плямамі. Спінных плаўнікоў 2 (1-ы меншы за 2-і). Кормяцца лічынкамі насякомых, ікрой і маляўкамі рыб. Перад нерастам самец будуе прымітыўнае гняздо, потым ахоўвае ікру і малявак.

А.​М.​Петрыкаў.

Падкаменшчык звычайны.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тру́цень, трутня, м.

1. Самец у пчалінай сям’і. Пчолкі мёд нясуць да сот, Труцень есць ды есць той мёд. Купала.

2. перан. Разм. Той, хто не працуе, а жыве за кошт працы другіх; лодар. Скардзіцца, што ныюць плечы У яго з юначых пор... Эх ты, труцень чалавечы! Як з табой нам жыць. Рыгор?! Ставер. Можа Іосіф і ёсць прычына таго, што Джыавані так высмейвае ўсіх манахаў, як трутняў і лежабокаў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кно́раз ’самец свінні, кныр’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. паўн.-зах., Жд. 2, Бяльк., Сержп. Грам., Мядзв., ДАБМ, Грыг., Гарэц., Янк. II). Укр. кнороз, рус. кнороз ’тс’, польск. kiernoz, славац. kornáz, в.-луж. kundroz, н.-луж. kjandrozʼ ’тс’. Формы заходнеславянскія фанетычна адрозніваюцца ад усходнеславянскіх (лужыцкія не адпавядаюць цалкам іншым заходнеславянскім). З адменным пачаткам паўднёваславянскія назвы кнораза: балг. нерез, серб.-харв. не̏раст ’тс’ (гл. Слаўскі, 2, 155 і ў апошні час Аткупшчыкоў, Из истории, 121). Нягледзячы на фанетычныя цяжкасці, усё ж такі ўдаецца аднавіць праславянскае складанае слова *kъrnorzь. У паўднёваславянскіх паралелях балг. нерез, серб.-харв. не̏раст маюць у якасці паралелі рус. нерезь ’непакладаны самец свінні’ (да не + рэзаць). Прасл. kъrnorzь ад kъrnъ ’абрэзаны’ і orzъ ’ядро’. Такую рэканструкцыю пацвярджаюць формы кныр, кнур, якія з’яўляюцца скарочанымі адносна формы кнораз. Гл. кныр. Параўн. у апошні час Шаўр ZfSl, 24, 115–119.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРТАЗІ́ДЫ (Ortheziidae),

чарвяцы, група найб. прымітыўных хобатных насякомых атр. раўнакрылых. Больш за 1,6 тыс. відаў. Жывуць пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі кашаніль польская занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. ад некалькіх мм да 1 см. На целе ў маладых і дарослых спінны шчыт з воска- і смолападобных рэчываў сакрэту скурных залоз. Галава звычайна з добра развітымі вусікамі і вачамі. Ногі адна- або двухчленікавыя з кіпцюром на канцы. Лічынкі («бадзяжкі»), выходзячы з-пад матчынага шчытка або яйцавага мяшка распаўзаюцца ў розных напрамках ці пераносяцца ветрам. Жывуць на раслінах, кормяцца іх сокам. Рэзка выяўлены палавы дымарфізм. Самка бяскрылая, лічынкападобная, самцы крылатыя. Многія з мучністых артазідаў — шкоднікі раслін, асабліва субтрапічных (напр., цытрусавых). Ёсць каштоўныя: артазіды лакавыя даюць ізаляцыйны матэрыял шэлак, кермесы — чырв. фарбу кармін. Некаторыя ахоўваюцца.

Да арт. Артазіды. Кашаніль польская: 1 — самец; 2 — самка.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)