кана́л, ‑а, м.

1. Напоўненае вадой штучнае рэчышча, прызначанае для суднаходнай сувязі паміж асобнымі вадаёмамі, а таксама для водазабеспячэння, арашэння, асушэння балот і інш. Асушальны канал. Беламорска-Балтыйскі канал. Абвадняльны канал. □ Машына стаяла сярод алешніку, на беразе роўнага, як страла, калектарнага канала, які ўразаўся ў глыб балота. Краўчанка.

2. Вузкая поласць у выглядзе трубы, трубкі ўнутры чаго‑н. Канал ствала гарматы. Кабельны канал.

3. У арганізме жывёлы і чалавека — звілістая трубка, праз якую праходзяць тыя ці іншыя рэчывы. Кішэчны канал. Мочаспускальны канал.

4. Спец. Лінія сувязі, камунікацыі. Перадача вядзецца па трох каналах.

5. толькі мн. (кана́лы, ‑аў); перан. Шляхі пранікнення, пашырэння чаго‑н.; сродкі для дасягнення чаго‑н. Дыпламатычныя каналы. □ Шырокія і трывалыя гандлёвыя сувязі горада з Масквой, Ноўгарадам, Смаленскам .. служылі разам з тым і каналамі культурных сувязей. Алексютовіч.

[Ад лац. canalis — труба.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Выраб са скуры, тканіны і пад., звычайна з ручкамі, прызначаны для нашэння чаго‑н. Гаспадарчая сумка. Прадуктовая сумка. Паштальёнская сумка. □ [Кандуктар] час ад часу папраўляла раменьчык сва[ёй] кандуктарск[ай] сумкі, каб не так рэзала плячо. Пальчэўскі. Нават смешна было глядзець на .. [Янука]: ватоўка расхрыстана, сумка з кнігамі закінута за спіну, шапка з’ехала на патыліцу. Хадкевіч. // Пра выраб такога тыпу для грошай і некаторых прыналежнасцей жаночага туалету.

2. У анатоміі — орган, які мае выгляд полага мяшэчка са злучальнай тканкі. Сардэчная сумка. Сустаўная сумка.

3. У некаторых жывёл — поласць, складка скуры на жываце мацеры, дзе даношваецца і развіваецца дзіцяня.

4. Орган у некаторых грыбоў, у якім развіваюцца споры.

•••

Палявая сумка — сумка, у якой ваенныя носяць планы, карты.

Санітарная сумка — сумка з наборам медыкаментаў і перавязачных сродкаў, неабходных для першай дапамогі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыяфра́гма

(гр. diaphragma = перагародка)

1) мышачная перагародка, якая аддзяляе грудную поласць ад брушной (у млекакормячых жывёл і чалавека);

2) прыстасаванне для змянення дыяметра дзеючай адтуліны ў фота- ці кінааб’ектыве;

3) вертыкальная сценка ў целе земляных і камененакідных плацін для забеспячэння іх воданепранікальнасці;

4) кальцавая перагародка ў трубаправодзе для стварэння перападу ціску, каб вызначыць расход вадкасці, газу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЕСПАЗВАНО́ЧНЫЯ (Invertebrata),

шматлікая пазасістэматычная група жывёл, у якіх няма пазваночнага слупа і хорды. Назву ў пач. 19 ст. прапанаваў франц. заолаг Ж.​Б.​Ламарк. Падзяляюцца на 2 падцарствы: прасцейшыя, або аднаклетачныя, і шматклетачныя, у якіх адпаведна 5—9 і да 26 тыпаў жывёл. Узніклі беспазваночныя яшчэ ў дакембрыі (1,5—2 млрд. гадоў назад, магчыма, і раней). Каля 1 млрд. гадоў назад ад аднаклетачных (прасцейшых) развіліся шматклетачныя жывёлы. Прамежкавая ступень паміж імі — каланіяльныя прасцейшыя. У кембрыі ўжо існавалі прадстаўнікі многіх тыпаў беспазваночных. Да беспазваночных належаць тыпы інфузорый, губак, кішачнаполасцевых, ігласкурых, малюскаў, некаторых тыпаў ніжэйшых чарвей, членістаногіх і шэраг інш., усяго да 1—2 млн. відаў. Сярод сучасных беспазваночных найб. колькасцю відаў вызначаюцца членістаногія — да 1 млн. і малюскі — 250 тыс. Беспазваночныя пашыраны ва ўсіх біятопах Зямлі. Сярод іх па колькасці відаў пераважаюць насякомыя. На Беларусі каля 11 тыпаў беспазваночных, больш за 30 тыс. відаў, найбольш насякомых.

Важны момант у эвалюцыі беспазваночных — пераход ад радыяльнай (кішачнаполасцевыя) да двухбаковай (білатэральнай) сіметрыі, якая ўласціва больш высокаарганізаваным беспазваночным. Вышэйшыя беспазваночныя маюць другасную поласць цела (цэлом); лічыцца, што яны далі пачатак першым хордавым жывёлам. Беспазваночныя ўдзельнічаюць у біял. кругавароце рэчываў і энергіі ў біясферы. Доля іх складае да 95% біямасы наземных жывёл. Многія беспазваночныя — корм для звяроў, птушак і рыб, носьбіты ўзбуджальнікаў розных хвароб, шкоднікі с.-г. раслін; выкарыстоўваюцца таксама на харч., лек., гасп.-тэхн. мэты, для барацьбы са шкоднымі жывёламі. Некаторыя ахоўваюцца: 85 відаў беспазваночных занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Літ.:

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 1—3. 2 изд. М., 1987—89;

Хаусман К. Протозоология: Пер. с нем. М., 1988;

Беспозвоночные: Новый обобщ. подход: Пер. с англ. М., 1992.

А.​Р.​Александровіч.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛАС,

1) сукупнасць гукаў чалавека або жывёл з лёгачным дыханнем, утвораных з дапамогай галасавога апарату. Голас фарміруецца ў гартані; сілу і афарбоўку набывае за кошт верхніх (глотка, поласць рота, носа, прыдаткавыя пазухі) і ніжніх (трахеі, бронхі) рэзанатараў. Характарызуецца аб’ёмам, вышынёй, сілай, тэмбрам. Адрозніваюць голас гутарковы і пеўчы. Гутарковы голас праходзіць стадыі, якія адпавядаюць развіццю чалавека: ад голасу нованароджаных і немаўлят да голасу састарэлых людзей, калі адбываецца звужэнне дыяпазонаў гукаў па вышыні і па сіле. Пеўчы голас характарызуецца вышынёй, дыяпазонам, сілай і тэмбрам (афарбоўкай). Адрозніваюць пеўчы голас бытавы («непастаўлены») і прафес. («пастаўлены»). Пастаўлены ад прыроды пеўчы голас сустракаецца даволі рэдка; як правіла, прыдатным для прафес. муз. практыкі голас становіцца ў выніку спец. пастаноўкі. Вызначальныя якасці пеўчага голасу — прыгажосць тэмбру, сіла і здольнасць доўга трымаць гук. Оперна-канцэртны голас павінен быць моцным, добра чутным у вял. залах на фоне арк. суправаджэння, валодаць т.зв. палётнасцю. Пеўчы голас мае некалькі рэгістраў. У мужч. голасе вылучаюць грудны рэгістр у ніжняй частцы дыяпазону і фальцэтны ў верхняй, у жаночым — грудны, галаўны (у верхняй частцы дыяпазону) і цэнтральны (медыум, галаўное і грудное гучанне). Тыпы голасу класіфікуюць паводле тэмбру і вышыні: высокі жан. голас — сапрана (найб. высокі — каларатурнае сапрана), сярэдні — мецца-сапрана, нізкі — кантральта; высокі мужч. голас — тэнар, сярэдні — барытон, нізкі — бас. У кожным тыпе больш высокія і светлыя па гучанні голасу маюць назву лірычных, больш нізкія, густыя і цёмныя — драматычных. Асн. форма гукавядзення пеўчага голасу — звязнае спяванне, аснова кантылены.

2) Пэўная меладычная лінія ў шматгалосым муз. Творы.

3) Партыя асобнага інструмента, харавой групы, выпісаная з партытуры твора для яго развучвання і выканання.

4) Матыў, мелодыя песні.

Літ.:

Дмитриев Л.Б. Основы вокальной методики. М., 1968;

Морозов В.​П.​Тайны вокальной речи. Л., 1967;

Юссон Р. Певческий голос: Пер. с фр. М., 1974.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЦЁ,

працэс атрымання вырабаў (адлівак) з расплаўленых матэрыялаў (металаў, горных парод, керамічных матэрыялаў, пластмас і інш.), залітых у ліцейную форму і пасля зацвердзявання апрацаваных. Адзін з найб. эканам. спосабаў вырабу дэталей і загатовак складанай формы і розных памераў. У ліцейнай вытворчасці выкарыстоўваюць больш за 50 разнавіднасцей Л., у т. л. бесперапыннае ліццё, вакуумнае ліццё, каменнае ліццё.

Л. у какіль атрымліваюць фасонныя шчыльныя адліўкі з дакладнымі памерамі, меншымі прыпускамі на мех. апрацоўку (з чыгуну, сталі, алюмінію, магніевых і інш. сплаваў). Л. ў абалонкавыя формы (разавыя, зробленыя з сумесі кварцавага пяску і фенола-фармальдэгіднай смалы) дае адліўкі з шчыльнай аднароднай дробназярністай структурай і высокімі мех. якасцямі, з гладкай паверхняй. Эфектыўнае ў буйнасерыйнай вытв-сці пры вырабе адлівак масай да 100 кг. Л. па выплаўляльных мадэлях робіцца ў нераздымных абалонках з дробназярністага вогнетрывалага матэрыялу. Рабочая поласць утвараецца пасля выплаўлення з абалонкі патрэбнай мадэлі (з парафіну, стэарыну і інш.) Дае складаныя адліўкі з высокай (прэцызійнай) дакладнасцю. Л. пад ціскам вядуць у прэс-формы, якія запаўняюць металам або пластмасай (тэрмапластам, рэактапластам) і гумавымі сумесямі з вял. скорасцю пад высокім ціскам. Пасля астывання, зацвердзявання або вулканізацыі матэрыял набывае канфігурацыю ўнутр. поласці. Дае складаныя вырабы з высокай дакладнасцю. Спосаб высокапрадукцыйны.

На Беларусі даследаванні ў галіне Л. металаў вядуцца з 1950-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це Нац. АН, БПА, ліцейнай вытворчасці Беларускім навукова-даследчым канструктарска-тэхналагічным інстытуце, Гомельскім тэхн. ун-це і інш. Распрацаваны новыя спосабы Л. (намарожваннем, Л. у какіль з штучным паветраным зазорам, Л. на вярчальныя валкі-крышталізатары, бесперапыннае цэнтрабежнае Л. і інш.), адпаведныя машыны, абсталяванне, сродкі аўтаматызацыі вытв. працэсаў і інш.

Д.​М.​Кукуй.

Схема ліцця бесперапынным намарожваннем: 1 — літніковая сістэма; 2 — водаахаладжальны крышталізатар; 3 — гатовая адліўка, якая няспынна выцягваецца з астываючага і цвярдзеючага металу.
Да арт. Ліццё. А — ліццё ў какіль: 1 — какіль; 2 — стрыжань; 3 — метал; 4 — адліўка. Б — дакладнае ліццё па выплаўляльных мадэлях: 1 — васковая мадэль; 2 — нанясенне на мадэль слоя керамічнага парашку; 3 — зафармоўванне мадэлі ў апоку; 4 — заліўка металу, які расплаўляе воск і займае яго месца; 5 — ачыстка гатовай адліўкі.

т. 9, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Паха, па́хва, пахва́, драг. похва́, па́хвіна, пахві́на, паховіца, пахво́ ’унутраная частка плечавога выгібу, падпаха’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Мядзв., Дразд., Бум., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Сцяшк., Касп., ТС, Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Сл. Брэс.), ’сама рука’ (Нас.), петрык. ’частка рукава ў сарочцы пад пахай’ (Шатал.), ’падуздышная ўпадзіна ў жывёл’ (даўг., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), ’пасма валасоў, лёну’ (Касп.), пахві́ны ’частка цела ад ног да рэбраў’, па́хі ’крылцы або верхнія лапаткі ў чалавека’ (Нас.), пах ’падпаха’ (Мат. Гом.). Укр. паха́, пахва́ ’тс’, рус. пах, паха́ ’упадзіна’, ’пазуха’, ст.-рус. пахъ ’падуздышная ўпадзіна’, польск. pacha, ’пазуха, падпаха’, pachwina, чэш. pach ’пахвіна’, в.-луж. podrach ’падпаха’, серб.-харв. паху̀љ, па̀хуља ’пучок’, ’пасма’, балг. пах ’тс’. Можна, відаць, дапусціць прасл. paxъ ці paxy (Р. скл. paxъve), якія будуць роднаснымі да ст.-інд. pakṣás ’плячо, бок, палавіна’, pákṣas ’бок’, pājasyám ’брушная поласць’. Аднак некаторыя зах.-слав. формы (чэш. paždí, славац. podpažie, н.-луж. podpaža ’падпаха’) сведчаць пра зыходнае pazь (гл. пазуха), якое з *paz‑duxa, параўн. славен. pázduha, лат. podusē ’падпаха’. Такім чынам, можна гаварыць пра прасл. дублет paxъ/pazъ. Першы з іх узводзіцца да і.-е. *pā̆kʼ‑ (ст.-інд. pāśaḥ ’пятля, сувязь, вяроўка’, pákṣás ’плячо, бок, палавіна’, ст.-англ. foēgan ’звязваць’, ст.-грэч. πέσσω ’умацоўваю’) (Педэрсэн, IF, 5, 49 і 60; Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 11), другі да *pāgʼ‑ (лац. compāges ’сувязь, сутык’, pango ’ўмацоўваю’, ст.-грэч. πάγη ’пятля’) (Мартынаў, Слав. акком., 126). Менш імавернымі здаюцца меркаванні Брукнера (389) і (KZ, 43, 309), Мукі (2, 98) пра скарачэнне слова pazuxa ў paxъ. Няма патрэбы гаварыць пра запазычанне з польск. мовы (Кюнэ, 84).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рот, ро̂тполасць паміж сківіцамі і шчокамі да глоткі’ (ТСБМ, Нас., Бес., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Стан., Юрч. Сін., Ян.), ’губы (нутро губы)’ (Дразд., Ян.), ’ляпа, пашча звера’ (Дразд.; паўд.-бел., ЛА, 1), ’паз у кароткіх бярвеннях, што кладуцца ў прасценкі’, ’зеў паміж верхнімі і ніжнімі ніткамі асновы’ (ТС). Укр. рот, ріт ’рот’, ’горла буча ці венцера’, рус. рот ’тс’, тул. рты ’губы’, стараж.-рус. рътъ ’вастрыё’, ’дзюба’; каш. retk ’мыс; каса, гак на возеры’, ’рукаў пяску’, ’яма на дне’, ’заліў’, ’лужа’ з незахаванага каш. ret (Борысь, SEK, 3, 179), палаб. råt ’морда, пашча, зяпа’, ’дзюба’, ’мурло’, в.-луж. rót, rot, ert ’рот’, чэш. ret ’губа’, славац. ret, rty ’вусны’, славен. ȓt ’вастрыё нажа’, ’вяршыня гары’, ’нос карабля’, серб. р̑т, харв. rȃt, ȓt ’мыс’, ’кончык нажа’, ’вяршыня’, ’верх чаго-небудзь’, макед. ʼрт ’мыс’, балг. рът ’узгорак, узвышша’, ц.-слав. рътъ ’нос (абутку, карабля)’, ’дзюба’, ’морда’. Прасл. *rъtъ ’нешта высунутае наперад ці ўверх; вострае заканчэнне, вяршыня чаго-небудзь’, якое з’яўляецца субстантывізаваным першасным дзеепрыметнікам *rŭ‑to‑, звычайна звязваецца з *ryti ’рыць’, *rъvati ’ірваць’ < і.-е. *reu̯‑ ’капаць, рыць’ (Міклашыч, 285; Праабражэнскі, 2, 217; Фасмер, 3, 506–507; Мюленбах-Эндзелін, 3, 565 дадаюць сюды яшчэ лат. rutulis ’драўляны кругляк, цурбалак’. Сной₂ (632) выводзіць прасл. *rъtъ з і.-е. *h3er‑ ’паднімацца, узвышацца, рухацца наперад’, якое захавалася ў ст.-грэч. ὄρνυμι, ὀρνύω ’паднімаю, хвалюю, пачынаю’, ст.-інд. ṛṇṓti ’рухацца, перамяшчацца’. Махэк₂ (513) без сумневу адносіць прасл. *rъtъ да роднасных ням. Rüssel ’рыла’, с.-в.-ням. rüezel < ст.-в.-ням. ruozzan ’капаць зямлю’, англ. root ’рыць зямлю, падрываць карані (пра свіней)’, англ.-сакс. wrōt ’рыць рылам (пра свінню)’, лац. rōstrum ’нос’, ’дзюба’ < rādo, ‑ere ’рыць, капаць, скрэбці’. Сюды ж рота́ты ’з вялікім ротам’, ’крыклівы, гарлапан’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НАСЯКО́МЫЯ (Insecta, або Hexapoda),

надклас (клас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Найбуйнейшая група жывёл (больш за 1 млн. відаў, каля 70% ад агульнай колькасці відаў). Вядомы з сярэдняга дэвону (каля 380 млн. гадоў назад). Пашыраны ўсюды, большасць наземныя, жывуць таксама ў вадаёмах, глебе, інш. арганізмах, арган. рэштках. 2 класы (падкласы): скрытнасківічныя (Entognatha) і адкрытасківічныя (Ectognatha). Клас скрытнасківічных уключае падкласы (атр.): бязвусікавыя насякомыя, двуххвосткі і нагахвосткі; адкрытасківічных — шчацінахвостак і вышэйшых, або крылатых, Н. (Pterygota, каля 30 атр.), якіх падзяляюць на 2 групы: з няпоўным і поўным ператварэннем. У групу з няпоўным ператварэннем уваходзяць атр.: аўсянікі, багамолы, вошы, вяснянкі, клапы, палачнікі, пузыраногія, пухаеды, раўнакрылыя хобатныя, сенаеды, скурыстакрылыя, стракозы, тараканавыя, тэрміты, эмбіі, гемімерыды, грылаблатыды, зараптары, прамакрылыя; у групу з поўным ператварэннем — блохі, вееракрылыя, віслакрылыя, вярблюдкі, двухкрылыя, жукі, матылі, перапончатакрылыя, сеткакрылыя, скарпіёнавы мухі, шыцікі. На Беларусі больш за 30 тыс. відаў з 26 атр. (найб.: блохі, двухкрылыя, жукі, клапы, матылі, перапончатакрылыя, пузыраногія, раўнакрылыя хобатныя, стракозы, шыцікі). У Чырв. кнізе Беларусі 79 відаў з 16 атрадаў.

Даўж. ад 0,2 мм (наезнікі-яйцаеды) да 33 см (трапічныя палачнікі). Цела членістае, укрыта кутыкулай (утварае вонкавы шкілет) і адчувальнымі ўтварэннямі — сэнсіламі; падзелена на галаву, грудзі і брушка. Галава нясе ротавыя органы (грызучага, сысучага, колюча-сысучага або ліжучага тыпу), простыя і пару складаных (фасетачных) вачэй, пару вусікаў — антэн. Грудзі з 3 членікаў (пярэдня-, сярэдня- і заднягрудзі), якія нясуць па пары членістых ног і ў большасці відаў 1—2 пары перапончатых крылаў (на сярэдне- і заднегрудзях). Брушка з некалькіх (да 11) сегментаў, у многіх Н. мае канцавыя прыдаткі (джалы, яйцаклады, цэркі). Поласць цела другасная. Будова органаў стрававання залежыць ад тыпу корму. Крывяносная сістэма незамкнёная, рух крыві (гемалімфы) забяспечваецца пульсуючым аддзелам спіннога сасуда — сэрцам. Органы дыхання — сістэма трубачак (трахей), праз якія паветра непасрэдна дасягае тканак і клетак цела, у водных лічынак — шчэлепы. Развіты эндакрынныя, пахучыя, слінныя, воска- і шоўкааддзяляльныя, ядавітыя і інш. залозы. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена мальпігіевымі сасудамі, ц. н. с.т.зв. галаўным мозгам, падглотачным гангліем і брушным ланцужком тулаўных гангліяў. Валодаюць зрокам, нюхам, слыхам, дотыкам, смакам і гігратэрмічным пачуццем. Паводзіны разнастайныя і складаныя. Большасць Н. раздзельнаполыя, з выяўленым палавым дымарфізмам. Развіццё з метамарфозам — няпоўным (уключае 3 стадыі: яйцо, лічынка, або німфа, і дарослае Н., або імага) ці поўным (паміж лічынкай і імага — стадыя кукалкі).

Н. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у біясферы (выкарыстоўваюць разнастайныя кармы і самі з’яўляюцца кормам для многіх арганізмаў, выконваюць сан. функцыю), у глебаўтварэнні, апыляюць расліны. Многія Н. — шкоднікі раслін (гл. Шкоднікі збожжа і збожжапрадуктаў, Шкоднікі лесу, Шкоднікі сельскагаспадарчых культур), паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (напр., крывасмокі). Некат Н. выкарыстоўваюць для атрымання харч., лек. рэчываў, тэхн. сыравіны (напр., пчол, шаўкапрадаў), у біял. ахове с.-г. і лясных раслін (напр., божых каровак, жужаляў, наезнікаў). Вывучае Н. энтамалогія.

Літ.:

Яхонтов В.В. Экология насекомых. 2 изд. М., 1969;

Бей-Биенко Г.Я. Общая энтомология. 3 изд. М., 1980;

Фабр П.Ж.А. Инстинкт и нравы насекомых: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1993;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Насякомыя: 1 — нагахвостка паранана; 2 — шчацінахвостка тармобія хатняя; 3 — багамол звычайны; 4 — клоп шчаўевы; 5 — конік пеўчы; 6 — гладыш звычайны; 7 — цыкада ліхтарніца кітайская; 8 — слонік-зелянушка; 9 — страказа пляскатая; 10 — матыль еўрытыдас; 11 — амафіла пясчаная; 12 — муха палявая; 13 — сколія-гігант.

т. 11, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рот, ‑а, М ‑роце; мн. раты, ‑оў; м.

1. Поласць паміж верхняй і ніжняй сківіцамі і шчокамі да глоткі. [Маёр:] — У нас тут, бачыце, чарніц вельмі многа. Я вось вяртаўся з заставы ды так і не вытрымаў, злез з каня ды давай заграбаць іх у рот, як мядзведзь. Брыль. Не адчуваў голаду пакуль што і Віктар, толькі ў роце было неяк нядобра. Маўр. // Разрэз губ. — Нічога, і мне яшчэ засталося, — выцер чамусь рукавом рот Антось. Васілевіч. // Пашча, дзюба ў звера, рыбы, птушкі. З рота [у дзіка] тырчаць вялікія, вострыя, як нажы, і загорнутыя ўгору іклы, — грозная і небяспечная для ворагаў зброя. В. Вольскі.

2. перан. Разм. Тое, што і ядок. Тры дзесяціны зямлі, вядома, не маглі пракарміць сем ратоў, як часта казаў сам пісьменнік. Бядуля. Каб скараціць выдаткі і пазбавіцца ад лішняга рота, .. [Ліда] разлічыла Олю і ў гэтыя ж яслі аддала Аліка. Васілевіч.

•••

Адкрыць рот гл. адкрыць.

Глядзець у рот гл. глядзець.

Закрыць рот каму гл. закрыць.

Замазаць рот каму гл. замазаць.

Заткнуць рот каму гл. заткнуць.

Заціснуць рот каму гл. заціснуць.

Макавага зярнятка (макавай расінкі) у роце не было гл. быць.

На поўны рот — папоўніцы, удосталь (есці).

Ні кроплі (каплі) у рот не браць гл. браць.

Пальца ў рот не кладзі каму гл. класці.

Разявіўшы рот гл. разявіўшы.

Разявіць рот гл. разявіць.

Рот не закрываецца ў каго — а) пра ахвотніка многа і пустое гаварыць. — Гэта твой язык жахаецца і направа і налева, дурань, — адказваў Сідар, не пазіраючы на Антося, бо ці варта на такога дурня глядзець! — У цябе і рот не закрываецца, пустальга. Чарнышэвіч; б) пра вялікае хаценне спаць, частае пазяханне; в) пра таго, хто часта і многа есць.

У рот не лезе што гл. лезці.

У роце растае гл. раставаць.

У роце расце гл. расці.

Як вады ў рот набраць гл. набраць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)