БЫЧКІ́ (Jobiidae),

сямейства рыб атр. акунепадобных. Больш за 200 родаў, каля 600 відаў пераважна ў трапічных і субтрапічных водах усіх акіянаў. Донныя, прыбярэжна-марскія, саленаватаводныя і прэснаводныя рыбы. Найб. вядомыя бычкі: каліфарнійскі сінепалосы, кругляк, бланкет, каспійская пугалаўка, мартавік, японскі дзявочы, травянік і інш. На Беларусі 1 від — бычок-пясочнік.

Даўж. 7,5 мм — 90 см. Брушныя плаўнікі зрослыя, утвараюць круглы прысосак, што дазваляе рыбам утрымлівацца пры моцных рухах вады. Нерастуюць вясной, ікру адкладваюць у гнёзды, якія падрыхтоўваюць самцы. Большасць бычкоў кормяцца доннымі беспазваночнымі, ёсць драпежныя і планктонаедныя віды. Некат. бычкі (кругляк, пясочнік, шырман і інш.) маюць прамысл. значэнне.

Бычкі: 1 — каліфарнійскі сінепалосы; 2 — кругляк (а — самка, б — самец); 3 — бланкет; 4 — каспійская пугалаўка; 5 — мартавік; 6 — травянік; 7 — японскі дзявочы.

т. 3, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)